• Газеты, часопісы і г.д.
  • За Сіняй Гарой  Мэір Шалеў

    За Сіняй Гарой

    Мэір Шалеў

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 485с.
    Мінск 2023
    112.51 МБ
    Гасцямі, якіх прывезлі ў машаў гэтым разам, былі амерыканскія дабрадзеі, якія ахвяравалі грошы на зямлю для габрэйскай вёскі і цяпер папрасілі паказаць ім расквітнелую пустэльню. Тры лімузіны маркі “Форд”, якія прымчалі іх сюды, зрабіліся першымі ўбачанымі намі амерыканскімі аўто.
    Доўгі час багацеі пахаджвалі між падворкаў, усміхаліся і здымаліся на картачку.
    — Ад сукна іхняй вопраткі моцна тхнула мяшчанствам і геданізмам, перабіваючы пах жудасных таямніц багацця. Але што мы маглі зрабіць? Яны давалі нам грошы!
    — Аднаго з іх суправаджала паглядная дагледжаная маладзіца. Хараства такога ў нашай вёсцы яшчэ не бачылі. “Яна была прыгожая, бы цэгла з чыстага сапфіру, што пад нагой у Бога Ізраілевага!” Высокая і харашмяная, ад смеху звузіліся яе шэрыя вочы аліўнага дрэва, і ў краёчках вуснаў таілася весялосць.
    Госці глянулі на новую лядоўню малачарні, на Авігдора Якубі, які моцнай рукой упрагаў у воз бычка-вытворцу, каб прывезці з поля зеляніну. Бачылі Якава Міркіна, які прышчапляе лозы на новыя камлі-саджанцы, якія яны прывезлі з сабой. Рылава, які роўна дыхаючы, страляў па мішэні з трох пазіцый — лежачы, з калена і стоячы.
    Але тут паднялася Песя і запатрабавала паказаць ім першынца.
    Дзед адмовіўся.
    —	Гэта хлопчык, а не актор.
    Песя з усмешкай падышла да яго, вагаючы сваімі цыцкамі, каб дадаць сваім словам важкасці.
    —	Тут табе не лонданскае казіно! — сказаў дзед, які ведаў, штб хавалася за плямамі на суботніх кашулях Мандаліны.
    —	Рукі прэч ад хлопчыка!
    Але ў гэты момант раптам вярнуўся з поля Аўрагам вярхом на спіне Зайцэра ў позе “мех мукі”. Дзед загадаў у гэтую ж хвілю завесці яго дахаты, але позірк першынца, які абглядаў усіх прысутных, загіпнатызаваў яго.
    Амерыканскія дабрадзеі проста ашалелі ад радасці, убачыўшы такога сур’ёзнага хлопчыка, сірату па маме, чыё зіхценне скуры дало адчуць ім усю важнасць кібуцнага пачыну. Той ім пасміхнуўся. Пасля — хоць ніхто нават не прасіў аб гэтым — укленчыў. Выкапаў маленькую ямку ў глебе, закінуў насеніну рыса і закапаў.
    “Гэты ўчынак, які на сімвалічным узроўні прадэманстраваў сутнасць нашага жыцця, усіх моцна ўзрушыў”.
    Два дабрадзеі адразу на месцы папрасілі ўзяць хлопчыка ў Амерыку, узорна адукаваць яго ў школе і вярнуць на Зямлю Ізраіля — выкшталцонага і кругом дасканалага. Але тут умяшаўся Пінэс і далікатна заўважыў, што духоўныя сілы першынца ідуць найперш з роднай ізраільскай зямлі, і “калі яго адлучаць ад яе, дык ссякне магута, і зробіцца хлопчык чалавекам шэрым, шараговым”.
    Госці папрасілі, каб хлопчык сказаў колькі словаў пра вяртанне на родную глебу, пра сувязь з зямлёй і да таго падобныя рэчы.
    Далей на далей, тут прыйшла вясёлая паглядная дзяўчына, якая ўбачыла позірк першынца, узняла руку і безуважна палашчыла яму галаву. Аўрагам знямеў, выпрастаўся панад градамі і абтрос каленкі і рукі ад пылу.
    Адчуванне катастрофы залунала па-над галовамі. Дастаткова датклівыя персоны адчулі, што зараз здарыцца He­rnia кепскае.
    Першынец накіраваў гіпнатычны позірк на прыгожую дзяўчыну і сказаў ёй так:
    Прыспеў час пылу струменіць са столі.
    Памяць майго цела ў табе заб’ецца.
    Што скажаш душы тваёй з полымя агню,
    Гэтай цёплай і пругкай кветцы?
    Твой каханак, замкнуты за плотам,
    Забарыкадаваны, заціхлы.
    Што скажаш у сне, калі яго рука на тваёй патыліцы
    Ляжа мяккай далонню крэдытора?
    Будан кахання, што над тваёй галавой, Адмаўляецца даваць ураджай.
    У тыя дні дазнаешся пра драпежны сухавей
    I падступнасць пясчынак.
    Твая памяць, здушаная і сціснутая,
    Паднялася з глыбіняў, з ліпкіх глыбіняў.
    Канец смутку лепіцца да нашых галоў.
    Гэтак сказаў Аўрагам, і вакол усчаўся вялікі вэрхал. Дзяўчо, якое ахапіла незагаснае полымя ва ўсіх частках яе дасканалага цела, стала перапытвацца, маўляў, што ён сказаў, што ён сказаў? Карэспандэнт тэль-авіўскай газеты, які суправаджаў дабрадзеяў падчас іх паездак па бацькаўшчыне, страчыў што шалёны.
    Мешулам Цыркін паказаў нам заметку, якая потым пабачыла свет:
    “Першынец вёскі Аўрагам Міркін прадэкламаваў завумны верш, што пазбаўлены ўсякае сувязі з нашым ізраільскім жыццём і нашай місіяй”.
    Сябры абурыліся. Фаня Ліберзон схавала твар у шыю свайго мужа, рухам, які застанецца ўсе гэтыя гады ажно дагэтуль, і сказала яму, што смага кахання павандравала са спакутаванага цела Фэйгі-гаротніцы да зародка, які быў у яе ва ўлонні, узбаламуціўшы розум дзіцяці.
    — I вось ваш плод паспеў! — злосна прашаптала яна. — Ніякая гэта ні кроў, і ні кропелькі не салодкая. Гэта была атрута! Яд, які ніколі не згусне! I нават не спрабуй тут утнуць свой жарцік, цыц!
    Пінэс, які адчуў літасць да Аўрагама і яго бацькі, паспрабаваў намякнуць, што хлопчык давёў “зграбны асацыятыўны ўжытак вядомых цытат з «Кнігі прарока Ёны»”, але Рылаў з’едліва папрасіў забіць зяпу, інакш яго пакалечаць і ён памрэ — і наўрад ці ў сваім ложку.
    Аўрагам — адзіны, хто не выказаўся стасоўна вэрхалу. Ён глядзеў і глядзеў на красуню. Тую пранялі дрыжыкі, бо позірк хлопчыка працяў яе плоць. Моцны пах банальнага ўзбуджэння — кожны селянін ведае ягоную прыроду і значэнне — пратачыўся праз балдахін парфумы, якім дзяўчына была пакрытая з ног да галавы. I ўсе прысутныя пачулі напаўвыразны рык галандскага быка, які стаў кідацца на агароджу.
    Дзяўчо прытопнула нагой, збянтэжана пасміхнулася і падышла да Аўрагама, сцёгны і азадак збоўтвалі паветра. Дастала з кашалька зіхоткую манету і памахала ёй перад яго вачыма.
    — Бач, грошы яна дала яму... — сказаў дзед Пінэсу ў адной з начных гутарак. — Грошы!! Песя навучыла выбаўляць бацькаўшчыну і душу грашыма!
    Замежная жанчына паклала манету ў кішэню кашулі Аўрагама так, нібыта гэта быў абярэг ад сурокаў. Ступіла крок назад і знерухомела ў трывожным чаканні.
    Твар першынца збляднеў у адначассе, дзве старэчыя барозны прарэзалі яго лоб, ад пераносся да лініі валасоў, так, нібыта яго трэснулі матыкай.
    ДВАНАЦЦАТЫ РАЗДЗЕЛ
    /І ляжу ў нарцысах, вочы ўгору. Высока-высока ў небе кружляюць чароды пералётных буслоў. Усё роўна як дробненькія жукі-плывунцы на паверхні гладкага і празрыстага возера.
    На коміне макараўскай хаты дзеда таксама віла гняздо пара буслоў. “Я ведаў: яны штогод гасцююць у Зямлі Ізраіля і вяртаюцца з набіткаваным ханаанскімі жабамі страўнікам”, — казаў мне дзед.
    Дык, можа, нашчадкі тых буслоў цяперака лётаюць панада мною?
    Увесну і ўвосень выходзіў дзед з барака ды глядзеў з-пад далоні на буслоў і пеліканаў, поўнячыся тугой па шырокіх рэках, неабдымных палетках, аснежаных стэпах і бярозавых гаях.
    “Вось ён я, у зарасніку малінаў, — напісаў ён у цыдулцы. — У краіне саранчы і шакала, смакоўніцы і алівы”.
    Я падумаў пра Шыфрыса. Ці жывы? ІДі змог згледзець сцежку, якую яго сябры з цягам часу апранулі ў шаты бетону й цэменту? Дзе ён цяпер? Можа, забілі яго памежнікі? Ляжыць, напэўна, Шыфрыс, пахаваны пад снягамі ці пяскамі... Ці, можа, яго абгарэлае цела спаўзло з калючага дроту пад токам? Ці паведамілі яму, што балоты тут асушылі, а пустэльню — ажывілі? Што дзед сышоў у дом састарэлых і жыве там з Саламеяй?
    ...Прыйдзе Шыфрыс, і я пакладу яго на ложак дзеда. Шыфрыс стане марынаваць алівы, курыць начамі на кухні. Пасадзіць дрэвы: смакоўніцу, аліву, вінаградную лазу ці гранат. Ён — пахілы старац, з выцвілым картузам на галаве. Кавенька з мігдаловага дрэва ў руцэ, хатуль — на плячы.
    У хатулі — хлеб з ямачкамі на скарынцы, біклага, алівы, сыр, Біблія і пара апельсінаў. Ідзе сабе. Ціхенька спявае або грае на дудачцы, якую выразаў па дарозе з нейкай сцябліны. Соваецца паціху. Па гарах і пустэльнях. Уздоўж скалістай і крывой берагавой лініі. 3 атопкаў вызіраюць пальцы ног.
    — Для Шыфрыса трэба выкапаць якое-небудзь балота, каб яму было што тут асушыць, — прапанаваў мой стрыечны брат Уры. — Пасеяць крыху пырніку, каб яму было што палоць. I знайсці старэнькую першапраходніцу з сівымі коскамі, каб ночы навылёт у свірне яна скакала на ім вярхом.
    Вочы Уры зіхцяць. Ён — хлопчык, што палюе на эмоцыі, здзекуецца з успамінаў. А з усіх аповедаў яго цешаць адно меладрамы.
    Нібы маленькая кропачка, што адлучылася ад Сіняй Гары, — гэтак будзе падыходзіць Шыфрыс усё бліжэй і бліжэй. Падыдзе да дзедавага барака і скажа: “Ідзі, маё малятка, схадзі і скажы дзеду, што я прыйшоў”. Здарожаны паваліцца на дзедавы ложак і папросіць толькі вады. Я буду несці яго цела праз палі Даліны, каб паказаць дзеду. Які ж лягенькі гэты Шыфрыс, скура ды косткі!
    ...Іду паляжаць у хмызах, туды, да крыніцы. Па дарозе дахаты паблукаю па палях маёй сям’і. Палях, на якіх колісь пасвіліся дзікія буйвалы, каласіліся зялёныя сцябліны, а ў папяловых водах множыліся лічынкі златкі. Потым тыя воды асушылі і зааралі. Дзед на іх пасадзіў квітнеючыя дрэвы. Аўрагам пасвіў паміж камлямі каровы. А я цяпер сею дэкаратыўныя расліны і садовыя кветкі. А таксама — мерцвякоў.
    “Дзіцяткі Міркіна” ў процівагу ад “сыночка Цыркіна” дапамагалі сваім бацькам ва ўсіх гаспадарчых работах. Працавітыя і спрытныя. У Аўрагама адкрыліся таленты ў гадоўлі жывёлы. У дванаццаць гадоў ён ужо распрацаваў план па ўкараненні ў кароўніку штучнага апладнення. Аднак ветэрынар сказаў, што ў Зямлі Ізраіля пакуль што не стае пры-
    датнай спермы. Аўрагам, за шмат гадоў да навукоўцаў, ужо круціў глуздамі, забаўлены навуковым развязваннем праблемы.
    — Сперму можна замарозіць! — паведаміў раптам спасярод абеду, зморшчыны на яго чале склаліся ў складкі і засяроджана варушыліся.
    — Замест таго каб валачыць карову да быка, можна замарозіць семя і потым прынесці яго ў кароўнік. Можна нават экспартаваць першараднае бычынае семя з-за мяжы. Гэта ашчадзіць шмат часу і працы.
    Але пасля той гісторыі з амерыканскай красуняй да ягоных ідэй ставіліся падазрона. Юнак быў скрытны і засяроджаны. Некалькі разоў знікаў. Пару разоў прапаў на цэлы дзень. Выявілася, хадзіў на матчыну магілу апавесці пра ўсе свае прыгоды.
    Эфраім, які аднойчы пракраўся за ім, чуў, як той размаўляе з помнікам.
    — У нас цяпер ёсць для курэй падлога з жардзінак. Увесь памёт валіцца ўніз. He памёт, а казка!
    — Апавядзі ёй таксама пра марозіва, якое ты збіраешся зрабіць з бычыных яйцаў! — выгукнуў з-за спіны брат. Аўрагам падскочыў і накінуўся на яго. Эфраім, спрытны і лёгкі, паспеў ухіліцца і даць драпака. Паляцеў па-над нівай маўклівай зданню. Яго босыя ногі ўздымалі невялічкія аблачыны пылу. Аўрагам прыпусціў за ім, плачучы ўсе пяць кіламетраў, што яны беглі да вёскі. Раз-пораз нахіляўся і шпурляў у брата камякі зямлі і каменне.