Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча
Дзяніс Марціновіч
Выдавец: Чатыры чвэрці
Памер: 178с.
Мінск 2014
Сучаснай беларускай гістарычнай прозе ўласціва некалькі рысаў. Перш за ўсё, яна працягвае развівацца ў межах дзвюх разгледжаных плыней. Класічным прыхільнікам караткевічаўскага падыходу з’яўляецца Людміла Рублеўская («Золата забытых магіл», «Пярсцёнак апошняга імператара», «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега»), тарасаўскага прынцыпу — Алесь Наварыч («Літоўскі воўк») і Андрэй Федарэнка («Нічые»).
Акрамя таго, з-пад пяра новага літаратурнага пакалення творцаў, што пішуць у жанры гістарычнай прозы, выйшлі раманы і аповесці, дзеянне якіх адбываецца ў наш час, сюжэтныя лініі — тады і цяпер — пераплятаюцца або разгортваюцца адначасова (так званы паралельны раман), а прататыпамі герояў неабавязкова з’яўляюцца канкрэтныя гістарычныя асобы. Інакш кажучы, гэта раманы і аповесці крыху іншай канструкцыі, іншай будовы і паэтыкі. Зразумела, яны — выяўленне індывідуальнасці пісьменнікаў, але і адначасова адлюстраванне патрабаванняў часу. Сюжэтна-структурныя змяненні твораў пісьменнікаў апошняй генерацыі можна лічыць адным з чарговых доказаў цыклічнасці развіцця літаратуры. А таксама, у некаторай ступені, вяртаннем да караткевічаўскага этапу ў нашай гістарычнай літаратуры. Менавіта таму прыгодніцкі кірунак зноў пераважае над уласна гістарычным.
Пераможцы і пераможаныя
(Рэцэпты для гістарычнай прозы)
Гістарычная літаратура заўсёды была ў пашане ў нашых суседзяў — як на Захадзе, так і на Усходзе. Прычым пісьменнікаў, якія аддавалі перавагу гістарычнаму жанру, высока ацэньвалі як чужыя, так і свае. Дастаткова згадаць, што палякі Генрых Сянкевіч і Уладзіслаў Рэймант (аўтар рамана «Апошні сейм
Рэчы Паспалітай», дзеянне якога адбываецца ў 1793 годзе ў Гродне) сталі лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі па літаратуры (адпаведна ў 1905 і 1924 гадах). А ў Польшчы ў гонар загінулых герояў «Трылогіі» Сянкевіча нават заказвалі памінальныя службы. Што тычыцца Расіі, дык тут за прыкладамі далёка хадзіць не трэба: гістарычныя дэтэктывы нашага сучасніка Барыса Акуніна, дзеянне якіх разгортваецца ў апошнія дзесяцігоддзі XIX — пачатку XX стагоддзя, ужо даўно зрабіліся бестселерамі, а іх аўтар — даволі багатым чалавекам. Дастаткова сказаць, што пачатковы наклад адной з кніг пісьменніка — «Нефрытавых пацерак» — склаў 500 тысяч, і гэта толькі пачатак! На падставе і польскіх, і расійскіх раманаў паспяхова здымаецца кіно (згадаем бліскучыя экранізацыі твораў Сянкевіча рэжысёрам Ежы Гофманам; твораў Акуніна з так званага «фандорынскага цыкла»; «Азазэль», «Турэцкі гамбіт» і «Стацкі саветнік»), іх героі без перабольшвання з’яўляюцца нацыянальнымі сімваламі.
Тое можна ўбачыць у суседзяў. А паміж імі, паміж Польшчай і Расіяй, паміж польскай і рускай гістарычнымі літаратурамі — гістарычная літаратура беларуская, з усімі яе перавагамі і недахопамі. Песімісту яна нагадае «змрочны лес», у якім ён, нібы
герой «Боскай камедыі» Дантэ, пражыўшы некалькі гадоў пад манаполіяй расійскай гістарычнай літаратуры савецкага перыяду, апынуўся «пасярэдзіне жыцця зямнога», «не згледзеўшы, куды вядзе дарога». Аптымісту, у сваю чаргу, яна нагадае прамень святла ў цёмным царстве, бо ў любым выпадку жанр гістарычнай прозы не зведаў у поўнай ступені ўсіх наступстваў крызісу, што паступова ахапіў айчынную літаратуру напрыканцы мінулага стагоддзя.
Прыгледзеўшыся, можна ўбачыць рэалістычныя моманты ў абодвух супрацьлеглых поглядах. Сапраўды, касмічных накладаў савецкага часу нам ужо ніколі не дасягнуць. Ды і ўвогуле, ці зможа калі-небудзь дзесяцімільённая Беларусь выпускаць кніжныя навінкі 500-тысячнымі накладамі? Пытанне рытарычнае. Але параўнаем сітуацыю са становішчам у вясковай прозе. У далёкай будучыні яна можа проста знікнуць, калі сыдуць з жыцця апошнія вясковыя жыхары ў традыцыйным усходнеславянскім разуменні гэтага слова. А вось на гістарычную літаратуру заўсёды будзе існаваць стабільны попыт, які можа толькі павялічвацца ў выпадку павелічэння цікавасці да яе грамадства.
Але як жа зрабіць так, каб яркае, жыццесцвярджальнае сонечнае святло нарэшце з’явілася ў канцы літаратурнага тунэля? Бо пакуль яго сцены асвятляюцца толькі свечкамі, што трымае ў руках купка пісьменнікаў, якія працуюць у гістарычным жанры... Што варта і трэба змяніць, каб небеларуская гістарычная літаратура з надзеяй і лёгкай зайздрасцю глядзела на суседзяўбеларусаў, а іх літаратуры, нібы спадарожнікі, арыентаваліся на нашу літаратурную планету гістарычнай прозы? Наступныя разважанні аўтара ёсць спроба адказаць на гэтыя пытанні.
Чаго, на першы погляд, не хапае нашай гістарычнай літаратуры? Можа падацца, што дакладнасці. Нездарма ў рэцэнзіях прафесійных гісторыкаў на творы азначанага жанру заўсёды выкарыстоўваецца адна і тая ж схема. Спачатку словы пахвалы і ўдзячнасці за тое, што пісьменнік узяў на сябе адказнасць асвятліць мала вывучаны, цёмны перыяд гісторыі. Потым адзначаецца
шэраг станоўчых рыс твора: добра паказаны галоўныя героі, якія змагаюцца і жывуць не дзеля сябе, а дзеля Айчыны; збольшага перададзена атмасфера часу... Хоць потым спрактыкаванае вока рэцэнзента ўсё роўна знаходзіць пэўныя неістотныя хібы, якіх можна было б пазбегнуць — павінен прачытаць пісьменнік паміж радкоў, — калі б аўтар азнаёміўся перад напісаннем твора з адпаведнай манаграфіяй, напісанай (па абсалютна выпадковым супадзенні) самім рэцэнзентам. У канцы чытач «адкрые» для сябе тое, што, нягледзячы на асобныя недахопы, твор чытаецца цікава і абавязкова будзе запатрабаваны.
Але перад фіналам усіх чакае яшчэ адзін абзац, дзе з навуковай пунктуальнасцю, матэматычнай выверанасцю і звычайнай чытацкай з’едлівасцю тлумачыцца, што падзеі, пра якія піша аўтар, адбыліся, напрыклад, не ў 1671, а ў 1672 годзе; што адзін з гістарычных персанажаў ну ніяк не мог з’явіцца на старонках рамана, 6о ўжо дзесяцігоддзе таму адышоў да прабацькоў; ды і горад, дзе ўсё адбываецца, у разгляданы час быў яшчэ не горадам, а звычайным невялікім паселішчам, якому трэба было праіснаваць яшчэ стагоддзе да атрымання магдэбургскага права.
Зрэшты, усё залежыць і ад асабістага стаўлення рэцэнзента да аўтара і яго твора. Хрэстаматыйным прыкладам вышэйсказанага з’яўляецца творчасць Уладзіміра Караткевіча, у якой можна сустрэць звычай дзядзькавання (выхаванне шляхціча ў сялянскай сям’і), перанесены на некалькі стагоддзяў наперад. Прызнаемся шчыра, не быў бы Караткевіч Караткевічам, добра яму дасталася б ад нашай крытыкі!
Але тое памылкі, якія не надта ўплываюць на характар твора і толькі служаць аўтарскай задуме. Ды і акрамя Караткевіча, ніхто з беларускіх пісьменнікаў на такіх дробязях не трапляўся. А вось у нашых суседзяў усё нашмат больш сур’ёзна. Так, Барыс Акунін (у раманах «Стацкі саветнік», «Каранацыя») наўмысна назваў брата расійскага імператара Аляксандра III не Сяргеем Аляксандравічам, а Сімяонам Аляксандравічам, што дало падставу для больш вольнага абыходжання з гістарычным матэрыялам.
I нічога, публіка ніяк не адрэагавала. Хто ведаў сапраўднае імя вялікага князя, здагадаліся самі; таму, хто не ведаў, было ўсё роўна. На Захадзе пайшлі яшчэ далей. Напрыклад, Генрых Сянкевіч у знакамітым рамане «Агнём і мячом» пераўтварыў Іярэмія Вішнявецкага, якога навукоўцы лічаць недальнабачным самадурам, у таленавітага палітыка і дыпламата. Той з чытачоў, хто акрамя рамана ўбачыў і экранізацыю Ежы Гофмана, згадзіцца, што TaKia трактоўкі стала ўваходзяць у свядомасць. Але бог з ім, з Вішнявецкім! Усё нашмат горш, калі са звычайнага чалавека робяць сімвал забойства і нянавісці. Хто з чытачоў п’есы Шэкспіра «Макбет» скажа хоць слова ў абарону галоўнага героя? Між тым перыяд кіравання сапраўднага Макбета працягласцю ў сямнаццаць гадоў у сярэдзіне XI стагоддзя лічыўся часам росквіту Шатландыі. Ды і карону Макбет захапіў хоць і сілай, але не шляхам каварнага забойства, а ў часы грамадзянскай вайны. Таму ў аспекце гістарычнай дакладнасці беларуская літаратура (як з-за сваёй маладосці, так і традыцыйнасці) дасць фору шэрагу іншых літаратур.
Але не дакладнасць з’яўляецца каралевай балю ў гістарычнай літаратуры. Трэба, каб творы чыталіся за адну ноч, каб сюжэт трымаў ад першай да апошняй старонкі. Карацей кажучы, для гістарычных твораў вельмі важныя, а часам і неабходныя такія мастацкія вартасці, як моцны сюжэт, інтрыга, дынаміка разгортвання падзей. Але хто будзе сцвярджаць у дачыненні да нашых пісьменнікаў адваротнае?! У гэтым аспекце мы таксама не саступаем канкурэнтам. Разам з тым паміж беларускай, з аднаго боку, і польскай і рускай літаратурамі, з другога, ёсць і адрозненні, якія, на жаль, не заўсёды ідуць нам на карысць.
.. .Якія сілы кіруюць героямі гістарычных раманаў? Што прымушае іх рабіць цуды і змагацца з ворагамі? Гэта можа быць каханне, сяброўства, асабістыя перакананні. Але ў большасці гістарычных твораў усе ўчынкі здзяйсняюцца з-за любові да Радзімы. Усе героі падзяляюцца на станоўчых і адмоўных па тым, ці адпавядаюць іх дзеянні нацыянальнай ідэі.
Як жа гэта праяўляецца ў гістарычнай літаратуры кожнай з трох разглядаемых намі краін? Героі Генрыха Сянкевіча — Валадыеўскі, Заглоба, Кміціц, Скшэтускі — здзяйсняюць свае подзвігі і пры гэтым застаюцца жывымі, захоўваючы вернасць Айчыне, царкве, каралю і прыўкраснай пані. Да культу жанчыны, які з’яўляецца агульным для ўсіх твораў прыгодніцкага характа ру, мы яшчэ вернемся. А пакуль што адзначым для сябе пераемнасць польскага светаўспрымання: Польскае каралеўства — Рэч Паспалітая — другая Рэч Паспалітая, што існавала паміж дзвюма сусветнымі войнамі, — Рэч Паспалітая трэцяя (сучасная Польшча з пачатку 1990-х). I што змянілася з таго часу? Амаль нічога! Усё засталося: Польшча, палякі, каталіцкая вера, асоба караля (цяпер кіраўніка дзяржавы). Маленькі паляк, што адкрые ў наш час кнігу Сянкевіча, падпішацца пад кожным яе словам, поўным любові да сваёй краіны.
Галоўнага героя Барыса Акуніна — Эраста Пятровіча Фандорына — неўзабаве будзе ведаць насельніцтва 1/6 часткі зямной паверхні. I я б асцерагаўся кпіць і з аўтара, і з героя, як робяць гэта асобныя крытыкі, называючы іх звычайнымі вінцікамі ўсёмагутнай камерцыйнай літаратуры. Сянкевіча можна таксама абвінаваціць у гэткіх жа грахах, асабліва калі прыгадаць, што ўсе раманы яго «Трылогіі» («Агнём і мячом», «Патоп», «Пан Валадыеўскі») напісаны па адной і той жа схеме: тры галоўныя персанажы — «рыцары», іх ролю па чарзе выконваюць Скшэтускі, Кміціц і Валадыеўскі; чароўная «пані» і «антыгерой-нехрысціянін»; нарэшце, у фінале нас чакае абавязовае вяселле рыцара і прыгажуні. Але хто з чытачоў звяртае на такія моманты ўвагу?!