Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча
Дзяніс Марціновіч
Выдавец: Чатыры чвэрці
Памер: 178с.
Мінск 2014
Але тут паўстае пытанне: як жа пакінуць герояў пераможцамі, калі некалькі стагоддзяў запар беларусы па чарзе страчвалі
ўсё, што мелі? Можна разгледзець некалькі магчымых шляхоў.
Першы шлях прапанаваў Ягор Конеў у сваім рамане «Амерыканская адысея Тадэвуша Касцюшкі», прысвечаным перыяду знаходжання галоўнага персанажа ў Амерыцы. Касцюшка, змагаючыся за незалежнасць паўночнаамерыканскіх калоній, дапамог здзейсніць над англічанамі шэраг перамог. Такім чынам, праводзіцца думка пра тое, што поспехам перашкаджаюць не героі, якія нібыта не здольныя перамагаць, а часовыя і часавыя абставіны, зменлівыя з цягам часу.
Другі шлях актыўна прапагандуе ў сваёй творчасці Людміла Рублеўская, у прыватнасці ў рамане «Золата забытых магіл» і аповесці «Пярсцёнак апошняга імператара». Дзеянне ў іх адбываецца паралельна ў мінулым і ў сучаснасці. Нават калі продкі па нейкіх прычынах церпяць часовае паражэнне, дык іх нашчадкі абавязкова выпраўляюць сітуацыю і з верай глядзяць у будучыню. Таму звыклая, абсалютна не гераічная канцоўка «Пярсцёнка апошняга імператара», адкуль чытачы даведваюцца, што ранейшы праціўнік беларушчыны «прыйшоў у бібліятэку, на краязнаўчы гурток», разам з сябрам «прывалок два магільныя крыжы васямнаццатага стагоддзя», а «цяперу экспедыцыю... папрасіўся», дае падставы для аптымізму.
Трэці шлях — самы нязвыклы і адначасова няпросты. Бо залежыць ён не ад асобных аўтараў, а ад нас саміх. Усе ведаюць, што кожны момант жыцця, кожнае імгненне — гэта ўжо гісторыя. Калі-небудзь наш з вамі час таксама стане тэмай гістарычных апавяданняў, аповесцей, раманаў. Пісьменнікі, зразумела, — вялікія фантазёры. Але яны абапіраюцца на факты і могуць дадумаць толькі тое, чаго не ведаюць або не ўяўляюць дакладна. А якія толькі дробязі не фіксуе наша тэхнагенная эпоха! Перамог, як і шчасця, ніколі не бывае замала. Таму давайце перамагаць! А потым на пыльных сцяжынках далёкіх планет беларускай мінуўшчыны нашчадкі ўбачаць нашы сляды...
Толькі «Ппач ператкі»?
(Іван Чыгрынаў)
Асоба гэтага пісьменніка займае адметнае месца ў беларускім літаратурным пантэоне. Аўтар раманнай пенталогіі, шматлікіх апавяданняў і п’ес, ён рэалізаваўся ў літаратуры, атрымаў прызнанне і належную ацэнку пры жыцці. Але чаму тады для многіх чытачоў Чыгрынаў застаўся ў гісторыі перш за ўсё як аўтар рамана «Плач перапёлкі»?
Напісанне некалькіх раманаў, з’яднаных паміж сабой агульнай тэмай, героямі і месцам падзей, было распаўсюджанай з’явай у беларускай літаратуры. Хто толькі не звяртаўся да «дылогій», «трылогій», «тэтралогій» і нават «пенталогій»! (Але заўважым істотную асаблівасць. Такая тэндэнцыя часцей за ўсё праяўлялася ў пісьменнікаў, чые творы цяпер не маюць вялікай запатрабаванасці ў чытачоў.) Час ад часу такія ж маштабныя творы выходзілі з-пад пяра і прызнаных творцаў: Якуб Колас, чые аповесці з трылогіі «На ростанях», паводле слоў крытыкаў, «мелі вялікае значэнне для станаўлення жанру рамана ў беларускай літаратуры»; Іван Мележ, Іван Навуменка, Вячаслаў Адамчык (пенталогія Івана Шамякіна складалася з аповесцей). Але ва ўсіх выпадках першы твор часцей за ўсё з’яўляўся найбольш моцным і вызначаў агульную задуму, тады як працяг у лепшым выпадку толькі паўтараў ранейшыя здабыткі аўтара.
Сапраўды, «У палескай глушы» Я. Коласа, «Людзі на балоце» I. Мележа, «Сасна пры дарозе» I. Навуменкі, «Чужая бацькаўшчына» В. Адамчыка ў большай ці меншай ступені пераўзыходзілі наступныя часткі трылогій. Але дзіўным чынам у свядомасці
чытача адлюстравалася ацэнка менавіта першых, а не завяршальных твораў кожнага з цыклаў. I на тое былі свае прычыны.
Відавочна, што коласаўскія «На ростанях» і мележаўскія «Завеі, снежань» пісаліся з вялікім перапынкам пасля стварэння папярэдніх твораў. На іх мастацкую моц паўплывалі стан здароўя пісьменнікаў, у сітуацыі Я. Коласа яшчэ і грамадска-палітычная атмасфера ў краіне. А вось не зусім удалая рэалізацыя чыгрынаўскай задумы і цяпер выклікае шкадаванне ў чытачоў і крытыкаў.
Чаму так адбылося? Адной з прычын магла стаць вялікая колькасць раманаў. Нагадаю, што на творчым рахунку Івана Чыгрынава іх пяць: «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976), «Свае і чужынцы» (1983), «Вяртанне да віны» (1992) і «Не ўсе мы загінем» (1996). Дзеянне ў іх разгортваецца падчас Вялікай Айчыннай вайны на ўсходзе Беларусі, у вёсцы Верамейкі. «Плач перапёлкі» прынёс аўтару сапраўдную славу. Але з кожнай наступнай кнігай першапачатковы поспех усё больш аддаляўся і засланяўся далейшымі творамі. Аднак мяркую, што гэта занадта простае тлумачэнне. Каб адказаць на гэтае пытанне, а таксама паспрабаваць раскрыць таямніцы чыгрынаўскага таленту, паглыбімся ў свет яго твораў і герояў.
Цяпер з аддаленасці часу відаць, што адной з галоўных заслуг I. Чыгрынава ў «Плачы перапёлкі» стала гістарычная праўдзівасць пры адлюстраванні падзей і герояў, пры перадачы атмасферы эпохі. Часам здавалася, што ў Верамейках была ўсталявана відэакамера, якой пісьменнік карыстаўся пры напісанні рамана, — настолькі ўсё выглядала рэалістычна і натуральна. Істотна, што аўтар не пайшоў па шляху стварэння гераічнай атмасферы. Ён праўдзіва паказаў адступленне Чырвонай арміі з баямі на ўсход, прыход немцаў і досыць пасіўную, асцярожную рэакцыю насельніцтва, якое на першым этапе акупацыі з неахвотай удзельнічала ў фарміраванні як новых органаў улады, так і партызанскіх атрадаў. Такое выкладанне падзей падаецца абгрунтаваным і па-мастацку глыбокім, паколькі яно паказвае выразную дыферэнцыяцыю ў стаўленні верамейкаўцаў да вайны. Адметнасцю «Плача
перапёлкі» стала манера, у якой разгортваюцца падзеі. Прызнацца, спярша яна выклікала нават пярэчанне сваёй павольнасцю. Толькі потым прыйшло разуменне, што перадаецца сапраўды няспешны рух жыцця ў вёсцы.
Традыцыі першага рамана былі працягнуты на старонках твора «Апраўданне крыві». У параўнанні з «Плачам перапёлкі» на яго старонках з’явіліся сцэны з удзелам немцаў. Менавіта ў такіх сітуацыях пісьменнік шукаў вытокі будучай барацьбы, знаходзіў яе карані ў рэакцыі вясковых жыхароў на жахі акупацыі, у імкненні абараніць сябе і выратаваць сваякоў і родны край.
Першыя два раманы сталі ў пенталогіі найбольш удалымі. Нездарма яны былі адзначаны агульнасаюзнай Літаратурнай прэміяй імя А. Фадзеева. Але чаму ж тады наступныя творы не атрымалі такой чытацкай увагі? Нездарма пісьменніца Людміла Рублеўская прызнавалася, што «сярод маіх сяброў не памятаю таго, хто прачытаў бы яе (пенталогію. — Д. М.) цалкам».
На маю думку, пераломным у пенталогіі стаў менавіта трэці раман, «Свае і чужынцы», які быў прысвечаны партызанскаму руху. Паўтаруся, папярэднія два творы вылучала натуральнасць у перадачы мінулага. Мяркую, на гэта паўплываў той факт, што Чыгрынаў, нарадзіўшыся ў 1934 годзе, пражыў вайну на акупаванай тэрыторыі. Прыродная назіральнасць і абвостранае ўспрыманне рэчаіснасці дазволілі яму дзе ўзнавіць убачанае, дзе здагадацца, а дзе і па-філасофску пераасэнсаваць тагачаснае жыццё.
Паколькі аўтар задумаў раманную эпапею пра Вялікую Айчынную вайну, не разгледзець тэму партызанскай вайны ён не мог. Але з-за таго, што Чыгрынаў сам у ёй не ўдзельнічаў, бо быў яшчэ малы, адпаведнага досведу і назіранняў не меў і не змог напоўніцу перадаць атмасферу змагання. Дакладней, не выступіў у рамане безумоўным наватарам, што з’яўляецца адной з неабходных умоў творчай удачы.
Што датычыцца раманаў «Вяртанне да віны» і «Не ўсе мы загінем», дык, на маю думку, творца стаў шмат у чым закладнікам уласнай творчай манеры. У маладыя гады, калі хапала жыццёвай
моцы, здавалася, што нават пры павольным выкладанні сюжэта можна паспець адлюстраваць падзеі ўсёй вайны. У сталыя гады прыйшло разуменне, што часу катастрафічна не хапае. Давялося паскорыць крок.
У выніку падзеі першых трох раманаў ахопліваюць час ад пачатку вайны да бітвы пад Масквой (фактычна, крыху больш за паўгода). А ў двух апошніх творах Чыгрынаў паспрабаваў ахапіць увесь астатні перыяд, што не магло не прывесці, на думку вядомага даследчыка Дзмітрыя Бугаёва, да «пэўнай аблегчанасці пісьма, асабліва прыкметнай у апошнім творы». Акрамя таго, раман «Не ўсе мы загінем» ствараўся ў апошнія гады жыцця, калі здароўе аўтара не спрыяла плённай творчасці.
«Але што з таго?» — спытае чытач. У чым жа прынцыповае адрозненне ад раманаў-эпапей Я. Коласа і I. Мележа? Істотная розніца бачыцца ў тым, што пяру абодвух пісьменнікаў належаць творы, якія могуць чытацца і разглядацца адасоблена ад іншых частак трылогіі. Гэта значыць, чалавек, які па нейкіх прычынах не знайшоў «Подых навальніцы», мог абмежавацца прачытаннем «Людзей на балоце». Характары герояў і сюжэтныя лініі апошняга твора былі распрацаваны такім чынам, што чытач, перагарнуўшы апошнюю старонку, меў адчуванне яго завершанасці. Пісьменнік сам мог вырашаць, пісаць працяг ці не. Таму яго ўдача ці няўдача не вельмі ўплывала на агульную ацэнку першага твора.
А вось у Івана Чыгрынава склалася адваротная сітуацыя. Жадаў Іван Гаўрылавіч таго ці не, але ён пісаў цэласны твор, толькі падзелены на часткі пад рознымі назвамі. Ці па меншай меры, меў намер пісаць яго. Нездарма канец «Плача перапёлкі» з’яўляецца пачаткам «Апраўдання крыві». Але галоўнае ў тым, што, нягледзячы на высокі мастацкі ўзровень першай кнігі, яна не раскрывала да канца ні характары галоўных герояў, ні сюжэтныя лініі. Яна толькі завязвала вузлы, якія чытач павінен быў раскручваць на працягу ўсёй эпапеі. Менавіта таму і з’яўляецца адчуванне незавершанасці, якое ўплывае на агульную ацэнку чыгрынаўскай творчасці.
Якое ж тады месца пісьменніка ў беларускім прыгожым пісьменстве? He прэтэндуючы на ісціну ў апошняй інстанцыі, лічу, што яго найлепшыя творы, безумоўна, адносяцца да літаратуры «першага эшалона». Гэта дае падставу называць яго маштабным, выдатным творцам. Тым не менш не пакідае ўражанне, што сёння ўспрыманне твораў Чыгрынава крыху іншае, чым два дзесяцігоддзі таму.
Што дае падставу для такога сцвярджэння? Штуршком для яго сталі невялікія, неістотныя на першы погляд дробязі першых двух раманаў. Адразу падкрэслю, што вяду гаворку пра іх не для таго, каб, па прыкладзе Маякоўскага, выкінуць творы з літаратурнага «карабля сучаснасці». Наадварот, калі яны прэтэндуюць на статус класікі, дык і планка патрабаванняў заўжды надзвычай высокая.