• Газеты, часопісы і г.д.
  • Карлсан хітруе зноў  Астрыд Ліндгрэн

    Карлсан хітруе зноў

    Астрыд Ліндгрэн

    Выдавец: Папуры
    Памер: 208с.
    Мінск 2020
    50.89 МБ
    Малы і Карлсан, які жыве на даху
    Малы і Карлсан, які жыве на даху
    Карлсан прылятае зноў
    Карлсан прылятае зноў
    — I хто? — спытаў Малы.
    — Той брыдкі тоўсты хлопчык, вядома. Карлсан, ці як там яго завуць? Паглядзі, заднія дзверы ў кухню адчыненыя! Ён падслухоўваў за імі, а потым пратачыўся сюды, пакуль мы былі ў калідоры.
    Яна сярдзіта затрэсла галавой.
    — Дух сноў! Як міла! Перавальвае з хворай галавы на здаровую, а сам не ўмее нават пісаць як трэба!
    Малы не хацеў працягваць гаворку пра Карлсана, таму проста сказаў:
    — А я ўсё адно думаю, што гэта быў дух сноў! Хадзем, Бімба!
    Штораніцы Малы і Бімба гулялі ў парку Васы, і для Бімба гэты шпацыр быў самай вясёлай падзеяй за дзень, бо яны сустракалі так шмат цудоўных сабак, з якімі можна паабнюхвацца ды паразмаўляць.
    Малы звычайна гуляў там з Крыстэрам і Гунілай, але сёння іх не было бачна. Магчыма, яны ўжо з’ехалі ў вёску, падумаў Малы. Што ж, гэта не так і страшна, пакуль у яго ёсць Карлсан... і Бімба, вядома.
    Нейкі вялікі сабака падбег і пачаў задзірацца з Бімба. Той таксама рваўся ў бойку. Бімба вельмі хацеў выказаць гэтаму дурному барбосу ўсё, што пра яго думае. Але Малы яму не даў.
    — Нават не думай, — сказаў Малы. — Ты занадта маленькі, каб біцца з такім вялікім сабакам.
    Ён узяў Бімба на рукі і агледзеўся ў пошуках свабоднай лаўкі, каб перачакаць, пакуль Бімба супакоіцца. Але паўсюль сядзелі людзі і грэліся пад промнямі сонейка. Толькі адышоўшыся даволі далёка, ён знайшоў у куточку парку вольнае месца на лаўцы. Там ужо, праўда, сядзелі два дзядзькі, і ў кожнага ў руцэ было па пляшцы піва. Малы пазнаў гэтых двух! Дакладна — гэта былі Філе і Руле. Спачатку Малы спалохаўся і памкнуўся збегчы. Але нешта прыцягвала яго да гэтай лаўкі. Яму
    карцела даведацца, ці не кінулі Філе і Руле свайго намеру злапаць Карлсана. Можа быць, тут ён якраз усё высветліць? Ды і чаго яму баяцца? Філе і Руле ніколі яго не бачылі і не маглі пазнаць. I гэта добра, вельмі нават добра! Ён зможа сядзець каля іх колькі захоча. Акурат так героі прыгодніцкіх кніжак выведвалі розныя штукі: проста ціха сядзелі ды слухалі на ўсе вушы.
    Так што Малы сеў на лаўку, навастрыў вушы і ўвесь час ціхенька размаўляў з Бімба, каб Філе і Руле не здагадаліся, што іх падслухоўваюць. Было не падобна, што ён пачуе нешта вартае ўвагі: Філе і Руле проста жлукцілі піва ды маўчалі. Урэшце Філе гучна адрыгнуўся і сказаў:
    — Дык гэта, зловім мы яго, зловім. Мы ж ведаем, дзе ён жыве. Я сто разоў бачыў, як ён туды залятае.
    Малы так перапалохаўся, што не мог дыхаць. Ён быў у адчаі: цяпер Карлсану дакладна канец! Філе і Руле знайшлі ягоны дамок на даху, і цяпер усё скончана!
    Малы ўкусіў сябе за пальцы, стараючыся не заплакаць, але калі ён ужо гатовы быў сарвацца, Руле сказаў:
    — Дык і я таксама бачыў шмат разоў, як ён туды залятае... Гэта ж тая кватэра, дзе мы былі
    мінулым летам. Дванаццатая, на чацвёртым паверсе. Я праверыў, там вісіць шыльда «Свантэсаны».
    Вочы Малога зрабіліся круглыя ад здзіўлення, ён вушам сваім не мог паверыць. Філе і Руле праўда думалі, што Карлсан жыве ў Свантэсанаў? Якая ўдача! Значыць, у сябе дома Карлсан можа пачувацца больш-менш бяспечна: Філе і Руле яго пакуль не знайшлі, і можна схавацца там! Дзіва што: ні Філе, ні Руле, ні яшчэ які чалавек, апрача хіба камінара, ніколі не выходзілі на дах.
    Але нават калі Руле і Філе нічога не ведалі пра дамок Карлсана, усё адно гэта было жахліва. Бедны Карлсан: цяпер яны пачалі паляваць на яго па-сапраўднаму, а ён, вар’ят, нават не думае хавацца!
    Філе і Руле зноў замаўчалі, але раптам Руле сказаў ціхім голасам — Малы яго ледзьве пачуў:
    — Можа, гэтай ноччу?
    Тады Філе нарэшце, відаць, заўважыў, што з імі на лаўцы сядзіць нехта яшчэ. Ён зірнуў на Малога і гучна адкерхаўся.
    — Так, добра, сёння ўночы сходзім накапаць чарвякоў, — сказаў ён.
    Але так лёгка Малога не падманеш! Ён выдатна зразумеў, што Філе і Руле задумалі зрабіць гэтай ноччу. Яны хочуць злавіць Карлсана, пакуль той будзе спаць, і яны лічаць, што спаць ён будзе дома ў Свантэсанаў.
    «Мне трэба расказаць пра гэта Карлсану, — падумаў Малы. — I расказаць як мага хутчэй!»
    Але Карлсан вярнуўся не раней, чым надышоў час абеду. Гэтым разам ён не заляцеў праз акно, а, як мае быць, пазваніў у званок дзвярэй. Малы адчыніў.
    — О, як добра, што ты прыйшоў, — пачаў быў Малы, але Карлсан яго не слухаў. Ён адразу кінуўся на кухню да фрэкен Бок.
    — Што ў нас сёння за духмельны ласунак? — спытаў ён. — Што-небудзь жорсткае, як звычайна, ці нешта прыдатнае для нармальных іклаў?
    Фрэкен Бок стаяла каля пліты і смажыла аладкі, каб пачаставаць дзядзьку Юліуса чым-небудзь мякчэйшым за курыцу. Пачуўшы за спінай голас Карлсана, яна падскочыла і разліла лыжку цеста на пліту. Фрэкен Бок раззлавана азірнулася.
    — Ах ты! — крыкнула яна. — Ах ты... ніякага сораму не маеш! I як ты насмеліўся тут паказвацца і глядзець мне ў твар, брыдкі выкрадальнік булачак?
    Карлсан прыклаў да вачэй пульхныя далонькі і хітравата паглядзеў паміж пальцаў.
    — Вось неяк так насмеліўся — асцярожненька, — адказаў ён. — Ты, вядома, не самая прыгожая ў свеце, але з усім звыкаешся. Галоўнае, што ты добрая... Давай сюды аладкі!
    Фрэкен Бок раз’юшана паглядзела на яго, а потым павярнулася да Малога.
    — Слухай, а твая мама хіба казала, што мы павінны карміць гэтага брыдкага хлопчыка? Ён праўда мусіць есці тут у нас?
    Малы, як звычайна, пачаў запінацца.
    — Мама, у любым разе, лічыць... што Карлсан...
    — Адказвай — так або не, — сказала фрэкен Бок. — Твая мама казала, што мы мусім карміць Карлсана?
    — Яна, у любым разе, хоча, каб ён... — паспрабаваў Малы зноў, але фрэкен Бок жорстка яго абарвала:
    — Адказвай — так або не! Няўжо так складана адказаць «так» ці «не» на простае пытанне?
    — А ты думаеш, не складана? — умяшаўся Карлсан. — Я задам табе простае пытанне, і пабачыш сама. Вось слухай! Ты перастала піць каньяк уранку? Адказвай — так або не!
    Фрэкен Бок схапіла ротам паветра і ледзьве не задыхнулася. Яна хацела нешта сказаць, але не магла.
    — Ну дык што? — паўтарыў Карлсан. — Ты перастала піць каньяк уранку?
    — Так, яна перастала! — горача сказаў Малы. Ён вельмі хацеў дапамагчы фрэкен Бок, але толькі больш раз’юшыў яе.
    — Вядома, я не перастала! — сярдзіта крыкнула яна, напалохаўшы Малога да паўсмерці.
    — Ой, не, не, яна не перастала! — запэўніў ён.
    — Прыкра гэта чуць, — сказаў Карлсан. — Выпіўка прыводзіць да вялікіх праблем.
    Фрэкен Бок усхліпнула і апусцілася на крэсла. Затое Малы нарэшце знайшоў правільны адказ.
    — Яна не перастала, бо ніколі і не пачынала, ясна табе? — упікнуў ён Карлсана.
    — А я хіба такое казаў? — спытаў Карлсан і павярнуўся да фрэкен Бок. — Дурненькая, бачыш цяпер, што немагчыма ўвесь час адказваць толькі «так» або «не»... Давай сюды аладкі!
    Вось ужо што фрэкен Бок рабіць не збіралася, дык гэта частаваць Карлсана аладкамі. Яна з рыкам ускочыла і расчыніла заднія дзверы.
    — Прэч, — сказала яна. — Прэч!
    I Карлсан пайшоў. Ён пасунуўся да дзвярэй вельмі напышліва.
    — Я сыходжу, — сказаў ён. — Я сыходжу з радасцю. Ёсць і іншыя, акрамя цябе, хто ўмее пячы аладкі!
    Калі Карлсан знік, фрэкен Бок доўга сядзела моўчкі і проста адпачывала. Але потым трывожна зірнула на гадзіннік.
    — I дзе твайго дзядзьку Юліуса носіць? — сказала яна. — А раптам ён заблукаў! Ён жа, мабыць, не дужа добра ведае Стакгольм.
    Малы таксама пачаў непакоіцца.
    — I праўда, а раптам ён не знойдзе дарогу дадому?
    Якраз тут зазваніў тэлефон у калідоры.
    — Мабыць, гэта дзядзька Юліус, — сказаў Малы, — тэлефануе сказаць, што заблукаў.
    Фрэкен Бок пайшла адказваць, і Малы за ёй следам. Але ён адразу зразумеў, што тэлефануе не дзядзька Юліус, бо пачуў, як фрэкен Бок кажа самым раз’юшаным сваім голасам:
    — А, гэта ты, Фрыда? Як пачуваешся, нос яшчэ на месцы?
    Малы не хацеў слухаць чужыя размовы і таму пайшоў да сябе ды сеў чытаць, але ўсё адно яму было чутнае мармытанне з вітальні, і гэтае мармытанне працягвалася хвілін дзесяць, не меней.
    Малы згаладаўся. Ён хацеў, каб гэтае мармытанне скончылася, каб дзядзька Юліус прыйшоў дадому
    і каб яны ўсе нарэшце паелі. Як толькі фрэкен Бок паклала слухаўку, ён выбег у вітальню, каб сказаць ёй пра гэта.
    — Ну добра, зараз паясі, — велікадушна дазволіла фрэкен Бок і павяла яго ў кухню. Але на парозе рэзка спынілася. Яе мажнае цела запоўніла ўвесь праход, і Малы нічога не бачыў. Ён толькі чуў яе раззлаваны крык і, калі цікаўна высунуў галаву з-за яе спадніцы, каб высветліць, чаго яна крычыць, убачыў Карлсана. Той сядзеў за сталом ды спакойна і з задавальненнем умінаў аладкі. Малы спалохаўся, што фрэкен Бок заб’е Карлсана, бо выглядала на тое. Але яна толькі ўварвалася ў кухню і вырвала з-пад носа Карлсана спод з аладкамі.
    — Ах ты... Ах ты... Ах ты жахлівы хлопчык! — крыкнула яна. Тады Карлсан ляпнуў яе па пальцах і сказаў:
    — Вярні мае аладкі. Я іх сумленна купіў у Ліндбергаў за пяць эрэ!
    Ён разявіў рот і загрузіў туды ладную порцыю аладак.
    — Як я і казаў, ёсць і іншыя, хто ўмее пячы аладкі. Трэба толькі рухацца на пах, і хутка іх знойдзеш.
    Малому было амаль шкада фрэкен Бок, бо яна зусім разгубілася.
    — Дзе... дзе... дзе ж тады мае аладкі? — спытала яна запінаючыся і паглядзела на пліту. Там стаяў яе спод, але аладак на ім было роўна нуль. Гэтае відовішча раз’юшыла яе зноў.
    — Нахабнае дзіцё! — крыкнула яна. — Ты і мае аладкі з’еў!
    — Якраз не, — абурыўся Карлсан. — Але табе абы ўсё на мяне павесіць.
    Тут пачуліся крокі па сходах. Нарэшце гэта быў дзядзька Юліус, цяпер ужо дакладна. Малы быў рады і таму, што сварка спыніцца, і таму, што дзядзька Юліус не заблукаў у гарадскім тлуме.
    — Як здорава! — сказаў Малы. — Значыць, ён усё ж знайшоў дарогу дадому!
    — А ўсё дзякуючы знакам, якія яго прывялі, — сказаў Карлсан. — Без іх ён ніколі б назад не трапіў!
    — Якім знакам? — пацікавіўся Малы.
    — Маім, — сказаў Карлсан. — Я ж самы добры ў свеце!
    Але тут у дзверы пазванілі, фрэкен Бок паспяшалася адчыніць іх, а Малы выйшаў следам, каб сустрэць дзядзьку Юліуса.
    — Калі ласка ў хату, спадар Янсан, — сказала фрэкен Бок.
    — Мы думалі, можа, ты заблукаў, — сказаў Малы.
    Але дзядзька Юліус нікому з іх не адказаў.
    — Як так атрымалася, — спытаў ён строга, — што на кожнай дзвярной ручцы ва ўсім пад’ездзе вісіць па аладцы?
    Ён з дакорам паглядзеў на Малога, і той спалохана забубніў: