За Сіняй Гарой
Мэір Шалеў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 485с.
Мінск 2023
У паўдзённыя гадзіны згуртаваліся на небе Даліны перыстыя аблокі. Пінэс, Рахэль, Рыва і Тоня сеялі ў сваіх садках рэдзьку і капусту-цвятуху, збіралі бульбу, абціналі і выкідалі мёртвае націнне таматных кустоў. Адно кветкі Дома Вечнасці для Першапраходцаў, мае дагледжаныя і дакормленыя кветкі, не зважалі на плужыны сезонаў, зіхцелі і электрызавалі паветра, усё адно як кантаравая дачка.
Роўна праз год пасля гэтага я з вёскі з’ехаў. Я ўсё яшчэ не ўмеў чытаць або тлумачыць знакаў, якія звеставалі гэта, аднак той восенню я ўжо ўсё адчуваў значна вастрэй. У паветры нібыта разліўся дух канца і расстання. Заўважыўшы мой смутак, кантар працытаваў па-арамейску Талмуд:
— “Шыльгей дкайта каш’я мікайта” — “канец лета дапякае больш за само лета”.
Людзі, якія мяне не ведаюць, сіляцца і так і сяк паддобрыцца або выведаць, што я за чалавек. Тыцкаюць у мяне фразкай, выпрабоўваючы тоўшчыню мазгавой кары. Падносяць далоні да майго носа, каб я змог пазнаць пах і абнюхаць. Я іх за гэта не дакараю. Ведаю: выліваючы мае формы, дзед дамяшаў мне ў сарцавіну нешта ад дрэва або скаціны. Але таўшчынюліўся агідай. Гэтае брыдкае слова “кайта”, “лета”, гэтая літара Т, што выбавілася з вуснаў Вайсберга, як ліпнючая гулкая пстрычка ад рэзка дастанага з рота пальца. I ў мяне вокамгненна нарадзілася нянавісць да Вайсберга, які ў сваім чорным, з даўгім крысом лапсардаку выглядаў як тыя пудзілы, што хістаюцца ў сектары з гароднінай.
СОРАК ВОСЬМЫ РАЗДЗЕЛ
У вечар Рош га-Шана я пайшоў з Уры ў дом састарэлых адведаць Эліезэра Ліберзона. Бускіла часам ездзіў туды па працы, і я планаваў падсесці да яго ў чорны пікап. Але Уры папрасіў схадзіць пешкі, і я зноў пашыбаваў па той дарозе, якая нібыта выцякала з маіх босых ступакоў і паўзла перада мной, усё роўна як запыленая змяя, гарачая і пакорлівая.
Большасць дзядоў сабралася ў сінагозе пры доме састарэлых, спяваючы здзяцінелымі, патрабавальнымі галасамі так, нібыта адпіхвалі жалобнікаў на сваім апошнім шляху. Але Ліберзон ніколі не падпіраў душы малітвай, якую склалі іншыя, дый Альберт таксама з ложка не падняўся. Элеганцкі і ціхмяны, удыхаў паветра паміж столкамі ядвабу свайго белага халата, а крылы чорнага матылька, што трымаў яго за горла, дрыгацелі.
— Мы, балгарскія габрэі, — невялікія багамольцы, — заўважыў ён і промніста пасміхнуўся. — Пор ло ке стамос, бэндыгамос.
— “Што маем, то прымаем”, — пераклаў Ліберзон, які ўжо ведаў большасць Альбертавых ладзінскіх прыказак. Звычайна размаўляў з Альбертам на іўрыце, але раз-пораз перашэптваўся па-расійску.
— Вельмі падобная да балгарскай мова, — казаў ён. — На старасці я таксама вывучыў трохі ладзіна.
Ліберзон сядзеў ля прыяцеля. Палка з хушхаша ляжала паміж ног. Калі ён паклаў руку на твар і паглядзеў сваімі невідушчымі, залітымі бялёсай катарактай вачыма, дык пазнаў мяне адразу ж.
— Ты такі вялікі! — сказаў. — Моц таты і рост мамы.
Толькі зараз стары адчуў прысутнасць Уры. Ён схапіўся за перадплечча, пацягнуў яго да сябе. Дыханне стаілася, забегаўшы па ім шчупальцамі сваіх пальцаў. Яны слізганулі па лбе, асцярожна патузалі і ўшчыкнулі скуру шчок. Настальгічна прабегліся па пераноссі, якое зламалі ў тую ноч, калі Уры злавілі і збілі на горкі яблык.
— Ты вярнуўся ў вёску! — сказаў Ліберзон. — Я ведаў, што вернешся.
— Вярнуўся, — пацвердзіў Уры.
— I ты загаіў свае раны, — дадаў Ліберзон. — Цяпер усё ў парадку?
— Ага, — адказаў Уры. — Я ўжо ў парадку.
— А твой французскі бычок?
Я адчуў тычок жуды ў сэрца. Пальцы слепака знялі з Уры шалупінне і пагрузіўшыся ў мязгу, дапялі да костачкі болю і горычы.
— Я Уры Міркін, — адказаў мой збянтэжаны кузэн.
Рука старога адскочыла так, нібыта трапіла на пякучую галавешку.
— Уры Міркін? — перапытаў ён. — Які з вадавежы?
Я глядзеў на іх: брыдкага паўстарка, ахвярай чараў якога сталася адна-адзіная жанчына, і на свайго пагляднага кузэна, які пераспаў з усёй вёскай.
— Прыйшоў сказаць, што шкадую, — прасіпеў Уры.
— А хто не шкадуе?
— Ён зрабіў табе нешта кепскае? — пацікавіўся Альберт.
— Ды не! — адмахнуўся Ліберзон. — Дзікі флянец, што вырас на палях нашай вёскі.
— Сапраўдны прыгажун, — адзначыў Альберт.
— Мне б ягоную прыгажосць, і я б тады ого-го-го жыў! — прамовіў Ліберзон. — Жанчыны б валіліся перада мной, як саспелыя плады на бляху даху.
— Нон т’енэ буша, — падсумаваў Альберт на ладзіна. — Hi сораму, ні сумлення.
— Усё не так было! — заўпарціўся Уры.
Ліберзон падняўся і кіўнуў нам выйсці разам з ім на балкон. Там стаў пахаджваць уздоўж парэнчаў, і лёгкі ветрык разтрос з яго скуры гэтакі знаёмы пах старых сялян. Тонкі водар амшарыны і фанерных валіз, сухога памёту, канюшыны і малака. Крэпкая палка і шэрыя працоўныя порткі надавалі Ліберзону моцы і самавітасці, рысаў, якія, насуперак вучэнню Мічурына, дасталіся яму не праз спадчыну.
Ён падняў палку, паказаўшы ёй на далягляд.
— Ці бачыце вуньдзе, ажно там далёка, горную цясніну? Мы з Цыркіным прыйшлі адтуль, з вашым дзедам і бабуляй, абгледзець Даліну, пакуль яе брат-банкір еў марцыпаны ў Яфа.
Ён спыніў плынь гутаркі, чакаючы, каб нашы галовы асягнулі ўсю глыбіню ягонага сарказму, аднак мы як вады ў рот набралі. Эліезэр Ліберзон сканаваў Даліну, нібыта яна рэльефны макет. Пахі і адбітыя гукі, якія несліся ў яго бок, арыентавалі Ліберзона на гэтым ландшафце памяці.
Але шнапаранні яго палкі-ўказкі — хай сабе асэнсаваныя і ўпэўненыя — напоўнілі мяне смуткам.
— Дарогі кішма-кішэлі разбойнікамі, — працягваў Ліберзон. — Ізрээльская даліна нагадвала Юдоль Слёз. Паднявольныя арабскія сяляне з глаўкомнымі вачыма абраблялі там свае куцыя дзялянкі. Шакалы і гіены бессаромна гойсалі па ёй нават пры дзённым святле.
Кропкі на ландшафце ён указваў палкай-указкай так, нібыта быў вайскаводцам часоў і народаў.
— А там, ля двух дубоў, бачыце? Там стаяў намёт адважнай Яілі, жонкі Хэвэра-кенейца. А мы вось тут падняліся на спустошаны курган, дзе колісь жылі нямецкія пасяленцы і селі на цягнік.
— ...Перад цягніком цар Барыс сказаў: “Я не аддам вам сваіх габрэяў!” Немцам сказаў. He ўзбаяўся.
3 палаты даносіўся голас Альберта, вільготны ад напругі і ўдзячнасці.
— Гэта той самы Барыс, які чакаў, пакуль наш асёл KanKe не паразмаўляе з ангельскім каралём? — перапытаў Уры.
Сляпак пасміхнуўся, расчулены і паблажлівы.
— Альберт трызніць, — сказаў ён. — У паўднёвых людзей гэта адбываецца іначай.
I адразу ж вярнуўся да ранейшай тэмы:
— Мы трохі папрацавалі ля Кінэрэта, на пабудове дарог ля Тыберыі, а ўначы пайшлі купацца ў возеры. Мы ўжо зайшлі ў ваду, голыя, пырскаючыся на яе. А яна скінула сукню і стала на прыбярэжных валунах, выпрастаная і аголеная, усё роўна як зграбная чапля. Мы выйшлі да яе з вады.
— ...Тры кілаграмы ў кожнай палоўцы, — даляцеў мяккі голас з палаты.
— Аб чым ён гэта? — прашаптаў Уры.
Ліберзон падышоў да дзвярэй.
— Ціха, Альберт, даражэнькі, т-с-с!
Мы селі на балконе. Пад кветнікам дома састарэлых клекатала зямля. Лічынкі цыкад смакталі. Насенне чакала. Дажджавыя чарвякі і жукі-мерцвяеды шчыравалі ў гнілі.
— Мы не былі лепшымі за вас, — сказаў Ліберзон. — Час і месца замясілі і раскаталі нас. Шмат нашых з’ехала. Ведай, Барух, яны цяпер вяртаюцца да цябе.
— Раскажы нам гісторыю, Эліезэр! — знянацку прапанаваў я. — Раскажы гісторыю.
— Гісторыю? Добра, раскажу. Яшчэ да таго, як мы сустрэлі тваю бабулю...
У ягоным голасе тачыліся знаёмыя інтанацыі:
— Праз колькі дзён пасля прыезду на Бацькаўшчыну мы з Цыркіным ужо працавалі — капалі ямкі для пасадкі дрэваў на мігдалавых плантацыях Гадэры. Уга, цяжкая праца! Хрыбціну ломіць, на руках намуляныя мазалі, а за жываплотам акацый чакае беззямельная арабская бедната, пакуль мы зломімся ды іх вернуць назад да былых працоўных месц. I вось тады адзін працаўнік адкінуў матыку і сказаў,
што прынясе вады. Да працаўніка далучыўся яго прыяцель. Калі яны вярнуліся са збанамі, дык паведамілі, што зараз пачнуць раздачу вады капачам. Пасля таго як скончылі раздаваць ваду, сказалі, што будуць лічыць ямы.
На здзеклівых вуснах у Ліберзона загуляў смяшок.
— Ты чуеш, Альберт? — загукаў ён. — Мы капалі, а яны лічылі!
Альберт не азваўся, і Ліберзон працягваў.
— У кожным працоўным калектыве выявілася такая Арцель Калькулянтаў. Спярша прыносілі збаны, потым здзяйснялі раздачу вады, пасля ажыццяўлялі лічэнне ямаў, затым арганізоўвалі пераклічку працаўнікоў і ўрэшце — перакартоўвалі партыйныя мандаты. Праз год яны ехалі на сіянісцкі кангрэс, а пасля — у Амерыку збіраць ахвяраванні для габрэйскага паселішча, каб ім дасталіся новыя калькуляцыі.
Ліберзон зарагатаў.
— Цыркін іх ненавідзеў. “Арцельнікі” сталі важнымі функцыянерамі, але ніколі не вылучалі нам дастаткова грошай. Мы заўсёды заставаліся “на мяжы”: на мяжы поспеху, на мяжы голаду, на мяжы прадуктыўнасці.
— Нон т’енэ буша! — данёсся голас Альберт з ложка.
— I вось, гэтым разам Песя прывезла важнага прафсаюзнага боса з Тэль-Авіва, — цягнуў далей Ліберзон. — Мешулам быў яшчэ малы. Увесь вечар сядзеў ля таго як зачараваны. Бясконца нешта пытаў, і той бос, імені якога я тут падаваць не буду, уражаны абазнанасцю хлопчыка, усцешана адказваў на ўсе яго пытанні. Далей на далей, Песя павяла боса ў кароўнік паказаць, як доіць Цыркін. Цыркін толькі кінуў на мужчыну позірк, як адразу пазнаў яго.
“Вось і ты! — вышчарыўся Мандаліна. — Давай адновім мінулае. Я буду даіць, а ты будзеш лічыць кароў”.
Ліберзон зноў павярнуўся да Даліны тварам. Яго рукі і палка рухаліся ў прасторы самавіта, мацаючы і чытаючы мапу сардэчных прыгадаў.
— Мы прыехалі заснаваць вёску. Наш дом. Вуньдзе, наводдаль, бачыце? Тая вялікая зялёная пляма. Гэта эўкаліптавы лес, які мы пасадзілі. Лес, які высмактаў балота. Калі пасячэш камлі, балота вернецца і затопіць крыніцу Эйн-Адама.
Ліберзон нават падумаць не мог, што эўкаліптавага лесу ўжо няма. Год таму высачэзныя, сцёклыя сокам камлі спілавалі, і нічога не здарылася. Пнеўе павыкарчоўвалі. Расцяроб засеялі бавоўнай.
— Праз рэчышча засохлага горнага ручая, што за гэтым лесам, бег Пінэс застрэліцца. Пасля таго як заспеў Лею, якая цалавалася з Рылавым. Хто б мог падумаць! Цяжарная жанчына. Мы пабеглі за ім і вярнулі дахаты. Стрэльбу знайшлі толькі праз год падчас арання. Згніла дазвання. Іржавая, нікуды не цаляла, дый Лея была тады ўжо мёртвая, захварэла на нейкую рэдкую трасцу, якой нават сам доктар Ёфэ не ведаў. На “пячорную ліхаманку”.