За Сіняй Гарой
Мэір Шалеў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 485с.
Мінск 2023
Левін ішоў ад чыгуначнай станцыі, абсаджанай пальмамі. Здзівіўся і ўразіўся насычанаму паху зямлі і булькатання, якое ад яе чулася. Фэйга абвіла яго шыю тонкімі супакойнымі рукамі. Тоня і Маргуліс, якія памяталі Шлёму ад часоў іх супольнай вандроўкі з Ерусаліма ў Яфа, пасміхнуліся, як старыя прыяцелі. Але сярод расчуленых першапраходцаў, якія абдымалі і цалавалі яго, Левін чуўся чужым і недарэчным. Перахапіў немаўлятка “неяк няўклюдна”, і тое ўпілася ў ягоную руку сваімі вострымі дзяснамі.
Потым пайшлі шукаць магэля, які прагульваўся па вёсцы: ветрыў пах зямлі і ціхенька ўзносіў узрушаныя малітвы. Той узяў Аўрагама на рукі. Убачыўшы прыгожы стручок, маэль паважліва прыцмокнуўшы губамі, адчыкнуў скрайнюю плоць. Запанавала мёртвая ціша. Нават Ліберзон, які лічыў абразанне варварскім рытуалам, адчуў, што цяперака не час для палемікі. I калі над палямі ўрэшце разнёсся лямант першынца, “то плачма-плакалі першапраходцы і не саромеліся”.
ВОСЬМЫ РАЗДЗЕЛ
С7фраім, мой зніклы дзядзька для дзеда, як для Госпада Бога Ізраілева калена Ахрэма, быў самым дарагім дзіцем.
Быў Эфраім і з стану, і з твару. Ветрам падшыты. Дзед не спыняўся апавядаць, як Эфраім пайшоў на вайну. Як насіў цяля на плячах. Ды як знік з вёскі. Эфраім нарадзіўся праз год пасля Давіда. А Эстэр — тая, што стала маёй маткай, — праз год пасля Эфраіма. “Дзеці, якія сталі гойсаць па вёсцы і дапамагаць у працы, поўнілі сэрцы шчасцем”.
У Маргулісавай Тоні таксама нарадзілася дачка — хіба ад ахоўніка Рылава.
Апынуўшыся ў вёсцы, Тоня паддалася салдафонскім чарам Рылава: схацела памерці ў яго пасцелі і моцна ўзрушылася, калі ён папрасіў употай пранесці для яго ў станіку некалькі патронаў для стрэльбы.
Рылаў спусціўся разам з Тоняй у вялікую хованку для зброі, зробленую ў выграбной яме. Калі пальцы Рылава выцягвалі патроны спаміж яе грудзей, іх і без таго трапяткія абрысы, дзякуючы лучыне, моцна задрыгацелі. Але пасля таго як Рылаў скончыў лічыць боепрыпасы, ён адно дапамог ёй апрануцца. Калі сцягнуў і звязаў ружовыя матузкі ў яе за спінай, дык ёй заняло мову. Рылаў пасміхнуўся вачыма, якія раптам зрабіліся летуценнымі, і сказаў, што ўначы ён мроіць пра Песю ІДыркіну і пра аб’ёмы боепрыпасаў, якія яна магла б хаваць у сябе для яго.
— У Песі ёсць усё, што мне трэба: аўтамабіль, карысныя сувязі і гіганцкі станік, — патлумачыў Рылаў.
Тоня пакрыўдзілася, але адчаю не паддалася.
Рылаў знайшоў у Тоні надзейную хаўрусніцу, якая ўмела захоўваць таямніцы. Па начах ён выпраўляў яе
сустрэцца са шпегамі сярод цяснінаў, раскласці гранаты па хованках і ліквідаваць калабарантаў. Яны, абсыпаныя белымі шматкамі рэчыва для выбухоўкі, любіліся на скрынях для проціпяхотных мін. Калі Рылаў — чый набор метафар быў вельмі абмежаваны — у прыліве пяшчоты назваў Тоню “мой ты кулямёцік Шварцлозэ!”, яна зноў не пакрыўдзілася.
Яна выйшла за яго замуж употай. Шлюбная пара была абкружаная сцяной сяброў-падпольшчыкаў, якія прыцягнулі ім паднашэнні — татарскае сядло, шляхетную жаробку, чыя скура безупынку трымцела, а таксама зарумзанага і звязанага па руках і нагах тыберыйскага рабіна, які сяктак адслужыў цырымонію з завязанымі чорнай павязкай вачыма.
Недзе праз год Тоня нарадзіла дзяўчынку, нават не ведаючы, што зацяжарала, бо Рылаў адмахнуўся, калі пачуў яе ранішнія скаргі. Маўляў, ваніты і млоснасць — прафесійныя немачы збройнікаў. Маўляў, мяшаючы складнікі, удыхаеш пары дынамітнага жэлаціна.
Саладзенькі Маргуліс — як зазвычай у гуморы, пазбаўлены недарэчнай рэўнасці, зацятасці і помслівасці — схадзіў да Рылавых у адведкі. У левіцы — слоік з мёдам, на правіцу абапіралася яго новая дзяўчына, Рыўка Бейліна. Яна была першапраходніцай з Працоўнага Палка, яе ён сустрэў у цягніку на Цэмах.
Тоня, усё яшчэ спакутаваная, паглядала на былога каханка і яго абранніцу, і ў яе венах запульсавала рэўнасць. У той самы тыдзень выбухнула яе першая сварка з мужам. Бо Рылаў, адданы доўгай падпольшчыцкай традыцыі, папрасіў захоўваць у таямніцы таксама нараджэнне першай дачкі. Але тут Тоня ўжо абразілася — ажно дайшло да слёз і знявагаў.
Даніэль, сын Фані і Эліезэра Ліберзонаў, аднагодак маёй мамы. Ён прыляпіўся да яе ад моманту, калі ім споўнілася па тры тыдні ды іх паклалі на полі ў адну коўдру.
Дзед, Ліберзон і фаня пайшлі разам з немаўляткамі ў пладовы сад. Там дзед навучаў усіх, як трэба абцінаць маладыя ігрушкі, каб плод атрымаўся ў форме перакуленай чары. Садоўніцкія нажніцы чыкалі ў яго руках, і пры нагодзе ён пакпіў з савецкіх тэорый Мічурына, якія цвердзяць, маўляў, набытыя якасці пладовых дрэваў, каторым зрабілі прышчэпку, перадаюцца ў спадчыну.
Фэйга, кволая бледная, разляглася на зямлі. Аблягла патыліцай на Фаніным сцягне і адно магла сачыць вачыма, каб немаўлят не пакусалі кузуркі або змеі. Даніэль падняў лысую галоўку, якая боўталася з боку ў бок, ды з натугай павярнуўся тварам да Эстэр. Яго мама пляснула рукамі — яму ж споўнілася толькі тры тыдні! Ёй і да галавы не заходзіла, што сын заўважыў Эстэр і захацеў да яе наблізіцца. Але бабуля адразу сцяміла, што адбываецца, і адзначыла, што, нягледзячы на сказанае мужам, Мічурын усё ж меў рацыю.
У той вечар Даніэль ужо пачаў поўзаць, і калі бабуля Фэйга паведаміла, што забірае дачку дадому, усе пачулі са здзіўленнем, як хлопчык паўзе, як спрытная і ўпартая яшчарка, і, дапяўшы да вушака дзвярэй, усчынае неўтаймоўны лямант. Бацькі перажылі бяссонныя тыдні, перш чым сцямілі, што той не плача ад голаду або зубнога болю, а патрабуе дачку Міркіных.
— Лухта непадсяваная! — сказаў мне Уры. — Я скажу табе, чаму ён крычаў. Калі пасля абразання ў цябе пастаянная эрэкцыя два тыдні, гэта вельмі бо-бо.
Фаня пасярод ночы прыносіла сына да дзеда і бабулі — ссінелага і задыханага ад крыку, — прасіла прабачэння за турботы. Яшчэ да таго як навучыўся хадзіць, мог Даніэль усё роўна як малпа караскацца на калыску сваёй каханай. Нібыта цыкада да сакавітай галінкі, чапляўся ён да Эстэр рукамі і нагамі. Тады замаўкаў і адразу ж правальваўся ў сон.
ІДэлымі днямі Даніель знаходзіўся пад апекай бабулі Фэйгі. Калі Эстэр забіралі спаць або купацца, выбухаў плачам,
які чулі за Сіняй Гарой. Калі яму споўнілася дзевяць месяцаў, Даніэль сам навучыўся хадзіць і бегаць, каб паўсюль суправаджаць каханую, а яе імя вымавіў яшчэ да таго, як сказаў “мама” і “тата”.
Бабуля Фэйга з прыязнасцю назірала за двума немаўлятамі. Яна заўсёды верыла, што пары творацца на нябёсах і што ў кожнага чалавека знойдзецца свая палоўка.
— Але заўсёды знойдзецца той, хто парупіцца, каб гэтыя двое нарадзіліся на процілеглых канцах свету, — паведаміла яна Фані. — I вось жа — цэлае жыццё мінецца ў плачы, прычыны якога застануцца ім абаім невядомыя. 3 волі выпадку мая дачка і твой сын нарадзіліся ў адной вёсцы.
— Як Адам і Ева ў Эдэмскім садзе, — сказаў Якаў Пінэс, малады ўдавец з разбітым сэрцам, якога немаўлячае каханне Даніэля Ліберзона і Эстэр Міркінай расчуліла да слёз. Ён з нецярпеннем чакаў, калі яны падрастуць і пойдуць да яго Ў першую “групу”.
— Сапраўдная навука эдэмскай гісторыі палягае не ў маральнай плашчыні, а ў любоўнай, — кінуў аднойчы Пінэс на шумна-заўзятым пасяджанні сельскага гуртка па вывучэнні Бібліі.
— Адам і Ева былі адна-адзіненькая пара на свеце.
Але тут падняўся Эліезэр Ліберзон:
— Я ўражаны не тым, што Адам, першы чалавек, быў у Творцы адзіны, а тым, што Адам быў адзіны ў Евы.
Сябры ўсміхнуліся і заківалі галовамі. Пра ваяўнічы атэізм Ліберзона ды ягонае каханне да Фані ведалі ва ўсёй Даліне. Зазвычай Ліберзон шукаў у Бібліі толькі зямныя сэнсы і факталогію аб прыродзе роднага краю. Бібліісты, прапаведнікі і тэалагічныя камбінатары, што знаходзілі ў тэксце палітычныя высновы ды інструкцыі да дзеяння, Ліберзона брыдзілі.
— Толькі чалавечае сэрца і Абяцаная Зямля, якія абліваюцца крывёй аж да сённяшніх дзён, засталіся нязменнымі, — казаў ён.
Удзельнікі біблійнага гуртка выйшлі з намёта настаўніка, трымаючы ў руках запаленыя каганцы з нафтай, а іх ногі доўга мясілі жудасную гразюку.
— У кожным Эдэмскім садзе заўсёды знойдзецца змей, — сказала бабуля Фані. — I раней ці пазней ён пакажацца з зарасніку.
— Яе змяюка жыве ў Крыме, — шапнула потым Фаня Ліберзону. — Плод з Дрэва Веды прыходзіць адтуль у блакітных канвертах.
Фэйга назірала за малым Даніэлем, які ляжаў на спіне. Смактаў палец сваёй каханай, а вочы зіхцелі ад шчасця.
— Ён ніколі не паглядзіць на іншую жанчыну, — заўважыла Фэйга.
Фэйга памерла, калі Даніэль і Эстэр былі кату па пяту. Яна не пабачыла, як мая мама паказала каханку спіну. Бабулін партрэт, павялічаная копія здымка, знойдзены ў скрыні, з тымі самымі чорнымі косамі і спрытнымі маленькімі ручкамі ды ў той жа белай ільняной вышыванцы, шмат год прастаяў на тумбачцы ў Фанінай кухні. Фэйгіны вочы нібыта слізгаюць па лінзе фотаапарата. Я змалку ведаў, што так пазірае жанчына, якая “пакутуе на нястачу кахання”.
“Фані, маёй сябровачцы”, — падпісаны здымак.
У тыя часы вёскі як такой не было. Адно шыхтаваліся два шэрагі белых намётаў, якія наўрад ці было відаць праз атрутную заслону балотных выпарэнняў і мільгаценне камарыных крылцаў. Ужо стаяла пару паветак, вялікая паілка для скаціны. Ужо гойсалі і корпаліся ў пыле куры.
Па каторым часе за сто метраў ад намётаў дзед пасадзіў некалькі дрэваў. Гранат, аліву, фінікавае дрэва і два шэрагі вінаграднай лазы гатунку Шасла і Пярліна. Да камлёў прыбіў цытаты з Бібліі і Талмуда: “Лаза дасць свае плады”, “Алівы будуць ва ўсіх межах Тваіх”, “Хто пасадзіў смакоўніцу, пакаштуе яе пладоў”, “Я спусціўся ў арэхавы сад паглядзець
на ўсходы ў даліне, паглядзець, ці лаза зелянее, гранаты ці зацвілі?”
Гранат хутка састарыўся. Слёзы жоўтай смалы аздобілі гнілы камель і толькі гады ў рады дрэва выдавала муміяфікаваны плод. Спачатку дзед яшчэ ўпырскваў лекі і прэпараты супраць жываедаў. Калі нічога не дапамагло, Пінэс абвясціў, што “дрэва точыць смертаносны чарвяк сумненняў”. Першыя лозы звялі ад удара філаксеры, і дзед быў вымушаны прышчапіць свае лозы на каліфарнійскія парасткі. Каліфорнія таму выклікала ў ім змешаныя пачуцці — яна з аднаго боку была домам яго брата-капіталюгі Ёсэфа, з іншага — селекцыянера Лютэра Бэрбанка.