• Газеты, часопісы і г.д.
  • За Сіняй Гарой  Мэір Шалеў

    За Сіняй Гарой

    Мэір Шалеў

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 485с.
    Мінск 2023
    112.51 МБ
    Лашчачыся, падтрымліваючы і накіроўваючы адно ад~ наго, яны крочылі па каляінах ад вазоў. Цешыліся водарам і хмарамі, што выпырхвалі з пячорных нетраў Сіняй Гары.
    Пад лозамі старадаўніх гатункаў Барбуру і Салці яны разаслалі абрус, працягнуўшы адно да аднаго дапаможныя рукі. Няспешна селі ў высокім мурагу, сталі есці і пераглядацца.
    Наўкола — ані душы. Маргуліс пасадзіў свой невялікі вінаграднік шмат гадоў адно дзеля пчолак. Ён ні разу не сабраў з яго ўраджаю і быў перакананы, што гэткім чынам да мёду дадасца вінны водар. Лозы, якімі ад часу смерці Маргуліса ніхто не апекаваўся, распаўшыся на раструшчаныя слупы, якія служылі для падтрымкі гронак у гушчары моцных, сягнулі ва ўсе бакі, здзічэлі і перапляліся.
    Срэбныя павукі ткалі бліскучыя экраны паміж радамі. На свежавыкапаных краціных купках грэліся пад апошнімі промнямі лета даўгія насы.
    Супружнікі глядзелі адно на аднаго з любасцю. Ліберзон паволі кроіў марынаваных селядцоў, намазваў смятану на хлеб. Пасля хітравата запытаўся:
    — Можа, гурочка, Фаня?
    — Потым, — адказала Фаня. Каб не ўзбудзіць падазрэння і не сапсаваць сюрпрызу, Ліберзон не прыспешваў.
    Абапёрся на адзін з камянёў, і Фаня села ў травяным гушчары, прытулілася да Эліезэра спінай, а пляма яе прыгожай галавы лягла яму на сцягно.
    Стаяла паўдзённая гадзіна. Восеньскае сонца, пяшчотнае і бляклае, нібы жаўток замарожаных яек, асвятляла іх скуру, пратачалася ў старыя часткі цела і поўніла старых памыснасцю і замілаваннем.
    — Глядзі! — сказаў Ліберзон. Яго цёмныя вочы заўважылі расплыўчатыя кропачкі, якія ляталі насупраць вачэй, зіхочучы празрыстым чарноццем. Фаня расплюшчыла вочы.
    — Мурашовыя каралевы, — прамовіла яна. — Мурашовыя каралевы выпырхнулі на шлюбную вандроўку.
    Каралевы мурашоў-жняцоў масава вырушылі на восеньскае святло, летучы ў паветраным абшары і паўзучы па зямлі. Шмат хто з іх патрапляў у разяўленыя дзюбы свіргулёў або захрасаў у павуцінні. Рэшта лунала ў паветры, блізка-блізка да кагосьці са сціплых самцоў.
    — Якія яны прыгожыя! — сказала Фаня. — Якія прыгожыя падчас свайго вылету насустрач адзінаму дню святла і кахання.
    Ліберзон глянуў угору, з цяжкасцю бачачы зіхоткіх каралеў. Фаня заплюшчыла вочы і далікатна расцягнулася на зямлі, схіліўшы галаву набок у Ліберзона на сцягне. Ліберзон адчуў далікатны дотык крыльцаў на шчацэ. Наблізіў пальцы і ласкавым ухопам злавіў адну з каралеў.
    — Глянь, — сказаў ён Фані. — Гэта яна, каралева. А я, мая краса, думаў, што гэта ты.
    — Гэта я, — адказала Фаня. — Паляцелі са мной!
    Свіргулі напоўнілі паветра вострым лямантам і чорнымі коскамі крылаў. Фаніны вочы заставаліся заплюшчанымі. Цемра пад яе веямі запунсавела ад сонечных промняў. Яна пачула абрывісты цвіркат і пасміхнулася. Да такой, у гэткай паставе, Ліберзон адчуў да яе ўсюю мілоту і каханне. Ён паднёс каралеву да слабых вачэй і абгледзеў яе талію. Сказаў:
    — Пінэс у свае найлепшыя часы мог звярнуцца з палымянай прамовай аб каханні, якое акрыліла мурашовую каралеву.
    — Ты таксама можаш, — адгукнулася Фаня. Праз яе вусны, якія былі напаўрастуленыя, вырваўся ўздых, усё роўна як праз сон. Рука пала на зямлю, узвей ветру стаў перабіраць белыя валаскі. Ліберзон глянуў на яе, адчуў яе абмяклае цела і далікатна паклаўся на спіну, каб неасцярожным рухам не разбудзіць яе. Галаву яе паклаў на адзін з палявых камянёў, глянуў на велічныя нябёсы, пакуль рука паволі гулялася з пухам на жончынай патыліцы. Доўгія гады, якія
    прабавіў поруч з ёй, навучылі яго песціць сваю прагу жыцця, і чым больш старэў, тым больш яна ў ім. Ён называў яе “вечным агнём”. У думках ён падзякаваў Госпаду, што літаваў яго, нягледзячы на адступніцтва, і даў моцы дзень пры дні сілкаваць той агонь, а таксама кібуцу і Цыркіну-Мандаліне, якія прыклалі намаганні, каб яму дастаўся гэты дар, гэты галоўны прыз, гэты матылёк.
    Некалькі каралеў прызямліліся на Фаніну сукню, і Ліберзон, ужо заспаны, далікатна падзьмуў на іх, каб тыя не сталі поўзаць па скуры і не заміналі яе сну.
    Праз гадзіну ўскруціўся, працяты дрыготкай ад прахалоды, якой набрыняла паветра. Па каторым часе скеміў, што тое не восеньская прахалода, а смяротная сцюжа, якая точыцца ад жончынага цела. Вокамгненна пялёнка катаракты пакрыла яго зрэнкі на манер глухіх штор, зрабіўшы яго поўным слепаком.
    У суцэльнай цемры, што абрынулася на яго, пальцы сталі мацаць холад і здранцвенне жончынай скуры. Вушы чулі зумканне мух-падальшчыц, вядомых прадбачаннем смерці за некалькі імгненняў да яе прыходу. У маёй хованцы, спаміж вінаградных лоз у гушчары высокай травы, я бачыў, як Ліберзон валачэ яе труп.
    Ліберзон з цяжкасцю падняўся. Вырваў адзін са старых вінаградных слупоў. Галосячы і скавычучы, стаў выстукваць тым слупам дарогу паміж лозамі.
    Я ведаў, куды ён зараз выправіцца. Я ўстаў і стаў сачыць за ім, паглядаючы, каб нічога з ім не здарылася. Шэсць гадзін той блукаў паміж чорнымі барознамі сваёй слепаты, натыкаючыся на дрэвы і камяні. Падаў паміж камякамі і лініямі арашэння, пакуль не дайшоў куды хацеў. Нахапілася ноч, і я схаваўся за адным з касагораў.
    — Яна была святлом маіх вачэй! — паўтараў ён, намагаючыся патлумачыць свой стан ахоўнікам суседняга кібуца. Яны прыбеглі да завода па вытворчасці пластмасавых
    вырабаў па спрацавалай сігналізацыі і ўбачылі старога, чые засланыя пялёнкай вочы пускаюць белыя крэйдавыя слёзы, і той спрабуе нешта намаляваць на цэментнай падлозе вастрыём гнілога слупа. Ліберзон не здолеў патлумачыць, як ён пераадолеў механізмы сігналізацыі на кібуцным плоце, пераскочыць праз жалезную браму і моцныя промні і бразнуцца паміж прэсамі для пластыкавых адкідаў дакладна ў тым самым месцы, дзе колісь рос “александрыйскі мушкат”, а хлопец з дзяўчынай елі там вінаград з сырам і жартавалі пад ціхусенькія гукі мандаліны.
    — Я тут спаткаў Фаню, — сказаў ім за дзесяць кіламетраў ад месца, дзе цяпер ляжаў яе труп.
    Але два паглядныя маладзёны не ведалі ніякай Фані, ніякага Ліберзона. Ім нават у галаву не заходзілі тое, што ведаў я: іх заўзятая адвечная вайна з машаўнікамі-суседзямі пачалася праз яго, на гэтым самым, пакрытым шатамі бетону і цэменту, месцы.
    Я бачыў, як яны разгублена раяцца, падтрымліваючы Ліберзона і гладзячы старога па валасах. Калі я зразумеў, што яны яму не нашкодзяць, то падняўся з хованкі і пабрыў да вёскі папоцемку.
    3 адлегласці я бачыў мітуслівую чырвань агнёў хуткай, што выязджала з кібуцнае брамы, ведаючы, што там ляжыць Ліберзон, кволы і разгневаны, мармычучы бессэнсоўныя сказы пра агурок, які ўсе забыліся на полі.
    Фаню ўжо адымчалі да Ліберзона, і дзве сігнальныя ракеты зялёнага колеру вылецелі з гаспадаркі Рылава, заклікаючы пошукавыя атрады вярнуцца дамоў. Калі я зайшоў у барак, там ужо сядзелі Даніэль і Якубі.
    — Ты дзе швэндаўся? — злаваліся яны. — Цябе паўсюль шукаюць!
    Ліберзон загадаў, каб мяне прывялі да яго. Стары быў настроены на дзелавы лад. Катэгарычным тонам заявіў, што хоча, каб Фаню пахавалі на “новых могілках Баруха”.
    Ліберзон палаў гневам і не даў магчымасці хоць словам запярэчыць або ўскінуць яму на вочы ягоную колішнюю нязгоду і праціўленне. Гневаўся ён не з прычыны глыбокай жалобы або смутку, якія сапраўды агарнулі яго. Яго злосіла, што смерць каханай не дала новага перажывання і нічому такому не навучыла.
    “Смутак ад разлукі — чаканы, але канец смутку — чаканы ўдвая”, — напісаў дзед на цыдулцы за шмат гадоў да таго, і ва ўсёй Даліне не было большага адмыслоўца па падліках разлук і калькуляцыях скрух.
    Ліберзон завыў:
    — У адрозненне ад большасці закаханых я аслеп ПАСЛЯ знікнення прадмета кахання! А зусім не падчас нашага першай сустрэчы з Фаняй або падчас знаходжання побач.
    Ісці да доктара, каб палекаваць катаракту, ён наадрэз адмовіўся.
    — Яна была сонцам, месяцам і зоркамі, свяцілам для кіравання днём і ноччу. А цяпер чорная імгла навалілася на мяне! — жаліўся ён назаўтра, калі я капаў магілу.
    Я ўспомніў усе тыя яго выпады ў пратаколе пасяджэння Камітэта, прысвечанага маім могілкам, калі ён абазваў мяне “імпарцёрам мярцвячыны”, “далакопам-рэцыдывістам” і ўсякімі такімі тытуламі, хоць я тады не ўразіўся. Я ўжо ўмеў заўважаць руку дзеда, якая матыжыла зямлю перад самымі маімі нагамі, ад плацдарма могілак накіроўвала і напрамак будучыні.
    Усю ноч я спаў у выкапанай траншэі. Прачнуўся мокры і смярдзючы. У час, калі струмень прароцтва дапяў да мяне, мяне праняла дрыготка.
    Ліберзон загадаў мне і Даніэлю зарэзерваваць месца побач з Фаняй, і гэтак паставілі крыж на дыскусіі аб маіх могілках. Больш мяне ніхто не турбаваў. Слепата агарнула старога, і яго выправілі ў дом састарэлых, дзе ён дзяліў пакой, у якім раней жыў дзед з Саламеяй, са стачатырохгадовым дзедам, выхадцам з Балгарыі.
    Ліберзон быў уражаны даўгалеццем свайго новага прыяцеля.
    — Ёгурту? — з прыдыханнем прапанаваў ён.
    — Каньяку і шакаладу! — адгукнуўся балгарын і прадставіўся Альбертам.
    Гэтак Ліберзон страціў яшчэ адзін маральны арыенцір, аднак яго веды пра чалавечую прыроду паглыбіліся. За тыдзень ён згубіў жонку і пакінуў сваю зямлю, таму яго сяброўства са старым балгарам завязалася хутка і станоўча. Абодва ведалі: дом састарэлых — іх апошні прыпынак, а фінал мусіць адбыцца ў атмасферы прыязнасці і зычлівасці. Ліберзон не скрыжоўваў з Альбертам ідэалагічных мячоў, не намагаўся скіраваць суседа на “простыя шляхі праведніка” і гэтым заслужыў усмешку, якую вачыма, можа, і не бачыў, але адчуваў яе дотык у сябе на твары. Яны ладзілі лаканічныя прыязныя гутаркі і прыйшлі да сяброўскага паразумення, якое рэдка каму выпадае. Ліберзон не спрабаваў рассмяшыць ці ўразіць Альберта. He апавядаў яму пра балоты і пеліканаў. He прыгадваў Працоўнай Сябрыны — адно дзяцінства ва Украіне і смерць жонкі.
    Перад яго вачыма паміж гэтымі дзвюма падзеямі апусцілася чорная заслона.
    Балгарын цэлымі днямі ляжаў у ложку, па грудзі ўхутаны, а яго вочы свяціліся і зіхцелі. Ад вільготных прасцін цягнула ледзь улоўным пахам пролежняў і хованак зброі. Ён апавядаў пра дзівосныя здарэнні са знакамітым спартоўцам-дужаннікам Падумавым, пра вялікае сэрца цара Барыса, які хоць і быў хаўруснікам Гітлера, але не аддаў на пагібель балгарскіх габрэяў, пра смак чорнага хлеба ў часы плоўдзіўскага юнацтва. Ён апранаўся ў даспехі белага адпрасаванага халата з ядвабу. Бліскучы гальштук выглядаў як чорны матылёк-бражнік, які прагна прысмактаўся яму да горла. Ад пояса і ніжэй быў Альберт абсалютна голы, але Ліберзон пра гэта не ведаў, а калі б ведаў, дык не абразіўся б.