• Газеты, часопісы і г.д.
  • За Сіняй Гарой  Мэір Шалеў

    За Сіняй Гарой

    Мэір Шалеў

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 485с.
    Мінск 2023
    112.51 МБ
    —	Так, — сказаў я. — У яе сапраўды атрымалася гэта. Я не вінавачу яе. Добра, што ты не бачыў свайго таты, калі ён вярнуўся з допыту Егошуа Бэра.
    Выдатна помню яе. Як яна нацягвала на твар міну мэтаскіраванасці і заклапочанасці, як дабітная, але недалёкая нясушка. Увесь свой курыны розум скіравала на дасягненне мэты. Пасля таго як яе муж вярнуўся з канторы Камітэта і страціў прытомнасць у кароўніку, было ясна, што яна мусіць вывезці яго з вёскі. Тады яна прыпусціла да брата. Ён прыязніўся з іншымі падрадчыкамі дарожных работ, гандлярамі зброяй, ценявымі вараціламі, чыя сетка апляла ўвесь свет, а таксама распушчанымі ў паветры пасрэднікамі, якія ўсё бачаць, але якіх — нябачна.
    — Мой брат мне дапаможа, — паўтарала яна. — Мне дапаможа мой брат.
    I раптам яна мне спадабалася.
    — Я еду паразмаўляць з братам. Хочаш перадаць нешта нашаму Урыньку?
    Яна з’ездзіла і вярнулася, нікому пра вынікі паездкі не апавёўшы. Але праз колькі дзён з візітам у гаспадарку прыбылі тры незнаёмыя мужчыны. Халодныя і моўкныя, тыпы абглядалі наш падворак, і адлегласць паміж імі заўсёды заставалася пастаянная, гэтаксама як паміж мошкамі, якія ў пуні кружляюць на месцы. Яны мералі і прыкідвалі, абменьваліся фразамі з Аўрагамам і колькі гадзін сачылі за ягонай працай у кароўніку. Іх гладкія гарнітуры зіхцелі, нібы грудкі голубаў-самцоў, а пыл і салома абміналі і не ліплі да выкшталцоных фрызур і наглянцаваных да стану люстэрка кончыкаў туфляў. Я вырашыў, што калі б афіцэр шатланадскіх камандас змог зацяжарыць ад бандзюкаватага адваката Розы Мунькінай, дык гэта былі б іх сыны.
    Адзін з тыпаў здымаў на фотаапарат залу даення, занатоўваў паказнікі і крэсліў табліцы. Праз месяц пасля таго візіту прыбылі грузавікі і скупшчыкі. Аўрагам прадаў кароваў, а таксама электрычнае і пнеўматычнае аснашчэнне. Пакінуў мне блакітны “Фордсан-Дэкста” і з’ехаў у кампаніі жонкі, чатырох цяжарных цялух, якія рыкалі, роспачна азіраючыся назад, а таксама некалькіх тузінаў прабірак замарожанай спермы. На Карыбскіх выспах гэтую хеўру чакаў дзяржаўны падрад, “сасмяглыя да малака дзеці”, неабмежаваныя бюджэты, вясёлая і легкадумная зямля, не заражаная косткамі святых ды атрутнымі салямі месіянства і чакання.
    Хоць яны мне і аддалі ключы ад свайго дома, але я застаўся ў бараку. Зрэдчас заходзіў туды — адкрыць краны, каб не засмеціліся трубы. Паветрыць пакоі. У кароўніку шчыльнае павуцінне апляло стойкі даення. Яшчаркі-геконы і павукіскакуны хапалі гнус паміж расколінак сценак, а ўначы я чуў
    кволае поканне кафляных плітак, што трэскаліся самохаць. Мінулася колькі тыдняў, пакуль адцвіло рэха даільных сімфоній і чвяканне жуйкі над яслямі, аціх свіст скампрэсаванага паветра і спынілася плюханне ляпёхаў у каналізацыйны сцёк. Малочныя рэкі ператварыліся ў пульхны слой жаўтаватага парашку, які пакрыў падлогу і па якім прыемна прайсціся басанож.
    ‘Тэтак, — сказаў я сабе, — выглядала вясковая кузня братоў Гольдманаў, калі яны пакінулі дзедаву гісторыю і згінулі на вайне”.
    — Ён чакаў Саламею, адно каб адпомсціць, — зазначыў я.
    — Маё малятка, ты прафан! — азваўся Уры. — Помніш, Пінэс апавядаў нам аб кругазвароце кіслароду і дыханні ды ўзяў цябе, каб ты ўстаў перад класам і стаў дыхаць у прыціснуты да рота і ноздраў пакет?
    — Помню, — адказаў я. — Урэшце я страціў прытомнасць.
    — Бо ты быў слухмяны хлопчык, а Пінэс заўсёды забываўся сказаць табе, калі трэба спыніцца, — выскаліўся Уры.
    — I што? — пакрыўдзіўся я.
    — Дзед усё жыццё цягаўся з выдуманым газавым балонам, які Саламея нібыта прыцісне да ноздраў і ўдыхне атрутнае паветра безнадзейнага кахання. Гэтая дурота тачыла дзеда, зводзіла з розуму і ўрэшце, неўзабаве пасля яе прыезду, завяла ў магілу. Чаму, скажы, калі ласка, ён памёр так хутка і якім чынам ён загадзя ведаў, што памрэ?
    — Ён стары быў, — адмахнуўся я. — Ён жа сам гэтак і сказаў доктару Мунку.
    — Я ніколі не меў веры на дзеда, як ты. I я пярдоліўся з жонкай доктара Мунка праз месяц пасля іх прыезду ў вёску, — з пагардай вымавіў Уры. — Павер ты мне, ён таксама нічога не разумеў. Ані ў каханні, ані ў любоўных хваробах.
    Уначы пляц перад малачарняй заліло. Уранку, калі мы пайшло ў госці да Пінэса, то дома яго не знайшлі. Пінэс
    пайшоў глянуць на працаўнікоў, якіх выклікалі ў цэнтр вёскі. Гніласныя, сцюдзёныя воды струменілі з вялікіх расколін у бетоне, і калі з ранішняй порцыяй малака прыехалі даяры, то ўбачылі там Мешулама, які скокаў перад рыкліваплаксівым статкам у чырвонай касынцы і з сярпом, галёкаючы і трыумфуючы.
    Гэтым разам сакратару запала клямка. Змардаваны і разгневаны, падняў руку і пляснуў Мешуламу па твары. Пасля стаў намінаць корпусам на Мешулама:
    — Яшчэ раз убачу цябе ля вентыляў — і цябе таксама выставяць у тваім дэбільным музеі з жыватом, набітым ватай!
    3 носа Мешулама цякла юшка, яго жалобная бародка запунсавела плямамі, але Мешулам пасміхаўся як нічога ніякага. Працаўнікі высмоктвалі гразюку і будавалі апалубку для заліўкі новага цэменту, апырсквалі сродкамі для знішчэння пустазелля і латалі прабоіны. Пінэс, цяжка валюхаючыся, пасунуўся ў бок сакратарыята — патлумачыць разгневанай і ачмуранай грамадзе, маўляў, балота ні ў якім разе нельга асушаць пры дапамозе наёмных працаўнікоў.
    Там Якубі лаяў яго так заўзята, ажно да вокнаў збегліся людзі.
    — Якое яшчэ балота, ты чаго?! Тут ёсць толькі шаленец, які адчыняе краны. Хопіць дурыць нам галаву, Пінэс, мы больш не твае вучні!
    Пінэс нагэтулькі раз’юшыўся і абразіўся, ажно не заўважыў, што перад ім стаіць Уры. А вось сакратар заўважыў, убачыў яго са мной, ажно з яго заструменіла на ўсе бакі як з садовага распырсквальніка. Шнар на ніжняй губе, якая трэснула ад маёй рукі ў дзень пахавання дзеда, пабялеў.
    — Усе тут! — пырскаўся слінай Якубі. — Уся гаўнярская сямейка ў зборы! Мне трэба выклікаць у гаспадарку трактары, накіраваць ліст у Нацыянальны Фонд насення, але замест гэтага я мушу браць да галавы двух звар’яцелых Міркінскіх унукаў, бабніка і далакопа, а таксама Мешулама
    з яго істэрычна-гістарычнымі рэканструкцыямі і гэтага старога мухамора з жучкамі-павучкамі.
    Пінэс паклаў руку мне на патыліцу, каб я, барані Божа, не схапіўся ў рожкі. Уры падстрахаваў яго за локвіцу, і гэткім парадкам мы вырушылі ў бок яго дому — піць гарбату.
    —	Можа, зараз прыйдзе гэты ваш Шыфрыс, — сказаў Уры. — Бо вы нарэшце падрыхтавалі яму для асушэння балота.
    —	Ці Эфраім, — дадаў я.
    —	Шыфрыс не прыйдзе, Эфраім не вернецца, — прыпячатаў Пінэс.
    СОРАК СЁМЫ РАЗДЗЕЛ
    Ніхто не ведаў імені дзеда-цырульніка з Даліны. Усе клікалі яго Рэбе. Выдавала, тытул яму даспадобы. Хоць заўсёды паўтараў: “Я толькі просты габрэй”. Таксама ён быў за кантара — правіў у сінагозе літургію, і за магэля — абразаў немаўлят. Жыў у рэлігійным машаве на паўночным захадзе Даліны.
    Аднойчы малым хлопчыкам узяў мяне дзед у той машаў. Яго паклікалі вылекаваць тамтэйшы хворы сад. Калі мы выехалі на прасёлачную дарогу, што расцягнулася між палеткамі, дзед даў патрымаць мне лейцы. Зайцэр усю дарогу бег умеркаваным трушком. Ён палюбляў гэтыя прынагодныя выезды па пуцявінах Даліны, пасля якіх вяртаўся да руціннае працы з падвойным імпэтам.
    У машаве дзед пагутарыў з барадатымі садоўнікамі на невядомай мне мове. He той, якой пісаў лісты Саламеі. Паслугаваўся ён словамі, якія ўжываў Левін з пастаўнікамі крамы. На зваротнай дарозе дзед са смехам апавядаў мне, як вычвараюцца ўльтрарэлігійныя сейбіты, калі дзеля нарыхтоўкі лепшай якасці сена трэба сеяць на адным лузе адначасова некалькі гатункаў раслін, што ў сваю чаргу забаронена юдаізмам.
    —	Выходзіць хлопец і сее злакавыя, а назаўтра выходзіць іншы хлопец і на тым жа лузе, і так, нібыта не ў курсе, сее бабовыя.
    Сяляне-хасіды людзьмі былі дзіўнымі. Ніколі па-сялянску не лаяліся, згледзеўшы ўвосень бясхмарнае неба. У суботу, можа, і даілі кароў, следуючы прыказанню аб прадухіленні пакут жывой істоты, але шабатні надой, як таго патрабуе іншае прыказанне, не вылівалі. У вядро клалі плітку
    з брукаванкі, каб малако лічылася нібыта пралітым на зямлю. 3 трэцяга боку, у Пэйсах палілі кваснае не толькі ў сваіх хатах, але таксама ў каровіных загонах. Ажно Эліезэр Ліберзон, гэтак апавядалі, ніяк не мог супакоіцца, пакуль не прыехаў да іх у госці і не заспяваў ультрарэлігійным цялушкам адмыслова ўкладзеную дражнілку, дзе былі такія радкі:
    Людна ў Пэйсах... і кароўна.
    Бо каровам не ўсё роўна!
    Але хасіды былі вясёлыя і дасціпныя, таму не пакрыўдзіліся. Аднак адразу пасля святаў у гаспадарку Ліберзона прыбыла іхняя дэлегацыя. Прывезла поўны кораб хал, чырвоныя слоікі з вышуканым хрэнам, які нагнаў на вочы багата слёз, бутэлькі з уласным самагонам, які зачмурыў страўнік і галаву, а таксама бляшанкі, набіткаваныя селядцамі, якія пацягнулі бацькоў-заснавальнікаў з усяе вёскі чароўнымі канатамі водару і далёкіх успамінаў. Пасля пікантнага, пераперчанага ўзаемнымі шпількамі абеду хасіды падміргнулі адзін аднаму. Выйшлі ў паветку з індыкамі і затрубілі моцнымі галасамі:
    — Няхай жыве сацыялізм!
    Дурныя птушкі ўхвальна адгукнуліся суладным хорам, ажно нават Фаня Ліберзон разрагаталася і заўважыла збянтэжанаму мужу, што ў першынстве шпілек ён пацярпеў паразу.
    Кантар, ён жа цырульнік, ён жа магэль, быў ужо ў вялікіх гадах. Упершыню прыбыў у Даліну даўным-даўно, калі яго прывезлі на возе з горада, які знаходзіцца па-за Сіняй Гарой, каб абрэзаць дзядзьку Аўрагама.
    Воз каціўся па веснавой спружыністай глебе, паветра тачылася водарам коней і кветак. А маладзён, чыя барада ахінала далікатна-пяшчотную скуру, трапіў у палон вабнот і клекатання зямлі. Калі вярнуўся дадому, то працягваў аб ёй мроіць. Нашу Сінюю Гару ён бачыў з іншага боку, але ў пагодныя дзянькі ўнебаўзятая зямля Даліны адняла яго сон.
    Адлюстроўвалася як міраж, панадная і перакуленая ў блакіце нябёс. Калі цырульнік пачуў пра намеры заснаваць хасідскі машаў, спешна далучыўся да яго заснавальнікаў. Праз год паламаў сцёгны пад драўлянымі коламі гружанага воза і быў вымушаны вярнуцца да колішняй прафесіі.
    Аднойчы, падчас падарожжаў і праходак па ўсёй Даліне, хасід згледзеў у палях, што належалі аднаму з машаваў, мажную жанчыну, чыё падбароддзе аздабляла пара валаскоў. Жанчына ўпрэглася ў арабскі плуг з тонкім і вострым лемяшом, а ля яе круціўся і ад’ядаў сэрца дзесяцігадовы хлопчык. Мужчына ўразіўся манументальным нагам багіні Астарты, якія ўперліся ў зямлю, а таксама натужлівым стогнам і плямамі поту, якія абазначылі падпахі сялянкі. Завітаўшы ў вёску, спытаў пра жанчыну. Звалі яе Тхія Фэйн. 3 мужам яны развяліся, і той вярнуўся ў Расію, каб, паводле словаў вяскоўцаў, “асвятліць увесь свет паходнямі рэвалюцыі”. Згарчэлая, але ўпартая, засталася Тхія на сваёй зямлі, а хлопчык той, паспяшаліся данесці хасіду, не яе, а суседскі, якога яна шкадуе.