За смугою мінулых часоў
Старажытная гісторыя і археалагічныя помнікі Пастаўскага краю
Ігар Пракаповіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 112с.
Мінск 2011
3. Войшскілог
У ваколіцах вёскі ўдзельнікамі краязнаўчага гуртка «Нальшчаны» пад кіраўніцтвам А. Гарбуля ў 2000 годзе выяўлены вялікі комплекс паганскіх святыняў балцкіх плямёнаў. Тут знаходзіўся трохметровай вышыні каменны стод, святая крыніца, камень-ахвярнік Лаймы каля свяшчэннай ліпы. раннехрысціянскі могільнік у суседняй вёсцы Радута, шэраг культавых камянёў (Адосяў (Антосяў) камень, Шчапаны камень і іншыя).
4. Гайлюны
На адлегласці 100-150 метраў на паўднёвы захад ад вёскі ў ранейшыя часы знаходзіліся два валуны. Людзі называлі іх Мужык і Баба. Адзін камень стаяў стойма, быў каля 1 м вышынёй і 0,3-0,5 м таўшчынёй, абчэсаны з бакоў і нагадваў слуп чырвонага ці ружовага колеру. Яго звалі Мужык.
Другі камень ляжаў у 1,5-2 метрах ад яго, быў шарападобнай формы, у папярочніку каля 0.5 м, светла-шэрага колеру. На думку навукоўцаў, гайлюнскія камяні адносіліся да культу паганскай багіні Мары-Марэны-Мар'і, які, магчыма, быў звязаны з працягам роду, шлюбнай тэмай. Камяні не захаваліся.
5. Лынтупы
Паганскае капішча знаходзіцца ў лесе за 0,3 км на поўдзень ад мястэчка ва ўрочышчы Лакаварацкі Востраў. Захаваўся натуральны пагорак, з паўночна-заходняга боку якога знойдзены слой попелу і фрагмент даўняй падковы, якую навукоўцы адносяць да позняга жалезнага веку. Капішча выявіў А. Гарбуль, даследаваў Э. Зайкоўскі.
6. Навікі
На паўночна-заходнім беразе ляснога возера Баравога ў ваколіцах в. Навікі знаходзіцца ўзгорак Баб’я гара. Па аналогіі з аднайменнымі ўзгоркамі (Б.А. Рыбаков. «Язычество древней Русн», М., 1987), якія даследаваліся археалагічна, можна меркаваць, што ў паганскія часы на Баб’ей гары магло быць свяцілішча нейкай багіні. Археолаг Э. Зайкоўскі абследаваў гэта месца, аднак культурны пласт на ўзгорку выявіць не ўдалося.
7. Паставы
Да нядаўняга часу на Гарадзішчы (Востраве) за касцёлам каля ракі Мядзелкі рос тысячагадовы дуб. Як мяркуе археолаг Л. Дучыц, дрэва было культавым, a каля яго месцілася капішча. У 2008 годзе дуб спілавалі, бо ён згубіў трываласць з прычыны вялікага дупла,
Рэшткі культавага дуба
якое часткова ўтварылася само, часткова было выпалена людзьмі.
8. Раманішкі
Пры ўездзе ў вёску з боку Лынтупаў злева ад дарогі ўздымаецца высокая гара. Як мяркуе мясцовы краязнаўца А. Гарбуль, тут знаходзілася старажытнае балцкае капішча. На гэта паказвае і назва вёскі: у літоўскай мове «romuva» — свяцілішча старажытных балцкіх плямёнаў.
9. Радута
Каплічная брама ў Радуце
Амаль у цэнтры вёскі знаходзіцца правільнай формы ўзгорак, на якім размяшчаецца раннехрысціянскі могільнік. Раней, верагодна, на гэтым месцы было капішча. Гэты археалагічны помнік выявіў А. Гарбуль.
У 2005 годзе тут усталяваны помнік «Каплічная брама» (аўтар — мастак А. Цыркуноў).
10. Стукаўшчына
У ваколіцах вёскі лынтупскім краязнаўцам А. Гарбулем выяўлены вялікі паганскі культавы комплекс, які, магчыма, з’яўляўся галоўным свяцілішчам Нальшчанскай зямлі. Дэталёва ён даследаваўся гісторыкамі В. Вайткявічусам і Э. Зайкоўскім, а таксама ўдзельнікамі краязнаўчага гуртка Лынтупскай школы пад кіраўніцтвам С. Васільева.
Аб’ектамі, якія пацвярджаюць знаходжанне тут паганскага капішча, з'яўляюцца тысячагадовы дуб, з-пад каранёў якога біла раней крыніца, гара Каўказ (kaukas (літ.) — чорт), балота Аселіца, з якім звязана некалькі легенд. Недалёка ад дуба знаходзіцца ўрочышча Падбаба, дзе ёсць святая крыніца і быў камень-ахвярнік. Там жа знаходзіцца і камень-следавік. Паблізу выяўлена група камянёў са знакамі і легендамі (Камень-Дзед, Камень-Ложак, акамянелая крыніца са святой вадой). Ва ўрочышчы Навіна знаходзяцца два камяні з дзіркамі. У гэтай мясцовасці ёсць і вадаём, які патрабаваў ахвяр — там нібыта водзяцца русалкі, вадзянікі, часта там тапіліся людзі. Асаблівасцю мясцовасці з’яўляецца тое, што яна знаходзіцца на водападзеле трох рэк: Янавіцы, Свілы і Лынтупкі.
11. Янанішкі
За 1 км на паўднёвы ўсход ад вёскі ва ўрочышчы Падкамень, верагодна, знаходзілася капішча. Пра гэта сведчаць два вялікія плоскія валуны, наяўнасць былой крыніцы і мясцовыя легенды. Выявіў археалагічны помнік А. Гарбуль. Паводле яго рэканструкцыі, «на заходнім схіле невялікай гары ў яме ляжалі два (а мо тры) камяні плітападобнай формы — паганскі ахвярнік, з-пад камянёў біла “святая” крыніца. На камянях (а мо і ў крыніцы) ляжалі розныя ахвяраванні, на адным з камянёў або побач з ім гарэў незатухаючы ні днём, ні ноччу святы агонь, які падтрымліваўся паганскім святаром, а на вяршыні гары, хутчэй за ўсё, стаяў стод паганскага бога». Па звестках старажылаў, калі расчышчалі крыніцу, то там было шмат даўнейшых манет.
12. Янчукі
На паўночна-заходняй ускраіне вёскі за будынкам калгаснай бухгалтэрыі знаходзіцца адметная Паўлава гара. Абследаванне паказала, што на ёй у старажытнасці, магчыма, месцілася капішча. Вышыня гары каля 15 метраў. Ад яе, аддзеленая неглыбокай лагчынай, у напрамку на паўночны ўсход адыходзіць 20-метровая града. На ўсходнім схіле гары выяўлена група валуноў з прыкметамі апрацоўкі. Найбольшы востры камень знаходзіцца ў цэнтры, каля яго — плоскі камень і шэраг урослых у зямлю валуноў. На штучнасць гэтай валуннай групы паказвае тое, што на іншых схілах валуноў не знойдзена.
Археалагічны помнік выяўлены удзельнікамі краязнаўчай экспедыцыі навуковага таварыства «Ювента» ў верасні 2010 года пад кіраўніцтвам I. М. Пракаповіча і М. У. Арэха.
Абследаванне Паўлавай гары
13. Яцавічы
На вяршыні гары Гарадзішча, што знаходзіцца за 0,5 км на ўсход ад вёскі на беразе азёр Вялікая і Малая Світа, верагодна, знаходзілася паганскае капішча. Пра гэта сведчыць легенда, паводле якой там стаяў касцёл, які праваліўся скрозь зямлю, і зараз зрэдку чуваць, як у глыбіні б’юць званы. Як піша Э. Ляўкоў у кнізе «Маўклівыя сведкі мінуўшчыны», «яшчэ ў мінулым стагоддзі А. Багдановіч прааналізаваў падобныя павер’і і прыйшоў да высновы, што ў такіх мясцінах, відаць. былі закінутыя або разбураныя язычніцкія капішчы».
Працяг будзе...
Звычайна кніга заканчваецца кропкай. У канцы нашага выдання мы мусім паставіць шматкроп’е. Кніга не скончана і невядома калі наблізіцца да завяршэння. I гэта зразумела, бо працэс пошукаў даўніх памятак мінуўшчыны доўгі, марудны і далёка не заўсёды выніковы.
У гэтым выданні сабраныя толькі тыя звесткі па старажытнай гісторыі і археалогіі Пастаўшчыны, якія былі зафіксаваны ў справаздачах і кнігах навукоўцаў, названы помнікі, якія выяўлены і апісаны пад час экспедыцый гісторыкаў і краязнаўцаў. Але ж зразумела, што вялікая колькасць памятак даўнейшага мінулага ляжыць у зямлі і чакае сваіх даследчыкаў. А першаадкрывальнікам гістарычных помнікаў можа стаць навуковец-спецыяліст, а можа і вучань, які прачытаў гэту кнігу і захапіўся далёкай мінуўшчынай роднага краю.
Між іншым, узнікае цікавае пытанне: а колькі іх, неадкрытых помнікаў старажытнасці? Колькі яшчэ гарадзішчаў, селішчаў, курганных могільнікаў можа быць выяўлена ў нашых мясцінах? Адказаць дакладна на гэта пытанне немагчыма, але можна паспрабаваць палічыць прыблізна. Падлікі можна рабіць рознымі спосабамі, але, відавочна, яны павінны грунтавацца на вядомых гістарычных і археалагічных звестках аб умовах і асаблівасцях жыцця людзей у тую эпоху.
У пачатку нашай эры першажыхары Пастаўшчыны жылі радавымі сем'ямі, вялі аселы лад жыцця, займаліся пераважна паляваннем і рыбалоўствам, і таму ладзілі свае паселішчы каля рэк і азёр. У Пастаўскім раёне налічваецца каля 130 азёр і каля 80 рэк. Калі зрабіць дапушчэнне, што паблізу кожнага вадаёма месцілася па аднаму старажытнаму
паселішчу, то можна меркаваць, што на тэрыторыі раёна знаходзіцца каля 200 месцаў пражывання старажытных людзей.
Зразумела, што не каля кожнага вадаёма былі спрыяльныя ўмовы для пражывання і таму не ўсе яны былі заселены. Але заўважым, што на берагах адной ракі магло знаходзіцца некалькі паселішчаў, ды і ўзнікалі яны на працягу доўгага часу. Так што пакуль, можна лічыць, адкрыта толькі чвэрць тых гарадзішчаў і селішчаў, якія існавалі ў даўнейшыя часы.
Як бачым, Пастаўская зямля хавае яшчэ шмат археалагічных таямніц у сваіх нетрах, і ў кожнага чытача ёсць досыць вялікія шанцы стаць першаадкрывальнікам. А гэта цікава, пачэсна і карысна для грамадства. Хочацца спадзявацца, што ў хуткім часе мы даведаемся пра новыя гарадзішчы і селішчы, прачытаем апісанне нязнаных раней курганных могільнікаў, зможам убачыць рэшткі даўніх капішчаў, а можа, нават і старажытных абсерваторый.
У гэтай кнізе пытанняў, напэўна, болып, чым адказаў. Многія археалагічныя помнікі патрабуюць дадатковага вывучэння, некаторыя звесткі варта праверыць і ўдакладніць, для значнай колькасці — арганізаваць ахову і зберажэнне. I кніга гэтая, па-сутнасці. з'яўляецца базай, асновай для далейшых пошукаў. I абсягі тут вельмі шырокія. Трэба шукаць.
Толькі як шукаць? Можна даць некаторыя практычныя парады, якія назапасіліся з вопыту экспедыцый навуковага краязнаўчага таварыства «Ювента». Спачатку варта дэталёва вывучыць гістарычныя і сучасныя карты той мясцовасці, дзе плануецца правядзенне археалагічнай разведкі. У першую чаргу неабходна звярнуць увагу на водныя аб’екты: рэкі, азёры, балоты. Менавіта каля вады ў даўнейшыя часы сяліліся людзі, а балоты раней маглі быць
мелкаводнымі затокамі або самастойнымі вадаёмамі. На тапаграфічных картах па нанесеных гарызанталях можна вызначыць узгоркі, абрывы, спрамленні рэчышчаў, гаці, старыя могільнікі. Гэтыя аб’екты падказваюць месцы, якія варта было б уважліва агледзець і, можа быць, зрабіць невялікія прыкопкі. Раскопкі без спецыяльнага дазволу рабіць забаронена. Ды гэта і непатрэбна — імі павінны займацца спецыялісты-гісторыкі. А вось знайсці помнік даўніны — вялікая ўдача. I тут на дапамогу прыходзіць не толькі рыдлёўка, але і самы лепшы археолаг — крот. Бывае дастаткова ўважліва агледзець і перацерці ў руках глебу кратавін. як становіцца зразумела, што пад нагамі знаходзіцца старажытнае паселішча. Пра гэта сведчыць насычана чорнага колеру зямля, кавалкі гліняных пасудзін, апрацаваныя каменьчыкі, рэшткі костак. і, бывае. камочкі балотнай руды ці пераплаўленага жалеза. Пад’ёмны матэрыял трэба сабраць у пакет, у які пакласці аркуш паперы з запісам пра тое, хто, калі і дзе сабраў гэтыя цікавыя знаходкі. Гэта месца потым варта нанесці на карту, сфатаграфаваць, а сабраныя матэрыялы перадаць археолагам. Яны ацэняць каштоўнасць знаходак і, калі ёсць патрэба, правядуць дэталёвыя даследаванні гэтага помніка, каб вызначыць, якія плямёны і калі тут жылі, чым займаліся, да якой археалагічнай культуры адносіліся. I можа быць так, што гэтыя адкрыцці прыадчыняць яшчэ адну схованку, у якой знаходзяцца скарбы мінулых стагоддзяў.