За Сіняй Гарой
Мэір Шалеў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 485с.
Мінск 2023
Увечары дзед зазвычай апавядаў дзецям гісторыі са свайго дзяцінства. Напрыклад, пра Ёсэфа, брата і будучага здрадніка-капіталюгу, якога ў трохгадовым веку скралі цыганы.
— Жандары знайшлі яго на харкаўскім вакзале ў меху. Цыганы хацелі зрабіць з яго вандроўнага фокусніка і кішаньковага злодзея. Ёсэф пабыў у іх усяго толькі чатыры дні, але
калі яго вярнулі бацькам, дык Ёсэфа давялося вучыць нанова размаўляць. Ён забыў усе словы, што ведаў. Поўзаў на карачках і шнарыў па чужых кішэнях.
Дзед апавёў, як у дзесяцігадовым веку пабудаваў цяпліцу для ліманчэлаў.
— Напярэдадні Сукота я прадаваў хасідам рытуальныя міртавыя галінкі, і нават рэлігійныя педанты не заўважылі ў іх заганы*. У Макараве гэта была першая цяпліца, і мой бацька мной дужа ганарыўся.
— Раскажы мне пра маму, — папрасіў Аўрагам, і дзед апавёў, якім чынам Фэйга высветліла, што можна пасадзіць індыка выседжваць курыныя яйкі, бо вялікай грудкі і жывата хапае, каб за адзін засяд сагрэць пяцьдзясят яек.
Але ж індык час ад часу падымаўся з курасадні і расціскаў яйкі. Тады бабуля напаіла яго віном. П’яны індык, чые шматкі плоці пунсавелі на твары нібы полымя, цяпер пасміхаючыся, сядзеў на яйках нерухома.
— Усе вяскоўкі перанялі гэты “метад п’янага індыка”, — смяяўся дзед.
— Дарма што Ліберзон у насценгазеце апублікаваў артыкул з назвай “Сіянісцкі куратнік — не шынок!”
Я думаю пра тыя дні з зайздрасцю. Яны падаюцца нейкім такім сном. Але Ёсі кажа, што насамрэч тое была цяжкая, жудасная часіна.
— Іх засталося трое сіротак і адзін бацька, які паняцця не меў, як весці гаспадарку, — кажа Ёсі. — Калі ўсе куплялі плуг Сака, дзед абдымаўся з аліўнымі дрэвамі. У сям’і не было грошай на зімовыя боты, даілі яны выключна рукамі, працоўнае быдла была агульная з суседзямі. Быдла — мала, людзей —
* На свята Сукот (Свята буданоў) у юдэяў цэніцца мірт як сімвал чалавекалюбства. Галіны гэтай расліны, якія ўжываюць у некаторых свя точных рытуалах, паводле сваіх формаў і колеру павінны адпавядаць некалькім фармальным крытэрам.
шмат. Сёння ў нас ёсць электрычны інкубатар, і хутка нават у індычак будзе штучнае апладненне.
Ёсі ганарыўся новым курнікам, які ён пабудаваў для індыкоў. Гэта было зацемненае, крытае рубіройдам памяшканне. Там жылі маладыя індычкі, што чакалі высокіх цэнаў на рынку. Блукалі там у цемры, шнарачы ў пошуках ежы. Цемра не давала ім думаць, гадаваць надзеі або ўзбуджацца. Калі прыходзіла паведамленне з рады індыкаводаў, мы хуценька выцягвалі іх на двор, да самцоў. Выходзілі яны з падазронасцю, спатыкаючыся на сваіх кволых ножках. У іх прымружаных вачах я бачыў вадзяністыя зрэнкі, якія пад сонечнымі промнямі імгненна шырока растульваліся. Праз пяць хвілін на сонечным святле індычкі пачыналі дурэць, пляскаючы па гарачым пыле дрыготкімі крыламі. Высокімі галасамі і чырвонымі кветкамі, якія распусціліся пад хвастом, надзілі да сябе індыкоў.
— Дурныя хачунькі! — каментаваў Ёсі. — Індычкі валіліся проста пасярод падворка. Падымалі ногі, і ў прыліве пажады не маглі ўзняцца, каб дайсці да куратніка для злучкі.
Ёсі і Аўрагам запіналі іх нагамі назад і асядлалі брызентавымі сёдламі, бо мажныя індыкі, намагаючыся ўскараскацца, маглі раздзерці індычкам скуру і мяса.
— Глянь ты на іх! — сказаў мне Уры. — Паглядзі, што азначае закохвацца — цемра ўцякае ад іх навонкі.
Ля юрлівых індычак біліся, адштурхоўваючы адзін аднаго, індыкі. Калі камусьці з іх удалося зрэшты выканаць абавязак, дык пасля ўсяго індычка з лёгкай дрыготкай у суставах падымалася, абтрэсваючы крылцы, ды з самавітым выглядам крочыла да сваіх каляжанак, якія ціхенька перамаўляліся.
— Хоча ўсім апавесці, што чакаць было варта, — заўважыў Уры.
— Два месяцы поркацца ў цемры, каб цябе ўрэшце пакрыў індык, — грэбліва вымавіў Ёсі.
Але я тымчасам думаў пра трох дзетак пад дзедавым выпрастаным крылейкам. Пра віхуры, што шалелі зімовымі вечарамі. Пра бульбу ў мундзірах, яйкі ўкрутую, якія падавалі разам з палітым алеем селядцом, цытрынавым сокам, колцамі цыбулі і бялёсымі скрыдлікамі рэдзькі. Думаў пра сваю маці-нябожчыцу. Пра яе доўгія косткі рук і ног, якія паглынае агонь, думаў пра Эфраіма. Аж да сёння часам я знянацку паварочваюся на сто восемдзесят градусаў. Быць можа, Эфраім тут, смяецца з майго перапуду? А Жан Вальжан, мажны бык пароды шарале, распластаўся на ягоных плячах?
— Ніхто не мог дапяць, якім чынам мой сын Эфраім ускідвае быка на плечы, — заўважыў дзед і пасміхнуўся.
Знакаў расшыфраваць ніхто не змог. Нават Пінэс не здолеў прадбачыць будучай катастрофы.
— Хлопчык-сірата, які гадаваўся ў дзеда, насамрэч ёсць напакаванай гісторыямі бочкай, — сказаў ён пра мяне за вочы.
Зноў мне няўцям: штб я чуў ад іншых, а што — перажыў сам? Ці да магілы сваёй мамы бег Аўрагам або я? Ці, можа, ён бег да магілы ўжо маёй мамы? Ці ж сышоў Эфраім або тым, хто пакінуў вёску, стаўся я?
Масіўныя помнікі зіхцяць у Доме Вечнасці для Першапраходцаў. “Камяні, што завалілі вусце мроі”, — называў іх Пінэс. Уначы я блукаю па аграмаднай віле банкіра. Бык успамінаў аблёгся на маіх плячах і кругом цісне.
ТРЫНАЦЦАТЫ РАЗДЗЕЛ
— Твая мама была тая яшчэ гацаца! Эмацыйная шаляніца, Том Соер у спадніцы. Але спагадлівая.
Маміна заўсёдная прага да мяса збівае Пінэса з панталыку.
— Яна ж добра вучылася. Дэкламавала на памяць Чэрніхоўскага і Лермантава. Аднак знянацку спасярод заняткаў магла выцягнуць з-пад парты кавалак мяса і ўпіцца ў яго зубамі.
He толькі настаўнік Пінэс — усяя вёска абглядала другое пакаленне цікаўным, поўным спадзяванняў позіркам. Самі ж наступнікі, загартаваныя і спрытныя, як мулы, ужо працавалі з бацькамі поплеч. Ізраільскае паветра не апаляла іхніх лёгкіх, а целы ўсмоктвалі сонца, як тое робяць крэйдавыя горы.
— Трое Міркінскіх сіротак працавалі на ўсіх працах.
На досвітку Аўрагам будзіў брата і сястру, якія да школы паспявалі дапамагчы падаіць. Адвячоркам яны збіралі і загружалі воз люцэрны і кіраваліся назад на падворак. У ніз хісткага стога зяленіва ўтыркаліся вілы, а мама і Эфраім караскаліся на гару. Аўрагам, які насамрэч вёў гаспадарку ўжо тады, моўчкі трымаў лейцы. Па верхняй частцы яго чала глыбокія барозны гневу паўзлі што яшчаркі, ажно пакуль, рассмактаўшыся, не знікалі ў густых валасах.
Брат і сястра, спрытныя і вёрткія, спляталіся ў адно цела, гнеўна і весела гукаючы. Колькі разоў яны валіліся з воза і гэтак заставаліся ляжаць на ўзбочыне ў абдымках адно аднаго. Праз галлё садовых дрэў паглядаў на іх бацька.
— Для курэй гэтае дзяўчо ўяўляе не меншую небяспеку за дзікага ката з крыніцы, — сказаў дзед Зайцэру.
— Калі яна і далей будзе есці столькі ж мяса, у нас не застанецца ніводнай курыцы.
Каб упаляваць шпакоў, мама пачала караскацца на дрэвы і стрэхі.
Яна прымусіла Даніэля Ліберзона далучыцца да іх паляўнічых выпраў. Утрэсканы па вушы юнак павалачыўся за ёй у палі. Назіраў, як яго каханая выцягвае птушак з цянётаў, якія сама і ўсталявала. Праз маму на нашыя палі перасталі садзіцца пералётныя бажаны, а зайцаў з градаў як ветрам здзьмула. Калі мама лашчыла цялятам шыі, дык тыя пруцянелі ад вусцішы.
Аднойчы, каб зрабіць засаду галубам, яна ўскараскалася з Эфраімам на дах сіласнай вежы. Адна з даховак пад ёй трэснула. Мама саслізнула, але змагла зачапіцца за гзымс. Засталася на руках вісець на вышыні шасці метраў па-над бетоннай пляцоўкай. Эфраім паспрабаваў зацягнуць яе назад, але дзе там.
— Моцна трымайся! — закрычаў ён. — Я бягу клікаць Даніэля.
Ён знік. Мама сціснула зубы, трымаючыся кончыкамі пальцаў за гзымс, і тут знізу з’явіўся Беньямін Шніцэр, “дурненькі ёке* які працаваў у Рылава".
— Беньямін! — прасіпела юначка праз сціснутыя сківіцы.
Еке ўзняў вочы і адразу ж збянтэжана іх апусціў. “Бо твая мама апранула шырокую сукню і ў дадатак штомоцы матляла нагамі”, — апавёў Уры з усмешлівымі вачыма.
Небараку Беньяміна столькі разоў выстаўлялі на смех, што гэтым разам ён западозрыў каверзу.
— He саромейся, Беньямін! — крыкнула мама. — Я дазваляю, ты можаш паглядзець.
Ён стаяў проста пад ёй. I калі зноў узняў вочы, то горла перасохла ад зграбнасці яе сцёгнаў, якія матляліся і дрыгаліся ў сукні, як у звоне б’ецца ўсхваляваны язык.
* Еке (ідыш — літаральна “сурдут”) — мянушка нямецкіх габрэяў, якім прыпісваецца педантычнасць і стрыманасць.
“Твой бацька Беньямін рэпатрыяваўся сюды ў трыццатыя. 3 групай юнакоў, якіх прывезлі з Мюнхена. Ён прыехаў у нашу вёску для прафесійнай падрыхтоўкі, і яго паслалі ў гаспадарку Рылава”.
Быў ён хлопец бялявы і прысадзісты. Я гляджу на фотаздымак у раздзеле “Забітыя, але не забытыя” “Вясковай кнігі памяці”.
У сініх працоўных нагавіцах, з добра адпрасаванай стрэлкай, у белай суботняй саколцы стаіць мой тата ля барака, пад пальмай у гаспадарцы Рылава. Той самай пальмай, пра якую Уры цвердзіць, маўляў, яе плады, упаўшы на зямлю, выбухаюць. Татаў твар, здзяцінелы і грубы, матляецца паміж мускулістых плеч. Стуленыя ад сонца вочы. Яго рукі, усё роўна як мае, вельмі пухлыя, пазбаўлены вытанчанасці. Далонь, перадплечча і плячо разам глядзяцца як нейкае бервяно. Грудзі колам і агромністы як дзежка.
“Ты будзеш высокі, як мама, і дужы, як тата”, — заўсёды казалі мне. Калі я вырас, усе з радасцю заўважылі, што ёсць прароцтвы, якія спраўджваюцца.
Беньямін развёў рукі.
— Кідаць, кідаць, хутка! — гугнявіў ён. Ён яшчэ не ведаў іўрыту як след.
Дзяўчына завагалася.
— Шнэль, шнэль! — сказаў яшчэ Беньямін. — Я лавіць!
У нашай вёсцы ўмеюць сказаць вагу бычка з аднаго зірку, вызначыць наперад кірунак ветру паводле колеру поўні і вымераць колькасць азоту ў глебе, лізнуўшы цыбуліну. Мама ацаніла спакойныя вочы і літыя плечы працаўніка і адразу ж, адпусціўшы рукі, павалілася долу. Яе сукня ўзбілася і асланіла твар, а страўнік узляцеў і апынуўся між рабрын. Вочы моцна заплюшчыліся, і мама зрэшты адчула, як цела завагалася на магутных руках.
Ад такога моцнага ўдару Беньямін гыркнуў. Мама была высокая, таму прылічаць яе да пушынкі не выпадае. Рылаўскі
еке паваліўся на калені і ўвабраў вагу ейнага цела спінай і сцёгнамі. Маміна цела ўдарылася аб татавы грудзі, яе аголены жывот са страхам выдыхнула недзе ля яго шчок. Гэтак блізка, што нават я — па-за тым часам і гісторыяй — магу адчуць цяплосць, якая точыцца ад мамінай скуры.