За Сіняй Гарой
Мэір Шалеў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 485с.
Мінск 2023
Адзін наш Пінэс адчуў, што справа зробленая. Пасля гадоў і гадоў пасеву і збору ўраджаю, слёз, радасці і здзекаў разарваліся зямныя ланцугі, нетры скутай зямлі расчыніліся.
— Я стаяў там і прыгадваў дзень, калі Аўрагам Міркін дэкламаваў свой верш. Нават тады ніхто не ўчуў, што катастрофа бліжэе, — апавёў ён ведамаснай камісіі, якая праз доўгідоўгі час спадобілася разабрацца ў суплёце былых падзей.
Следчыя глянулі на яго, потым — адзін на аднаго, сказалі яму “дзякуй” і адпусцілі дахаты.
Неўзабаве болыпасць людзей пайшла сабе з Міркінскай гаспадаркі, я ж быў не ў стане. Пакуль я стаяў і назіраў, вадзіца рабілася каламуццю. Зеленаватая пялёнка жуды зацягвала мае вочы. Пах легенды і сумненняў прывабіў на паверхню парасткі вострай асакі і плакун-травы, а таксама вялікіх садовых смаўжоў, якія ўсё жыццё чакалі гэтага вільготнага звеставання. Мешулам стаяў на земляным вале. Узброены сцягнутым са сценкі Барака Першых крывым сярпом-траўнікам і падпяразаны цыганскай касынкай свайго бацькі.
— Тут паўстане балота!
— Камар’я будзе... — голасна застагнаў Якубі-сакратар, якога кошт пралітай вады і жнівовая страда канчаткова звялі з розуму.
Мешулам падняў руку.
— Абавязкова будзе! — пацвердзіў Мешулам. — Габрэйская вёска забылася на балота, і зараз мы асвяжым ёй памяць.
Якубі больш не мог стаяць згарнуўшы рукі. 3 рыкам “Ты псіх!” прарваўся на сядзенне экскаватаршчыка і завёў рухавік. Пратараніўшы сталёвым каўшом земляны вал, зрабіў у ім двухметровы пралом. Саджалка пачала выцякаць навонкі і заліваць сумежныя нівы.
— He быць таму! — тэатральна загукаў Мешулам, свядома прыўлашчыўшы інтанацыі, якія Пінэс на занятках па Бібліі менаваў “клікунскімі”. — Капайма каналы! Утыркайма керамічныя трубы! Запрашайма прэсу! Гадуйма эўкаліпты! Спявайма! Хварэйма! Памірайма!
Сёй-той зарагатаў. Але я бачыў Пінэса, Тоню, Рыву, якія тапталіся наўзбоч, настрашана трымаючыся за рукі. У доме састарэлых, я ведаў, Эліезэр Ліберзон перастаў жаваць сняданак, бо забыты смурод, смертаносны і настальгічны, запырхнуў у ноздры. Потым Ліберзон сказаў Альберту: “Мне млосна!” — і званітаваў на абрус дробны грудок агіднаразлезлай раскі.
— Плеўка лопнула, і апраметная разявіла пашчу, — сказаў Пінэс і стаў разважаць прынагодна пра свае мазгі, пра хваробу, якая разаслала на іх воблачныя коўдры забыцця. Па-над тымі коўдрамі відаць толькі горную вершаліну, што вытыркаецца як самотная блакітная выспа памяці.
Падсцёбнуты моцным голадам настаўнік на апошнім дыханні пацёгся дахаты патапіць свой пярэпалах у рондалі з рысам і кабачкамі ў таматным соусе.
Тоня Рылава запхала два пальцы ў рот і вярнулася на варту да магілы Маргуліса. Скура вакол яе пазногцяў зрабілася порыстая і белая, усё роўна як маршчыністая пенка на гарачым малаку. Рыва, якую балота адарвала ад мыцця вокнаў, вярнулася да свайго занятку. Мешулам па-ранейшаму
выпраменьваў спакой і весялосць. Скрупулёзнае знаёмства з практычнымі аспектамі сіянісцкай мроі падрыхтавала яго да светлай будучыні. Таму штурм Якубі вершаліны землянога вала толькі дадаў Мешуламу гарту.
Адгэтуль усё адбывалася згодна з непарушным прынцыпам прычынна-выніковай сувязі. Вада пракралася на сумежны луг з канюшынай, парваўшы і пашкуматаўшы далікатныя сцяблінкі. Ад мулкага дотыку вады кукуруза разлезлася і ператварылася ў губчатыя пухірчатыя ляпёхі. На водным абліччы ўфармаваліся прыбышы з іншых часоў — пузатыя бурбалкі. Яны покнулі і разнеслі жудасны смурод паравіння. 3 пранізлівым гудам расшчапіліся падземныя сховы, і камарыная хмара асобін з высокай пасадкай і кароткімі хабаткамі ўзнялася з дрыгвяных глыбінь.
Толькі тут я пачаў разумець, што няма нічога выпадковага. I нябачныя празрыстыя нітачкі, якія звязваюць нас з зямлёй, цягнуцца на неймаверную глыбіню і адлегласць, дзе пераплятаюцца ў адметных пунктах бялёсага карэння, трупаў і археалагічных артэфактаў. Прыгадаў я гаротнага Левіна, як той, заломваючы блакітныя пальчыкі, выплюнуў, маўляў, зямля не дае сіламоцы таму, хто па ёй ходзіць, адно ўлівае вар’яцтва праз падэшвы ног.
Уцёкі дзеда ад Саламеі, сыход Эфраіма, выгнанне Уры, паездка Аўрагама, непрачытаныя любоўныя барозны Даніэля Ліберзона — усё гэта папросту расколіны, з якіх точыцца атрута, што ніколі-ніколі не згусне.
“Пінэс памыляўся, — сказаў я сабе. — Ён затыкаў пальцамі не тыя дзіркі. Выпадак не кіруе намі. Інакш давядзецца прызнаць, маўляў, грудзі Песі Цыркінай — пара важкіх выпадкаў, якія зрабілі свой уплыў на Цыркіна-Мандаліну і спрычыніліся прыходу ў свет касамозгага сыночка”.
Пасля абеду прыехалі некалькі нанятых Мешуламам у сумежным гарадку беспрацоўных. У сялянскіх світках і царскіх фуражках, якія той начапіў на іх. Са збянтэжанымі ўсмешкамі, якія размазаліся па твары, выглядалі смеху варта
і жалю годна. Мешулам параздаваў ім старыя косы і матыкі ды пацягнуў да балота. Да нашага здзіўлення, яны адразу ж выбухнулі старадаўняй песняй першых меліяратараў:
Я не жаба піць ваду,
Ды пяю я на хаду
Песеньку вады, песеньку вады.
Зможам — семсят нас герояў —
Гадаў, хай іх — сотні рояў:
Кожны малады, кожны малады.
Мы спявалі б на балоце,
Ды маўчым, бо ў кожным роце
Да краёў вады, да краёў вады.
Спярша цягнулі сарамліва, але паціху-патроху галасы ўзмацніліся, разгуляліся, рукі спевакоў сталі разлятацца ўшыркі. Аднак праз гадзіну прымчалі нанятыя Якубі грузавікі з цыстэрнамі. Яны адпампавалі пратухлую ваду і паехалі спусціць яе ў перасохлае рэчышча горнага ручая. За імі валачыліся “гіберы”, нагружаныя пылам. Самазвалы сталі высыпаць змесціва кузаваў на зямлю. Яшчэ не бралася на вечар, а зямлю ўжо ўтрамбоўвалі дрыготкія ад раз’юшанасці каткі. На рахунак Цыркінскай гаспадаркі разам з апошнім папярэджаннем на вопіс маёмасці запісалі выдаткі на ваду, чыненне шкоды і арэнду транспарту і аснашчэння. Надвячоркам, калі я паехаў на чыгуначную станцыю прывезці Уры дахаты, выдавала, што ранішнія прыгоды і відзежы былі проста яшчэ адной пачутай мной гісторыяй, маім чарговым начным жахам.
Ехаў я на пікапе праз нівы. У мяне правоў няма, соваюся я адно па прасёлкавых дарогах вакол машава.
Уры саскочыў з вагона, і мы абняліся. Калі прытуліўся да яго, то адчуў, што ў яго адышла костка і ён пасталеў.
— Ты мяне раздушыш, бегемот! — са смехам выдыхнуў ён. — Ты нават не ўяўляеш, які ты дужы.
Выглядаў ён цудоўна. Хударлявы насмешнік, паглядны і прывабны, як даўней. Мы паехалі дахаты. Уры глядзеў на абробленыя палеткі. Абапал дарогі баваўняныя пушачкі выпусцілі белыя бародкі. Наліваліся чырванню першыя плады граната, патрапіўшы ў перазменку з познімі персікамі гатунку “самэрсэт”. Крыху далей над першай восеньскай бараной шчыравала жоўтая аграмадзіна камбайна “Інтэрнэйшнл”. Па паралельным прасёлку мы сталі караскацца на ўзгорак. I ўперліся ў агароджу Дома Вечнасці для Першапраходцаў. Уры змоўк, уражана паглядаючы на помнікі, а таксама на буянне лістоты, кветак і дэкаратыўных дрэваў.
— Што ты робіш з усімі заробленымі грашыма? — запытаў ён, калі мы зайшлі ў барак. — Тут нічога не памянялася.
Я па-ранейшаму спаў у старым ложку. Нахінаўся аграмаднай, мяккай на дотык, прасціной дзеда. Вялікія алавяныя лыжкі і шкляныя талеркі бабулі Фэйгі ўсё яшчэ служылі на кухні.
Мы папілі гарбату. Паелі смачнага пірага, які прывёз Уры. Увечары я прапанаваў кузэну дзедаў ложак, бо паводле просьбы Камітэта перадаў дом ягоных бацькоў кантару, які прыбыў на час паміж Рош га-Шана і Судным днём, каб весці ў нас літургію.
3 Уры мы чуйнавалі ноч навылёт.
— Заўтра, — сказаў ён, — пойдзем да Пінэса і, можа быць, з’ездзім адведаць Эліезэра Ліберзона.
Я трохі здзівіўся, пачуўшы пра візіт да Ліберзона, бо Уры і да дзеда, калі той жыў у доме састарэлых, не надта хадзіў.
— У кабіне гэтых бульдозераў часу падумаць шмат. Ліберзон — мой чалавек, мой дзед у гэтай вёсцы. He Пінэс, і не дзед.
— Усе шукаюць сабе жывы прыклад, — адгукнуўся я. — Бускіла дагэтуль перакананы, што Пінэс — праведнік. А Пінэс напісаў у вясковай насценгазеце, што адметны — ты.
— Для Пінэса я адно экзатычная звярушка.
У цямрэчы я пачуў смех Уры. Тонкія хвалі любаты безупынку лашчылі мне твар.
— Я раскайваюся, — дадаў Уры праз колькі хвілін. — Мне шкада ўсяго, што адбылося на вежы. Быў я недапечак, а яны мяне спакусілі. Я стаў у жаночых руках забаўкай, інструментам помсты. Шкада, што адразу, калі ўсё гэта пачалося, я не прыйшоў да Эліезэра Ліберзона.
— Ён спусціў бы цябе з ганка, — зацеміў я. — Асабліва пасля таго, як ты пярдоліўся з дачкой Даніэля.
— Ат, ні з якога ганка ён бы мяне не спусціў! Ён бы правёў са мной гутарку. Але цяпер усё гэта ўжо няважна. Я прайшоў навуку самастойна. Ты зараз размаўляеш з самым манагамным мужчынам у Даліне і свеце.
— He кожны можа знайсці такую, як Фаня, — сказаў я. — Жанчыну, якая вартая адданасці на ўсё жыццё.
— От, ты не петрыш, таму і вярзеш абы-што, — сказаў Уры. — Кожная жанчына вартая адданасці на ўсё жыццё. Гэта залежыць не ад яе, а ад чужога рашэння. У Фані не было нічога адметнага, апроч кахання Ліберзона. Была яна ўсяго толькі люстэркам, якое безупынку глянцаваў Ліберзон. Перад якім садзіўся на шпагаты і выкручваў піруэты. Бо апяваў, абагаўляў і вадзіў карагоды ён вакол сябе, каханага. Большасць жанчын такое чакае.
— А дзед з Саламеяй?
Уры выпрастаўся.
— Дзед вырашыў, што Саламея вартая адданасці на ўсё жыццё, — сказаў умеркаваным і роўным тонам так, нібыта фармуляваў прамоўленае сотні разоў. Усё роўна як дзед паўтараў: “Яны-выгналі-майго-сына”.
Уры дадаў:
— Хоць яна не была вартая і дзвюх хвілін. I ён аддаўся Саламеі, забіўшы на шляху да яе бабулю і не бачыўшы той Саламеі амаль што ўсё жыццё.
— Ты ўжо разважаеш як твая матка, — узлаваўся я.
Уры засмяяўся.
— Вы з маёй мамай не надта ладзіце, але каб ты ведаў, яна не дурная, ой не! Яна своечасова выцягнула адсюль тату. За пару секунд да таго, як згарэў кнот.
Запаліўшы дзедаву лямпу для чытання, ён сеў на ложку. Яго аголены торс выявіўся вытанчаным і зграбным. Ад ночы, калі яго адлупцавалі, застаўся толькі адзін шырокі рубец панад левай смочкай — адбітак наска нечага працоўнага чобата. Уры парыўся ў фанерным чамадане і з усмешкай дастаў канверт.
— Атрымаў ад іх ліста.
I выцягнуў фотаздымкі вялікага белага дома з пальмамі абапал. Рыўка, у жоўтай сукні, сядзела пад паветкай драўлянай веранды. 3 масіўнага кубка цягнула чырванаваты, абкладзены кубікамі льду напой. Яе круглыя вочы радасна зіхцелі па-над шкляным краёчкам. Аўрагам — у кароткіх штонцах і шэрай цішотцы. Пад трапічным сонцам зморшчыны на лбе сухія і абвіслыя. Дзядзька інструктуе групу мурынаў у памяшканні кароўніка, які выглядае спалучэннем навуковай лабараторыі і палаца.