За Сіняй Гарой
Мэір Шалеў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 485с.
Мінск 2023
— Цяпер ты можаш мяне адпусціць, — сказала яна і ўсміхнулася. Яе дыханне ўжо вярнулася. Вочы шырока расплюшчыліся, але пазногці па-ранейшаму са страхам упіваліся ў плоць яго пляча.
— Ты быў героем на ўсе сто. — Мой тата збянтэжыўся. Ён ніколі не быў так блізка да дзявочага цела.
— Дзякуй вялікі, Беньямін! — засмяялася яна і саскочыла з рук, папраўляючы сукню акурат у той момант, калі з’явіліся Эфраім і Даніель, несучы высокія садаўнічыя драбіны.
— Гэй?! Ты што творыш, нямецкі поц?! — гучна загаласіў Эфраім.
Было яму пятнаццаць. Хударлявы і бязважкі, ён стаў кідацца на працаўніка-бамбізу. Даніэль, збянтэжаны, спруцянеў. Яго скура пайшла жаўтавата-белымі плямамі рэўнасці, незваротнай страты і бездапаможнасці. Губы скрывіліся.
— Ён выратаваў мяне, — сказала Эстэр. — Дурненькі рылаўскі еке выратаваў мяне!
Мой тата ізноў пачуў яе смех. Калі мама, Эфраім і Даніель сталі ўцякаць і зніклі за рагом, салодкі подых ударыў яму ў нос.
Тата прыехаў у вёску, калі яму было шаснаццаць, і яго паслалі жыць і працаваць у гаспадарку Рылава.
“Прыбыў з Нямеччыны наконадні вялікай вайны”, — напісана ў раздзеле “Забітыя, але не забытыя” “Вясковай кнігі памяці”.
“Уся яго сям’я згарэла ў канцлагерных печах, а ён напаткаў сваю смерць на бацькаўшчыне. Мы па сёння добрым словам прыгадваем яго працавітасць, далікатнасць, культурны ба-
гаж. Памятаем, як вечар пры вечары ён кіраваўся ў малачарню, высвістваючы цэлыя сімфоніі і, промніста пасміхаючыся аднавяскоўцам, нёс на шасце чатыры вялікія бітоны з малаком”.
Дурны рылаўскі еке валачыў бітоны, бо не змог дамовіцца з рылаўскімі муламі. Чатыры бітоны, трыццаць пяць кілаграмаў кожны, цугам звісалі з жалезнай аглоблі на плячы.
— Рылаўскія аслюкі прыйшлі падчас Першай сусветнай вайны разам з брытанскім войскам і вырашылі застацца, — апавядаў Мешулам. — Акрамя абрыдлівай завядзёнкі прасіць піва ва ўсіх, хто патрапіўся ім па дарозе, аслюкі паводзіліся ўзорна.
На скрынцы з надпісам “Браты нашы меншыя” Мешулам захоўваў пратакол пасяджання Камітэта, на якім Рылаў хадайнічаў, каб мулам вылучылі бюджэт на піва. I почасту чытаў яго на вясковых урачыстасцях.
Сябра Рылаў: Аслюкі ядуць ячмень, а піва — то якраз вадкі ячмень.
Сябра Ліберзон: Рылаў кажа абы-што!
Сябра Рылаў: Сябры, а як наконт індыка, які піў віно?
Сябра Цыркін: Грамадскага віна на індычак ніхто не марнаваў. Гэта асабістая ініцыятыва Міркіна.
Сябра Рылаў: Пасля півапою аслюкі працуюць з запалам.
Сябра Ліберзон: Просьба адхіленая, мы не будзе прыўносіць у колазварот вытворчага і працоўнага жыцця алкаголь.
Сябра Рылаў: Працоўная Сябрына імя Фэйгі спажывала гарэлку вёдрамі!
Сябра Ліберзон: Мы дзякуем сябру Рылаву за экскурс у гісторыю, але працоўная сябрына аслюкоў мулаў не мела, а толькі чыстакроўных аслоў.
Сябра Рылаў: Я буду варыць піва сам!
Сябра Цыркін: Мы прыехалі на Зямлю Ізраіля не для таго, каб паіць быдла шампанскім.
Публіка смяялася і пляскала ў ладкі, але ўсе ведалі, што Рылаў пасеяў два шэрагі соладу і ягоныя мулы аралі тэрыторыю ўдвая большую, чым любая іншая пара аслюкоў. Да сёння апавядаюць у вёсцы пра агромністыя пеністыя лужыны, якія яны пакідалі за сабою. Нават Зайцэр, які быў спяцом па аслюках і ячменю, заўважыў, што “падобная распешчанасць яго гідзіць”.
Доўгія гады на вайсковай службе, у калектыве, у працоўных калоніях і ў вёсцы зрабілі мулаў цынічнымі. Калі яны ўбачылі перад сабой добрага дурня і яго збянтэжанасць, дык пачалі дурэць і не даваць сябе зацугляць. Наўмысна заблытвалі лейцы, спаражняліся на аглоблю і безупынку забаўляліся брыдкай адрыжкай. Але тата быў упарты. Нават калі пацяшаў вяскоўцаў сваёй нягеглай бездапаможнасцю, усё ж заслужыў павагу сваёй руплівасцю і дбайнай упартасцю.
Да сённяшніх дзён апавядаюць, як ён пакінуў Рылава ў траншэі для смецця. Дэвора, свавольная кароўка, убрыкнула Рылава ў галаву — той страціў прытомнасць і паваліўся ў траншэю. А мой тата, які не любіў спазняцца на працу ў малачарню, убачыўшы непрытомнага Рылава, нават не дапамог тому выбрацца, пакінуўшы яго ляжаць у траншэі.
— Але я пакрыць яго мехам, каб ён не прастудзіцца! — апраўдваўся ён перад Тоняй.
У Нямеччыне тата скончыў тэхнікум і праз месяц пасля прыезду ўжо распрацаваў і будаваў у гаспадарцы Рылава аўтаматычную сістэму для паення бычкоў, якая выклікала ў Даліне ўсеагульнае захапленне. Ён чысціў кароўнік жорсткімі шчоткамі і парашком “Пірат”, а таксама перацягнуў туды трубу ад патэфона, які стаяў у ягоным бараку.
— Нават жонка Рылава Тоня прызнала, што Малер станоўча ўплывае на надоі, — апавёў мне Аўрагам падчас адной з рэдкіх нашых гутарак.
— Аднойчы я ішоў вясковымі сцежкамі. Гукі бетховенскай музыкі нейкім магічным ласа заарканілі і пацягнулі мяне да
барака твайго бацькі. Я падышоў і зазірнуў у акно. Твой бацька ляжаў на ложку — пляма яго залатых валасоў рассыпаная на лбе, як жмут пшаніцы, — і слухаў музыку. У яго быў патэфон, які яму даслалі з Нямеччыны бацькі, незадоўга да таго, як іх усіх спапяліў Гітлер.
Пінэс пастукаўся і зайшоў. Беньямін устаў, шчыльна ссунуўшы ногі адна на адной, зрабіў паклон.
У той дзень здарыліся тры падзеі. Імя бацькі памянялася з Беньяміна Шніцэра на Беньяміна Шэнгара* ён узяў свой першы рэпетытарскі занятак па іўрыце, а таксама пазычыў Пінэсу дзве грамафонныя кружэлкі.
— Твой тата быў руплівым вучнем. Так і не мог бегла размаўляць на іўрыце, але словы пісаў без аніводнае памылкі.
Тады на вёсцы шчыравала вясёлая хеўра маладзёнаў, якая клікалі сябе “Шайка-лейка”. Сыны першапраходцаў, якія сягнулі падлеткавага веку.
— Усе ў вёсцы даравалі ім іхнія выбрыкі. Бо гэта ўжо выраслі новыя габрэі, ураджэнцы гэтай зямлі: загартаваныя, загарэлыя, — апавядае Пінэс. — Уначы яны кралі з вясковай крамы ласункі і каву, а з прылеглага да вёскі брытанскага аэрадрома — зброю. Рылаў пасылаў іх у палі, узброеных пугамі, каб разагнаць арабскія статкі, якія ўбіліся ў нашыя парасткі збажыны. Штогод, падчас цырымоніі Падняцця Першынцаў і Немаўлят, здзяйснялі фантазіі бацькоў: гойсалі галопам, стаялі на страмёнах, як украінскія гайдамакі.
Пасля таго як тыя абчысцілі краму з шакаладам, Шлёма Левін прыйшоў да Пінэса. I запатрабаваў пагаманіць без сведак.
* Так званая іўрытызацыя імені. Некаторыя рэпатрыянты мянялі прозвішчы і імёны, каб тыя гучалі больш па-ізраільску (і, адпаведна, менш па-еўрапейску).
— Гэтыя рабаўнікі зрабілі тое паскудства мне на злосць! — гарачыўся ён. — Выказалі пагарду. Я ж, бач, не селянін, як іхнія бацькі.
— Яны зрабілі гэта, бо хацелі пачаставацца шакаладам. Прага да салодкага агульная амаль што для ўсіх жывых арганізмаў, — адказаў Пінэс.
— У селяніна яны б красці не наважыліся! — сказаў Левін. — У каго няма грошай на шакалад, хай жуе камардын.
— На мінулым тыдні ў Маргуліса з каморы сцягнулі два слоікі з мёдам, — зазначыў Пінэс.
— Г этаксама абыходзіліся са мной, калі я сюды прыехаў, — працягваў аглухлы ад крыўды Левін.
— Вы ніколі не ўмелі шанаваць простай і спакойнай працы! Усе вы гралі ў сваім месіянскім тэатрыку п’еску “Адраджэнне”. He, вы не “аралі зямлі”, вы “вярталіся да каранёў”! Фу-ты ну-ты, “першы раз пасля двухтысячагадовага выгнання вольная габрэйская курыца знеслі яйка!” Простую бульбу, “картофелах”, якую вы трушчылі ў Еўропе, тутака ператварылі ў “тапуах адама”, “зямляны яблык”, так бы мовіць, далі назву на зліццё з родным грунтам. Фоткаліся са стрэльбамі і матыкамі. Размаўлялі з жабамі і асламі. Пераапраналіся ў бедуінаў. Думалі, што крочыце ў паветры.
— Так мы выжылі, — адказаў Пінэс.
Левін устаў, бледны ад нянавісці.
— Я таксама выжыў! — сказаў ён. — Мог з’ехаць, і не з’ехаў. Мог быць багатым камерсантам у горадзе, але прыехаў сюды. А ты навучыў іх грэбаваць мной. I не трэба тут тваіх спяваных песняў, маўляў, яны — мае градкі, мае саджанцы! Ты сам не селянін! Мы абодва службоўцы. Абодва мы ўяўлялі сябе, што служым ідэі, а аказалася, што заграбалі жар для куркулёў. Для кулакоў! 3 іхняй абяцянай зямлёй, што сцякае малаком і мёдам, ды іхнімі каровамі. Гордан і Брэнер пісалі працёклымі самапіскамі, якія чыніў я.
Пінэс таксама стаў злосці поўныя косці.
— Ты нам тут паслуг не робіш! — падняў ён голас. — Мне што, табе медальку даць за тое, што ты адмовіўся ад крамы ў горадзе?! Ты прыехаў сюды, бо меў патрэбу ў зямлі, усё роўна як усе мы. У яе дотыку, у яе паху, у спадзевах на яе. Меў у ёй патрэбу больш, чым яна ў табе.
Але пасля таго як Левін выйшаў з абражаным бразгатам дзвярэй, Пінэс паклікаў хлопцаў з “Шайкі-лейкі” і сур’ёзна з імі пагутарыў:
— Жыццё — гэта вам не крэм-бруле! Хто прагне труфялёў і цукатаў — марш у горад!
“Шайка-лейка” выйшла з раскаяннем і сама сабе прызначыла пакаранне — пабудаваць для дзіцячага садка вялізную пясочніцу, якая служыць дзеткам аж да сёння.
Мой дзядзька Эфраім быў адзін з той “Шайкі”. Хударлявы, паглядны, спрытны, як мангуст. Завадатар, аўтар усіх каверз і цкаванняў.
Аднойчы “Шайка-лейка” абрала аб’ектам сваіх здзекаў Беньяміна. Ён прыцягнуў іх увагу маруднай валюхастай хадою.
Эфраім, які спачатку пагарджаў ім, пасля выпадку з ратаваннем сястры запаважаў яго.
Беньямін ляжаў у бараку і цешыўся суботнім дзяньком, і падлеткі, закінуўшы ўсярэдзіну маленькую гадзюку, засталіся чакаць знадворку. Калі тата пачуў шоргат лускі паўзуна, у жаху залямантаваў і пад дружны рогат вылецеў навонкі. Ён стаяў супраць іх, зразумеўшы, што ён стаў аб’ектам для здзекаў, яго светлыя вочы стуліліся ад зыркага сонца і гневу, што апанаваў ім. Ён наблізіўся да Эфраіма, схапіў яго за шырокі скураны рэмень і адным махам ускінуў цела ў паветра.
— Дзядзька Эфраім звіваўся, гарлаў і рагатаў, але твой тата левай рукою панёс яго на падворак і шпурнуў у паілку для кароў. Гэты ўчынак быў сустрэты сябрамі “Шайкі-лейкі” бурнымі апладысментамі. Яны адразу зайшлі да Беньяміна
ў барак. Эфраім раструшчыў вострым абцасам шыю змяі, што стаілася пад крэслам. Потым пасадзілі Беньяміна за стол і адзін за адным барукаліся з татам на руках. Пасля таго як той здужаў усіх, “Шайка-лейка” залічыла Беньяміна ў свае шэрагі.
Усмешлівы заіклівы маруда, штопятніцы ён бачыўся з імі. Неўзабаве яны злаўчыліся эксплуатаваць яго тэхнічныя таленты. Для іх ён раз-пораз уломваўся ў аўто Песі Цыркінай, якое тады быў проста “шэры віліс” і належала Цэнтральнай Камісіі па эканоміцы. Беньямін заводзіў “віліс” без ключа. Быў перакананы, маўляў, транспарт выкарыстоўваецца для перавозкі зброі і разведзвестак. Але па дарозе яны заўсёды заязджалі ў Хайфу, у кінатэатр.