Звыклае зло
Віталь Тарас
Выдавец: Наша Ніва
Памер: 311с.
Мінск 2007
Выбух у Віцебску, у выніку якога пацярпелі некалькі дзясяткаў чалавек, выклікаў на дзіва млявую рэакцыю ўладаў. Рада бясьпекі краіны пасьпяшалася заявіць, што інцыдэнт ні ў якім вы-падку не тэракт. МУС і КДБ абмежаваліся няў-цямнымі тлумачэньнямі. Кіраўнік дзяржавы ў самым агульным пляне выказаў думку, што між-народны тэрарызм усё-ткі ня можа не закрануць і спакойнай сінявокай Беларусі. Праўда, нічога канкрэтнага пра віцебскія выбухі не сказаў.
Прапагандысцкая машына ня здольная пра-цаваць з фактамі — яна можа толькі выдаваць за факты ўласныя інсынуацыі ды прапагандысцкія штампы... Калі факты ня ўкладваюцца ў афіцый-на зацьверджаную схему — тым горш для фак-таў! '
Генэралы мінулай вайны
Кажуць, што генэралы заўсёды рыхтуюцца да мінулай вайны. Гэта слушна і ў адносінах да вой-наў інфармацыйных. У сёньняшняй Беларусі
126
штатныя ды пазаштатныя прапагандысты ўсіх чы-ноў і званьняў займаюцца тым, што даюць адпор ідэалягічным падкопам Захаду, паколькі гэтым займаліся некалі ідэалягічныя органы ў Савецкім Саюзе. СССР прынята лічыць за ўзор дзяржавы, а яго распад — галоўнай трагедыяй мінулага ста-годзьдзя. Пры гэтым чамусьці ніхто не задаецца пытаньнем, чаму ён разваліўся, калі быў такі доб-ры. Зрэшты, сыстэма была пабудаваная акурат на тым, каб ніхто ніякіх пытаньняў не задаваў. На гэтым базуецца й цяперашняя сыстэма ў Бе-ларусі.
Міністэрства замежных справаў, Міністэрства інфармацыі і шэраг іншых, так бы мовіць, заці-каўленых ведамстваў — кожнае паасобку і ўсе разам — устурбаваныя вяшчаньнем на Беларусь з-за яе межаў. МЗС, напрыклад, пашкадавала, што дзяржаўнае радыё не запрасілі паўдзельні-чаць у тэндэры на арганізацыю такога вяшчань-ня, які быў абвешчаны нядаўна Эўразьвязам. Да-рэчы, чаму б і не паўдзельнічаць?
Па-першае, конкурс фармальна ні для кога не зачынены. Па-другое, радыёстанцыя «Нямецкая хваля», напрыклад, якая ўжо выйграла перад тым тэндэр на вытворчасьць паўгадзіннай перадачы для Беларусі, ёсьць, па сутнасьці, дзяржаўнай уста-новай, якая існуе на грошы падаткаплатнікаў. Ча-му б беларускай дзяржаўнай ідэалёгіі празь дзяр-жаўнае радыё наўпрост не памерацца сіламі ў этэры з палітычнымі прынцыпамі нямецкай дзяржавы? Праўда, у сьвятле апошніх выбараў у Нямеччыне некаторыя прынцыпы яе дзяржаўнай палітыкі, у прыватнасьці, замежнай, застаюцца пакуль не зу-сім яснымі. У Беларусі ж палітыка ў апошнія дзе-сяць гадоў застаецца стабільнай і прадказальнай,
127
што, несумненна, павінны былі б улічыць арган-ізатары конкурсу ў Брусэлі. Таксама Эўразьвязу трэба было б станоўча ацаніць і той факт, што ўсе выдаткі на вяшчаньне пакрываліся б зь беларус-кага прэзыдэнцкага фонду.
У чаканьні кіно
Калі верыць сумежнаму з МЗС ведамству — Міністэрству інфармацыі Беларусі — у кожным выпадку глушыць замежныя радыёстанцыі ўздоўж беларускіх межаў беларускія ўлады наме-ру ня маюць. Бо гэта пярэчыла б духу добрасуседз-тва, узаемакарыснага супрацоўніцтва і ўвогуле джэнтэльмэнства, якім, маўляў, заўсёды вызна-чаліся беларускія ўлады ў дачыненьнях з сусед-німі краінамі. Замест гэтага прапануецца ўзмац-ніць вяшчаньне на чужую тэрыторыю — у пры-ватнасьці, выпускаць больш радыёчасопісаў, у якіх будзе праўдзіва асьвятляцца шчасьлівае жыцьцё ў Беларусі. Так і хочацца дадаць — Са-вецкай Беларусі. У памяці міжволі ўсплываюць кіначасопісы з аднайменнай назвай, якімі за са-вецкім часам распачыналіся сэансы ў кінатэатрах. Большасьць гледачоў, праўда, старалася падчас паказу тых часопісаў бавіць час у буфэце.
3 пазьнейшых часоў успамінаюцца фільмы «Дзеці хлусьні» ды «Найноўшая гісторыя». Гэ-тыя творы ў адукаванага гледача (скажам, у брат-няй Польшчы) выклікаюць гамэрычны рогат. У менш адукаванага — пазяханьне. Праблема ў тым, што беларускія ўлады, у прыватнасьці, ідэалягіч-ныя работнікі, ставяцца да грамадзянаў замеж-ных краінаў як да грамадзянаў краіны ўласнай. Іншымі словамі, трымаюць іх за дурняў. Такая звычка, выпрацаваная дзесяцігодзьдзямі савец-
128
кай улады, у Беларусі ўспрымаецца як цалкам натуральная. Бо цягам дзесяцігодзьдзяў тэлеві-зійнае, радыйнае, газэтнае ды іншае начальства ніякім чынам не адказвала за прадукт, які зьяў-ляўся ў этэры або ў друку. Бо кіраўнікі СМІ ўсіх узроўняў падпарадкоўваліся ня рынку, не жа-даньням чытача, але адзінаму Богу — начальству. У канчатковым выніку ня проста начальству, a пэрсанальна галоўнаму слухачу (чытачу, гледа-чу) прызначаліся ўсе творы, сюжэты й сюжэцікі. Усе астатнія начальнікі, кожны на сваім узроўні, намагаліся даведацца або адгадаць, якім чынам можна патрафіць вышэйшай асобе.
Нельга забываць, што журналісцкі корпус не-дзяржаўных СМІ сфармаваўся, у асноўным, у тых самых умовах, што і дзяржаўнай. I таму ня проста самацэнзура, але звычка пісаць не для чы-тача, а для рэдактара або заснавальніка ці спон-сара (альбо для таго, хто, на думку журналіста, му-сіць быць спонсарам) застаецца невыкараняльная. Калі чытаеш тэксты нават у найбольш прафэсій-ных, сучасных, інфармацыйна насычаных бела-рускіх выданьнях, цяжка пазбавіцца ўражаньня, што многія зь іх напісаныя на замову. Ня ў тым сэнсе, што напісаныя за грошы — хто ж адмовіц-ца ад ганарару! Але ў тым сэнсе, што матэрыялы, здаецца, не цікавяць ні аўтара, ні тым больш чыта-ча, але ж яны патрэбныя з гледзішча так званай палітычнай каньюнктуры. Зьяўленьне партый-най прэсы ці хоць бы адной партыйнай газэты было б, насамрэч, рэальным крокам да свабоды слова ў параўнаньні зь беспартыйнымі выдань-нямі, палітычныя прыхільнасьці якіх залежаць ад асабістых упадабаньняў рэдактара. Але напачат-ку, праўда, трэба было б мець рэальныя партыі...
129
Свабода ўнутранага карыстаньня
Дзесяцігодзьдзе Беларускай асацыяцыі жур-налістаў, сьціпла адзначанае вузкай грамадзкась-цю, засьведчыла, сярод іншага, што журналісцкая салідарнасьць калі яшчэ і засталася, дык толькі не ў асяродку выдаўцоў і галоўных рэдактараў незалежных мэдыяў. Бо аб якой салідарнасьці можа ісьці размова, калі розныя выданьні маюць часам адны і тыя ж крыніцы фінансаваньня? У такой сытуацыі, нават застаючыся фармальна на агульных дэмакратычных пазыцыях, тыя выдань-ні будуць непазьбежна канкураваць паміж сабой. I хай бы толькі паміж сабой! Пачынаюцца канку-рэнтныя войны за цэлыя галіны СМІ. Так, адны даводзяць, што сёньня нельга стварыць незалеж-нае беларускае радыё, бо, бачыце, у Беларусі не засталося здольных радыёжурналістаў! Другія пярэчаць, што непатрэбныя, акурат, друкаваныя выданьні, паколькі наклады ў іх маленькія. Трэ-ція даводзяць, што радыё і друк — нішто ў параў-наньні з мажлівым уплывам тэлебачаньня.
Узьнікае пытаньне: якога ўплыву, уплыву зь якой мэтай? Кіраўнікі мэдыяў спрабуюць гуляць у вядомую гульню: «так» і «не» не гаварыць, чор-нага й белага не апранаць. Але ўлады ім усё адно ня вераць ды падазраюць, што мэтай СМІ, якія фінансуюцца з-за мяжы, ёсьць дэстабілізацыя грамадзтва і адхіленьне ад улады існага рэжыму. Але ж нідзе, ні ў адной краіне сьвету дыктатура яшчэ ня ляснула, дзякуючы выключна прэсе. Даво-дзіцца нагадваць усім вядомы прыклад. У Савец-кім Саюзе замежныя радыёгаласы слухалі нават у самыя лепшыя для гэтых станцыяў часы не-калькі адсоткаў слухачоў. Аўдыторыя іх была не-параўнальна меншая за аўдыторыю, напрыклад,
130
Цэнтральнага тэлебачаньня і дзяржаўнага радыё. I што, гэта ім дапамагло? А ці дапамаглі ў пазь-нейшыя часы Беларускаму тэлебачаньню рэпар-тажы, у якіх выкрываўся нейкі апазыцыйны кан-дыдат у прэзыдэнты?
Іншая справа, што на пераломе, у самы момант змаганьня, калі яшчэ не вядома, хто каго, — СМІ могуць адыгрываць вельмі важную ролю. Так гэта было ў Баўгарыі ў 1997-м, у Югаславіі ў 1999-м, ва Украіне ў 2004-м. У Беларусі падобнага зма-ганьня, відавочна, няма і ў бліжэйшай пэрспэк-тыве не прадбачыцца. Ці азначае гэта, што Бела-русі непатрэбная вольная прэса? Вольная прэса таму й завецца вольнай, што ні ў кога не пытаец-ца дазволу на сваё існаваньне. I на гэтым можна было б паставіць кропку — маўляў, каму патрэб-ная свабода слова, няхай той за яе і змагаецца. Мо-жна было б, калі б гэта тычылася толькі Беларусі.
Калі свабода слова патрэбная толькі краінам Эўрапейскага Зьвязу, так бы мовіць, для ўнутра-нага карыстаньня — дзеля таго каб прыносіць даход уладальнікам прэсы, рэклямадаўцам і задаваль-няць амбіцыі кіраўнікоў буйных карпарацыяў ды палітыкаў, тады сапраўды няма праблемы. Тады тэндэр на радыё для Беларусі, абвешчаны ЭЗ, ёсьць вяршыняй палітычнай і юрыдычнай думкі. Беларусь, паводле гэтага тэндэру, папросту ад праекту адсякаецца, разам зь беларускай мовай. Умовы сфармуляваныя так, быццам у Беларусі даўно пануюць дэмакратыя й рынкавыя адносі-ны. А новая радыёстанцыя павінна ўсяго толькі ўпісацца ў гэты рынак, заняць на ім сваю нішу і прыносіць дывідэнды — прынамсі, палітычныя. Такое ўражаньне, што кіраўніцтва ЭЗ, гэтаксама, як і беларускае кіраўніцтва, жыве верай у сьвет-
131
лую будучыню, якая абавязкова наступіць ці то ў 2007-м ці ў 2010-м годзе. Наступіць сама сабой, бязь лішніх намаганьняў...
Хто там, пад бел-чырвона-белым сьцягам?
Няма чаго крыўдаваць на тое, чаго няма. He змагла беларуская апазыцыя дагэтуль ясна сфар-муляваць, чаго яна хоча ад аб’яднанай Эўропы і ад ЗША — простага спачуваньня ці чагосьці боль-шага. Нават у адносінах да Саюзу палякаў Бела-русі не была выпрацаваная агульная стратэгія. Калі не лічыць стратэгіяй пазыцыю неўмяшань-ня. Як можна разьлічваць на сапраўдную салідар-насьць і падтрымку Польшчы, калі асобныя бе-ларускія апазыцыйныя палітыкі раздумвалі — a ці варта ўвогуле падтрымліваць палякаў? Сваіх праблем у беларусаў хіба не хапае?
Многія, напэўна, памятаюць яскравы эпізод, пра які пры канцы жніўня пісалі нават замежныя газэты. На сьвяточным канцэрце ў Варшаве, пры-сьвечаным юбілею польскай «Салідарнасьці», на сцэне зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг — сьцяг «вольнай Беларусі». Гэтыя словы вядучага пай-шлі ў жывы этэр на шматмільённую аўдыторыю.
Парадаксальным чынам для таго, каб у Бела-русь прыйшло вольнае слова, трэба, каб белару-саў спачатку пачулі ў Эўропе, каб яны гаварылі ва ўвесь голас, гаварылі на сваёй роднай мове, у абарону сваіх правоў і правоў нацыянальных мян-шыняў. Гаварылі ня толькі аб Беларусі, але і аб Эўропе ў цэлым. Так, сёньня яны адно аднаму неабходныя. Толькі ані ў Беларусі, ані ў Эўропе многія гэтага пакуль так і не ўсьвядомілі.