Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча
Дзяніс Марціновіч
Выдавец: Чатыры чвэрці
Памер: 178с.
Мінск 2014
Ці не першым такім выклікам было пытанне аб праве беларусаў «людзьмі звацца», размаўляць і пісаць на сваёй мове, у выніку чаго беларуская літаратура падаравала свету нашаніўскае адраджэнне, творчасць Купалы, Коласа, Багдановіча, Гарэцкага... Праз дзесяцігоддзі пасля Вялікай Айчыннай вайны з’явілася неабходнасць расказаць пра яе не ў гераічна-пафасным стылі, а паказаць яе як найвялікшую сусветную трагедыю. Так, у савецкай мастацкай прасторы з’явілася «лейтэнанцкае пакаленне», а ў беларускую літаратуру прыйшоў Васіль Быкаў. Няўвага да свайго мінулага і каранёў сфарміравала ў беларускім пасляваенным грамадстве нацыянальны нігілізм. Такі дыягназ яшчэ ў «Лістках календара» канстатаваў Максім Танк, які зазначыў, што беларуская літаратура зачакалася свайго Вальтэра Скота. Неўзабаве ў літаратурнай прасторы з’явіўся Уладзімір Караткевіч. Казаць пра канчатковае вырашэнне «гістарычнага пытання» яшчэ рана, але ўражвае, колькі зроблена за апошнія дзесяцігоддзі.
За гады незалежнасці нацыянальная літаратура часам з большым, часам з меншым поспехам спрабавала вылучыць у сваіх шэрагах аўтараў-фантастаў, крочыць у нагу з суседзямі ў дэтэктыўным жанры, «прышчапіць» на беларускім дрэве галіну постмадэрнісцкай традыцыі.
Цяпер жа перад намі паўстаў новы выклік — праблема разрыву паміж грунтоўна напісанымі літаратуразнаўчымі даследаваннямі, непадрыхтаванай да іх чытацкай аўдыторыяй і амаль поўнай адсутнасцю папулярных біяграфій пра жыццё літаратурных класікаў. Інакш кажучы, праблема адсутнасці ў беларускай літаратурнай прасторы свайго Андрэ Маруа (знакаміты французскі пісьменнік, аўтар бліскучых біяграфій Шэлі, Байрана, Вальтэра, Шатабрыяна, Жорж Санд, Гюго, Дзюма, Бальзака і шэрагу іх калег па пяры).
Вырашэнне пастаўленай праблемы можна падзяліць на два аспекты: стварэнне папулярнай літаратуры для навучэнцаў і для дарослых. Як не згадаць традыцыі савецкіх часоў, калі для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту было напісана мноства папулярных выданняў? Памятаю, маё знаёмства з гісторыяй рускай літаратуры пачалося з кнігі Надзеі Шэр «Апавяданні пра рускіх пісьменнікаў». Вядома, у той кнізе былі маленькія недахопы: у катэгорыю класікаў — за сваё дзекабрысцкае мінулае — трапіў Рылееў, не было Дастаеўскага (зрэшты, можа школьнікам сапраўды было зарана чытаць пра Радзіёна Раскольнікава?), гістарычныя недакладнасці сустракаліся ў апісанні грамадскай пазіцыі Горкага. Але біяграфіі Пушкіна, Лермантава, Тургенева, Талстога, Чэхава, іншых рускіх пісьменнікаў былі прачытаны на адным дыханні яшчэ да знаёмства з іх асноўнымі творамі. Прынцып пабудовы тэксту фарміраваўся як храналагічна-біяграфічны, але ў адпаведных раздзелах гаворка ішла пра змест, сэнс і значэнне найбольш вядомых аповесцей і раманаў. Такім чынам, адбывалася своеасаблівая падрыхтоўка да іх успрымання. Аўтар станавіўся не чужым і халодным пісьменнікам з партрэта, што вісеў над дошкай у класе рускай мовы і літаратуры.
а жывым чалавекам, аднадумцам, старэйшым сябрам, чытанне твораў якога ператваралася з абавязку ў свята.
Можа падацца, што такія кнігі варта чытаць толькі ў школьныя гады. Але звычайна яны напісаны так проста, даступна, без прэтэнзій на літаратуразнаўчыя і мастацтвазнаўчыя адкрыцці, у якіх часам можна заблытацца. Таму ідэальна падыходзілі для знаёмства з раней невядомым светам. Адначасова такія выданні дапамагаюць атрымаць грунтоўныя, базавыя веды ў тых сферах мастацтва, якія па пэўных прычынах у маладосці аказаліся паза ўвагай. Таму той, хто зацікавіцца гісторыяй балета, наўрад ці абміне кнігу Валянціны Пасюцінскай «Чароўны свет танца», тэатралам-пачаткоўцам прыйдзецца даспадобы праца Аляксандра Кузьміна «Ля вытокаў рускага тэатра», а аматары оперы не прапусцяць выдання «У свеце оперы» Людмілы Міхеевай і Таццяны Розавай. Нават папулярная расійская энцыклапедыя «Авантач», хоць афіцыйна і разлічана на школьнікаў, можа прыдацца нават пры падрыхтоўцы да семінараў у ВНУ
Ці выдаваліся кнігі такога кшталту ў Беларусі? Ці могуць беларускія школьнікі даведацца пра падрабязнасці біяграфіі беларускіх пісьменнікаў, знакамітых драматычных артыстаў, спевакоў? Баюся, адказам будзе маўчанне.
Што датычыцца кніг для дарослых, дык пакуль што адзіная паўнавартасная папулярная біяграфія беларускага пісьменніка выйшла яшчэ ў 1982 годзе ў Маскве ў знакамітай серыі «ЖЗЛ». Гаворка, як можна здагадацца, пра кнігу «Янка Купала» Алега Лойкі. (Праз два гады, у 1984-м, раман-эсэ «Як вада, як агонь...» выйшаў асобнай кнігай у Мінску, у выдавецтве «Мастацкая літаратура».)
У большасці чытачоў раман выклікаў неверагодную цікавасць і захапленне. Смеласцю ў абмалёўцы вобраза галоўнага героя, тонкай псіхалагічнай пераканаўчасцю, захоплена-рамантычным ракурсам успрымання творчасці класіка беларускай літаратуры і культавай асобы. Варта заўважыць, што такая значная праца, як «Янка Купала», магла з’явіцца толькі дзякуючы шматграннасці
асобы яе аўтара, Алега Лойкі, які спалучаў у сабе вядомага літаратуразнаўцу, аўтара шматлікіх артыкулаў і аглядаў, аўтара грунтоўнай «Гісторыі беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд» і адначасова паэта, чулага да праяў паэтычнага таленту іншых.
Разам з тым раман і цяпер выклікае палеміку ў пэўных літаратурных і мастацкіх колах. На думку апанентаў, у асобных яго раздзелах адчуваецца водгулле савецкага часу. У А. Лойкі можна сустрэць і крыху іранічнае стаўленне да асобных дзеячаў беларускага нацыянальнага руху, і факты, якія трактуюцца зусім не гістарычна. Магчыма, цяпер асобныя раздзелы «Янкі Купалы» патрабуюць пэўных каментарыяў. Але заўзятыя крытыкі, якія самі наўрад ці здолеюць напісаць нешта падобнае, не ўлічваюць, што гэта ці не адзіная кніга такога жанру, напісаная для чытача, а не для спецыяліста. Чытаецца яна лёгка, аналіз твораў і разгляд падзей жыцця паэта арганічна паядноўваюцца.
Таму сітуацыя з літаратурнымі біяграфіямі ў нашых усходніх суседзяў выглядае марай-ідэалам. Ва ўзгаданай вышэй серыі «ЖЗЛ» у свой час выходзілі біяграфіі Пушкіна, Лермантава, Гогаля, Някрасава, Чэхава, Цютчава, Дастаеўскага, СалтыковаШчадрына — там прадстаўлены практычна ўсе найбуйнейшыя асобы рускай літаратурнай класікі XIX ст. Можа, уся справа ў тым, што росквіт нашай літаратуры адбыўся на стагоддзе пазней і мы яшчэ не паспелі сабраць неабходныя матэрыялы? Але тут варта згадаць пра бліскучую працу Дзмітрыя Быкава, прысвечаную Барысу Пастарнаку, які памёр на чатыры гады пазней за Якуба Коласа, у 1960-м. Або фундаментальную кнігу Людмілы Сараскінай, якая мае 992 старонкі (!) і прысвечана жыццю і творчасці Аляксандра Салжаніцына. Кніга пачала стварацца яшчэ пры жыцці героя і выйшла ў 2008-м, у год яго смерці.
Хтосьці справядліва заўважыць, што сучасных біяграфій беларускіх пісьменнікаў нашмат больш, і згадае нарыс «Абуджаная памяць» Анатоля Вераб’я пра Уладзіміра Караткевіча, «Нескароны талент» Міхася Мушынскага пра Міхася Зарэцкага,
даследаванні «Іван Шамякін: нарыс жыцця і творчасці» Віктара Каваленкі, «Іван Чыгрынаў» Алеся Марціновіча, «Іван Мележ» Уладзіміра Гніламёдава... Алеўсе пералічаныя кнігі з’яўляюцца не біяграфіЯхМІ, а нарысамі жыцця і творчасці, з тым удакладненнем, што ўласна творчасць дамінуе. Магчыма, гэта, так бы мовіць, літаратура больш высокага пілатажу. Але яна патрабуе і большай падрыхтаванасці ад чытачоў, бо калі хаця б асобныя творы пісьменніка раней не былі прачытаны, адкрываць старонкі такіх нарысаў будзе псіхалагічна складана.
Відавочна, што нарысы жыцця і творчасці павінны з’яўляцца наступным этапам пасля папулярных біяграфій. Таму давайце ўявім, што мы з вамі, маладыя даследчыкі літаратуры, вырашылі напісаць такую папулярную біяграфію аднаго з беларускіх класікаў, якая прымусіла б усіх чытаць яго творы. Каб чуткі пра яе пайшлі не толькі па нашай зямлі, але і «па ўсёй Русі вялікай», і па Еўропе, і па Амерыцы. Наіўныя! Мы нават не здагадваемся, колькі праблем чакае нас наперадзе.
Каркасам альбо «шкілетам» любой біяграфічнай працы з’яўляецца факталогія. Інакш кажучы, летапіс жыцця і творчасці пісьменніка. Але зараз вядомы толькі пяць «летапісаў», выдадзеных асобна. Яны прысвечаны жыццю і творчасці Якуба Коласа (дзве кнігі Міхася Мушынскага, што выйшлі ў 1982-м і 2012-м), Максіма Гарэцкага (Таццяна Дасаева), Міхася Лынькова (Міхась Кенька) і Аркадзя Куляшова (Тэрэза Голуб). У іх уведзены ва ўжытак як інфармацыя з дзённікаў, асабістай перапіскі творцаў, так і архіўныя матэрыялы, і вынік працы іншых даследчыкаў. Астатнія «летапісы» звычайна змешчаны ў зборах твораў пісьменнікаў і ўтрымліваюць толькі асноўныя даты жыцця і творчасці.
У ідэале неабходны матэрыял для напісання біяграфій павінны прапаноўваць навуковыя канферэнцыі, прысвечаныя творчасці таго ці іншага пісьменніка. У Беларусі іх праводзіцца нібыта дастаткова. На агульным фоне найболып плённай выглядае праца арганізатараў «Каласавін» і Гарэцкіх чытанняў, якія штогод ладзяць канферэнцыі і пры гэтым своечасова выдаюць
зборнікі дакладаў. Зрэшты, гэта сапраўды падзвіжніцкая праца групы энтузіястаў, сканцэнтраваных вакол музея Якуба Коласа і фонда імя братоў Гарэцкіх, пакуль не ацэнена як след і, на жаль, не зрабілася прыкладам у літаратуразнаўстве.
Тройчы (1995, 2005, 2010) у Оршы ладзіліся канферэнцыі, прысвечаныя Уладзіміру Караткевічу. Калі матэрыялы першай выйшлі праз пяць гадоў, у 2000-м, дык матэрыялы другой дагэтуль чакаюць свайго выдаўца. На працу Караткевічаўскіх чытанняў напрамую паўплывала і асабістае знаёмства большасці яго ўдзельнікаў з пісьменнікам, чаго па зразумелых прычынах не магло адбыцца на «Каласавінах», а тым болей на Гарэцкіх чытаннях. Таму калі першыя чытанні больш нагадвалі канферэнцыю, дык другія пераўтварыліся, па сутнасці, у вечар памяці Караткевіча, дзе замест уласна навуковых дакладаў пераважалі аповеды кшталту «Уладзімір Сямёнавіч і я» або (пры меншай сціпласці дакладчыка) «Я і Уладзімір Сямёнавіч».
У Магілёве на базе ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова таксама праводзяцца аднайменныя чытанні. Прызнацца, давялося трымаць у руках толькі зборнік 2006 года, але ўбачанае расчаравала: ад Куляшоўскіх чытанняў засталася толькі... назва. 3 322 старонак пульхнага зборніка толькі пяць дакладаў былі прысвечаны творчасці паэта.