За Сіняй Гарой
Мэір Шалеў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 485с.
Мінск 2023
Доўгі нудны дзень рассцілаўся перада мной. На могілках для мяне асабліва працы не было, смяротных грахоў за мной не вадзілася, каб мяне судзіць і апраўдваць, а сыход Уры мяне раззлаваў. Памыўшы посуд, я крыху пасоваўся на падворку і потым басанож падняўся па прыступках дома Аўрагама, валюхаючыся на дыбачках. Схілены і ўвесь ператвораны ў слых — ці не вярнуўся хто з іх у дом, каб, скажам, адпачыць?
У хаце панавала ціша. Я адчыніў дзверы і зайшоў усярэдзіну, даў нырца ў чужы пах, якім паспелі набрыняць сцены. У пакоіУры і Ёсі на спінках крэслаў пакоіліся рэчы маленькіх блізнят. Вялікая прасціна вісела на этажэрцы з забароненымі для рэлігійных чалавека выданнямі і асланяла Аўрагамаў кнігазбор ад вока. У спальні Аўрагама і Рыўкі стаялі два аграмадныя, суровыя на твар, чамаданы, а ложкі нехта адсунуў адзін ад аднаго. Рыўкіны карціны і фотаздымкі былі павернутыя тварам да сценкі. На канапе ляжала цёмная несвяточная сукня. Глухая, суровая і маўклівая. Я ўкленчыў і схаваў твар у плоць важкай матэрыі, шэсць метраў тоўстай сіняй тканіны. Але жудасны енк ронжы, гэтай пярнатай цікаўніцы, выпудзіў мяне. Я паспяшаў і збег з ганка ды, не трацячы тэмпу, патрусіў да цэнтра вёскі.
Трактары ездзілі па вуліцы, як у будні. У вёсцы Судны дзень піетэту не выклікаў. “Куры не перастаюць несціся, і вымі не абвяшчаюць страйку”, — напісаў Эліезэр Ліберзон у насценгазеце за шмат гадоў да майго нараджэння.
Прыціснуўшы вуха да сцен сінагогі, я слухаў умольнае шапаценне малітвы, на якую накладалася ўсцешаны гуд дзіцячых гульняў, посвіст свіргулёў і тарахценне ахаладжальных кампрэсараў малачарні.
Я зазірнуў праз акно. Вайсберг гойдаўся, як сыты сыч. На жаночай палове сінагогі стаялі жонка і дачка ды яшчэ некалькі незнаёмых мне жанчынак, што прыехалі ў машаў пагасціць да сваякоў. Некалькі маладзіц, дробна смеючыся, гойсалі сюд-туд, каб зіркнуць на майго кузэна, на чыёй галаве красавалася вязаная ярмолка, вянчаючы яго рэнаме красуна. Вайсбергаўскія сыны сядзелі абапал, пеючы тонкімі выразнымі галасамі. Уры сачыў за іх мяккімі пальчыкамі, якія вялі яго па юдолі грознага тэксту і перакідвалі яго праз ухабы старадаўніх слоў.
“За грэх, што мы ўчынілі перад Табой несвядома, за грэх, што мы ўчынілі перад Табой у забароненых любошчах, за грэх, што мы ўчынілі перад Табой у распусных прызнаннях, за грэх, што мы ўчынілі перад Табой у марнай пыхлівасці, за грэх, што мы ўчынілі перад Табой у нашай зламыснасці”.
Вайсберг, заплюшчыўшы вочы, дэкламаваў плаксівым голасам, як укушаны гіенай дзед.
— Прабач нам, даруй нам, выкупі нас!
Сонца схілілася і дала на Сінюю Гару святло. Знадворку пачулася апошняя гамана падлеткаў і дзяцей, што купаліся ў вясковым басейне.
3 вокнаў сінагогі вырваўся чысты прыемны голас кантара.
— Адчыні нам браму, бо замыканая яна, бо днее, і дзень міне, сонца прыйдзе і міне, дык зойдзем жа ў браму Тваю.
I жменька малельнікаў падхапіла:
— Просім, Госпадзе, молімся да Цябе, просім, даруй, адпусці нам, выкупі нас, злітуйся з нас, стрымай грэх і правіну!
Паветра гайдалася моўкнае, цеплаватае і густое. Ані павеву, і словы плюхаліся ў яго з усяго маху. Ясныя, круглыя і важкія.
На раніцу я падняўся і схадзіў да Дома Вечнасці для Першапраходцаў. Уры яшчэ спаў, а Бускіла прыехаў бліжэй да поўдня. Адзначыў, што “сёлета Судны дзень — нармуль”, паведаміў, што ў гэтым месяцы плануюцца два пахаванні, “адно невялічкае, замежнае, і другое — шыкоўнае, тэль-авіўскае”. Бускіла, руплівы і эфектыўны адміністратар, час ад часу сноўдаўся па машавах і кібуцах, дбайна зазіраў у дамы састарэлых і лякарні і ў сваіх прагнозах ні разу не памыліўся.
— Трымае руку на пульсе, — з пагардай вымавіў Пінэс, заўважыўшы слуп пылу, які падняў чорны пікап у палях.
Па каторым часе са смугі вынырнулі абрысы Вайсбергаўскіх блізнят і яго дачкі, якія спускаліся па сцежцы са жвіру да могілак. Моцна збянтэжаны, я схаваўся спаміж дрэваў, але блізняты мяне адразу ж выявілі.
— Заўтра мы з’язджаем, — паведамілі яны. Іх сястра блукала спаміж помнікаў і паказвала мне спіну.
Я адчуў, што за сябе я не адказваю.
— Шчаслівай дарогі! — прашаптаў я хлопчыкам і даў дзерака, перш чым зраблю нешта, што я нават не ведаю, чым яно скончыцца. Было мне ўтульна ў сутонлівай моўчы маёй плоці, таму цяперака, зляканы і ўзлаваны, я прыпусціў у бок барака.
— Куды ляціш? — крыкнуў Уры, параўнаўшыся са мной.
— Забыў сёе-тое... — сказаў я.
Праз пару хвілін, па-над страхой пуні, я ўбачыў, як той адчыняе могілкавыя веснічкі.
Пасля абеду я пайшоў да Пінэса.
— Якаў! Уры ўвесь Судны дзень быў у сінагозе і ўзносіў малітвы такім голасам, нібыта яго ўкусіла гіена.
— Нястрашна, маё малятка, ат, не бяры да галавы, — адказаў Пінэс.
— Я хачу сёння паспаць у цябе, — папрасіўся я.
— На здароўечка, — адказаў той. За дзвярыма ў яго стаяла раскладанка, і пасля таго, як мы разам паелі вячэру, Пінэс загадаў, дзе яе паставіць.
— Нахіні мяне, Якаў, — папрасіў я.
Я хацеў пагаварыць з ім, пачуць гісторыю, паскардзіцца на тое, што ані дзед, ані ён не вучылі мяне выводзіць з цела шкодныя варушэнні плоці.
3 цяжкасцю совалася яго кволая, нездароўчая туша. Ён нахінуў мяне тонкай коўдрай і па маім целе прабегла дрыготка ўсцешанасці і сумавання. Далонь прашаргатала ў цемры па маім твары, і потым я чуў адно стогны спружын Пінэсава ложка і супакаяльныя мармытанні.
Праз гадзіну пасля поўначы я ўскруціўся. У цямрэчы ўбачыў круглы схілены абрыс старога настаўніка. Наструнены, той сядзеў на ложку. Без акуляраў Пінэс выглядаў як настрашаны крот, які штохвіліны чакае ўдараў матыкі па патыліцы.
— Што такое, Якаў? Здарылася нешта?
— Цыц! — гыркнуў ён. — Ціха!
Паветра згусла. Угрэўны і парны, бы вільгаць з рота старога быка, шапатаў у лістоце ветрык. Раптам Пінэсу заняло дыханне. Ён здрыгануўся. I менавіта тады словы пляснуліся аб’ёмна і выразна, як буйныя кроплі апошняй злівы сезону дажджоў. Прагучалі пагрозліва і недвухсэнсоўна, як пошум крылаў статысячнага полчышча саранчы:
— Я пярдолюся з кантаравай дачкой!
Пасля — ані гуку. Я не ведаў, куды падацца. Да Пінэса, які паваліўся, як мех з гноем, хрыпаючы і хапаючы паветра ротам, або да Уры, на воданапорную вежу, якую ўжо з усіх бакоў абкружалі крыкі і цяжкія крокі.
— Мне спярша дапамажы, — прасіпеў Пінэс, які мог заўважыць ваганні ў кожным жывым арганізме.
Я паклаў яго на ложак і стаў бесперапынна карміць. Лыжка за лыжкай, шалёная суцяшальная кармёжка. Час ад часу я выціраў настаўніку рот і падбароддзе.
Калі ж нарэшце я дапяў да вежы, там ужо стаяў-таптаўся ніштаваты натоўп. Вайсберг з жонкай, бледныя, як амерыканскія нябожчыкі, сядзелі на зямлі. Камлюкаватыя вяскоўцы чакалі ля ўзножжа драбін.
Усе позіркі скіраваліся ўгару. Там паказаўся мой кузэн. Перакінуўшы нагу праз жалезныя парэнчы, стаў спускацца па драбінах. За ім — абрысы падобнай да звона цёмнай сукенкі. Унутры таго звона — пекната забароненых сцёгнаў, якія прасвечваліся і звінелі праз тоўшчу грубай матэрыі доўгіх панчох. Выдых абурэння вырваўся з глотак прысутных. Я пасунуўся наперад, цярэбячы шлях між людзьмі. Схіліўшы галаву наперад, як бы мерачыся баднуць, паслугуючыся выдатна знаёмым усім сялянам рухам пагрозы — аж пакуль не апынуўся з разведзенымі ўшыркі рукамі проста ля падножжа драбін.
Уры спусціўся першы. Працягнуў руку і дапамог кантаравай дачцэ. Я пакрочыў за імі, ахоўваючы і атуляючы целам, пакуль мы не дапялі дому.
У тую ж ноч сям’я Вайсбергаў з вёскі ўцякла. Уры зарыўся ў дзедавы прасціны.
Уранні Рыва Маргуліс здрыганулася, зветрыўшы вільготны смурод, што тачыўся знадворку. На хвілю нават падумала, што вярнуўся Булгакаў і яго брыдкае дыханне ахутала падворак. Усцешаная, яна была кінулася да акна. Аднак адшмаргнуўшы бліскучыя фіранкі і вызірнуўшы праз аконную шыбу — аб якую праз яе празрыстасць ды ўласную настальгію часта-густа біліся пчолкі, — убачыла, што Мешулам такі раскалоў на падворку цэнтральны вадамер.
Свойскія жывёлы качаліся на падворку ў брудзе. Каламутная гразюка ўжо караскалася па прыступках ганка. Рыва,
якая наконадні Рош га-Шана нават памыла кавалак дарогі перад домам, забараніўшы трактарам ездзіць па мокрым, была, мусіць, апошняй жывой душой, заражанай старадаўняй мяшанкай утрапення, апантанасці і максімалізму. Hi на хвілю не вагаючыся, яна прыняла бой.
Пра Рыву нельга было сказаць, што яе заспелі знянацку. Яна адчыніла мужаў склад. I на паліцах, якія колісь ламаліся ад прылад для збору мёду і выкурвання, цяпер у формачках для выпечкі халаў і ў слоіках ад мёду і праполісу чакаў свайго часу арсенал згорнутых у столькі падлогавых ануч. Сотні венікаў і швабраў пашыхтавалася ля сценак навыцяж.
Узброеная няхітрымі прыладамі і праверанай гадамі ідэалогіяй, Рыва выйшла насустрач свайму найвялікшаму мыццю падлогі. Вёска прыбегла паглядзець на старую, даўні аб’ект насмешак, якая праз уласнае вар’яцтва страціла мужа і ад’ела вантробы ўсёй грамадзе.
Умелыя рукі Рывы па бездакорнай траекторыі запусцілі анучы, каб кожная скончыла палёт дакладным прызямленнем аб падлогу. Спярша Рыва асушала балота на далёкіх поступах да дома, але пасля тактычнай паўзы выйшла бараніць родны парог. Тры дні і тры ночы яна высушвала гаспадарку пры дапамозе ануч, выціскаючы іх у перасохлае рэчышча горнага ручая.
— Цяпер усё чыста! — па заканчэнні працы ўсцешана выдыхнула Рыва.
Яна папрала анучы і павесіла сушыцца, ды пайшла ў дом, каб вярнуцца да працірання вокнаў.
ПЯЦЬДЗЯСЯТ ПЕРШЫ РАЗДЗЕЛ
Уры да працы ў матчынага брата не вярнуўся. Колькі тыдняў ляжаў у дзедавым ложку, вывяргаючы пачварныя енкі і стогны. Нэхаму, прыгожую і маўклівую дачку кантара, у той самы дзень забралі дадому. Вайсберг нават спакаваўся абы-як.
Браць плату адмовіўся, прапановы падвезці яго да станцыі адпрэчыў, словаў прабачэння, раскаяння і болю — не прыняў. Забраў дзяцей і жонку. Разам яны соваліся праз палі, спатыкаючыся ў цемры аб вялікія камякі і драпаючыся восеньскімі калючкамі.
Наступныя тыдні мне давялося даглядаць Уры, якога сумаванні і каханне збілі з ног.
— Толькі яе, Нэхаму, я хачу, — енчыў ён. — Толькі яе.
— Хачу, каб ты паехаў туды і прывёз мне яе, — патрабаваў ён. — Перад табой ніхто не ўстаіць.
— Едзь туды! — крычаў ён. — Узвалі яе на спіну, на плечы, на рукі, на што хочаш, але прывязі яе. Інакш я паміраю.