Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча
Дзяніс Марціновіч
Выдавец: Чатыры чвэрці
Памер: 178с.
Мінск 2014
А папулярнасць Фандорына з’явілася дзякуючы руху зусім іншых механізмаў свядомасці, выкліканых, зноў-такі, нацыянальнай ідэяй. Сам Барыс Акунін казаў у адным з інтэрв’ю, што Фандорын па тэр,міналогіі Канфуцыя — «высакародны муж», для якога галоўным у жыцці з’яўляецца «абавязак перад... унутраным голасам, або перад Богам, калі ён веруючы чалавек». Акрамя таго, Фандорын, на думку Акуніна, «аб’ядноўвае... тры
гістарычныя тыпы — рускага інтэпігента, брытанскага джэнтэльмена і японскага самурая», у кожнага з якіх ён бярэ самае лепшае. I што ў рэшце рэшт атрымліваецца? Вернасць Айчыне — ёсць, адданасць маральным перакананням, веры (слова «царква» ў дадзеным кантэксце будзе недакладным) — ёсць. Амаль тое, што і ў Сянкевіча. Поўнай вернасці цару (асабліва Мікалаю II) няма: у раманах добра відаць, куды рухаецца Расія.
Ёсць вернасць каханню да жанчыны, гэта патрабуе асобнай гаворкі. Калі шчыры хрысціянін Сянкевіч дарыў кожнаму «рыцару» адзін ідэал, адно каханне, за якое той на працягу твора паспяхова змагаўся, дык Акунін пайшоў іншым шляхам. У першай кнізе «фандорынскага цыкла» («Азазэль») ворагі забіваюць нявесту Фандорына, у «Алмазнай калясніцы» (адной з апошніх па часе напісання, але другой па часе разгортвання падзей) герой перажывае трагічнае каханне, пасля чаго больш не можа па-сапраўднаму кахаць. Пасля гэтага ва ўсіх наступных кнігах не будзе галоўных гераінь — будуць толькі празрыстыя цені, любімыя жанчыны галоўнага героя, ніводная з якіх не зможа закрануць таемныя струны душы Эраста. I толькі ў «Алмазнай калясніцы» Эрасту Пятровічу зноў дазволяць жыць і кахаць...
I зноў-такі, дзейнасць Фандорына, яго жыццё і яго пошукі варта разглядаць, улічваючы яго светапогляд, вернасць яго Расіі — а да таго часу Маскоўскаму княству, Вялікаму Маскоўскаму княству, Маскоўскаму царству, Расійскаму царству, Расійскай імперыі, нават сучаснай Расіі, куды, згодна Акуніну, часам трапляюць фандорынскія нашчадкі.
Героі Сянкевіча будуць падаўляць казацкае паўстанне на Украіне, будуць тапіць яго ў крыві, пры гэтым спачуваючы паўстанцам. Разам з тым яны перакананыя, што казакі робяць замах не на іх, яны робяць замах на грамадскі лад, на мілую іх сэрцу Рэч Паспалітую. Таму перыпетыі, звязаныя з выкраданнем злодзеямі-нехрысціянамі галоўных гераінь, толькі падкрэсліваюць непатрэбнасць неспакою, войнаў, паўстанняў... Герой Б. Акуніна будзе ўдзельнічаць у разгроме народніцкіх тэрарыстычных
гурткоў, нават усведамляючы частковую слушнасць поглядаў, якія прапагандуюць супернікі. У існаванні гэтых гурткоў ён убачыць замах не на сябе, а на Расійскую імперыю.
Таму за героямі Сянкевіча будзе стаяць вялікая Польшча, усе пакаленні польскіх дзяржаўнікаў і патрыётаў. Таму за героем Акуніна будзе стаяць вялікая Расія. Таму чытачы абедвюх краін будуць чытаць і любіць такія творы.
А што ў такім выпадку адбываецца ў нас? Ці стаяць за героямі беларускай гісторыі іх прашчуры? Відаць, якраз гэты настрой адчуваў у сваім рамане «Пагоня на Грунвальд» Кастусь Тарасаў, калі пісаў, што «пазіраючы ў неба, Вітаўт быў упэўнены, што і Кейстут, і Гедымін, і Міндоўг зараз сабраліся сюды і лунаюць над полем бітвы і незямной сваёй сілай гасяць дух немцаў, мацуюць сэрцы ceaix. He могуць у такі слаўны дзень нез’явіцца, прапусціць урачыстасць, якая чакалася стагоддзямі, не ўбачыць помсты за крыжовыя паходы, за вогнішчы, кроў, пакуты сваіх народаў. Тут дзяды, тут яны ўсе да аднаго, дапамагаюць яму, у кожнага ёсць свая злая памяць на крыжакоў, вось яны носяцца, мільгаюць сярод сцягоў, мячоў, стрэл, чаканаў, кордаў, сярод крыкаў, гулу, бразгату, грому бітвы».
Несумненна, што такі настрой мог перажываць Вітаўт, які адчуваў духоўную еднасць з прашчурамі-ліцвінамі. Але ці адчуваюць цяпер такую еднасць сучасныя беларускія чытачы? На жаль, далёка не ўсе. I гэта не дзіўна. Калі на ўзроўні факталогіі, на разумовым узроўні мы даўно ўсвядомілі, што Вялікае Княства Літоўскае — не чужая нам дзяржава, што яе жыхары — нашы продкі, дык людзей, далёкіх ад гісторыі ў паўсядзённым жыцці, у гэтым пераканаць няпроста. I таму калі героі Г. Сянкевіча могуць думаць пра Польшчу, а герой Б. Акуніна — пра Расію, дык Еўфрасіння Полацкая, Усяслаў Чарадзей, князі Вячка і Вітаўт думаць пра Беларусь не могуць проста таму, што тады такой назвы не існавала. Першыя тры героі могуць хвалявацца пра лёс Полаччыны, пра сваё княства, Вітаўт — пра Вялікае Княства Літоўскае, але для большасці жыхароў Беларусі гэта не адно і тое ж.
Калі нацыя адчувае сваю еднасць з мінулым, дык з гэтага і вынікае яе ўяўленне пра «залатое стагоддзе». Для палякаў падобнаму паняццю з пэўнай доляй умоўнасці адпавядае час, калі жывуць героі «Трылогіі» (дакладней, толькі яго пачатак, бо польскі ідэал дзяржаўнага ладу істотна пахіснуўся пасля казацкіх паўстанняў і войнаў з Расіяй і Швецыяй). Для рускіх, нягледзячы на духоўны застой («Победоносцев над Россйей простер совйные крыла»), «залатым» (зноў-такі, з пэўнай умоўнасцю) можна назваць канец XIX стагоддзя, калі Расійская імперыя атрымала найбольшае тэрытарыяльнае пашырэнне за ўвесь перыяд існавання. Дзякуючы саманазвам абедзвюх нацый, якія не змяняліся доўгі час і трывала ўмацаваліся ў свядомасці, пэўнай настальгіі па далёкіх часах, узроўні цывілізацыйнай амбіцыёзнасці абодвух народаў, а таксама выкліканай усімі гэтымі фактарамі абвостранай гістарычнай памяці палякі і рускія без цяжкасцей асэнсоўваюць сваю непарушную сувязь з тым «залатым часам» і працуюць, змагаюцца, жывуць для новага непазбежнага перыяду росквіту.
Што датычыцца нашага краю, дык позняе замацаванне ў свядомасці назвы «Беларусь», павольнае фарміраванне нацыі і адсутнасць у навейшы час цывілізацыйнай амбіцыёзнасці прывялі да таго, што «залатое стагоддзе» асацыіруецца ў большасці беларусаў з кіраваннем П. Машэрава ў 1960-1970-я гады, якое яшчэ наўрад ці можа стаць фонам для гістарычных твораў.
...Увогуле ў беларускай гістарычнай літаратуры адной з магістральных тэм было і застаецца паўстанне К. Каліноўскага. Бо менавіта тады пачынаецца рух «за сябе», за стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы, а не працягваецца курс на аднаўленне Рэчы Паспалітай. Можа, таму дзейнасць Т. Касцюшкі, які выступаў супраць яе падзелаў, толькі параўнальна нядаўна зацікавіла айчынных празаікаў, у прыватнасці Я. Конева. А падзеі 1863 года знайшлі адлюстраванне ў прозе У Караткевіча, А. Наварыча, Л. Рублеўскай і інш.
Але зварот і да асоб рэвалюцыянераў, і ўдзельнікаў іншых вызваленчых паўстанняў і рухаў хавае ў сабе пэўную небяспеку.
I вось чаму. Галоўны герой кожнага гістарычнага твора, падпарадкаванага служэнню нацыянальнай ідэі, проста абавязаны служыць ёй, гэтай ідэі, і быць яе носьбітам. Ідэя — неўміручая, героі, на жаль — не заўсёды. Але падыход да гэтага пытання ў разглядаемых намі літаратурах розны. Напрыклад, Барыс Акунін казаў, што «дапамог свайму герою толькі ў адным •— зрабіў яго надзвычай удачлівым. Звычайна чапавек такога, як ён, складу, доўга не жыве. Набор высакародныхрысаў істотна ўскладняе выжыванне». Такое ж шанцаванне характэрна і для герояў Сянкевіча.
А што мы бачым у асобных творах беларускіх пісьменнікаў? Герой рамана Вітаўта Чаропкі «Храм без Бога» Мацей Кузьміч губляе каханую і бачыць крах сваіх задум. Кастусь Тарасаў адпраўляе на смерць двух галоўных герояў згаданага вышэй рамана «Пагоня на Грунвальд» Андрэя Ільініча і Юрыя, якія вярнуліся жывымі з Грунвальдскай бітвы. Прычым Юрыя забіваюць у Чэхіі, а Ільініча — у час міжусобнай барацьбы ў Вялікім Княстве Літоўскім. Яны абаранялі чужую зямлю і сталі такім чынам ахвярамі чужой хцівасці. Гераіня рамана Алеся Наварыча «Літоўскі воўк» Аксана пасля паражэння паўстання 1863 года пытаецца ў сябе: «Няўжо няма нічога іншага, як змірыцца з такім жыццём, жыць, проста жыць?»
Нельга сумнявацца, што канцоўка ўсіх трох таленавітых твораў ёсць асабістая пазіцыя аўтараў, якія паказваюць, як нечакана ці, наадварот, звыкла можа змяніць лёс выпадак. У дачыненні да двух першых твораў можна прыгадаць і той момант, што ў Сярэднявеччы жыццё простага чалавека, нават шляхціча, ва ўмовах бясконцых войнау і сутычак высока не цанілася. Сапраўды, «быўчас, быў век, была эпоха...».
Але чаму тады Мацько і Збышка, героі рамана Сянкевіча «Крыжакі» і адначасова сучаснікі герояў К. Тарасава (бо размова ідзе пра адны і тыя ж падзеі), дажылі да глыбокай старасці? А «Збышкаўросквіце сілаў дачакаўся той шчаслівай хвіліны, калі ў адны вароты выязджаў з Мальбарга са слязамі на вачах магістр крыжакоў, а ў другія на чале войска ўязджаў польскі ваявода, каб
імем караля і каралеўства прыняць пад сваю ўладу горад і ўвесь край да сівых хваляў Балтыкі» (менавіта тады адбылося канчатковае падпарадкаванне Тэўтонскага ордэна Польшчы)? Пасля прачытання «Крыжакоў» чытач убачыць, што змаганне з імі вялося не дарма і Польшча атрымала доўгачаканы выхад да мора. А якія думкі напаткаюць чытача «Пагоні на Грунвальд» пасля смерці галоўных герояў? Цалкам магчыма, што яны будуць сугучныя ідэям Эклезіяста, дзе сцвярджаецца, што «ўсё марнасць». Дык навошта тады была барацьба? Няўжо ў гэтым у чарговы раз адлюстроўваецца трагічнае светаўспрыманне як беларускіх пісьменнікаў, так і народа, чыю ментальнасць яны адлюстроўваюць?
He буду сцвярджаць, што паспяховасць героя — абавязковая ўмова для кожнага пісьменніка. Хтосьці справядліва нагадае Овада з аднайменнага рамана Э. Войніч, чыя смерць прымушала маладых рамантыкаў прыносіць клятвы аб вечным змаганні з прыгнятальнікамі. Але ў Овада, як ні дзіўна гэта гучыць, не было выбару. Самасвядомасць італьянцаў ужо ў XIX стагоддзі была такой высокай, што кожны юнак не мог нават падумаць пра здраду свайму нацыянальнаму руху. У нас бывалі адваротныя выпадкі. У канцы XIX стагоддзя малады юнак, якога клікалі Юзаф Пілсудскі, лічыў сябе беларусам. Праз пэўны час ён стаў палякам і спрычыніўся да аднаўлення незалежнасці Польшчы і станаўлення другой Рэчы Паспалітай. Мы не можам асуджаць яго за тое, што ён далучыўся да пераможцаў. Але колькі талентаў страціла Беларусь такім чынам?
У наш прагматычны час пасля эпохі грамадскіх узрушэнняў падобныя выпадкі не адзінкавыя. Беларусаў трэба прывабліваць беларускасцю, і героі-пераможцы лепш за ўсё падыходзяць для гэтай справы. Бо сваё стаўленне да герояў чытач аўтаматычна пераносіць на ідэю, за якую яны змагаюцца. Перамогуць героі — раней ці пазней пераможа ідэя. А значыць, чытач падсвядома зробіць крок насустрач гэтай ідэі.