• Газеты, часопісы і г.д.
  • За Сіняй Гарой  Мэір Шалеў

    За Сіняй Гарой

    Мэір Шалеў

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 485с.
    Мінск 2023
    112.51 МБ
    “Гэтак яе ты нізавошта не вернеш”, — сказаў я яму.
    Ліберзон і Цыркін намыслілі пайсці да Міркіна і пагаманіць з ім. Аднак, яшчэ не выйшаўшы з хаты, сутыкнуліся з нечаканай перашкодай. Фаня стала перад дзвярыма і заявіла — досыць таго, што аднойчы Працоўная Сябрына імені Фэйгі ўжо развязала любоўнае пытанне.
    — Я не дам вам паўтарыць гісторыю з Фэйгай! — паведаміла яна мужу і ягонаму сябру. — Дайце хлопчыкам паспаборнічаць, а дзяўчу — выбраць. Мы не арабы і не артадоксы, дзе бацькі выбіраюць, за каго выдаць замуж. Мінуліся вашыя дзянькі, калі дзяўчаты выходзілі замуж паводле кібуцнага статута, а грамадскае галасаванне разбівала сэрцы.
    Ліберзон жа стаў злосці поўныя косці. Дурненькі рылаўскі еке не выдаваў на годнага канкурэнта ягонаму сыну.
    — Навошта дурню дазволілі рэпатрыявацца? — абурыўся ён і далікатна адсунуў жонку ад выхаду, і трымаў яе, пакуль
    Цыркін выходзіў. Але, прыйшоўшы да дзеда, пачулі з ягоных вуснаў нешта падобнае да Фаніных прамоваў.
    —	Мне вельмі падабаецца твой сын, — сказаў дзед Ліберзону, — аднак не бачу ніякае заганы ў Беньяміне. Ён руплівы і шчыры, на яго можна абаперціся, і мне падаецца, дзеўка таксама закаханая.
    Ліберзон і Цыркін нагадалі дзеду, маўляў, Даніэль закахаўся ў Эстэр, калі яму было тры тыдні. Дзед раз’юшыўся і заявіў, што ў гэтыя бздуры не верыць.
    “Каханне, — пісаў ён, — гэта вам не кібуц заснаваць, пагорак захапіць ці пусціць першую баразну”.
    ПЯТНАЦЦАТЫ РАЗДЗЕЛ
    ^Цатуль, як нарадзіўся Даніэль і купілі Хагіт, калі Эліезэр Ліберзон усё яшчэ хадзіў у кавалерах, меў ён вялікую карову дамаскай масці. Хударлявую, даўгашыюю і даўгарогую. Адносіны, якія склаліся паміж першапраходцам і яго скацінай, пацяшалі ўсю вёску. Малака тая карова давала не надта і ела ўдвая больш за любую іншую скаціну, таму нянавісць Ліберзона да яе перасягала за той узровень, які прыняты ў іншых гаспадарках. “Ганьба рагатага пагалоўя”, — абзываў яе Ліберзон. Карова ж, у якой пад масіўнымі рабрынамі хавалася далікатнае і крыўдлівае сэрца, адчула стаўленне гаспадара да сябе і адплаціла той жа манетай.
    Аднойчы Ліберзон вярнуўся з поля ў свой нехлямажы барак. Там ён убачыў скаціну, што разляглася ў ягоным пакоі ды “жавала прасціну і артыкул бацькі сацыялістычнага сіянізму Борахава”. Стол Ліберзона, адзіны прадмет мэблі, які ён набыў і на якім еў, пісаў, чытаў, цяперака грувасціўся побач, расціснуты ўдруз. Калі карова заўважыла яго гнеў, дык скеміла, што перайшла тонкую мяжу паміж прыцягненнем увагі і чыненнем шкоды. Яна запанікавала і дала драпака на двор.
    —	Яна ўцякла разам з усёй сценкай! — наракае Ліберзон.
    Назаўтра на шыю каровы Ліберзон навязаў вяроўку і павёў прадаваць у суседні кібуц. Там пасяліўся новы заатэхнік, які літаральна пару дзён таму вярнуўся з Утрэхта, з курсаў павышэння кваліфікацыі, і таму знаходзіўся пад уплывам хвалебных ацэнак галандскай пароды. Цяпер жа Ліберзон нажахаў яго да смерці падрабязнымі апісаннямі праблем акліматызацыі “галандак” у Ізраілі.
    — Яны распешчаныя! — апавёў Ліберзон. — Заражаныя паразітамі ды ідэалагічнай разбэшчанасцю.
    — Я такога рашэння сам прыняць не магу, — адказаў заатэхнік. — Трэба склікаць усеагульны сход сяброў кібуца.
    — Ды на здароўечка! — пагадзіўся Ліберзон. Усеагульныя сходы былі для яго ўсё роўна гліна ў руках Творцы.
    — Галандкам трэба ўліванне мясцовай крыві! — паведаміў ён на сходзе ў кібуцнай сталоўцы.
    — Галандкі дадуць пародзістасць, а мая цудоўная цялушка прышчэпіць гарт.
    Сябры кібуца сядзелі зачараваныя.
    — Разам выведзем карову ізраільскай масці! — выгукнуў Ліберзон.
    — Дык як ты цяпер? — пацікавіўся Цыркін, калі з кібуца вярнуўся ўсцешаны Ліберзон і яны разам елі яго есці кашу з лубіна.
    — Штораз, як будзеш ісці ў поле, станеш пакідаць адных скаціну і птушак? Падворку без вока нельга. Вой, жаніцца табе трэба!
    Датуль быў Ліберзон свядомым халасцяком. Цяпер ІДыркін прапанаваў яму Песю і нават быў гатовы даць пасаг — дзве каровы, але Ліберзон адмовіўся.
    — Бо разам стала б тры, — заўважыў Уры, пачуўшы тую гісторыю.
    — Для аднаго халасцяка гэта ўжо занадта.
    У вёсцы ніводнай вольнай дзяўчыны не засталося. Цыркін і Ліберзон прызналі гэтую нявыкрутку і пастанавілі аднавіць старадаўні звычай выкрадання жанчын у вінаградніку.
    Хлопцы вярнуліся ў кібуц. Стаяла восень, і кібуцны распарадчык паслаў у гэты дзень колькі дзяўчат у вінаграднік састрыгчы парэшткі ўраджаю і сабраць разынкі.
    Тым жа часам, узброеныя мандалінай, ссабойкамі, лыжкамі і кубкамі, хлопцы выйшлі ў вінаграднікі, выглядаючы зборшчыц ураджаю.
    Пасля назалянняў я выцягнуў з Фані канец гісторыі. Яе галава вагалася ў такт сказанаму, калываючы пекную бель валасоў.
    —	Я пачула, як нехта грае на ўскрайку вінаградніку. Пайшла туды. Ля апошняга шэрага дрэваў сядзелі два хлопцы. Першы, незнаёмы, граў, а другі, харашмяны такі, пару дзён назад чмурыў усім галаву сваёй каровай. Дык той, другі, ірваў садавіну на салату і запрасіў мяне на абед.
    —	Лепей бяжы адсюль, — сказала Фаня Ліберзону. — Кібуцнікі сказалі, што калі цябе зловяць, дык прывяжуць да рагоў тваёй жа каровы.
    Ліберзон пагардліва ашчэрыўся. Ён паперчыў салату, накроіў хлеба і нарэзаў сыру, і ў час, калі яны з Фаняй елі, вакол іх увіхаўся Цыркін “усё роўна як певень”. 3 чырвонай, вырві вока, стужкай на шыі, і выцылінгваў “спакуслівыя і саладжавыя мелодыйкі”. Ліберзон апавядаў пра сваё жыццё, пра гаспадарку, Працоўную Сябрыну імя Фэйгі і бяду-гора з каровай.
    У Фані заняло мову. Над Працоўнай Сябрынай ужо тады згусцілася шчыльная аблачына таямніцы і абагомлення. Пра Фэйгу Левіну жанчыны Даліны складалі легенды. “Першая габрэйка, якая працавала на мужчынскіх працах, а трое закаханых мужчын насілі яе на руках. Гартавалі яе сваёй крывёй і мылі бялізну”.
    Ліберзон сціпла прызнаўся, што сапраўды ведае Фэйгу ды браў удзел у мыцці яе бялізны, гатаваў ёй, яна абдымала яго сваімі рукамі і лашчыла сваімі пальцамі. Ён паказаў Фані невялічкі пісяг на ніжняй губе і прызнаўся, што Фэйга Левіна пацалавала яго менавіта сюды. Фаня размякла. Яе рысы твару пакрыліся мройнай пялёнкай. Пабачыўшы гэта, Ліберзон употай даў знак Цыркіну і пачаў зумкаць вядомыя радкі:
    Заараю, і засею, і сажну з братамі.
    Галоўнае — быць у Зямлі Ізраіля.
    Цыркін зайграў, і кібуцніца Фаня, не вытрымаўшы спакусы, далучылася да іх спеваў танклявым і прыемным галаском.
    Сэрца Ліберзона ўсцешылася. Але пасля ён упароў жудасную памылку: апавёў пра слынную хасідскую дынастыю, да якой належаў там, ва Украіне, у часы юнацтва. Гэтая байка добра спрацоўвала на сялянскіх дачках з ферм Юдэі, але сацыялістка фаня гідзілася ўсяго, што мела дачыненне да рытуалаў, малітваў і раблення цудаў. Калі яна пачула імёны славутых рабінаў і павадыроў хасідызму, яе гожы тварык скрывіўся.
    Ліберзон раўнавагі не страціў. Нібыта качавы ястраб, хлопцы з Працоўнай Сябрыны імя Фэйгі ўмелі развярнуцца на месцы, не губляючы вышыні або хуткасці.
    —	Насамрэч я нашчадак Пражскага Голема, — на скорую руку паправіўся ён і заслужыў гучны смех Фані.
    Ліберзон ведаў пра наўпроставую сувязь паміж смехам і каханнем. Ведаў, што смех распаляе, цвеліць і растапляе жаночую плоць. I ўдарыў па тонкім месцы зноў. Узвёў знішчальную крытыку на вялікі калектыў, малую групу і прынцып сацыяльнай роўнасці ўвогуле.
    — Фанечка, зорачка! — сказаў ён. — Я хадзіў паглядзець ваш агульны душ у кібуцы. Там я на свае вочы пераканаўся, што людзі не родзяцца роўнымі!
    Фаня пачырванела, зноў засмяялася, а яе цела, з макаўкі да пят, затрэслася ад асалоды. Неўпрыкмет Фаня паклала руку Ліберзону на калена.
    —	Рассмяшы мяне яшчэ раз, — вымавіла яна.
    Цяпер Ліберзон ведаў, што прыгожая кібуцніца некалі скокне яму ў абоймы і што яго чакаюць гады выпрабаванняў і працяглых заляцанняў. Тамсама ён узяў яе руку і прапанаваў ёй ажаніцца. Проста з вінаградніку Фаня пайшла да яго ў машаў.
    — Прыгожая гісторыя! Сапраўды, Эліезэр Ліберзон — геній у такіх штуках, — загарачыўся мой стрыечны брат Уры. — Але ўсё было не так!
    —	У вінаграднік пайшоў толькі ІДыркін і зайграў там спаміж лоз. Фаня адчула, як яе неадольна цягне за гэтымі гукамі. Бо ёсць рэчы, якім ніводная жанчына не можа супрацьстаяць. Цыркін жа, са свайго боку, граў між шэрагаў і пакрысе аддаляўся, а пасля даў нырца ў высокі мурог, з’ехаў з адхону, і Фаня пакрочыла за ім. Гэтак ён прывабіў яе ажно да самага вялікага дуба. Калі яна датуль дапяла, дык убачыла Ліберзона з мандалінай у руках. ІДыркін цішком схаваўся спасярод галін дрэва. Толькі пасля вяселля Фаня выявіла, што Ліберзон увогуле не трымае мандаліны ў руках.
    —	У той жа год Давід Бэн-Гурыён паведаміў, што ў параўнанні з кібуцам машаў — кааператыўная вёска — не дастаткова сіянісцкі, а Іцхак Табэнкін абвясціў, маўляў, машаўнікаміадшчапенцамі кіруе грошалюбства. He трэба быць геніям, каб скласці два і два.
    Легкадумны ўчынак майго таты і Эліезэра Ліберзона не паспрыяў паляпшэнню адносін паміж двума тыпамі габрэйскага паселішча.
    Выкраданне Фані ўзняла хвалю непрыязі паміж суседнімі кібуцам і машавам. Імгненна спыніліся супольныя праекты па арашэнні. Былі выпадкі кідання камянёў. Здарыліся невялікія бойкі паміж намі ды імі ў цясніне, у перасохлым рэчышчы горнага ручая. У насценгазеце Фаню нараклі “Аленай Прыўкраснай”. Прагучалі меркаванне, што “не варта класці ўсеагульную справу адраджэння зямель Даліны на алтар пажадлівасці асобных індывідаў”.
    Але Эліезэр і Фаня Ліберзоны былі, мусіць, самая горача закаханая парачка, якую бачылі на дзялках Ізраільскага Зямельнага фонду. Ліберзон не пераставаў заляцацца да сваёй жонкі і забаўляць яе. Ейны смех і здзіўлены віскат не пераставалі лунаць па-над вёскай. У тыя дні, калі людзі жылі ў намётах і толькі тонкі слой брызенту адасабляў іх ад грамады, усе ведалі, што робіцца ў кожнай сям’і, — не трэба было нават падкрадацца і прыціскаць вушэй да сценак.
    — Спярша рассмяшы мяне, — сказаў цяпер Ліберзон мне. — Жанчыны любяць, калі іх рассмяшылі. Перад смехам яны не могуць устаяць.
    — Смех, — сказаў Мандаліна, — гэта ерыхонская труба перад гарадскімі мурамі. Гэта чароўныя словы “Сім-сім, адчыніся!” перад пячорай са скарбамі. Гэта кропля, што патрапілі на рассохлыя камякі зямлі.
    — Ты ў курсе, — здзівіўся Ліберзон і ўпіўся ў свайго дружбака здзіўленым позіркам.