• Газеты, часопісы і г.д.
  • За Сіняй Гарой  Мэір Шалеў

    За Сіняй Гарой

    Мэір Шалеў

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 485с.
    Мінск 2023
    112.51 МБ
    Шпаркім рухам Ліберзон накрэсліў палкай у паветры, ад грані захаду да грані поўдня.
    — Там, на той далёкай гары, убачыў Ілля-прарок дажджавую хмарку ўвелькі з далонь і пасля бег перад калясніцай Ахава аж да ягонай сталіцы, Ізрээля. Вуньдзе, бачыце? Ляцеў Ілля паперадзе ўладарскіх коней.
    Мы вярнуліся ў палату. У паветры лунаў водар пунсовасаладкаваты дух пераспелых астраханскіх яблыкаў, маўклівага прыходу Ліберзонавай смерці і Альбертавых прасцін.
    — Ну нарабілі вы калатушы! Ты з магіламі, а ты з дзеўкамі.
    — Я цяпер бульдазерыст, — адказаў Уры. — Працоўны чалавек.
    Пачуццё гумару выпарылася з Уры, злушчылася, пакінуўшы яго перад абліччам Ліберзона голым і спустошаным. Стары стомлена сеў на ложак.
    Я пачуўся ніякавата. Цела займала больш месца, чым магла ўмясціць палата. Ліберзон прыціснуўся да спінкі ложка.
    — Грамадскасць любіць бачыць нас разам, — сказаў. — Гэтакае племя першапраходцаў. Рэпатрыюемся разам, землі Бацькаўшчыны набываем і абрабляем разам, селімся разам, паміраем разам. Хаваюць нас таксама разам, фотагенічнымі шэрагамі...
    — На кожнай даўнейшай фотакартцы ёсць шэрагтых, хто сядзіць. Шэраг тых, хто стаіць. Яшчэ пара ўзлезла на скрыні ды азіраюцца назад. Два ляжаць паперадзе, узлокціўшыся, а іх макаўкі датыкаюцца. 3 кожнага фотаздымка па тры першапраходцы далі з Ізраіля драпака... Асілкі на насілках!
    — Дзед колісь паўтараў нешта падобнае, — адгукнуўся Уры.
    Аднак Ліберзон не зрэагаваў. У імгле, якая ахутала яго, любоўныя ўспаміны былі адзінымі выявамі, што родзілі агеньчык у згаслых вачох. Я ўжо ведаў, што ён зараз скажа.
    — Там, дзе стаіць пластмасавая фабрыка, рос цудоўны вінаграднік. Там сустрэў я Фаню.
    Ён падняў белыя слязістыя зрэнкі на мяне.
    — Ты слушна паступіў, Барух, што даў мне дабрысці датуль. Які іншы, ясная рэч, паспрабаваў бы мяне выратаваць.
    Я апавёў яму пра балота Мешулама.
    — Ат, лухта нейкая! — адмахнуўся ён. — Каму гэта цікава? Марнаванне водных рэсурсаў, і толькі таго.
    Больш нічога не распытваў.
    — Ненавіджу гэтае месца! — прамовіў нам. — Мяне прымушаюць тут збіраць на гуртку абажуры з пальмавага мачула і есці вячэру а чацвёртай дня.
    Уры хацеў нешта дадаць, пагутарыць з Ліберзонам пра каханне да Фані, пра суплёты лёсу, але настрой старога сапсаваўся. Ён змоўк, даў нырца ў сябе і ўсё роўна як знік — мы для яго больш не існавалі.
    — Стары пярдун! — кіпеў Уры па дарозе дадому. — Нічога яго не цікавіць. Я шмат часу планаваў і ўяўляў гэтую сустрэчу, а вы двое ўсё ўзялі і сапсавалі. Ты са сваімі фантазіямі
    і “раскажыгісторыямі”, і ён са сваімі гераічнымі прыгадамі. А чаго вартае прадстаўленне з палкай-указкай! Маўляў, а я вам пакажу адкуль усё пайшло, бо мы, бацькі-заснавальнікі, хоць і сляпыя, але самыя відушчыя і абазнаныя!
    — Чаго ты хочаш? — абараняўся я. — Яго жонка памерла, сябры — таксама, а балота Мешулама настрашыла яго больш, чым ён хоча паказаць.
    — Чым такую пагарду цярпець, лепей бы ён сапраўды выкінуў мяне з ганка. Яны заўсёды былі сляпыя. Заўсёды з адной карцінкай перад вачыма. Па пояс у гразюцы, па вушы ў зямлі!
    — А чаму яго мусяць абыходзіць твае праблемы? Ён вінаваты табе нешта ці што?
    — Ат, хай сабе так, — адказаў Уры. — Можа быць, мае дакоры сумлення нарадзіліся з настальгіі.
    — Ён думае толькі пра жонку. Усё гэтае прадстаўленне на балконе было дзеля таго, каб паказаць, што не забыўся, дзе рос кібуцны вінаграднік.
    — Ён хворы чалавек, — сказаў Уры. — Поўны вар’ят. Яго ж можна праапераваць, выдаліць гэтую недарэчную катаракту. Але ён хоча быць сляпым. CAM хоча.
    — А чаго ён яшчэ тут не бачыў?
    — Мая мама мела рацыю, — адгукнуўся Уры. — Дзяды насамрэч затлумілі табе галаву.
    Я замаўчаў.
    — Ты не ўяўляеш, як я сумаваў па вёсцы! — прамовіў Уры. — Нягледзячы на скандал, нягледзячы на тое, што мяне збілі на горкі яблык, а таксама выгнанне. Я пракрадаўся сюды двойчы, праўда, адразу ўцякаў.
    На імгненне зіркнуў на мяне і разрагатаўся.
    — Слухай, пускаць цябе самапасам вось так — марнаванне рэсурсаў. Трэба ўпрэгчы цябе ў воз ці плуг.
    — Я магу панесці цябе на руках, — прапанаваў я.
    — Ат, не вярзі лухты.
    — Мне гэта не праблема, — пасміхнуўся я з недарэчным спадзевам. — Я магу несці цябе адсюль і да дому.
    — Што з табой такое? Ідзі знайдзі сабе хлопца замест таго, каб качацца ў гразюцы з быкамі!
    Уры можа быць рэзкім, як мангуст.
    — Я магу панесці цябе на руках, на спіне, на плячах, як заўгодна, — настойваў я, але Уры не пагадзіўся.
    — Досыць, спыніся! — сказаў ён, але гэтым разам ягоны голас дрыгацела жуда.
    Ішлі мы моўчкі, калі наблізіліся да вёскі, каля ігрушавага саду Бэн-Якава ўбачылі, як там стоўкся вялікі натоўп. Яшчэ здаля пачуліся крыкі, і калі падышлі, там зноў стаяў Мешулам. У зацвэганай касынцы на галаве ды з навостраным сярпом.
    — Што вы ад мяне хочаце? — грымеў Якубі. — Мне што, паставіць ахоўніка пры кожным вентылі?
    Навокал зямля хадзіла ходырам. Скаланаючыся і грымотна скрыгочучы, вырыгвала бездань, цьмяную твань, гідоту і косткі. Таўсматыя бляклыя чарвякі, якія звіваліся на грушах гатунку “спадонэ”, цягнулі іх у бездань атрутнай дрыгвы. 3-пад іх пішчом лез чарот і трыснёг увелькі з чалавека. Мешулам наляцеў на ўсіх тых выпаўзняў, адчайна махаючы сярпом па-над галавой. Стары араб, якога ён наняў у суседняй вёсцы, ляніва араў край дзялкі, мармычучы пад нос знаёмыя модлы.
    Невялікі статак дзікоў з рохканнем, топчучы ўсё, выбег наўпрост з дзедавых гісторый. Пракідвалася там колькі вялікіх вепрукоў, лютых з выгляду свінаматак і дзясятак-два парсючкоў з уздыбленай шчэццю, чые хвасточкі стаялі потырч. Зграя прыпусціла ў бок дрыгвы і, праслізнуўшы ў сярэдзіну, стала боўтацца ў твані, што глыбей і глыбей цягнула іх на дно. Я падняў галаву. Чорныя кропкі кружлялі, круціліся ў віры, вішчалі як рэзаныя.
    Я перавёў позірк на азвярэлага Якубі, на Уры, на групу ўвярэджаных сялян. Цераз празрыстыя спяцоўкі, цераз
    падсмажаную скуру і магутныя целы, у гразі прасвечваліся масіўныя рэлікты, якія чакалі свайго часу ўсе гэтыя гады.
    Цяпер да нас сунуліся аграмадныя буйвалы, а іх ноздры былі глыбокія і вільготныя — узнервавана пашыраліся пры выглядзе першых азнак чалавечай здрады. Я іх не баяўся, далібог, я звыклы да жывёлы. Бялявы бык, вялізманны, трымаўся між імі. Яго самавітая плячыстасць, масіўныя капыты, а таксама распаленая пара, што вывяргалася з мокрага носа, прымусілі маё сэрца біцца хутчэй. Я прыпусціў напярэймы. Са здзіўленнем выхапіў вокам таксама хлопца ў нагавіцах колеру хакі ды з маскай пчаляроў на твары, які падтрымліваў дрыготкага дзядка, што цягнуў выцвілы хатуль за плячыма. Аднак уся група перайшла поле і знікла за далёкімі кіпарысамі, і калі я вярнуўся да залітага поля і здзіўленых позіркаў, якія ўпіліся ў мяне, дык зразумеў, што апрача мяне ніводная жывая душа тых відзежаў не бачыла.
    СОРАК ДЗЯВЯТЫ РАЗДЗЕЛ
    Пасля Рош га-Шана прыехаў на пабыўку Ёсі. Я чуў, як шыны джыпа, тармозячы, мелюць пыл. А таксама гучныя трухценні пераноснай рацыі, хуткія крокі па прыступках і наастачу — дзявочы лямант, што вырваўся з дому яго бацькоў.
    Дзверы барака расчыніліся. Ёсі стаяў у мундзіры пры рэгаліях і хацеў ведаць, хто гэтая нервозная сэкс-бомба, якая пасялілася ў бацькоўскім доме.
    Уры разрагатаўся. Блізняты абняліся. Я адчуў, што ўва мне спее рэўнасць за іх замілаванне і злосць — за іх відавочную непадобнасць. Ёсі таксама атрымаў ліст ад бацькоў, і цяпер блізняты сядзелі разам. Звяралі тэксты і хваліліся здымкамі.
    — Нарэшце тата цешыцца з жыцця, — пасміхнуўся Уры.
    Але Ёсі заўважыў, што “Аўрагам мог бы інструктаваць сваіх у якім-небудзь новым машаве на Галанскіх вышынях, а не мурынаў на нейкіх там Карыбах”.
    Я стаяў ля рукамыйніка і кроіў гародніну для наскай салаты. Насамперш — цыбулю і памідоры, потым — гуркі і перцы. Можа, іх свежы дух сягне краю зямлі?
    3 Уры мне было добра, а з’яўленне Ёсі засмуціла. Я дазволіў сям’і кантара пажыць у доме Ёсіных бацькоў, знакам тым, давядзецца прапанаваць Ёсі спаць у бараку.
    — Ідзіце крыху пагуляйце, — прапанаваў я. — Праз паўгадзіны вячэра будзе гатовая.
    — А што такое, Барух, даражэнькі? — уз’еўся Ёсі. — Табе цяжка пагутарыць са сваімі стрыечнымі братамі або баішся, што мы будзем прасіць у цябе крэдыты?
    — Нічога я не баюся. Я з’еду адсюль, як толькі адзін з вас вырашыць вярнуцца на гаспадарку.
    — Зноў гэтыя спяваныя песні! “Хачу вярнуцца ў гаспадарку, хачу сысці з гаспадаркі!” — страпянуўся Уры. — Ты чаму пастаянна з блыхі робіш вала?
    — Каб сагнаць Баруха адсюль, спатрэбіцца рота баявой падтрымкі, — дадаў Ёсі салдафонскім тонам, які вывучыўся ад Узі Рылава, і зарагатаў надта гучным голасам. Ёсі смяецца ўсярэдзіну, удыхае паветра замест таго, каб выпускаць, і яго вычвартны рогат раз’юшыў мяне. Я адчуў, як на патыліцы клініць цягліцы.
    — Калі б тут не было Уры, — сказаў я Ёсі, — ты б зараз ляцеў праз акно ў свой прыдуркаваты джып.
    — Хлопцы! — сказаў Уры. — Сябры, давайце супакоімся, дамова? He будзем марнаваць наш запал на бессэнсоўныя сваркі. Мы ўжо тры гады не бавіліся ўтрох разам. Тры ўнукі вялікага і ўсёмагутнага дзеда, першапраходца, асушальніка і азеляняльніка. Ура Міркіну!
    — ДВАўнукі і Жан Вальжан, — паправіў Ёсі.
    — Лепей быць дзедавым цяляткам, чым сынком тваёй маткі! — павярнуўся я да яго.
    Ёсі падняўся, сказаўшы, што пойдзе здымаць рацыю з джыпа, і выйшаў з барака.
    — Што гэта было? Геніяльная кітайская прымаўка? — узвярэдзіўся Уры.
    — У вас прынамсі мама ёсць, — выціснуў я.
    — Хопіць усё драматызаваць! — не супакайваўся Уры. — Хіба гэта першыня, што ты вярзеш лухту? Але я ведаю надта добра, калі разумець, што ты намагаешся гаварыць сур’ёзна.
    — Ідзі пакліч свайго брата, — сказаў я. — Салата гатовая. Яечню падсмажу, калі сядзеце за стол.
    Уры выйшаў, але яны вярнуліся разам толькі праз паўгадзіны.
    — Бавіліся на могілках, — сказаў Ёсі. — Божа ж мой Божа, што ты зрабіў з гаспадаркай нашага таты!
    — Ваш тата прыняў рашэнне з’ехаць за мяжу, — адказаў я. — А вы двое абвясцілі, што ў гаспадарку — ні нагой, дык не трэба мне тут прэтэнзій!
    — Досыць! — перарваўУры. — Мы зараз паямо, інакш я зараз пакіну вас тут, а сам палезу на вадавежу з якой-небудзь жанчынай.
    Пасля яды мы крыху супакоіліся і пайшлі на разведку ў пакінутую пуню Мешулама, бо на нашым падворку скончыліся абярэмкі саломы.