• Газеты, часопісы і г.д.
  • За Сіняй Гарой  Мэір Шалеў

    За Сіняй Гарой

    Мэір Шалеў

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 485с.
    Мінск 2023
    112.51 МБ
    Мы разам пакрочылі дахаты. Тут настаўнік раптам схапіў мяне за руку.
    — “Усе дні яго жыцця мінаюць у цемры”, — не ўтрымаўся ён ад паўторнага цытавання Эклезіяста. — Чатыры гады корпалася ў падземнай цямрэчы, і толькі чатыры тыдні засталося спяваць пад салодкім святлом сонца. Дык чаго здзіўляцца, што яна нагэтулькі вясёлая і голасная?!
    Гэтыя словы мяне вельмі ўразілі. Калі я апавёў дзеду пра спевы цыкад, ён толькі адмахнуўся.
    — Пінэс, няма што, эрудыт. Але з гэтымі жучкамі-павучкамі ён займаецца прыпіскамі. Ну, сапраўды, хіба ж лічынку пад зямлёй агортвае смутак? А цыкада, што ўселася на дрэве, хіба цешыцца? Пінэс прыпісвае казуркам чалавечыя рысы.
    Але там, у палях майго дзяцінства, на мяне глядзеў настаўнік і пасміхаўся. Рады навучыць, выкаваць. Я, маладзенькі і дурненькі, але ўжо адчуваў яго выхаваўчыя намаганні.
    Ведаў, што дзед з Пінэсам часам спрачаюцца стасоўна мяне, але, як вялікі бычок, апусціў шыю пад націскам яго пяшчот.
    — Ну, хіба табе не стае, што ён сірата, без маткі і бацькі? Навошта ты вешаеш яму на плечы ўсе свае катастрофы? — запытаў Пінэс, схілены над заўсёднай місай з алівамі.
    Я ляжаў у ложку. Кніга пра інсектаў Жана-Анры Фабра, якую пазычыў мне Пінэс, пакоілася на грудзях, і вялікае шчасце напоўніла мяне, калі дзед, адказваючы на пытанне, двойчы паўтарыў:
    — Бо ён маё малятка.
    Адно праз шмат гадоў Пінэс прызнаўся, што ў ягоных энтамалагічных одах навуковы падмурак адсутнічаў, бо агучваў ён іх, адно каб словы лашчылі слых і розум, каб надзілі мяне да вывучэння прыроды.
    — Скарбы жывёльнага свету, па якія выправіўся чалавек, ёсць не чым іншым, як падарожжам эгаіста. Яго матыў — у памкненні да ўхвалення і самаапраўдання. Мы асвойталі скаціну, прыручылі птушак, начапляем капялюш на малпаў, адно каб давесці: глядзіце, вянец прыроды пакоіцца на нашай галаве!
    — Ты будзеш смяяцца, — працягваў ён, — вабноты біблійнай гісторыі стварэння свету і прынады тэорыі эвалюцыі ў нечым падобныя. Абедзве ставяць чалавека на найвышэйшую прыступку развіцця. Аднак, маё малятка, ці ж можам мы сцвярджаць, што прырода дзейнічае з пэўнай задумай ды імкнецца здзейсняць пастаўленыя мэты? Мы ж насамрэч — згусце выпадковасцяў, якое знішчае ўласныя памылкі.
    Ён адгарнуў свой біблійны фаліянт, паказаўшы мне на “істотны ўрывак”:
    “Адзін выпадак у людзей і жывёл: смерць і гэтым, і тым. I няма перавагі ў чалавека перад жывёлай”.
    — Усе каментатары памыляліся з гэтым урыўкам.
    Пінэс зачыніў з трэскам Біблію.
    — Тут самае важнае слова не “смерць”, а “выпадак”. He смерць выражае роўнасць між чалавекам і скацінай, а выпадак.
    Ён глянуў на мяне і расчуліўся, убачыўшы, як я ем яго вачыма, наструніўшы вушы.
    — Выпадак чалавека і выпадак скаціны! — нараспеў загукаў ён. — Абодва яны — вынік выпадку, абодва яны падпарадкоўваюцца яго Вялікасці Выпадку, страшнаму і магутнаму.
    Потым разрагатаўся.
    — Гэта ўжо не кажучы пра скаціну, што працуе ў нашай вёсцы і самым актыўным чынам бярэ ўдзел у сіянісцкім праекце.
    — Ці памятае цыкада свае чатыры гады пад зямлёй? — задаў рытарычнае пытанне Пінэс, калі патрапіў у цень яблыні. — А зграбны махаон? ІДі помніць існаванне нехлямяжай лічынкай на лісточках руты?
    — Стадыя лялечкі, — пачаўтлумачыць ён, — гэта не толькі этап выспявання і ціхманай падрыхтоўкі. Тое яшчэ — перыяд невараці і забыцця. Глухая шырма, якая апускаецца паміж перыядам лічынкі і перыядам імага. Паміж супярэчнымі ўвасабленнямі жыцця адной душы.
    — А нам, — працягваў аплакваць ён, — выпала гэтая жудасная доля! Нам наканавана не толькі цягаць усё жыццё за спінай гарбы памяці, у дадатак нас таксама пазбавілі гэтага апошняга маленькага жыцця, поўнага адным палётам, любоўю і спевамі, вольнага ад бясконцага жавання, прысабечванняў, дуроты і тлушчу.
    Як зачараваны глядзеў я на мурашовы ручай, які накаціўся на цыкаду, прагнаў яе і высмактаў сакавітую крынічку, якую тая выкапала сабе. Пінэс паглядзеў на мяне, адчуўшы, што час заліць мне ўвушшу мараль прыспеў.
    — Чаму ўладар Саламон у сваіх прыпавесцях праслаўляў менавіта мурашоў? — папытаўся ён. I сам адказаў:
    — Бо быў ён манархам! А гэныя аддаюць перавагу мурашам перад цыкадамі, а пчолам — перад жукамі-гнаявікамі. I злыдзень Мічурын туды сама. Манархі і камуністы заўсёды бачылі ў нас сляпую масу, натоўп нявольнікаў, чые ўмельствы дастасоўваць джала свайго нявольніцтва пераходзіць у спадчыну.
    Потым адвёў мяне ў барак. 3 дзедавага ложка ўзяў том Бэрбанка і голасна працытаваў: “Перад Прыродай безумоўна роўныя і гадзюка, і народны павадыр”.
    — Чаму, ну чаму? — ускруціўся дзед з кухоннага стала. — Чаму ты дурыш малятку галаву?
    Працяг той лекцыі я пачуў ад Пінэса толькі пасталеўшы, пасля таго як настаўнік захварэў і злучвы яго душы разарваліся.
    — Лепей усё жыццё каціць свой шарык гаўна, чым ліпнуць да мёду ўлады, — абвясціў Пінэс, мелючы далікатэсы мадам Бускілы і дробна смеючыся.
    СОРАК ПЯТЫ РАЗДЗЕЛ
    У вёсцы засталіся адно Рылаў, Пінэс, Тоня, Левін і Рыва. Я папрасіў Бускілу раз-пораз адвозіць іх, каб наведваць слепака ў доме састарэлых. Бускіла кожны раз трымцеў ад пашаны, аднак Ліберзон не зважаў. Толькі пасля таго як Левін апублікаваў свой зласлівы артыкул пра Зайцэра, той адрэагаваў знакамітай водпаведдзю. Потым, калі выбухнула яма з мачой, а Ліберзон той выбух пачуў, то імгненна скеміў і прыехаў на пахаванне.
    Быў Рылаў у вельмі вялікіх гадах. Часам вылазіў з ямы, каб пакатацца па палях вярхом, падставіць скуру сонейку, выведаць і праветрыцца. Людзі з усёй краіны прыязджалі паглядзець на старэнькага вартаўніка, які быў жорсткі, як падэшва, і мог гарцаваць на кані дні навылёт.
    “Яны не разумеюць, што гаротны падстарак залазіць на сядло, а потым целяпаецца верхам па двое сутак, бо яму няёмка прасіць, каб яго знялі”, — адказаў мне Уры, калі я напісаў яму пра допыт Егошуа Бэра і Рылаўскія выезды.
    Выпарэнні мачавіны, якія цягам дзесяцігоддзяў луналі ў яме, падтачылі — гэтак я мяркую — запячатаныя скрыні і раз’елі дэтанатары з хімічнай затрымкай.
    Выбух у хованцы скалануў вёску і ваколіцы. Тысячы старых патронаў ад маўзера, ручныя гранаты і проціпяхотныя міны, тоны пудынгаў выбуховага жэлаціна і стосы дынамітных цаглін вылецелі з глыбінь магутным фантанам, замешаным на каналізацыйных сцёках, малаку, вырваным дзёрне і пакарабачаных кулямётах.
    Калі жоўтая смуга пайшла з ветрам, выявілася, што палова Рылаўскага падворка ператварылася ў варонку. Загон
    для бычкоў ягонага сына Дані зруйнаваны, паўсюль — абвугленыя трубы і стэйкі. У пуні засталіся смярдзючыя галавешкі, якія сычэлі і скварчэлі пад кроплямі бясконца доўгага дажджу.
    “Загінула чатырнаццаць рагуль, так за ўсё жыццё не даведаўшыся, дзе хаваецца зброя”, — падсумаваў трагічнае здарэнне Уры.
    Стары Рылаў разляцеўся ў радыусе сотні метраў. Яго сын Дані і ўнук Узі, адданыя завядзёнкам сямейнай канспірацыі, пераканалі паліцэйскіх следчых, маўляў, гаворка ідзе пра няшчасны выпадак на працы, што стаў вынікам змяшання надта вялікіх колькасцяў чырвонага фосфару і серных соляў з каліем, якія прызначаліся для ўгнаення палеткаў.
    Колькі дзён па ўсёй вёсцы шукалі Рылаўскія парэшткі, але стары ўсё не знаходзіўся. Мінулі месяцы, перш чым выветрыўся жудасны смурод аміяку, спаленага мяса і дыму, адшукалі падбітыя жалезам чобаты старога вершніка, поўныя цягнучага гнілога фаршу. Правы чобат хаваўся ля крыніцы, а левы зарыўся ў бугенвіліі, якая сваімі галінамі абвівала палі воданапорнай вежы. Боты паклалі ў цэлафанавыя пакеты і пахавалі ў мяне пры сціжме людзей незлічонай.
    На пахаванне чобатаў прыдыбалі апошнія ваяры Вартаўніка ды былыя падпольшчыкі з іншых ваенізаваных арганізацый. Сотні бледнаскурых дзядкоў, якіх ніхто не пазнаў у твар, павыскоквалі з падземных ям, падвалаў і бетонных мяхоў. Пасля пахавання сабраліся яны пад засенню дрэў. Абнавілі паролі, зверылі гадзіннікі і абмяняліся выведзвесткамі.
    Мы заўсёды ведалі, што нават пасля стварэння ізраільскай дзяржавы Рылаў не спыняў назапашвання зброі дзеля абароны вёскі і сацыялістычнага руху, аднак ніхто не ўяўляў маштабы запасаў.
    — Рылаў мог узброіць дзве брыгады, — сказаў адзін з прамоўцаў над яго магілай і ўпіўся ў жалобны натоўп жоўтымі
    вачыма. — Нам шкада цябе, дружа, шкада маскіроўкі тваёй хованкі, шкада Тоні, тваёй сястры па зброі. I вельмі, вельмі шкада ўсіх тых боепрыпасаў, што пайшлі сабаку пад хвост!
    Але Тоня, якую супольнае жыццё з Рылавым навучыла, што смерць ёсць смерць і што тут паробіш, перайшла ад свежага капца мужа да помніка Маргуліса і на вачох прысутных уселася на звыклае месца. Цягам усіх гэтых гадоў яе цела ўжо атрымала чыстую прастору ўнутры рою пчол. Там яна працягнула ссаць і лізаць свае аблезлыя ад вільгаці пальчыкі.
    Ліберзон таксама застаўся пасля пахавання на могілках. Пахаджваў, навобмацак пастукваючы выразанай з хушхаша палкай. Калі я падышоў да яго, то ўзяў ягоную руку і правёў ёю па твары і плячах. Ён імгненна мяне ўспомніў.
    — Ты такі вялікі! Моц таты і рост мамы.
    Потым папрасіў, каб я праводзіў яго на Фаніну магілу. Сеўшы на белы валун, з натугай удыхнуў паветра.
    — I Рылаў, гэты шаленец, сышоў, — падсумаваў ён. — Вялікая страта. Пінэс з Міркіным гідзіліся яго, але калі б не Рылаў і кампанія, мы б тут не пратрымаліся. Трэба, ой трэба такія людзі, як ён!
    Водар кветак і дэкаратыўных хмызоў пацешыў яго.
    — Тут і гародніну трэба пасадзіць, — сказаў ён. — Гародніна на гэтым месцы шугане да неба.
    У Крыму, апавёў ён, жыў нейкі селянін, які сярод вясковых магіл садзіў кабачкі і цыбулю, кавуны і бульбу, маючы неблагі ўраджай. Бульба сягнула памерамі дынь, а кавуны набрынялі слодыччу і чырванню.
    — Адзін гарбуз, які быў вагой больш за шэсць пудоў — амаль што як ты, Барух, — дык забралі на тройцы і адымчалі ў палац цара Мікалая II.
    — Кроў нябожчыкаў пульсавала ў кветкавых капілярах, — патлумачыў ён. — На маёй магіле пасадзі ружы і баклажаны, і я насычу іх сваёй старэчай плоццю, каб “расквітнела квяціста ў Зямлі Ізраіля!”
    Ліберзон дастаў складанчык з драўляным тронкам. Такі самы сцізорык быў у дзеда, ён калупаў ім кару дрэваў. Асцярожненька, баючыся, каб стары нічога не адчуў і не раззлаваўся, я таксама сеў на магілу яго жонкі. Ліберзон абіраў яблык Джонатан, які дастаў са штаноў.