За смугою мінулых часоў
Старажытная гісторыя і археалагічныя помнікі Пастаўскага краю
Ігар Пракаповіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 112с.
Мінск 2011
За смугою мінулых часоў
Старажытная гісторыя і археалагічныя помнікі Пастаўскага краю
Мінск, «Кнігазбор», 2011
УДК 902.2(476.5)
ББК 63.4(4 Бен)
П69
Рэцэнзент кандыдат гістарычных навук Эдвард Зайкоўскі
Пракаповіч, I.
ГІ69 За смугою мінулых часоў : Старажытная гісторыя і археалагічныя помнікі Пастаўскага краю / Ігар Пракаповіч. — Мінск : Кнігазбор, 2011. — 112 с.
ISBN 978-985-6976-55-4.
У кнізе прадстаўлена старажытная гісторыя Пастаўшчыны з каталогамі-апісаннямі ўсіх выяўленых на сёння археалагічных помнікаў, якія падзелены на групы: гарадзішчы, селішчы. курганныя могільнікі, капішчы. Значная частка гістарычных помнікаў адкрыта вучнямі удзельнікамі навуковага краязнаўчага таварыства «Ювента», кіраўніком якога з’яўляецца аўтар кнігі.
Выданне будзе карысным для вучняў, настаўнікаў, турыстаў, краязнаўцаў і ўсіх. хто цікавіцца гісторыяй роднага краю.
УДК 902.2(476.5)
ББК 63.4(4 Бен)
ISBN 978-985-6976-55-4
© Пракаловіч 1., 2010
© Афармленне. ПУП «Кнігазбор», 2011
Ад аўтара
Гісторыя развіцця зямной цывілізацыі складаная і пакручастая. У ёй да сёння застаецца многа нявывучаных фактаў, загадак, таямніц. Асабліва гэта датычыцца старажытнай гісторыі, часоў, ад якіх да нас дайшлі толькі асобныя матэрыяльныя рэшткі — сведчанні жыцця і дзейнасці людзей мінулых эпох. Найбольш яскрава яны прадстаўлены гарадзішчамі, селішчамі, курганнымі могільнікамі. У сувязі з усё больш інтэнсіўным прамысловым, сельскагаспадарчым і транспартным асваеннем тэрыторый значная колькасць памятак мінулага прыходзіць у занядбаны стан, разбураецца, a то і знікае назаўжды. Таму зараз вельмі актуальнай з’яўляецца праблема выяўлення, апісання, папулярызацыі і арганізацыі аховы помнікаў археалогіі.
У дачыненні да Пастаўскага раёна гэта праблема выглядае вельмі важнай з прычыны даволі слабай вывучанасці рэгіёна навукоўцамі. Пра гэта сведчыць такі факт: Пастаўскі і суседні з ім Мядзельскі раён маюць прыблізна аднолькавыя прыродныя ўмовы з ландшафтамі, у якіх пераважаюць узгоркі, нізіны, азёры. Але на Мядзельшчыне археалагічных помнікаў выяўлена амаль у два разы больш, чым на Пастаўшчыне. I гэта пры тым, што па плошчы Пастаўскі раён значна большы за Мядзельскі. Пра слабую вывучанасць рэгіёна гавораць і самі навукоўцы (М. М. Чарняўскі, Э. М. Зайкоўскі).
Разумеючы існуючую праблему, навуковае краязнаўчае таварыства школьнікаў «Ювента», кіраўніком якога я з’яўляюся, на працягу апошніх гадоў вядзе работу па выяўленню, збору
і апрацоўцы матэрыялаў па гарадзішчах і курганных могільніках Пастаўскага раёна. Інфармацыя збіраецца ў час правядзення комплексных краязнаўчых экспедыцый, працы з літаратурнымі крыніцамі. кансультацый з навукоўцамі. Дзейнасць навуковагатаварыства дала пэўны плён: абследавана большасць ужо вядомых археалагічных помнікаў, адкрыта і апісана некалькі гарадзішчаў, старажытных паселішчаў, курганных могільнікаў.
Наспеў час, калі сабраныя матэрыялы варта ўпарадкаваць, сістэматызаваць, абагуліць. Таму з’явілася ідэя стварэння збору археалагічных помнікаў Пастаўшчыны з кароткім апісаннем старажытнай гісторыі раёна — часоў, калі ўтвараліся гэтыя памяткі мінуўшчыны. Аўтар карыстаўся звесткамі з розных навуковых крыніц, работ і запісаў археолагаў, працаваўшых на тэрыторыі тутэйшага краю; запісамі мясцовых легенд і паданняў; сваімі асабістымі назіраннямі ў час правядзення археалагічных работ на месцах помнікаў. Але ў першую чаргу ўвага была звернута на працы навукоўцаў і краязнаўцаў, у якіх утрымлівалася інфармацыя пра сівую даўніну. На жаль, крыніц такіх аказалася мала, што пацвердзіла слабую археалагічную вывучанасць Пастаўшчыны. Звестак у энцыклапедычных выданнях прадстаўлена таксама зусім няшмат. Так, у «Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» падаецца матэрыял толькі пра шэсць гарадзішчаў, у кнізе «Памяць. Пастаўскі раён» апісваецца ўсяго адзінаццаць археалагічных помнікаў.
Амаль усе асноўныя публікацыі засноўваюцца на звестках, якія былі сабраныя яшчэ ў канцы XIX стагоддзя Ф. Пакроўскім. Ім складзены першы каталог археалагічных помнікаў, які выдадзены ў «Археалагічнай карце Віленскай губерні». Ф. Пакроўскі выкарыстоўваў інфармацыю, якую паведамлялі мясцовыя настаўнікі, леснікі і святары. Таму ў матэрыялах сустракаюцца памылкі і недакладнасці, асабліва ў геаграфічнай прывязцы помнікаў да мясцовасці.
Значна шырэйшае кола помнікаў на Пастаўшчыне — 19 гарадзішчаў і 2 курганныя могільнікі — падае ў сваім каталогу Л. Побаль у кнізе «Археологнческне памятннкн Белорусснн. Железный век». У ёй аўтар спасылаецца на працы археолагаў і гісторыкаў А. і У. Галубовічаў, Г. Штыхава, Я. Звяругі, К. Шута, Ф. Пакроўскага, А. Сапунова.
Грунтоўнае вывучэнне асобных археалагічных помнікаў на тэрыторыі Пастаўскага раёна было праведзена Э. Зайкоўскім (Задзеўскае, Гута, Данеўцы), Я. Звяругам (Вайшкуны, Лынтупы), А. Квяткоўскай (Паставы), Л. Дучыц (Лынтупы, Паставы). Аднак гэта зусім невялікая частка памятак мінуўшчыны, якія ёсць на Пастаўшчыне.
Карысную інфармацыю па археалогіі Пастаўшчыны удалося атрымаць ад археолагаў навуковых супрацоўнікаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Асабліва каштоўнымі былі справаздачы Э. М. Зайкоўскага па выніках навуковых разведак розных гадоў
Такім чынам, шляхам збору інфармацыі з розных крыніц удалося скласці каталог археалагічных помнікаў Пастаўскага раёна, у якім прадстаўлена апісанне 36 гарадзішчаў, 12 селішчаў, 24 курганных могільнікаў і 13 капішчаў. Далёка не ўсе з названых аб’ектаў вывучаліся археолагамі, не ўсе дайшлі да нашых дзён, не ўсе з іх аўтару ўдалося выявіць на мясцовасці і абследаваць, але можна сцвярджаць, што гэтае выданне з’яўляецца найбольш поўнай крыніцай матэрыялаў па старажытнай гісторыі Пастаўшчыны, якая адлюстроўвае ступень вывучанасці раёна, падказваючы шляхі далейшых пошукаў.
У зборы звестак па археалогіі роднага краю актыўны ўдзел бралі вучні удзельнікі навуковага краязнаўчага таварыства «Ювента», сярод якіх тэму старажытнай гісторыі найбольш грунтоўна распрацоўвалі Сяргей Громаў, зараз студэнт гістарычнага факультэта БДУ, і Дзіяна Корсак. Шэраг важных археалагічных знаходак зрабілі вучні з лынтупскага клуба «Нашчаны» пад кіраўніцтвам вядомага краязнаўцы Алеся Гарбуля.
Каштоўныя матэрыялы з далёкай мінуўшчыны сабралі ўдзельнікі краязнаўчага гуртка Гуцкай школы са сваім кіраўніком — гісторыкам і краязнаўцам Мікалаем Арэхам. Актыўную дзейнасць па вывучэнню археалагічных помнікаў пачало навуковае таварыства Лынтупскай школы пад кіраўніцтвам гісторыка Сяргея Васільева.
Аўтар удзячны за парады і кансультацыі пры падрыхтоўцы рукапісу да выдання навукоўцу, кандыдату гістарычных навук Эдварду Зайкоўскаму, атаксама за падтрымку і дапамогу ў зборы матэрыялаў сваім сябрам і аднадумцам Антону Чалею, Алесю Гарбулю, Юрыю Фурсу, Івану Драўніцкаму, Мікалаю Арэху.
Старажытная гісторыя Пастаўскага краю
Старажытная гісторыя ўмоўна падзяляецца на вялікія прамежкі часу, якія прынята называць эпохамі, або вякамі. Яны маюць назвы па характару сыравіны, з якой вырабляліся асноўныя прылады працы. Выдзяляюцца ранні каменны век, або палеаліт (на Пастаўшчыне не зафіксаваны), сярэдні каменны век, або мезаліт (9-3 тысячагоддзі да нашай эры), новы каменны век, або неаліт (3 сярэдзіна 2 тысячагоддзя да н. э.), бронзавы век (сярэдзіна 2 тысячагоддзя VII-IV стагоддзі да н. э.), жалезны век (з VII— IV стагоддзяў да н. э.) Па свайму ўнутранаму развіццю эпохі былі неаднароднымі: у іх выдзяляюцца культуры, якія характарызуюцца формай пасудзін і характарам арнаменту на керамічным посудзе.
Палеаліт і мезаліт
Больш за 15 тысяч гадоў таму тэрыторыя Пастаўшчыны была занята вялікім ледавіком, і таму прыродныя ўмовы былі вельмі суровыя. Лядовы панцыр павольна прасоўваўся па тэрыторыі Беларусі з поўначы (са Скандынаўскіх гор) на поўдзень і спыніўся на мяжы сучасных населеных пунктаў Свір Нарач Глыбокае. 3 гэтай прычыны Пастаўшчына доўгі час была перакрыта пластом лёду, таўшчыня якога складала, напэўна, больш за кіламетр. Як лічаць навукоўцы, тагачасны ледавік меў падабенства з сучаснымі покрыўнымі ледавікамі Грэнландыі і Антарктыды.
Пасля таго, як у выніку пацяплення лядовыя глыбы пачалі раставаць, на паверхні ўтварыліся вялікія азёры і рэкі, значныя па вышыні горы і ўзгоркі з пяску і гліны. У тыя часы
Пасля адступлення ледавіка
паніжэнне на месцы сучаснай Нарацка-Вілейскай нізіны было запоўнена вадой і гэты вадаём меў такія значныя памеры, што нават злучаўся з Балтыйскім морам. ГІад уплывам наносаў, прынесеных ледавіком, утварыліся такія выспы, як Свянцянскія грады, што ляжаць на поўдні Пастаўшчыны, і роўная гліністая Дзісненская нізіна, што зараз займае паўночную частку раёна. Вызваленая з-пад лядовага панцыру і размытая халоднымі водамі мясцовасць нагадвала халодную пустыню. Шматлікія валуны надавалі сур&вы выгляд і так няўтульнаму краявіду.
Мінуў значны час, пакуль на месцы неабжытай халоднай прасторы выраслі густыя лясы, якія пачалі абжываць розныя жывёлы. Сухі і халодны кантынентальны клімат паступова змяняўся больш цёплым і вільготным. Тундравая расліннасць саступала сваё месца бярозава-хваёвым лясам, якія пазней былі выцеснены хваёва-шырокалістымі, дзе побач з хвоямі раслі дубы, клёны, вязы, ясені, вольхі. Расліннасць была добрым сховішчам для такіх звяроў, як
высакародны алень, лось, зубр, дзік, мядзведзь, воўк, тарпан і іншыя.
Як лічаць навукоўцы, першыя людзі прыйшлі на тэрыторыю Пастаўшчыны, верагодна, з поўдня ці з паўднёвага захаду (паўднёвая Беларусь і Польшча) прыблізна ў 9 тысячагоддзі да н. э. Яны займаліся паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам. У гэты час зроблена адно з найвялікшых вынаходстваў чалавека — лук. Гэта дазволіла паляваць невялікімі групамі і нават паасобна, і такое паляванне патрабавала значна меншых намаганняў, чым аблава. Да таго ж, уменне рабіць розныя паляўнічыя прыстасаванні тыпу пастак, сілкоў, лавушак дазволіла перайсці і да палявання на дробных жывёл і птушак. Пошукі лепшых месцаў вымушалі чалавека весці рухомы (не аселы) лад жыцця, і таму ён доўга не затрымліваўся на адной стаянцы. Гэтым, а таксама малалікасцю першажыхароў, можна тлумачыць невялікую колькасць вядомых на сёння стаянак людзей палеалітычнага і мезалітычнага перыядаў. Некалькі паселішчаў таго часу знойдзена каля возера Нарач (Скема, Стругалапы, Кусеўшчына), але натэрыторыі Пастаўшчыны яны пакуль што яшчэ не выяўлены. Пры даследаванні такіх гістарычных мясцін (стаянак) знаходзяць крамянёвыя рэтушаваныя адшчэпы і пласцінкі, скрабкі, наканечнікі стрэл, ножападобныя пласціны, а таксама нуклеусы — вялікія кавалкі крэменю, з якіх адбівалі ці адшчэплівалі дробныя прылады, неабходныя для палявання і апрацоўкі скур.