• Часопісы
  • Жыві ў свабодзе! Зборнік твораў пра К. Каліноўскага

    Жыві ў свабодзе!

    Зборнік твораў пра К. Каліноўскага
    Для старэйшага школьнага ўзросту
    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 398с.
    Мінск 1996
    120.67 МБ
    Паліцмайстар дастаў бутэльку з ромам. «Добра будзе выпіць з чаем, дапамагае ўнікаць застуды», — растлумачыў ён Прончыку. «Дзякую, але я не п’ю», — аднекваўся Прончык.
    — Выбачайце, — па-гасціннаму бянтэжыўся паліцмайстар. — Вы з’яўляецеся ідэальным мужам. Мая жонка, калі б чула гэта, зайздросціла б вашай. Факт, спіртныя напіткі шкодзяць здароўю ды, здараецца, даводзяць яны і да граху...
    Бутэлька засталася. Стаяла яна на стале, як бы на ўсякі выпадак. У якасці як бы своеасаблівай аздобы гэтай дзіўнай сустрэчы, дзіўнай гутаркі са слоў, нарасстаўляных, быццам шахматныя фігуры перад пачаткам гульні.
    Саладзілі і пілі гарбату, смакавалі пірожнае.
    — Мы не дапусцім да разбою ў нашым уездзе, — паліцмайстар выцерся сурвэткай. — Бандыты будуць схоплены і пакараны паводле ўсяе строгасці закону, — перавёў ён дух. — Лепшыя людзі з народа дапамогуць нам, паліцыі, у выкананні ўскладзеных на нас грамадствам адказных абавязкаў захавання ладу ды бяспечнасці...
    Прончык ведаў: у Востраве была спроба згвалтавання дзяўчыны трыма п’янымі шляхцюкамі — з ваяводскага штабнога атрада Духінскага. Цёмная і ганебная для паўстання гісторыя!
    — Бандытаў — лавіць і вешаць! — выкрыкнуў Прончык, ажно здзівіўся сам з сябе. Абурэнне далося
    яму лёгка: сам Духінскі прымусіў шляхцюкоў публічна прасіць прабачэння ў цэлай вёскі! He было жартаў! — Лавіць і вешаць!
    — Во, во! — з імпэтам падтрымаў Прончыка паліцмайстар. — Трэба выкараніць гэту ганьбу чалавечага роду!
    Астывалі.
    — Але тут я вымушаны сказаць вам, пан Прончык, непрыемнае нам, паліцыі, — ён апусціў перад ім вочы, як добры сябар, які просіць зразумець яго. — Мы, як паліцыя, натыкаемся на некаторыя цяжкасці ў выкананні сваіх грамадска-карысных абавязкаў. I, скажу вам па-шчырасці, нашы жандары яшчэ не дараслі да пастаўленых перад імі задач. Ну, яны — прасцяцкія людзі... — паліцмайстар скрывіўся ў паўслове: пагарджаў жандарамі, іх тупалобасцю. Прончык — шляхціц; бедны, але шляхціц. — Вось такія ў нас справы, пан Прончык. — Было ўражанне, што ад крыўдавання паліцмайстар расплачацца перад ім. — Я, ведаеце, шмат думаў, пакуль наважыўся непакоіць вас сваім запрашэннем на гутарку. — I прыклеіўся да яго зрокам: — Я, пан Прончык, моцна прашу вас: дапамажыце нам! Наш дэпартамент і я, асабіста, будзем вельмі ўдзячны вам. Вельмі!
    — Ахвотна!
    — Непакоіць, ведаеце, бандыцкі выбрык у Востраве, — цэліўся ён у дзесятку. — Народ справядліва абураны... — паліцмайстар пачуўся да таго ж добра, што схапіў бутэльку з ромам. Паўстрымаўся. I пасяброўску, з сардэчнай дружалюбнасцю: — Нам, пан Прончык, патрэбны прозвішчы тых бандытаў і іх адметныя рысы. Разумееце? Рэшту мы хутка высветлім: маем тую перавагу над злачынцамі, што за намі стаіць магутная арганізацыя, якая не надта прыгожа завецца паліцыяй...
    Прончык перабіў яго.
    — Калі толькі што даведаюся — неадкладна з’яўлюся да вас! — выпаліў ён з зацятасцю.
    Дамаўляліся.
    — Прашу не лічыцца з коштамі. Дзеля справядлівасці не шкада грошай. Мы дадзім іх вам, — паліцмайстар адчыніў шуфлядку і з прыкметнай гатоўлівасцю выклаў адтуль некалькі дзесяцірублёвак. Ягоны голас гучаў перапрашальна: — Патрэбна, пан Прон-
    чык, дурная фармальнасць: квітанцыя на гэту суму, — растлумачыў ён скорагаворкаю, быццам які камбінатар. — Ведаеце, — гэтае «ведаеце» гучала ў яго пабратэрску, — ведаеце, бюракратыя і ў нас. Усюды поўна яе, усюды бухгалтары; сваруся я з імі, ведаеце, ды нічога не зробіш... Падпішыце квітанцыю псеўданімам, напрыклад, Шуляк або ў гэтым родзе. Так прынята. — Вочы яго ўсё круціліся ад няўпэўненасці.
    — Пан паліцмайстар, — Прончык сказаў нясмела, злёгку абражана, — грошы я маю, не хачу рабіць лішніх выдаткаў для паліцыі.
    — Усё-такі дзеля якой рацыі вы павінны выдаткоўвацца? — Павучаў: — Мо давядзецца вам спаіць каго з бандытаў або гутарыць з імі пры гарэлцы, якая, ведаеце, развязвае языкі. П’яныя шчырэюць. На тое патрэбны грошы, іншы раз і немалыя. А нам, паліцыі, гэтых некалькі дзесяцірублёвак, ведаеце, чыстае глупства.
    — He, не вазьму. Мне сумленне не дазваляе. У мяне сапраўды ёсць грошы.
    — Вазьміце, — паліцмайстар нахіліўся. — Грошы гэтыя, так сказаць, нічые: ёсць каса, ёсць і грошы! — ён жартаўліва засмяяўся.
    — Я не заслужыў іх. — Прончык разлічыў: «Што я пляту яму?! Я ж і рублём не смярджу! Ой, якое гэта бясхітрае маё круцельства...»
    — Заслужыце, пан Прончык. 3 часам заслужыце,— паліцмайстар даў маху, Прончык гэта выкарыстаў.
    — Прапануючы мне грошы, вы, прабачце мне за шчырасць, абражаеце маё пачуццё абавязку перад Расійскай імперыяй! Маё пачуццё гонару прымушае сказаць вам гэта...
    — Вы, мабыць, палічылі маю прапанову за спробу платы? — сказаў паліцмайстар са шляхетным здзіўленнем. — Гэта непаразуменне, да якога нам нельга дапусціцца. Грошы павінны вам толькі дапамагчы.
    — Калі будзе патрэба ў іх, я сам папрашу ў вас патрэбную суму, — сказаў Прончык.
    — Я не хацеў вас абразіць, пан Прончык, — разгубіўся паліцмайствр. — Лічыў, што прапаную вам дапамогу дзяржавы ў грамадска важнай справе... У нашых добрых намерах... — Дзесяцірублёўкі ён згроб назад у шуфлядку. Думаў: «Не будзе распіскі Прончыка, не будзе і ўлады над ім. Паспрабуем падкінуць яму нейкую чужую рэч, чужую ўласнасць і навінчваць
    справу аб зладзействе. Папросіць ратунку — тады пастаўлю яму свае ўмовы. Цвёрда пастаўлю, без далікацтва...»
    — Пан паліцмайстар, як толькі я даведаюся што наконт тых бандытаў, дык адразу данясу вам, — ветліва і не без спеху развітваўся ён.
    — Маю надзею, пан Прончык, што мы добра разумеем адзін другога, — гаварыў паліцмайстар. Ён страціў настрой. Злаваў: «А тут яшчэ нейкі кур’ер ад паўстанцкага цэнтра ў Вільні кіруецца сюды... Што мне адпісаць Лосеву аб аператыўнай гатоўнасці і аб стане агентурнай сеткі?»
    — Я такой жа думкі, пан паліцмайстар.
    — Прабачце, што займаю ваш час...
    Калі паліцмайстар застаўся адзін, прамармытаў:
    — Хітрая сволач! — і пачухаў патыліцу.
    4
    Адаму Вільдовічу заставалася падшукаць месца на патайнік, у якім трэба будзе хаваць запасы надрукаванай «Мужыцкай праўды» — мо нават разам з падручнай друкарняй. У выпадку, калі паліцыя выявіць дагэтулешнюю друкарню газеты, дык запасаў паасобных яе нумароў павінна хапіць надоўга. Да часу заснавання новай друкарні.
    За гушчэчай Копнай гары знаходзіцца мясціна, аб якой Вільдовіч зараз думаў. Бадай тры гады таму назад, у пачатку восені, ён трапіў туды даволі выпадкова — упаляваў ліса. Чарнаводная Сакалда ў гэтым месцы разлівалася ў балотную затоку пад гарою, страміна якой, быццам прыплюшчанае вока, была заслонена пахілымі ялінамі ды соснамі, што пагорбіліся ад вятроў. За абрыў ушчаперыліся ядлоўцы, заўзята і густа чапляючыся карэннямі, у махравіну якіх выройваліся камары, знаходзячы пад імі змрок і пахі гнілі. Калі стаяць на другім, супроцьлеглым, беразе дрыгвяністай даліны ракі, дык гэтае месца жаўцее лапамі пяску на падабенства якогасьці вялізнага дапатопнага звера, што не змог вылезці з-пад буйнай зелені і сканаў на парозе прасторы.
    Вільдовіч памятае, што ліс паказаўся, бы з-пад зямлі, нечакана, і недзе з-над абрыву. Забіты з першым стрэлам, ён ссунуўся за ядлоўцы. Вільдовіч пабег за ім і там раптоўна праваліўся аж па пахі. 3 перапуду
    мёртва трымаючыся за якісьці пянёк, да крыві калечачы далоні, з жахам адчуваў, што яго ногі звісаюць так, як бы сабраўся злазіць з гарышча, ды аказалася, што хтосьці забраў лесвіцу! Нешта абвальваючы пад сабою, увесь змакрэлы ад поту, Вільдовіч шчасліва выпаўз у траву і мох і, паглядзеўшы ў праваліну, далёка ўнізе ўбачыў ваду ў водарасцях; ліс ляжаў у глыбокай пасцелі з трыснягу ды блішчастага аеру.
    Адышоўся адтуль. Дрыжалі ў яго рукі і трымцела ўваччу. Колькі часу шукаў стрэльбу.
    Да страміны нельга дайсці ад лесу; можна даплысці да яе цераз затоку, ведаючы напрамак. Відаць, дзесьці там ліс і меў нару, якую цяпер варта было б абгледзець, ці не прыдасца яна на схоў. Выняты з яе пясок можна смела скідаць у муць, а бярвенні для мацунку і сценаў падвозіць лодкаю... «Але наколькі надзейнае гэта месца ўзімку, калі ўсё сцісне мароз? — трывожыўся Вільдовіч. — Аднак жа ў гнільных глыбінях павінны быць цёплыя віры або і крыніцы. Дзякуючы ім збудаваны ў абрыве патайнік заставаўся б недаступным на працягу цэлага года!»
    Цяпер, у студзені, мог ён праверыць свае здагадкі.
    Выбраўся туды.
    Працягваючы лясніцкае асочванне, вандраваў ён уздоўж замёрзлай Сакалды. Адвячоркам зайшоў у Лазнёўскі бор, каб адпачыць і заначаваць там. Вышукаў малады ельнік, густы, каб раскласці ў ім бяспечны агонь — напячы рыбы, павячэраць ёю ды падрамаць на пасцелі з галінаў, спінаю да полымя.
    Лес чарнеў, і шчаслівелі зоркі.
    Вільдовічу прыснілася, што жандары атакуюць ягоную хатку, рагочуць і здалёку крычаць: «Мы пра ўсё ведаем... Пра ўсё ўсянюткае. Здавайся! Твая смерць пазбаўлена сэнсу...» Прачнуўся ён увесь у дрыжыках.
    Вогнішча згасла. Сляпілася ў ім адно вуголле.
    У пушчы нешта здарылася. Вільдовіч, абеспрытомнены сном, адразу нават прыблізна не змог вызначыць прадчування, якое ахапіла яго.
    Прыгледзеўся да елачак.
    Да ягонай цверазеючай сосну памяці даляцела далёкае гуканне пугача, гуканне своеасаблівае: раз кароткае, раз доўгае і тры кароткія...
    «Гэта Прончыкі» — Вільдовіч усхапіўся.
    Засыпаў снегам галавешкі, сабраў манаткі, аднак жа накіраваўся ён не ў бок сігналу Прончыка.
    У хвойніку завыў воўк. Неяк перасцерагальна.
    Вільдовіч міжволі скінуў з плячэй стрэльбу. Узыходзіў месяц, нема асвятляючы звярыныя сляды. Стары лес кончыўся, наперадзе — альшынавыя зараснікі. За імі — нізкія кусты, цэлыя гнёзды кустоў, і дзе-нідзе па-шыбенічнаму высіўся пакірачаны сухастой: Дзеразінскія багнішчы.
    Ляснік прысеў за елкаю.
    Сапацяць баюры, над якімі сцелецца сцюдзёны туман, быццам дым ад спрадвечнага агню — мо тысячы гадоў! Блізка залапатаў крыламі лясны арол — няйначай, спрасонку.
    Вільдовіч падкраўся да купіны акалелага лазняку: снег чысты, нават і без заячых слядоў. Адсюль пачынаецца адзіная сцежка да выспы, якую ляснік адкрыў летам, перад жнівом, калі казакі неспадзявана атакавалі паўстанцкі лагер; накінуліся яны хмараю на жменю паўстанцаў. Вільдовіч тады, узваліўшы на плечы параненага Макарэвіча з Беластока, палез у дрыгву. Свісталі кулі. Ён брыў штораз глыбей, хапаючыся за мізэрныя кусцікі, якія вырываў са жмутамі дзікай травы. Усё роўна бы на пустыні маячылі дрэвы, бязлітасныя ды мёртвыя, якія рассыпаліся ў спарахнелы пыл ды валіліся, калі спрабоўваў ён абаперціся аб якое з іх. Макарэвіча параніла няцяжка, і Вільдовіч, выламаўшы алешыну, вытузнуўшы яе з карэннямі, паклаў яго на пруткае голле ды пацягнуў далей. На выспу прыйшлі, калі ўжо зусім пацямнела. Прасядзелі на ёй мо з тыдзень... А ўвосень схавалі там друкарню «Мужыцкай праўды»; перавезлі яе з-пад Верхлесу. У леснічоўцы Клін надрукавалі апошні, сёмы, нумар газеты. Быў верасень.