Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча  Дзяніс Марціновіч

Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча

Дзяніс Марціновіч
Выдавец: Чатыры чвэрці
Памер: 178с.
Мінск 2014
35.48 МБ
і даведаўся, што Уладзімір закахаўся ў Брэсце ў харошую дзяўчыну». 12 лютага 1968 года Геніюш зноў піша з Зэльвы Зосьцы Верас: «Зусім цёпла пагутарылі і з дзяўчынай Караткевіча. Яна ад іхужо паехала, але прыслала мне пачку дэтэктывак, і відно, што ёй, беднай, нявесела... Штоў іх атрымаецца, не ведаю».
Паколькі закаханым хацелася бачыцца часцей, Валянціна вырашыла перабрацца ў Мінск. Спярша паспрабавала ўладкавацца ў Інстытут гісторыі Акадэміі навук, але туды яе не ўзялі. «Таму што была жанчына, якая мела пэўныя планы на Караткевіча і якаяўсё не пакідала надзеі на адносіны, — расказваў Адам Мальдзіс. — Вось гэтая жанчына і пайшла да дырэктара інстытута, нагаварыла ўсякага: што прыйдзе Валя і разваліць усю працу». Тады Караткевіч парушыў свой прынцып (ні за каго не прасіць) і дапамог уладкаваць Валянціну ў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук. Летам 1969 года яна пераехала ў Мінск. За два гады да гэтага Караткевіч атрымаў двухпакаёвую кватэру на вуліцы Веры Харужай, 48. Менавіта тут Уладзімір Сямёнавіч пасяліў Антона Косміча, галоўнага героя рамана «Чорны замак Альшанскі» (1979). Гэтую кнігу аўтар прысвяціў менавіта Валянціне: «В. К., якой гэты раман абяцаў дзесяць год назад, з удзячнасцю». Прычым сам Уладзімір Сямёнавіч жартоўна прызнаваўся, што паабяцаў ёй напісаць дэтэктыўны твор у першы дзень знаёмства.
Караткевіч пісаў у рамане: «Раніцай мяне разбудзіў залівісты крык пеўня, а пасля адчайнадушнае, надрывістае кувіканне парасяці... Як на вёсцы». Кожны тыдзень па дарозе ад дома адкрываўся Старажоўскі рынак, дзе гандлявалі жывёламі і птушкамі. Расказвалі, што пісьменнік прыходзіў на рынак, купляў галубоў і тут жа адпускаў іх на волю.
Калегі запомнілі Валянціну «блакітнавокай у акулярах бландзінкай, крыху паўнаватай, але зграбнай, у м.аленькай чорнай класічнай сукенцы, якая ёй вельмі пасавала». Справай яе прафесійнага жыцця стаўудзел у стварэнні «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі». Як пісаў Адам Мальдзіс, тое, што зрабіла
Валянціна Браніславаўна для падрыхтоўкі «Збору...», для таго, каб «ён ішоў “без купюр”, можна смела назваць навуковым подзвігам, грамадзянскай мужнасцю. Яна бясконца ездзіла ў экспедыцыі, абараніла не адзін помнік архітэктуры, пісала сама артыкулы і брашуры і рэдагавала чужыя». У 1990 годзе Валянціна Караткевіч (пасмяротна) разам з іншымі аўтарамі была ўзнагароджана за выданне Дзяржаўнай прэміяй БССР.
Як сцвярджае I. Гатоўчыц, «амаль з першых дзён працы Валі да нас пачаў заходзіць Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч». Зрэшты, пасля пераезду ў Мінск Валянціна жыла ў сям’і пісьменніка. Але з Уладзімірам яна не распісвалася. «Многія сябры пісьменніка, яго блізкае асяроддзе не ўзрадаваліся яе з’яўленню, бо Валодзя для іх знік, — успамінала Любоў Рабушка. — Раней у Караткевіча, па сутнасці, была халасцяцкая кватэра, у якой можна было збірацца і весела бавіць час. Сябры адгаворвалі Валодзю жыць разам з Валянцінай. Адзін сябар казаў мне: “Пагаварыце з Валянцінай, не ўвязваецца гэта”. Але маці Караткевіча вельмі прывязалася да Валі. Маладая жонка ўзяла гаспадарку ў свае рукі і хутка разагнала п’яную кампанію».
Тое ж кажуць і сябры пісьменніка. Як сцвярджаў археолаг М. Чарняўскі, «Валянціна стала яму іжонкай, і ахоўніцай, і нянькай, і медсястрой, і лекарам. Найперш яна разагнала прыліпал з бутэлькамі, частка якіх мэтанакіравана старалася спаіць пісьменніка. Яна ўпарадкавала яго побыт, апекавалася, вызваляючы час для творчасці, ствараючы для гэтага ўтульнасць і спакой». Той жа думкі прытрымліваецца літаратуразнаўца А. Мальдзіс: «3 прыходам у дом Валянціны Браніславаўны ў многім змяніўся ўклад Валодзевага жыцця. Нягледзячы на сваю навуковую занятасць, яна ўзяла на сябе многія бытавыя клопаты. Перасталі наведвацца некаторыя знаёмыя з “халасцяцкімі” звычкамі. Іх месца занялі калегі па рабоце Валянціны Браніславаўны».
Шлюб, які «цягнуўся ўжо некалькі гадоў», быў зарэгістраваны толькі 19 лютага 1971 года. Валянціна, якая ўзяла прозвішча мужа, абмяняла сваю двухпакаёвую кватэру ў Брэсце на пакой
у Мінску. Праз два гады гэты пакой разам з двухпакаёвай кватэрай Караткевіча па вуліцы Веры Харужай, 48 абмянялі на трохпакаёвую кватэру (па вуліцы Карла Маркса, 36). Там Валянціна, Уладзімір і маці пісьменніка жылі да сваіх апошніх дзён.
Як пісаў Адам Мальдзіс, у новай кватэры ў пісьменніка нарэшце «з’явіўся асобны кабінет для работы. Ажаніўшыся, Караткевіч стаў часцей адпачываць — у сваім любімым Кактэбелі, а таксама ў Гаграх, Дубултах. Хоць і ўсялякае бывала ў жыцці, Караткевіч быў удзячны жонцы за яе паўсядзённыя клопаты».
Але чаму шлюб быў зарэгістраваны не адразу? «Валодзя тады збіраўся ў Славакію, дзе перавялі яго кнігу, — кажа Любоў Рабушка. — Хацеў узяць з сабой і Валянціну. Але калі сталі афармляць дакументы, паўстала пытанне: а які яе статус? Тады яны пайшлі і адразу распісаліся. Чаму гэта не зрабілі раней? Што тычыцца Караткевіча, дык адназначна адказаць складана. Адносна Валянціны, мяркую так. Яна вельмі яго любіла. А яшчэ мела перадавыя погляды. Таму не лічыла прынцыповым — іх адносіны афіцыйна зафіксаваныя ці не. Галоўнае — разам».
«Калі яны сышліся, то па сутнасці жылі на Валіну зарплату і знаходзіліся ў вельмі складанай фінансавай сітуацыі, — працягвае Любоў Рабушка. — 3 намі працаваў Сцяпан М., які быў у адной кампаніі з Караткевічам. Распавядаў, як іх цягалі ў КДБ, спрабуючы прыпісаць удзел у нацыяналістычнай арганізацыі. Калі ён сустракаў у калідорах КДБ Караткевіча або кагосьці іншага, то іхставілі тварам да сцяны, каб немаглі выпадкова ўбачыць адзін аднаго і перакінуцца словам. Сам М. доўгі час не мог нідзе ўладкавацца (хоць з’яўляўся кандыдатам мастацтвазнаўства), пазней працаваў у Кніжнай палаце».
Калі Караткевіча сталі больш друкаваць і перакладаць, у сям’і пісьменніка нарэшце з’явіліся грошы. У іх кватэры мелася шмат драўляных і керамічных скульптурак, абразоў, археалагічных рэчаў, якія гаспадары прывозілі з падарожжаў і камандзіровак.
Зразумела, у параўнанні з папярэднімі гераінямі даследавання вобраз Валянціны прадстаўлены ў мастацкай літаратуры дастаткова
сціпла. Са значных твораў пісьменнік прысвяціў ёй толькі раман «Чорны замак Альшанскі». Але мяркую, што Караткевіч нарэшце знайшоў у Валянціне свой ідэал і асабістае шчасце. Як вядома, адны жонкі пісьменнікаў, не прэтэндуючы на першыя ролі, займаюцца гаспадаркай, дзецьмі, перадрукоўваюць тэксты. А іншым творцам неабходны побач духоўна роўны чалавек. I зразумела, калі муж і жонка — творчыя людзі, нікому не хочацца сыходзіць у цень. Узаемаадносіны Караткевіча з Раісай Ахматавай, Нінай Молевай і Навэлай Матвеевай — найлепшы таму прыклад. А вось Валянціна Браніславаўна, сама таленавіты вучоны, усё ж забяспечвала мужу тыл. Мяркую, у ёй Караткевіч і знайшоў «залатую сярэдзіну».
Урэшце Валянціну Браніславаўну прыняла і бліжэйшае атачэнне пісьменніка. 5 ліпеня 1971 года Ларыса Геніюш пісала Paice Жук-Грышкевіч: «Валя цудоўная як гаспадыня хаты. Гасцінная, мілая, вельмі культурная і даволі абаяльная, прыгожая. <...> Валя здзівіла мяне, 6о гутарыць цяпер выключна на роднай мове».
Валянціне і Уладзіміру было адмерана крыху больш чым дзесяцігоддзе сямейнага шчасця. «Усю душу Валянціна аддавала навуцы і Караткевічу. Жыла яго справамі і творамі, яго працай, даглядала яго маму», — успамінала Любоў Рабушка. Пра ўзаемаадносіны Валянціны і Уладзіміра сведчыць той факт, што пісьменнік цяжка перажываў хваробу жонкі. 8 ліпеня 1982 года, калі стан здароўя Валянціны Браніславаўны пагоршыўся і яе забралі ў бальніцу, Караткевіч напісаў верш «Ў бездарожжа для тых, каму шчасціць...». Стаўленне да жонкі відаць ужо ў аўтарскай пазнацы: «Свет повен мною, як шар зямны вадою. IIА я не магу падаць табе глытка вады».
Нарэшце, сам верш:
«Ў бездарожжа для тых, каму шчасціць, Дагарае ўначы маё сэрца...
Ты дала мне імгненнае шчасце, Я табе даў за гэта бяссмерце.
1	калі ты падзякаю, болем,
Азарыла мне прорвы сусвету,
Я сказаў:
“Болый, напэўна, ніколі
Мы на свеце не ўбачымся гэтым".
1	табе — хай нас людзі рассудзяць — Я зайздроснай аддзякую доляй: Ты — ніколі — мяне не забудзеш.
Ты мяне не ўбачыш ніколі.
Ў ноч самоты, і ў цемры магілы Будзе смага адна тваёй доляй: Ты забыць мяне будзеш не ў сілах, I са мною... ніколі.
Ніколі».
«Калі Валянціна захварэла, я наведвала яе ў Бараўлянах, — распавядала Любоў Рабушка. — Яна мужна пераносіла свае пакуты. Ведала свой дыягназ, але трымалася малайцом». 28 лютага 1983 года Валянціна Браніславаўна пакінула гэты свет. 25 ліпеня 1984 года Уладзімір Сямёнавіч рушыў услед за ёй.
Ужо пасля смерці Валянціны ўкраінскі пісьменнік Мікалай Амельчанка «спытаў у Валодзі, якой усё-ткі была яго жонка, бо сам Валю так і не ўбачыў. I ён адказаў сумна, крыху падняўшы галаву, гледзячы ў цёмнае неба, нібыта дзесьці там, у невядомай вышыні, убачыў яе:
— Яна не была прыгажуняю, але валодала дзіўнай духоўнай абаяльнасцю. Яна была каралевай духоўнасці...».
Раіса Ахматава
Уладзімір Караткевіч і Ніна Молева. 1959 г.
Фота з кнігі «Уладзімір Караткевіч. Быў. Ёсць. Буду» і часопіса «Москва».
Навэла Матвеева
Галіна Бальчэўская
Галіна Бальчэўская ў спектаклі «Дагарэла свечачка». 2004 г.
Уладзімір Караткевіч
і Валянціна Караткевіч. 1977 г.
Валянціна Караткевіч (Ватковіч). Канец 1940-хпачатак 1950-х гг. 3 асабістага архіва Любові Рабушкі
Злева направа: Міхась Забэйда-Суміцкі, Валянціна Караткевіч, Уладзімір Караткевіч, Вацлаў Жыдліцкі. Прага. 1972 г. Фота Сяргея Панізьніка
Злева направа: Уладзімір Караткевіч, Валянціна Караткевіч і маці пісьменніка Надзея Васільеўна. 1969 г.
Валянціна Караткевіч.
Мінск. Снежань 1981 г.
Раздзел II
Калі прыбдзе беларускі Андрз Марда?
Нк стварыць пітаратурнуні біяграфію
(Палемічныя нататкі)
Кожная нацыянальная літаратура (а таксама звязаныя з ёй навукі, у прыватнасці літаратуразнаўства) з’яўляецца асобным светам, цывілізацыяй. Аднак кожная з іх існуе па агульных для ўсіх законах. Перыядычна нацыянальная літаратура сустракаецца з пэўнымі цяжкасцямі, пераадоленне якіх дазваляе акрэсліць і завастрыць надзённыя праблемы, што паўсталі ў грамадстве, спрыяе росту цікавасці да твораў і далейшаму развіццю прыгожага пісьменства. Калі карыстацца тэрміналогіяй англійскага гісторыка Арнольда Тойнбі, якую ён ужыў для характарыстыкі сусветных цывілізацый, гэта катэгорыі «выкліку» і «адказу».