За Сіняй Гарой
Мэір Шалеў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 485с.
Мінск 2023
Эфраім прыляпіўся да Беньяміна больш ад усіх, забыўся на агіду пры выглядзе запыханай сястры, што ляжала ў Беньяміна на руках і смяялася. Колькі разоў на тыдзень заходзіў да яго ў барак паслухаць музыку, “ды іхнія душы перапляліся”. У куфры Беньяміна ляжала вопратка, якая рассмяшыла Эфраіма. Ён прымераў скураныя тырольскія нагавіцы, апрануў светлы парусінавы пінжак. Гэтак уцёк навонкі, каб пацешыць іхнім выглядам сябрукоў. Пасля знайшоў на днішчы куфра доўгую карункавую сукенку.
— Што гэта? — запытаўся і дакрануўся рукой да мяккай тканіны. У вёсцы, пэўна, не знайшлося б ніводнай рэчы, якая магла нават блізка параўнацца з мяккасцю далікатнай тканіны. Нават аксамітныя носікі жарабкоў або венчыкавыя лісточкі на яблыках. Знянацку Эфраім згадаў маму, ды з вачэй паліліся слёзы.
— Для вяселля, — адказаў Беньямін. — Ад маёй мамы. Для майго вяселля.
Ён дастаў з капшука фотакартку.
— Тата, мама, Хана, Сара, — сказаў ён, паказваючы пальцам. — Сукню мама дала.
Мама Беньяміна — высокая, светлая — сядзела на крэсле, яе дзве дачкі ў аднолькавых сукнях — побач. Бацька, дробны
шмэндрык, коратка пастрыжаны з падрэзанымі вайсковымі вусікамі, маячыў ззаду.
Эфраім, сірата па маме, і Беньямін, што неўзабаве меўся застацца адзін, як вока, сталі неразлітая вада.
— Іхнія галасы стаяць мне ўвушшу. Галасы гэтых двух маіх вучняў. Хуткастрэльнае балбатанне Эфраіма і гугнявы басок Беньяміна. Твайго зніклага дзядзькі. I твайго памерлага бацькі.
ЧАТЫРНАЦЦАТЫ РАЗДЗЕЛ
Аднойчы, на згоне вясны, пракралася Тоня Рылава да дзялянкі з борцямі Хаіма Маргуліса. Пасля смерці дачкі-немаўляткі на каровіным падворку Тоня нарадзіла сына Дані.
Праз рылаўскую маўклівасць сын пачаў размаўляць толькі ў пяць гадоў, і нянавісць Тоні да мужа штодня расла як на дражджах. Цэлымі днямі Рылаў бавіўся на днішчы гіганцкай хованкі ў выграбной яме кароўніка, дзе назапасіў астранамічную колькасць зброі. Жыццесцвярджальны пах мачавіны і дынаміту ад яго цела сыходзіў нават пасля таго, як той паскробся жалезнай губкай. АТоня сумавала па мядовасалодкіх пальцах Маргуліса.
Яна схавалася ў той частцы саду, што належала Авігдору Якубі і дзе раслі мандарыны “сацума”.
Тоня цікавала за каханым здаля. Ён паяўляўся ў перакручаным бортніцкім касцюме і падаваўся ёй сімпатычным мядзведзікам. Маргуліс пераносіў борці з аднаго саду ў іншы. Мяшаў водары і даты апылення. Старанна рыхтаваўся да вясны, сезона выпасу яго крылатых гадаванцаў. Пасля Тоня, прыгнуўшыся, паследавала за ім ажно да працоўнага барака. Ён яе не заўважаў, бо галаву яго па-ранейшаму пакрывала цяжкая маска, зробленая з сеткі і тканіны.
Маргуліс паставіў борць на адну з паліц. Адчыніў яе і абгледзеў соты. Тоня ўбачыла, як пасур’ёзнеў ды аквеціўся шчасцем ягоны твар. Маргуліс выцягнуў адну касету сотаў, на якой раіўся ўсхваляваны натоўп пчол-працаўніц. Патрос пчол у адкрытай руцэ — і яго твар заззяў. Пухкімі рукамі паклаў дзве з іх на стол. Тыя пчолы былі злучаныя адна з адной у баі, і пчаляр расцягнуў іх па кутах пры дапамозе дзвюх
запалак. Пчолы зноў і зноў накідваліся адна на адну. А ён зноў адцягваў іх, аж пакуль яны не стаміліся.
Тады Маргуліс паклаў іх у адмысловае начынне, у якім была шкляная сценка, што падзяляла іх, падышоў, каб зняць вечка і пакласці на месцы начыння, і наткнуўся на моцныя абдымкі Тоні, што ўвесь час стаяла па-за спінай.
— Ой, Тоня... — прашаптаў ашаломлены Маргуліс. — Ты што, здурнела? Сярод белага дня... Твой муж мяне заб’е.
Ён рашуча адпіхнуў яе і пасадзіў на крэсла. I пачаставаў мёдам.
— Чаму лыжкай, Хаім? Чаму не так, як даўней? — какетнічала Тоня.
— Ты ўбачыла мой самы вялікі сакрэт, — ён праігнараваў Тоніну заўвагу ўсмешкай.
— Замірэнне дзвюх каралеў.
Тоня паспрабавала вярнуць у цэнтр увагі сваё замірэнне з Маргулісам, але той абдарыў яе нявінным блакітам сваіх вачэй і не спыніў аповеду.
— ...У кожнай борці можа быць толькі адна каралева, — вяшчаў ён. — Гэта аснова над асновамі. Менавіта каралева вызначае колькасць пчол. Напрадвесні ёй трэба як мага больш працаўніц.
— Ты кажаш як капіталіст, — скрозь слёзы рассмяялася Тоня.
Але Маргуліс нё звярнуў увагі на яе жарцікі і засмучэнне.
— Я чакаю, пакуль вылупяцца новыя каралевы, — працягваў ён. — Калі яны накідваюцца адна на адну, я адваджваю іх пры дапамозе зубачысткі, паціху-патроху — я сама цярплівасць, — ажно пакуль ім не абрыдне варагаваць і яны не саспеюць да ідэі жыць і нараджаць разам, у адной борці. I гэтак я атрымліваю ўдвая больш пчол-працаўніц і ўдвая больш мёду... Ты аддала перавагу яму, Тоня, і таму еш што зварыла.
— Але пры чым тут гэта, Хаім? — прамармытала яна, далікатна закрыўшы вусны на гуку “м” у ягоным імені
і мімаходзь разважаючы пра яго мядовыя пальчыкі. — Навошта ты мне апавядаеш пра гэтых пчол?
Але Маргуліс ужо вярнуўся да сваіх каралеў ды з бязмежным цярпеннем расцягваў у бакі раз’ятраных саперніц, нашэптваючы словы міру і супакаення. Тоня выйшла з барака, пайшла абводнай сцежкай праз сад Авігдора Якубі, і пад небам колеру кованай бляхі з яе вуснай зляцелі толькі здушаныя румзанні. Чобаты, што захраслі ў гразюцы, вылузнулі з голасным хлюпаннем.
I тут, калі яна пайшла напрасткі пра сумежныя дзялкі, напаўсхаваная за частымі шэрагамі кампоснай капусты і першай квецені пладовых садоў, дык убачыла Эфраіма і Беньяміна, якія на плантацыі апельсінаў “валенсія” танчылі вальс. Яна вярнулася дахаты і апавяла пра ўбачанае мужу.
Рылаў адразу ж пабег да дзеда. Ён быў устурбаваны не “адносінамі”, а буржуазнымі танцамі, які маглі прашыцца ў “тканку нашага калектыву”. Пагалоска вылузнула навонкі, і ў вёсцы пачалі гаварыць.
— Ён толькі вучыў мяне танцам... — тлумачыў Эфраім пры сямейным стале.
— Я дэкламаваў яму вершы Пушкіна і паказаў, як утаймоўваць шалёных рылаўскіх мулаў. А Беньямін вучыў мяне слухаць музыку.
— Гэта не той хлопец, што злавіў Эстэр, калі яна бразнулася з даху? — запытаўся дзед.
— Я не бразнулася, — адказала мая мама. — Я скокнула яму ў рукі.
— Ну вы проста Давід, Ёнафан і каралеўна Міхоль! — зазначыў дзед. — Чаму б табе пры нагодзе не прывесці да нас свайго сябрука, каб мы пазнаёміліся?
Пульхныя губы Рыўкі Пекер, дачкі рымара, якая тады толькі-толькі стала хадзіць з Аўрагамам, пырснулі са смеху. Аўрагам абазваў Эфраіма “Штраусам” і “Вальсуючай Мацільдай” — і адразу ж у яго кашулю паляцеў цэлы селядзец.
— Я запрасіў яго на суботнюю вячэру, — паведаміў Эфраім назаўтра. — Ён есць усё, што даюць.
За колькі хвілін да з’яўлення Беньяміна Аўрагам зайшоўся кашлем. Усе пасміхнуліся, бо скемілі, што рылаўскі еке нясе букет нарцысаў.
Маёй маме тады споўнілася васямнаццаць. Яна, сірата па маме, змалку гатавала сямейныя вячэры.
Яна з цікаўнасцю глянула на дурненькага рылаўскага еке, які нязмушана трымаў нож і відэлец, але ўраніў кветкі, якія сабраў у цясніне, на белыя шкарпэткі, якія яная звязала адмыслова для яго. Яе цела памятала моц ягоных рук і цёплае дыханне з яго рота на сваім дрыготкім жываце. Стуль як яна павалілася з даху ў яго абдымкі, то бачыла яго шмат разоў. Аднак шторазу, згледзеўшы яе, той заўсёды апускаў вочы. Ад рэха яе ног, што вібравала спаміж крыса яе сукні, сохлі яго рот і паднябенне. Ён баяўся, што не зможа выдыхнуць з сасмяглага горла нават словаў вітання.
Беньямін, натуральна, быў у курсе, што Эстэр — дзяўчына Даніэля Ліберзона, найлепшага валейбаліста ў Даліне, яе пастаяннага партнёра ў гуртку народных танцаў. Сына Эліезэра Ліберзона, які раз на месяц збіраў усіх юнакоў, што праходзілі прафесійнае навучанне ў машаве, і ўдзёўбваў ім у галовы прынцыпы сіянісцкага руху.
Яго вочы ўтаропіліся ў талерку. Калі ён еў суп, аніводнага зыку чутно не было. Выдавала, што падчас вячэры ён разважае і вагаецца. Адразу пасля апошняе стравы ён падняўся так, нібыта раптоўна прыняў нейкае рашэнне, якое няможна адмяніць, ды папрасіў дзеда “выйсці з Эстэр на шпацыр”.
— У нас прынята пытаць дазвол у самой дзяўчыны, — адказаў дзед. Ён глянуў на Беньяміна і дачку. Заўсёды, калі ён бачыў новую пару, дык намагаўся дазнацца, дзе і з якое прычыны з’явіцца ў іх каханні чарвяточына.
Яны выйшлі ў поле, а Эфраім выслізнуў за імі, як куніца. Ён убачыў, як доўгі час яны крочаць моўчкі. Урэшце Беньямін падняў вочы ў неба і сказаў дзіўным басам:
— Шмат зорак.
— Процьма, — адгукнулася мама і паклала руку яму на плячук. Яна была нашмат вышэйшая за яго.
— Скажы, Беньямін, — прамовіла яна і зазірнула яму ў вочы, — гэта праўда, што ў вас кілбаскі любяць больш за мяса?..
— ...I твая мама папрасіла Эфраіма, каб той у наступны чацвер пралез на брытанскую вайсковую базу і сцягнуў са сталоўкі кілбасак, бо сёння ўвечары таксама прыйдзе Беньямін. I ты таксама давай з’ядай іх, маё малятка, нічога ў талерцы не пакідай.
Дзед уздыхнуў.
— Так пачалася гісторыя кахання тваіх бацькоў, — сказаў ён. — Гісторыя басаногай дзяўчыны, дзікай Міркінскай козачкі.
Даўгакосай і даўгалыгай, чые карыя вочы зіхцелі зялёнымі і жоўтымі плямкамі, і нязграбнага хлапца, ветлага і заіклівага баварца. Залатая галава майго таты даходзіла каханай да пляча. Яго важкая хада, калі поплеч подскакам ляцела стрункае і смяшлівае дзяўчо, вяскоўцаў надта забаўляла. Але чуліся таксама абгаворы, маўляў, яны не пара. Як у “фізічным плане”, так і ў “ідэалагічным”. Няроўны саюз дачкі легендарнага першапасяленца Міркіна з прастаком, які “не ўсмактаў сіянісцкіх кашоўнасцяў з малаком мацеры”.
Былі таксама больш практычныя размовы. Выпадак у кароўніку нагадаў сялянам пра спадчынны аспект кахання Даніэля да Эстэр, і шанц скрыжаваць дачку Міркіна з сынам Ліберзона цешыў іх.
Даніэль, які бачыў, як тата і мама безупынку ціскаюцца, упіўшы адно ў аднаго вочы, похапкам устаюць са стала і знікаюць на жарсны пасляабедзенны сон, які нікому не даваў
заснуць, палохаючы птушыны двор і зніжаючы нясенне яек, не жадаў або не мог расшыфраваць першыя азнакі знікнення кахання.
— 3 ім здарылася самае страшнае, што можа здарыцца з мужчынам, — сказаў мне Уры, калі мы гутарылі пра маю маму. — Ён згубіў розум і раўнавагу. Разам з іх знікненнем выпарылася рэшта ягоных чар.
Даніэля выкінула на пакутлівы шлях адрынутых каханкаў. Нібыта ў яго адрэзалі нагу ці руку. Калі ён ішоў дахаты, у яго бок кідалі спагадлівыя позіркі. Ягоны ж позірк стлеў. Напачатку Даніэль плакаў і ўшчуваў, пасля — змоўк. Уначы ляжаў у высокіх травах насупроць барака Міркіна. Яго галава вытыркалася спаміж сцяблінаў. Ён чакаў, калі каханы сілуэт спалахне ў праёме асветленага акна. Праз некалькі тыдняў дзед згледзеў, што на адным лапіку зямлі праз дарогу выгнала квітнеючую траву. Так, нібыта на тым месцы працякаў кран. Уначы ён падышоў туды і ўбачыў Даніеля, які пускаў маўклівыя слёзы.