За Сіняй Гарой
Мэір Шалеў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 485с.
Мінск 2023
Але на той час Даніель ужо быў далёка ад хоць якой магчымасці рассмяшыць. Смех быў першым інгрэдыентам, які знік са складу ягонага кахання.
— Кветкі, песні, музыка! — выгукнуў Цыркін.
— Досыць, Цыркін! — адрэзаў Ліберзон і адразу ж звярнуўся да сына.
— А што яна любіць?
— Мяса, — адказаў, сумеўшыся, Даніэль.
Ліберзон і Мандаліна прыняліся гатаваць. Нягледзячы на нястачу, якая панавала тады ў вёсцы, уначы Даніэль пракрадаўся, цягнучы да дома Міркіных поўныя падносы. Boflap смажанай на агні кураціны, запечаных цялячых рабрын і ялавічнага стэйка гнаў сліну да рота ўзлаваных, абураных такім марнатраўстваў суседзяў, а таксама прывабліваў з усяе Даліны лясных катоў і кракадзілаў. Эстэр пажадліва трушчыла ўсё, што давалі. Смяялася, абдымала Даніэля, але працягвала гуляць з Беньямінам.
Тата пабудаваў для каханкі нязграбны гамак, які быў не чым іншым, як старым панцырным ложкам, да якога ён прыварыў жалезныя ланцугі і папярочку. Гэты гамак ён прымацаваў паміж дзвюма казуарынавымі хваінамі за баракам. Іх мяккая ігліца церлася аб валасы Эстэр. У бараку добра чуліся ціхмяны посвіст Беньяміна, здушаны смяшок Эстэр і ейнае прыдыханне, калі той сціскаў яе ў магутных абдымках.
Тоня Рылава, у якой адмова Маргуліса нарадзіла этычную чуласць да блізкага свайго, папікала дачкой і “новым рэпатрыянтам з Нямеччыны”, якія на людзях спасярод сельскай вуліцы трымаліся за рукі, і казала, што малыя дзеці прыходзяць уначы ў сад, каб падглядаць.
У той сезон дзедаў сад квітнеў-буяў надзвычайна. Дзед папрасіў Хаіма Маргуліса, каб той усталяваў некалькі борцяў спаміж пладовых дрэваў, і мёд з саду стаў амаль чырвоны, а на смак — пякуча-салодкі. Большасць дзённых гадзін дзядуля завіхаўся спаміж шэрагаў дрэў, чыё квяценне і духмянасць былі дакладна разлічаныя і прыпадалі роўненька ад пачатку месяца швата да канца месяца нісана. Дзед вяртаўся з саду ап’янелы і хісткі ад водару і набраклых пупышак. Аўрагам ужо займаўся кароўнікам, і дзед напоўніцу аддаўся свайму прыватнаму Эдэму. Нават пасадзіў шчыльны рад маладых кіпарысаў — каб тыя выгадаваліся і абаранілі яго ад сіверных вятроў, якія скочваліся з адхонаў Сіняй Гары.
Белая квецень мігдала выперадзіла іншыя дрэвы, і слодыч ягоных кветак спаборнічала з пахам дажджу і гразюкі. Пасля мігдала палкай ружанню запаліўся персік. Колер яго пабегаў быў бляклы і насычаны, і кветкі, якія ўжо раскрыліся, выявіліся святлейшымі за гонкія тычынкі. Побач прыязнымі барвамі зіхцеў абрыкос, а яго водар калоў, нібыта жаночая парфума. Да купы далучыліся слівы, іх маленькія пялёсткі закрылі галіны шчыльным дываном белай квецені. Адразу пасля Пурыма чырванаватай беллю заквітнелі яблыні, з сакавітым і насычаным гэтаксама, як плод, пахам. У Пэсах да іх далучылася айва, з якой Рахэль і Шлёма Левіны варылі джэмы і сочыва, а таксама ігрушы, чые белыя пялёсткі і фіялетавыя тычынкі тачыліся вінным духам. Калі зямля ўгрэлася і пад промнямі сонца пачалі набрыньваць завязі, шэраг цытрусавых дрэваў завяршыў кола квітнення ў дзедавым садзе моцным водарам, які па начах з галавой ахутваў гаспадарку.
У гэтым самым садзе, дзе пырхалі німфаліды і блакітніцы, па-над якім вісела спагадлівае зумканне пчол, а птушкі і жукі падалі без памяці з галін на зямлю, я пахаваў дзеда і ягоных сяброў. Але тады Эстэр пасеяла ляўконію, чые кветкі раскрываліся ўначы, і туды вяла з сабою Беньяміна па сухіх кілімах з пялёсткаў, што асыпаліся з дрэваў. Рана-ранкам мама пракрадалася ў барак: у руках — сандалі, але моцны і знаёмы пах вільготнай зямлі, ігрушы і ляўконіі тачыўся з яе гарачай скуры і будзіў дзеда.
— Ён быў на сёмым небе ад шчасця. Пах яго дачкі быў такі самы, як пах поля, якое блаславіў Вялікі Садаўнічы.
— Якая прыгожая гісторыя! — сказала Фаня Ліберзон. Яе валасы, напэўна, былі раскіданыя на мужавай грудзі, а спіна працягнулася ўздоўж яго жывата. — I хоць мне балюча за нашага гаротнага Даніэля, я радая бачыць, што на двары Цыркіна хоць нейкі мужчына шалее ад кахання.
Упершыню гаспадарка Міркіна напоўнілася любоўю. Гучнымі галасамі яны займаліся аднаўленнем падзей іх першай сустрэчы. Эстэр залазіла на пакункі сена ў свірне, трымаючыся за цэнтральную бэльку, а Беньямін ставаў знізу, гледзячы на яе, у той час калі яна церабілася нагамі.
— Хто не скажа “шнэль, шнэль!”, таго не адпусцім! — гарлала яна.
Аўрагам мыў кароўнік і глядзеў долу. Панурыя вочы і бляск столак на лбе.
Аднойчы, вярнуўшыся з начных бадзянняў па полі, я разуўся, праходзячы паўз акно Рыўкі і Аўрагама, і пачуў, як мая цётка гаворыць пра маму.
— Я памятаю яе ўсё роўна як сёння, — выдыхнула яна сваім голасам яшчаркі. — Вісіць пад страхой свірна. Ты вачэй не падняў, а я бачыла. На ёй не было майткаў!
Думаю, мая мама зайздросціла Рыўцы і Абрагаму. Мой тата ніколі не зазірнуў маме пад сукню і ніколі не спяваў для яе фальшывым баском цэлыя оперы.
ШАСНАЦЦАТЫ РАЗДЗЕЛ
У суседняй вёсцы здарылася страшнае. Адзін з кібуцнікаў немавед з якое прычыны наклаў на сябе рукі.
“Таямніца яго смерці пахаваная разам з ім самім”, — напісалі ў вясковай насценгазеце. Цела, пакрытае мёртвымі саджанцамі і паламанымі крыламі матылькоў-сатыраў, знайшлі ў дзедавым садзе. Макаўка чэрапа — раскроеная — і вялікі палец нагі засталіся ў іржавай спускавой скабе старой “пяцёрачкі”. Мінула колькі дзён, перш чым высветлілі — магутны водар квітнення замаскаваў смурод трупа. Але дзед заўважыў зялёных мух, што лёталі па садзе. Яны і ўзбудзілі яго падазрэнні, бо мухі не трываюць кветкавага паху.
Самагубца пакінуў па сабе ўдаву і хлопчыка гадоў васьмі, а таксама стрэльбу, якая больш не магла трапна страляць, і Рылаў выкрасліў яе са збройных актываў Даліны. Хлопчыку апавялі, што бацька выправіўся ў доўгую выправу і калі вернецца, дык прывязе яму падарункаў, але аднакласнікі апавялі яму тое, што чулі ў хатах уначы, калі бацькі ды іх сябры сядзелі на кухні пасля працоўнага дня і шапталіся за шклянкай гарбаты. Хлопчык захварэў на лунацізм, пачаў па начах бадзяцца, а на досвітку вяртаўся дадому, з параненымі на палетках каменнем і калючкамі нагамі.
— Я чую, як тата кліча мяне, — казаў ён.
Пінэс быў злосці поўныя косці. Дзеці з суседняга кібуца вучыліся ў нас. Шторанак прыязджалі ў нашу школу на возе, запрэжаным у пару коней, а іх абутак быў мокры ад вільготнай травы, што вышугала абапал дарогі.
— Як можна хлусіць дзецям?! — крычаў ён у настаўніцкім пакоі. — Як можна запаскудзіць гэтую чысцюткую квецень?
Пінэс імгненна прыйшоў да высновы, што віной таму гіена. Аднак настаў месяц нісан, і на настаўніцкія засцярогі ўвагі ніхто не звярнуў. Людзі і жывёлы паспяшаліся расхамячыцца на траўцы, песцячыся ў промнях сонца і гарачым пыле. Трусятнікі і кароўнікі напоўніліся галасам трусянят і цялят. Маладых цялушак ахапіў славуты веснавы трэмар. 3 выпрастанымі хвастамі сноўдаліся туд-сюд і ўбрыквалі паветра.
Наварыстая зімовая халепа высыхала. Зямля перастала быць багністай і ліпнючай, а зрабілася спружыністай і мяккай на дотык нагі. Ля крыніцы пачуліся сапенне выпладкаў лясных катоў — падчас іх гульняў і баруканняў, якія на зарасніку мурагу і рамонкаў трэніравалі сваё смертаноснае майстэрства. Пчолы Хаіма Маргуліся з ціхім рокатам сноўдаліся спаміж кветак, пераносячы салодкія грузы, і пчалаеды, якія вярнуліся з выраю ў свойскія гнёзды, капітальна прарэджвалі пчаліныя шэрагі. Па даху кароўніка трушком бегалі галубы-самцы. Іх бліскучыя валлякі драбнілі сонечнае святло на складнікі ўсё роўна як бліскучая зіхоткая прызма.
У небе праміналі вялікія ключы пеліканаў. Яны сунуліся на поўнач, туды, у край збажыны, ваўкоў і бяроз, спусціўшыся па-над домам Ліберзона і здзекліва гукаючы Фаню. Крыніца памножыла свае воды, і разлогі апошніх нарцысаў, якія засталіся ад зімы, напаілі паветра такім моцным амбрэ, ажно Аўрагама зноўку абляпілі камары і слёзы.
Пінэс, устурбаваны і настрашаны, павёў дзяцей на экскурсію ў палі — паказаць кветкі.
— Нісан — наш месяц! — прамовіў ён, а яго вочы працягвалі ўчэпіста абмацваць наваколле, шукаючы ворага.
— Прырода ўздымае чырвоныя сцягі як напамін аб выхадзе з няволі да свабоды. Мак, анемон, фіялка, прыгожнік, горны туліпан, французская лаванда...
“I тут, у момант калі я стаяў з імі ў полі, я чуў іх смех, адверзлася зялёная сцяна маладой кукурузы, адсунулася, бы заслона ў два бакі, рассунутая магутнымі плячыма гіены”.
Веснавою парою выпырхнулі з зімовых хованак шаршнёвыя каралевы. Зледзянелыя і змарнелыя, абглядалі адно месца, каб звіць на ім новае кубло. За лічаныя тыдні кожная з іх панапладзіла па цэлай бандзе разбойнікаў. Улетку шэршні насілі паўз вёску свае жоўта-чорныя цельцы, пагрозліва і моцна ракочучы, апускаліся на гронкі вінаграду, на бітоны з малаком і на квецень пладовых дрэваў, джалячы чалавека і скаціну, знішчаючы борці, трымаючы вёску ў жаху. Камітэт плаціў дзецям колькі дробных манет за кожнага забітага шэршня, і штовясну Пінэс прыводзіў дзяцей у палі і падворкі, каб тыя злавілі шаршнёвых каралеў, пакуль тыя не нарадзілі новае пакаленне “медыянскага іга”.
— 3 цяжкім сэрцам я прашу вас забіць каралеў, — сказаў Пінэс. — He ў нашых гэта звычаях — ніштожыць жывуноў. Але мыш-палёўка, усходняя аса, караеды і гадзюка ёсць нашымі ворагамі.
У той год гадзюкі павылазілі раней, чым зазвычай. Грэлі на пяколку тоўстыя целы і чакалі босай нагі, мышы, неасцярожнага капыта. Зранку знаходзілі іх мёртвыя бязвольныя целы, якія звісалі з сеткі курніка, бо шырокія іх галовы захрасалі пры спробе праламацца ўсярэдзіну і сцягнуць яйка або птушанятка. Беньямін, які да смерці баяўся змеяў, не выходзіў на поле без доўгай матыкі на плячы і ў высокіх ботах на нагах.
— Мая дачка кпіла з яго, гойсала басанож па канюшыне, а ён крычаў “Хопіць!”.
— Такі асілак, — прыгаворвала Эстэр. — I такі палахлівец!
Яны сядзелі ў полі і глядзелі на брытанскі аэрадром.
— Я красці самалёт, каб глядзець з неба мой дом, — сказаў Беньямін.
— Калі мая мама была яшчэ жывая, — прызналася яму Эстэр, — у нас была маленькія асліца. Па начах яна распроствала вушы і ляцела ў Канстанцінопаль на сустрэчу з турэцкім султанам.
Эстэр лягла на спіну, і Беньямін недаверліва глянуў на яе. Пасля з асцярогай памацаў пустазелле, скінуў кашулю і боты