За Сіняй Гарой
Мэір Шалеў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 485с.
Мінск 2023
Але смоква і аліва, абкружаныя надмагіллямі, лужкамі і дэкаратыўнымі дрэвамі, нават сёння, у моц сваіх магчымасцяў, даюць ураджай. Смоква, якой апекаваліся залатыя рукі дзеда, дагэтуль такая неўтаймаваная і дзёрзкая, што на зямлі красуецца лужына з пругкіх і пікантных пладоў. Аліўнае дрэва гадуе прыгожыя зеленаватыя ягады, якія на баках зіхцяць прыемнай алейнай жоўцю.
Дзед у гадаванні дрэваў меў нюх. Садоўнікі з усёй краіны раіліся з ім. Дасылалі яму ў канвертах пабітыя хваробамі лісты і яйкі шкодных матылькоў. Пры выглядзе дрэваў, якія раслі на дзедавым падворку, пагалоўна ўсе спецыялісты толькі адкрывалі рот. Круглы год пілігрымы — вераб’і і аграномы — зляталіся ў вёску, каб пабачыць і пакаштаваць міркінскія плады. Я сам памятаю, як прыходзілі ўвосень паглядзець, як дзед чавіць алівы.
— Хадзі сюды, маё малятка, — казаў ён і загадваў мне прыціснуцца аберуч да аліўнага дрэва, гэтаксама, як зрабіў ён. Ён не латашыў галіны палкай, як гэта вялося, а абдымаў камель, прыціскаў да яго твар і плаўна калываўся разам з ім. Напачатку нічога не адбывалася, але праз колькі хвілін я чуў, як разгайданае магутнае дрэва пачынала енчыць. I пад захопленыя выдыхі публікі дрэва паддавалася, праліваючыся
на галаву і плечы ціхмяным дажджом. Барабанны пошчак аліваў, якія грукаюць па скуры, усё яшчэ гучыць у маёй галаве.
Калі нарадзіўся Аўрагам, дзед пасадзіў алею казуарынавых хваін. “Сынок-свісток”, “расчаравашка” — клікаў яго Мешулам Цыркін, які нарадзіўся год пасля і спрытненька выгадаваў усёахопную тэорыю: маўляў, падчас нараджэння сына дзед наўмысна садзіў непладовыя дрэвы.
Калі бабуля Фэйга нарадзіла другое дзіця, майго дзядзьку Эфраіма, дзед гэтак усцешыўся, ажно прышчапіў да флянца хушхаша парасткі апельсіна і грэйпфрута, цытрыны і мандарына. Дрэва Чатырох Пладоў назваў яго. Калі гэты цытрус пачаў даваць плён, дзед працягнуў свае эксперыменты, напоўніўшы вёску макабрычнымі дрэвамі, якія па хуткім часе пачалі апладняць адно адно. Мускатны вінаград гніў на недасяжных вершалінах кіпарысаў. Ірацкія фінікі, пажаўцелыя, марнелі на слівах. Дзед ужо і спалохаўся гэтага тутэйшага трыумфу мічурынскага вучэння, але дрэвы пладаносілі безупынку.
Праз год бабуля нарадзіла Эстэр, маю маці, і больш не радзіла. Згэтуль і надалей яе цела перастала прыносіць плады і пачало ўпотай рыхтавацца да смерці. Калі так палічыць, дык гэтыя падзеі адбыліся ўсяго некалькі дзесяцігоддзяў таму, але ўжо паспелі спавіцца сівым саванам часу, запячатацца чорным воскам таямніцы. Так, нібыта яны выйшлі з пінэсаўскіх лекцый па Бібліі, у якіх пышна квітнела пальма прарочыцы Дэворы і тамарыск прабацькі Аўрагама, пасаджаныя на прытоках ракі мінуўшчыны. Выйшлі з гісторый блуканняў, зямлі і намётаў. 3 казак студні, дрэва і няплоднага ўлоння.
Бабуля паспела пажыць у бараку, што пабудавалі ля намёта, у бараку у якім я пасля жыў з дзедам. Яна глянцавала падлогу да бляску, і да сёння захаваліся на паверхні лёгкія вышчарбіны — памяткі яе калень. У адным акне нават усталявалі шыбу, і бабуля пашыла для яго фіранкі са старой
тканіны. Ля смоквы пабудавалі земляную печку, якая назапашвала прыемныя пахі печанага хлеба і гарбузоў. Дзве дамаскія каровы-мяшанкі стаялі звязаныя ў кароўніку, і малы Аўрагам кожны адвячорак пасвіў іх на ўскрайку дзялкі. Парачка стракатых курачак, якіх купілі ў чаркесаў, што жылі за пагоркамі, далучыліся да Рахэль Янаіт і аралі дзюбамі падворак.
Птушнятак, якія толькі вылупіліся, пераносілі ў драўляную скрыню, у якой гарэла газніца, каб абаграваць іх цельцы. Іх прысутнасць прымусіла дзікага ката змяніць сваю прапіску з Сіняй Гары і перасяліцца да крыніцы, што на нашым полі.
— Варылі ў табўне*, кармілі курэй агародным партулкам, гойсалі басанож і ваду цягалі ў меху. Ну рыхтык арабская вёска! — кажа Ёсі, блізнюк Уры.
На месцы, дзе сёння раскінуўся Дом Вечнасці для Першапраходцаў, пасадзіў дзед свой вялікі сад. Паміж шэрагамі вырыў канавы для абваднення і, каб не катаваць дрэвы, паліваў іх толькі ўначы. Калі быў стомлены, клаў трубу на пачатку канавы і клаўся спаць у яе канцы. Вада пакрысе цякла і, дабраўшыся да дзеда, будзіла яго: ён падымаўся, пераносіў трубу ў наступную канаву — і тут ён таксама засынаў. У вёсцы гэты метад нарадзіў шмат жартаў. “Міркін робіць усё, каб не начаваць дома”, — абурана бубніла Фаня Ліберзону. Але былі сяляне, якія верылі, што, калі — барані Божа — Міркін не прачнецца, сад залье вадой — і Балота вернецца.
Дзед не зважаў на вяскоўцаў ды іхнія словы. Шторанку вяртаўся дадому, дрыжачы ад холаду і радасці. Пахі вільготнай зямлі выпараліся з яго скуры, і дзякуючы яго рукам сад даў вялікі ўраджай ужо на другі год.
У той жа год з Ярданскай даліны ў адведкі прыйшоў Зайцэр, дружбак дзеда. Ніколі не наракаў уголас, але “лёгка бы-
* Гліняная печка, вядомая са старажытных часоў, якая сёння цалкам захавалася хіба што на арабскім сельскім падворку.
ло здагадацца, што жыццё ў кібуцнай камуне яму не пасавала". Дзед прапанаваў Зайцэру застацца тут, у машаве, якому ўласцівы большы індывідуалізм.
Зайцэр пагадзіўся, але пры ўмове, што старое сяброўства не будзе азначаць палёгкі ў працы. Ён паважаў сябе працаўніком і такім прагнуў застацца.
Ён быў нагэтулькі сціплы, ажно адмовіўся жыць у хаце.
“Чаму ён жыве ў кароўніку? — пытаўся я дзеда. — 3 якой прычыны стары Зайцэр жыве з каровамі?”
— Зайцэр упарты як асёл, — усміхаўся дзед. — Так ён прызвычаіўся, і так ён хоча.
Зайцэр быў вегетарыянцам і толькі зрэдчас пагаджаўся прыняць з рук бабулі — яна яго вельмі любіла — кавалак пірага. Пасля, праўда, ён пакутаваў ад раскаяння і рэзяў.
Зайцэр застаўся ў нас да самай сваёй жудаснай смерці. Яго адметнае ўмельства — араць па простай як лінарка лініі — выклікала ўсеагульнае захапленне. Ён браўся за любую цяжкую працу. I толькі па суботах сам-адзін выходзіў у палі на шматгадзінныя праходкі, “каб удыхнуць кветкавага пылку і паразважыць”.
— Вазьмі мяне з сабой! — гукаў я, басанож прыпусціўшы за ім. — Зайцэр, вазьмі мяне з сабой!
Я ведаў: шмат гадоў назад, калі бабуля ўжо памерла, Зайцэр апекаваўся маім дзядзькам Аўрагамам. Гуляўся з ім, насіў яго на спіне па палявых сцежках. Але са мной і маімі стрыечнымі братамі ён ужо не бавіўся, бо пастарэў. Цёр дзянькі ў самаадрачэнні і самабічаванні. Цягаў на спіне адно груз згадак і высноваў.
— Пакінь ты яго ў спакоі, Барух, — сказаў дзед. — Гэта яго выхадны дзень, і кожны мае права калі-нікалі застацца адзін.
Шырокае тулава Зайцэра, аддаляючыся, пакрысе знікала. Спярша ён знік паміж дрэваў саду, потым выглядаў мухай на далёкім жоўтым іржышчы. Урэшце горны хрыбет паглынуў яго постаць цалкам.
— Прыгожыя цяжкія дні, — пачаў аповед Пінэс на кухні сваёй маленькай хаткі. — Мы хадзілі басанож і ў лахманах, як гавааніты. Нашы сэрцы прыпадобніліся да кветкавых падвяночкаў: голыя і куцыя, але поўныя да краёў.
Улетку малацілі жыта разам. Васямнаццаць сялян завялі вялікую малатарку. Калі барабан захрасаў, раўлі што шалёныя адно на аднаго. Жанчыны прыносілі ў свіран пясочныя піражкі і свойскае віно. Штоночы вялізныя скірды сена вабілі спеўныя сябрыны, змей і закаханыя парачкі.
— Зламаная саломінка ў валасах — самая прыгожая аздоба жанчыны, — кажа Уры.
— Кожная радзіска, што пачырванела на градах, кожнае народжанае дзіцятка або цялятка поўніла сэрцы надзеяй. Тлустасць малака ірванула да чатырох адсоткаў. “Ажно трыста шэсцьдзясят яек паклалі ў новы газавы інкубатар!” — апавядаў Пінэс на школьных уроках гісторыі.
Рылаў пачаў знікаць на доўгі час. Усе палічылі, што ён выпраўляўся ў Сірыю, на таемныя закупы і віжаванне, пакуль аднойчы не высветлілася, што гіганцкая выграбная яма, якую ён выкапаў ля кароўніка, была не чым іншым, як удасканаленай хованкай. Рылаў даваў у яе нырца. Там ён “рыхтаваўся да найгоршага сцэнарыя” і вылазіў на паверхню, толькі “каб хапянуць глыток паветра”.
Працоўная Сябрына імя Фэйгі на той момант перастала існаваць. Нібы светач, які знік за аблокамі.
— Цяжкавата назваць гэта расколам, — сказаў Мешулам, — можа, лепей самароспускам — скажам так, бо самі супольнікі гуляюць у маўчанку. Гэта здарылася, на маю думку, ужо пасля нараджэння Аўрагама.
— Але карані трэба шукаць глыбей, — высоўвае сваю тэорыю Мешулам. — У тым, што гэтая тройка старанна ўтойвае.
Штосуботы Цыркін-Мандаліна прыходзіў да дзеда, каб пажаваць з ім аліваў і селядцоў. Часам прыводзіў з сабой малога Мешулама, каб той пагуляўся з Аўрагамам. Цыркін і яго сын заўсёды выглядалі бруднымі і заняхаенымі. Мешу-
лам, у якога на шчацэ блішчэў цурок ссохлых смаркаў, з захапленнем назіраў за шклянымі талеркамі на стале, і Мандаліна глядзеў на бабулю Фэйгу дзіўным позіркам, сэнс якога я зразумеў толькі праз шмат гадоў, калі знерухомела ляжаў у ложку, а двое старых у кухні малай драбніцай не палаяліся ўшчэнт. А гарбата і алівы не маглі залагодзіць іхняй гняўлівасці.
— Мы перадалі яе табе з рук у рукі! — гарачыўся ЦыркінМандаліна.
— Я не хачу пра гэта размаўляць, — бурчэў дзед.
Ціша. Алівы. Далікатнае пахрупванне цукровых кубікаў.
— Калі вы двое такужо яе кахалі, — выбухнуў дзед, — дык нашто тады была гэтая недарэчная латарэя?!
— Мы цябе ў ёй удзел браць не прымушалі, — выдыхнуў Цыркін.
— Я не толькі вас вінавачу, — яшчэ цішэй сказаў дзед.
— Мы хацелі вылекаваць цябе, — прашамаў Цыркін, — выбавіць цябе ад Саламеі.
— Фэйга Левіна! — выгукнуў дзед са зласмешнай тэатральнасцю. — Сваёй пакорлівай рахманасцю, сваім непадзеленым каханнем увасабляе сабой ачышчальную даніну! Ахвярнае ягня!
Таксама ў адведкі прыходзіў Ліберзон. Але стуль як ажаніўся, яго візіты рабіліся радзейшыя. Адчуў, як дзед ставіцца да яго. Акрамя гэтага, “скарыстоўваў любую хвілінку, каб адвесіць сваёй Фанечцы пацалуйчыка”.
Усе адчулі тонкі водар варожасці, што тачыўся з міркінскіх вачэй на колішніх дружбакоў, але дзед быў чалавек выхаваны і нікому шкоды не чыніў. 3 упартай далікатнасцю адмаўляўся сядзець з імі разам і ажыўляць успаміны аб Працоўнай Сябрыне і пра іх агульны побыт з яго жонкай.
— Калі табе было чатыры гадочкі, прыйшлі з радыё зрабіць аб Працоўнай Сябрыне перадачу, дык твой дзед адмовіўся даваць інтэрв’ю.
— Працоўная Сябрына імя Фэйгі — асабістая справа.