• Газеты, часопісы і г.д.
  • За Сіняй Гарой  Мэір Шалеў

    За Сіняй Гарой

    Мэір Шалеў

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 485с.
    Мінск 2023
    112.51 МБ
    Але Эфраім дрэвамі не зацікавіўся. Адно соваўся наструнена-напяты — ягоная скура торгалася, як скура жаробкі. Штовечар адведваў барак Беньяміна і Эстэр. Там вісела
    вялікая мапа. На ёй ахайна прабітыя руплівай рукой шпількі сцяжкоў.
    3	вёскі сталі забіраць мабілізаваных мужчын. Першымі пайшлі два нашыя кавалі, браты Гольдманы. Ад часоў заснавання яны падкоўвалі працоўных коней, выраблялі матыкі і гартавалі лёзы плугоў — і тыя ніколі не ламаліся.
    “Як калюмны ў Храме Саламонавым стаялі яны, як легендарныя Боаз і Яхін, узвышаліся над полымем. Пунсовае святло праменіцца на іхніх грудзях; і ў левіцы ў іх — абцугі, а ў правіцы — узнятыя для ўдару молаты”.
    —	Аднойчы мы з Зайцэрам прыйшлі ў кузню, — апавёў дзед. — Братоў-кавалёў няма. Астылае вуголле сшарэла. Мяхі маўчаць, дым рассеяўся, і толькі па-над кавадлам вісяць у паветры два гіганцкія молаты.
    Потым знік таксама Даніэль Ліберзон. Пасля вайны застаўся ў Еўропе з аддзеламі габрэйскіх мсціўцаў. Ён пісаў Эстэр сухія злосныя лісты, ніколі не прыгадваючы ў іх майго бацькі. Нянавісць да бацькі і апантанасць у ліквідацыі бландзіністых мужчын чыталася між радкоў, праймала халадком.
    Па начах Беньямін сядзеў з Рылавым і нейкімі людзьмі, якія, пераапранутыя ў спецыялістаў па ўгнаеннях ці ў разносчыкаў птушанят, прыехалі ў вёску. Разам ладзілі хованкі для зброі і мінныя механізмы з запаволеным дзеяннем. 3 трубак для паення адлівалі міны для мінамётаў і прыдумлялі для начной пераклічкі ўмоўныя сігналы, “якія ў Даліне зводзілі з розуму мясцовых соваў і цвыркуноў”.
    Вёска трывожылася. Вайна, можа, варочалася далёка, але ўначы ціхмянымі восеньскімі поўднямі людзі замаўкалі, паглядаючы ў паўночны кут ды на заходні далягляд так, нібыта ўсё бачылі і маглі чуць на адлегласці. “Там кіпела і гукала кроў далёкіх братоў”.
    Эфраім просам прасіўся ў войска, аднак дзед стаяў на сваім.
    —	Юнак у тваім веку можа браць удзел у змаганні і тут. Туды ты не паедзеш!
    “Мой зграбны хлопчык пасвіцца на чужынскіх нівах”, — напісана на кавалку паперы, што адарваўся ад сшытка.
    Эфраім працаваў у бацькі з падцятымі вуснамі і напружаным ілбом. Неахвотна і моўчкі навязваў галіны. Пінэс, які з лёгкасцю ўмеў чытаць прагу вольніцы ў вачох і рухах жывёлы, папярэдзіў дзеда пра тое, што мае адбыцца.
    — Вяроўкай яго не навяжаш, — зрэагаваў дзед.
    — Пільнуй хлопца! — настойваў Пінэс.
    — Ці ж мог нас хтосьці спыніць? — запытаўся дзед. — Ці быў рады твой бацька, калі ты ўстаў і ўцёк з палескай хаты, і рэпатрыяваўся ў Ізраіль?
    У час вячэры дзед уважліва глядзеў на сына, які трушчыў за абедзве шчакі салату з гародніны. Глядзеў на вытанчаныя дужыя рукі. На зялёныя вочы, які страцілі фокус. I ведаў, што ўнутры сынавага цела ўжо распрасталіся крылы.
    Пасля вячэры Эфраім падскочыў з крэсла і заявіў, што ён пойдзе праверыць вентыль на полі.
    — Бывай здаровы, Эфраім! — развітаўся дзед.
    — Я зараз вярнуся, — адказаў Эфраім і знік.
    Тыдзень пасля знайшоўся яго цяжкі ровар Теркулес”, прыкуты да агароджы брытанскай вайсковай базы “Сарафэнд”. Тым жа часам сам Эфраім ужо стаяў на палубе вайсковага карабля, які адчальваў у Шатландыю. Эфраім не ванітаваў, але палоскі пены і цуркі пырскаў наліплі на твары. На бясшумныя ногі Эфраіма ўжо былі абутыя цяжэзныя вайсковыя чобаты. Калі ён пахаджваў і тупаў па дрыготкай жалезнай палубе, дык шум яго крокаў раставаў у гомане марской вады.
    Уначы я чую, як мора шапоча і сычыць. Шуміць, нібы галіны “белага гібрыда”, ранняга гатунку вінаграду.
    Млявы, я разважаю над усімі гэтымі шамаценнямі, якім няма канца і супыну. Гукамі, якія каб пачуць, трэба прыслухацца. Вецер у казуарынавых хваінах, пошчак дажджу, цуркатанне крыніцы, чвяканне каровінай жуйкі і рып шурпатых
    маснічын, якія ходзяць ходырам пад падлогай бараку. Пінэс раскрыў мне таямніцу бязгучнай хады Эфраіма. “Ён не тое што ступаў ціха-ціхенька. Ён проста ўмеў выдаваць са сваіх ступакоў пошум, які зліваўся са штодзённымі гукамі навакольнага свету”.
    — Ён быў ці не адзіны габрэй з Зямлі Ізраіля, які служыў у брытанскім камандас, — зазначыў Мешулам, калі Эфраім ператварыўся ва ўспамін, і ўжо не ўсім хацелася верыць у яго існаванне або трываць цяжар успамінаў аб ім.
    Са скрыні з-пад апельсінаў, на якой было напісана “Нашы сыны на баявой варце”, Мешулам стаў даставаць дакументы і лісты.
    — У брытанскае войска мабілізавалі сорак трох габрэйскіх сялян з Зямлі Ізраіля. Двое з іх — старэйшыя дзядзькі, трыццаць восем — з другога пакалення аліі, і трынаццаць дзяўчат. У дадатак мабілізавалі чатырох службоўцаў і дзвюх службовак. Шаснаццаць з іх не вярнуліся. У мяне тут колькі лістоў жаўнераў да сем’яў, але лістоў Эфраіма бракуе. Твая сям’я — з незразумелай мне прычыны — наадрэз адмаўляецца перадаць іх у Барак Першых.
    Калі Мешулам прамаўляў “твая сям’я”, мая сям’я налічвала аднаго мяне. Дзед тады ўжо памёр, Ёсі ўзялі ў боты, Уры працаваў на трактары свайго дзядзькі ў Галілеі. Бурыў пылавыя пагоркі і ўтрамбоўваў пясчаныя горы. Аўрагам з Рыўкай рыхтаваліся з’ехаць на Карыбскія выспы, зладзіць там ферму. Уся гаспадарка была цалкам на мне — квітнела і спорылася вакол дзедавага помніка.
    — Я з гэтымі на адным полі ляжаць не жадаю! — заявіў дзед мне. — Яны выгналі Эфраіма з вёскі...
    I зноў загадаў:
    — Пахавай мяне на маёй зямлі!
    “Мешуламу проста не стае нахабства запатрабаваць лісты Эфраіма для свайго ідыёцкага музея”, — тымчасам падумаў я.
    — Я адпомшчу ім па самым балючым месцы! — паўтарыў дзед сказ, які ў яго апошнія гады ператварыўся ў жудасную мантру. — Па іх зямлі.
    Маімі рукамі ягоная помста набыла форму. Цела старога садаўнічага-чараўніка атручвала глебу, перакуліўшы мрою дагары нагамі. Магілы ў гаспадарцы Міркіна смылелі, нібыта гнойны верад кпін і дакораў. На інавацыйнай стойцы даення Аўрагама павукі плялі густыя павуты. Сям-там бетонныя сцены імшэлі і шалудзівелі, знішчаючы апошнія сляды таго, што тут неяк захоўвалі збожжа. У шчылінах клеці восы набудавалі з паперы і вапны разложыстыя калоніі кублаў.
    Заняпад панаваў паўсюль, але грошай было хоць сцены клей. У пустым кароўніку грувасціліся мяхі з купюрамі. Мая магільная ніва квітнела.
    Дом Вечнасці для Першапраходцаў усё роўна як вялізны клін: спыніў хаду часу, захрасшы ў зямлі. Раструшчыў грамадскія нормы і звыклы лад жыцця. Парушыў севазварот і зняважыў сезонныя змены.
    Праз два месяцы пасля ад’езду Эфраіма пачалі прыходзіць лісты. Ён суконнай мовай адбіваў кароткія тэлеграмы. Час ад часу я пераглядаю іх. Практыкаванні па скоках з парашутам пад абстрэлам. Карасканне па скалах. Новазеландскі хлопец, які “цікавіўся радаводам нашых кароў”, патануў падчас вучэнняў па фарсіраванні ракі ў лагеры “Ахна Кары” ля шатландскага горада, чыя назва Інвэрнэс.
    Я каўтаю гэтыя дзіўныя склады ў роце, каштуючы жыццё Эфраіма на язык. Марш-кідкі ў поўным рыштунку. Практыкаванні па сапёрнай справе ва Убане. Эфраім даслаў фотакартку са звальнення ў горад, дзе ён апрануты ў шатландскую спадніцу (напісаў — “у кілт”), смешны капялюш са скуры гепарда і трымае калматы посах у руцэ. У лісце ён дзячыць Рахэль Левінай за яе навучанні бясшумнай хадзе.
    “Байцы камандас Яе Вялікасці не ведаюць, што такое бясшумная хада, — пісаў ён. — Яны тупаюць, як дзікабразы ў прыбярэжным чароце”.
    Яго злавілі, як я даведаўся, за паляваннем з казённым нажом у запаведніку Ван-Крыпсдэйл. Прысудзілі два тыдні гаўптвахты і сорак фунтаў стэрлінгаў штрафу. Потым, пасля бітвы за Д’еп, Эфраім быў уганараваны Знакам Доблеснай Службы — там у рукапашным баі ён забіў нямецкі артылерыйскі разлік, які біў прамой наводкай па камандас лорда Ловета. Лісты я чытаю на поўны голас, бо гэтак, на слых, спасцігаю і назапашваю сямейныя суплёты.
    — Д’еп, — смакую я. — Д’еп. Крыпсдэйл. Ловэт!
    Чужыя словы неяк нязвыклым чынам вісяць у паветры, у парожнінах рота і горла.
    Мінуў каторы час. Сонца, што зіхцела ўсе ранкі, асвяціла спярша салдацкія траншэі на лініі фронту ў Савецкім Саюзе, твар Саламеі ў Крыму, выхапіла Шыфрыса недзе там па дарозе, потым асвяціла Даліну, магілу бабулі Фэйгі, саламяны брыль дзеда. Барозны на лбе Аўрагама, маю маці і бацьку, і толькі потым высвеціла Эфраіма, на заходніх межах. Мінула і пайшло. Заканцаваўся яшчэ адзін месяц, і дзядуля атрымаў вестку, што яго сын паранены ў Тунісе, у бітве за хрыбет Эль-Гатар.
    Шэсць доўгіх месяцаў ад Эфраіма не было ні слыху ні праслыху. Дзядуля стурбаваўся ўшчэнт. Адной ноччу выправіўся з Зайцэрам. Разам яны ўскараскаліся на Сінюю Гару, з якой можна было ўбачыць мора.
    Як непарушны мур узвышаецца Сіняя Гара паміж намі і горадам, намі і морам, намі і спакуслівай марнасцю. Штогод вочы вёскі былі звернутыя да Гары, ацэньваючы аблокі, што праплывалі паміж яе хрыбцінамі, наладаваныя і назапашаныя перад сваім палётам па-над нашымі нівамі.
    — Аблокі родзяцца перад Сіняй Гарой, — казаў мне дзед, калі я быў малым хлопчыкам. Мы ўдвух пахаджвалі па садзе,
    чакаючы дажджу, я глядзеў на сонца з-пад далоні гэтаксама, як дзед. Ён расцёр камяк зямлі спаміж пальцаў, паглядаючы наперад, на Гару.
    — Аднойчы, калі я быў у Цурацы, мы хадзілі спраўдзіць, што робіцца з аблокамі. Была ўся сябрына — Цыркін, Міркін, Ліберзон, бабуля Фэйга і я. Цэлы дзень караскаліся паміж калючак і скал, пакуль не ўзлезлі на верхатуру. Цэлую ноч бадзяліся і шукалі дажджавую пячору, пакуль не пачулі іхнія ўсхліпы і гупат. Кавалак вялікай скалы ляжаў на вусці пячоры, і тыя аблокі не маглі выйсці. Мы сталі выцягваць скалу. Эйнс-цвей, эйнс-цвей, адзін-два, з усяе змогі. Мы выцягвалі знадворку, а аблокі пхалі з сярэдзіны, ажно пакуль скала не вывалілася і ўсе аблокі не павыляталі навонкі. I Цыркін яшчэ паспеў ускочыць на адну аблачыну ды пракаціцца з ёй да сваёй хаты і саскочыць разам з дажджом.
    Доўгі час мы пазіралі ўдалечыню, пакуль Зайцэр не раскашляўся, бо зветрыў далёкія клубы дыму і выбухоўкі, і дзед, які бачыў чырвань палёў бою і чуў крыкі, што скакалі па хвалях як пушчаны каменьчык, схаваў голаў спаміж каленяў.
    Калі ўранку яны вярнуліся на падворак, у вёску заехала брытанскае аўто. Дзеці паляцелі да Рылава папярэдзіць, што едзе маёр Стобс і трэба хутка маскаваць уваход у выграбную яму. Стобс, высокі ангелец, кульгаў ад сцягна, бо яго таксама параніла ў Паўночнай Афрыцы, пасля чаго яго разам з чорнай тростачкай і ўніформай перавялі ў Зямлю Ізраіля.