За Сіняй Гарой
Мэір Шалеў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 485с.
Мінск 2023
ды з асалодай расцягнуўся поплеч. Праз пару хвілін Эстэр, штурхнуўшы яго ў жывот, паказала на вялікую гадзюку, утоўшкі з перадплечча чалавечай рукі, змяя паволі паўзла ў іхні бок. Эстэр адчула, як Беньямін абмяк і яго працялі дрыжыкі, а праз усе магчымыя поры стаў тачыцца пот.
— He рухайся, — сказала яна. — Калі ўжо я цябе не з’ела, дык і ў яе не атрымаецца.
Але гадзіна набліжалася, шнарачы па глебе языком. Эстэр сціснула Беньяміна мацней, каб той не варушыўся. Калі гадзюка падпаўзла ўсутыч да босай нагі Эстэр, тая падняла адзін са сваіх цяжкіх працоўных чобатаў і луснула тую гадзюку па галаве. Магутны гад сцепануўся і скарлючыўся, а Эстэр працягвала пляжыць зноў і зноў, пакуль змяіная галава не сплюшчылася да стану пячэнькі.
— Ты такі дурны, — сказала яна Беньяміну. — Такі дурны і таўстаскуры. Забіць змяю — гэта ж плюнуць ды расцерці. Аднойчы Эфраім забіў гадзюку шчоткай для чысткі абутку.
На іншым канцы поля, далекавата ад вясковых сялібаў, убачылі Пінэса з дзецьмі для дзялянкі з кукурузай. Але пры гэтым гіены, чые плечы хаваліся ў шчыльнай кукурузе, не згледзелі.
Пінэс ведаў, што гіена не нападзе, бо яна за выняткам вельмі рэдкіх выпадкаў не нападае, а калі нападзе, то толькі на адну ахвяру, млявую і слабую.
— Але гэтую гіену я ведаў, — з цяжкасцю выдыхнуў Пінэс. — I ўва мне прачнулася прага забіць. Я хацеў накінуцца на яе, усмерціць, задушыць. Але і гіена мяне пазнала. I вокамгненна падалася назад у зялёны гушчар, знікла, як цукар у вадзе растаў. Малыя яе нават не паспелі пабачыць.
Ён згуртаваў дзяцей вакол сябе, атуліў іх крылейкам, як квактуха, і гэтакім парадкам яны вярнуліся ў вёску. Устрывожаны і ўстурбаваны, падзяліўся сваімі падазрэннямі з сакратаром машава.
— Ат, хтосьці пакінуў падлу на дзялянцы, — адмахнуўся сакратар. — А смурод прывабіў нейкую гіену.
Пінэсавая апантанасць гіенай нагадала яму “наіўныя арабскія казкі”. Ён лічыў, гэта не можа быць тая самая гіена, якая кусала і спакушала яшчэ за панам-султанам.
Пінэс выскачыў ад сакратара ўзлаваны і стрывожаны. Яму карцела падзяліцца з настаўнікам суседняга кібуца. Ён стаў патрабаваць выставіць варту і пасткі, але ніхто ніякай гіены не чуў і слядоў не бачыў.
— Гэтаксама, як ніхто не чуў — праз шмат-шмат гадоў — гэты вульгарны крык уначы! — са злосцю кінуў мне Пінэс.
Лунацічны юнак знікаў па начах, хадзіў шукаць бацьку. У сне развязваў путы, якімі навязвалі яго да ложку, і — шась! Колькі разоў людзі спяшаліся за ім, але юнак знікаў з вачэй, нібыта распускаўся на шматочкі цемры. Аднойчы вартаўнікі бачылі яго шчуплую постаць, якая выткалася з імглы і сонна перасекла падворак, на якім трымалі каня для размнажэння, скакуна, самавітага і наравістага, які ўжо ўбрыкнуў да смерці свайго фурмана і яшчэ аднаго селяніна. Конь не толькі не напаў на змяюку, а, прыціснуўшыся да загарадкі стайні, заенчыў, як пакінутае на самоце жарабя.
— На сёмую ноч гіена вярнулася. Яе кліч пранёсся па палях. Золатавалосаму малюку падалося, што бацька-нябожчык гукае яго. Прынадзіўся. Устаў з ложка сваёй мацеры і выбег у палі з заплюшчанымі вачыма. 3 вопраткі — толькі начная кашулька.
Праз трое сутак знайшлі яго маленькае цельца. 3 пераламанай шыяй. У цясніне, спасярод перасохлага рэчышча, побач з пальмай. Знайшоў яго стары Зайцэр падчас сваіх медытатыўных вандровак. Знайшоў мёртвае дзіця пад заўсёднай, клятай, зялёнай коўдрай трупных мух. Зайцэр адразу ж склікаў бацькоў-заснавальнікаў з усяе Даліны.
Пінэс, які ніколі не быў удзельнікам вайсковых акцый адплаты супраць арабаў ці героем вайны, стаяў перад адкрытай магілай, ля маленькай труны ахвяры, плакаў і бажыўся ад імені ўсіх нас адпомсціць.
— Яна свядома наносіць удар па самых слабых і маладых! Гіена — гэта адчай і ваганні, сумневы і запалохванне, — сказаў Пінэс.
— ...Але мы не ўпадзём на сілы! Узгартуем дух. Працягнем будаваць і садзіць, і сеяць, і арашаць — “пакуль араты не застане жняца, а збіральнік пладоў — сейбіта”.
Машавамі і кібуцамі апанавала жуда. Перабітая шыйка і разадраныя грудзі хлопчыка настрашылі людзей. Увечары дзеці больш не совалі носа, каб закруціць арашальныя краны. Іх болып не пасылалі спраўдзіць, ці зачынены кароўнік.
Тым часам вясна ўбіралася ў пер’е.
“Неўзабаве прыгады пра таго хлопчыка выпалі ў асадак болю і памяці жыхароў Даліны”. Разам з ахвярамі трасцы і дарожных разбойнікаў, самагубцамі і загіблымі ў няшчасных выпадках, ён таксама стаў прыгадвацца ў вясковых кнігах, пасяліўся ў настаўніцкім пакоі, на здымках з чорнымі рамкамі. Я глядзеў на яго маленькі тварык і бязгучна пускаў кляцьбонікі.
Веснавая зямля высахла і адверзла свае расколіны. Сцябліны злакаў пажаўцелі. Умалот маркі “Маршал” зноў выпусцілі на нівы. Тое быў блаславенны год. “Нібыта зямля клікала нашы душы”. Беньямін прыйшоў нам дапамагчы пасля таго, як скончыў працу ў Рылава, і мама прыносіла яму абед на поле, строячы кпіны з яго чуллівай скуры, на якой ад сонца набрынялі пухіры, якія пакрылі яго твар і тулава.
У гаспадарцы Міркіна рыхтаваліся да падвойнага вяселля — Беньяміна з Эстэр і Аўрагама з Рыўкай. Ніхто не зважаў на падступныя пасткі, якія рыхтаваў час, чые смуродлівыя клубні выспявалі ў хованках камякаватых глыбінь.
Смерць бацькоў, знікненне Эфраіма і Жана Вальжана, жудасная пагібель Зайцэра, Дом Вечнасці для Першапраходцаў — усе гэтыя падзеі былі як маленькая аблачынка на небе. Пінэс і Цыркін пісалі сімфонію “Кароткая гісторыя пуні” — ад часоў Боаза ды Рут з Маава і да нашых дзён. Жанчыны-сяб-
роўкі падахвоціліся накрыць пачастунак, а Камітэт вылучыў доўгія сталы і абрусы да іх.
Ля смакоўніцы і алівы Міркіна паўсталі два вясельныя балдахіны. Сябры дзеда і бабулі прыехалі з усяе краіны, усцешана абдымаючыся і ўпэўнена ступаючы на ўпакоранай глебе. Іх пальцы ўжо выкрывіліся ад корпання ў зямлі і даення. Шмат галоў палысела. 3 кішэняў беласнежных кашуляў вытыркаліся акуляры для чытання.
— Плечы, тыя плечы, на якія абапіраўся ўвесь наш народ, ужо крыху пахіліліся, — прамовіў Эліезэр Ліберзон. — Аднак полымя яшчэ зіхцела ўваччу.
Прыехалі таксама палітычныя павадыры і функцыянеры.
— Калі Працоўная Сябрына імя Фэйгі ў адзін дзень жэніць сына і дачку, нават дармаеды і гультаі, якія замест працы гойсалі па сіянісцкіх кангрэсах, разумелі, што тутака варта папрысутнічаць.
Першынцы з усяе краіны прыехалі на вяселле Міркіна. Стаялі сабе асобна, і ўсе ўміляліся іх выглядам. Былі сярод іх афіцэры і настаўнікі, сакратары кібуцаў, вынаходнікі сельскагаспадарчых машын і людзі інтэлектуальнае працы.
— I ў кожнага-кажнюткага — арліны позірк і простая спіна, — заўважыў Пінэс.
Самавіты, задумлівы, моўкны стаяў мой дзядзька пад вясельным балдахінам. Апрануты ў сінія нагавіцы і белую кашулю. Усе пазіралі на яго, прыгадваючы словы Ліберзона:
— Гэтаксама, як костачка алівы, якая гадамі бавіцца ў сваёй абалонцы, аж пакуль не прарасце і не забуяе.
Госці падвойнага вяселля глядзелі на Аўрагама, шукаючы абяцанні першынца, якія яшчэ пакуль не спраўдзіліся. Рыўка, дачка рымара Танхума Пекера, стаяла поплеч. Аблачынка зайздрасці да вясельнай сукні Эстэр ахутала Рыўчын твар. Яе бацька ўліў у сябе ладную колькасць трунку і цяпер пахаджваў паміж прысутнымі, зіхочучы сваімі духмянымі ботамі, і прыгадваў шалёныя пагулянкі расійскіх кавалерыстаў,
кухарак і пакаёвак, з якімі бавіўся ў каморах, спаміж вэнджаных кумпякоў і бутляў у плеценых з саломы футаралах. Ягоныя сцёгны сагнуліся і прынялі паставу вершніка. Ён цыкаў языком баявым коням толькі яму памятнымі сігналамі, ад настальгіі і гонару яго твар пачырванеў.
Пад другім балдахінам стаяла і смяялася Эстэр. Разпораз пачынала круціцца вакол уласнай восі, збіваючы баварскі вэлюм у беласнежныя вяршкі. Далёка адтуль, у эўкаліптавым лесе, паміж камлямі поўзаў прыбіты да зямлі горам Даніэль Ліберзон. Яго горла ўжо асіпла ад плачу і сковыту, адтуль вылятаў адно клёкат. Тыдзень таму ён атрымаў ад Камітэта працу па аранні ворыва, некалькі сотняў гектараў. Цыркін з Ліберзонам намыслілі выкарыстаць гэтую Harofly для апошняй адчайнай атакі. Паводле іх загаду Даніэль выехаў паравым трактарам і плугам на зжатае поле і напісаў на зямлі літары імені сваёй каханай.
Імя “Эстэр” разляглося на раллі, нарысаванае насычаным руда-барозным колерам на саламяна-жоўтым фоне квадратным шрыфтам памерам кіламетр на кіламетр. Аднак людзі не заўважылі крыкі адчаю, гэтыя любоўныя барозны Даніэля. Ніхто іх не згледзеў, за выняткам брытанскіх пілотаў, якія праляталі па-над полем, “але яны не ўмелі чытаць на іўрыце”.
— А тата?
— Беньямін усім пасміхаўся, але моўчкі. Бо яго тата і мама не дажылі да вяселля свайго сына.
— I пасля таго як скончыліся цырымоніі і выступы і аслабанілі прастору для танца дзвюх пар, тады Цыркін дакрануўся да струн, твой тата і мой сын Эфраім сталі па цэнтры ў абдымках і станчылі вальс. Тоня першая выбухнула смехам, а потым уся вёска ад рогату качалася па траве.
— А потым?
— А потым пачалася яшчэ адна вайна, маё малятка. I Эфраім сышоў.
СЯМНАЦЦАТЫ РАЗДЗЕЛ
/Дзед адчуў, што катастрофа бліжае. Спадзяваючыся спакусіць сына тутэйшымі перспектывамі, зацягнуў Эфраіма ў сад.
— Большасць пладоў груш і яблык растуць на галінах з пэўнымі асаблівасцямі, — патлумачыў яму гэтаксама, як потым тлумачыў мне. — Па-першае, гэтыя галіны кароткія. Даюць плод кожны Божы год, іх абсякаць нельга.
— Побач з імі, — працягваў дэманстрацыю дзед, — растуць высокія і стромыя галіны, чый рост — хуткі, аднак іх плады — рэдкія. Садовыя даведнікі кажуць, што вердыкт для такіх галін — прарэджванне і абцінанне.
Аднак насуперак даведнікам дзед паказаў Эфраіму, як ён такія галіны згінае і выкручвае зверху ўніз. Потым матузкамі навязвае кончыкі да аснавання, пакуль галіны не прыпадабняюцца да напятага лука. У вёсцы ўсе здзівіліся, што гэткія, навязаныя, галіны пачалі прыносіць багаты ўраджай.
— Ён выявіў гэта тут яшчэ ў першыя гады, — апавёў мне захоплена Пінэс. — Твой дзед выявіў, што зацугляць і запрэгчы можна не толькі коней, але таксама пладовыя дрэвы.
Некалькі гадоў пасля, калі на вёсцы з’явіўся захоплены інструктар з ведамства сельскай гаспадаркі і прадэманстраваў метад прыгінання галін, маўляў, гэта “амерыканская сістэма Колдўэла”, яго паправілі, маўляў, у нас гэтак робяць ужо доўгі час, але без дадавання “ўсялякіх траскучых тытулаў”. Болып за тое, паводле дзядоўскага метаду галінам належыць кароткі адпачынак — у выніку такое гуманнае абыходжанне таксама павялічвае ўраджайнасць.