• Газеты, часопісы і г.д.
  • Карлсан хітруе зноў  Астрыд Ліндгрэн

    Карлсан хітруе зноў

    Астрыд Ліндгрэн

    Выдавец: Папуры
    Памер: 208с.
    Мінск 2020
    50.89 МБ
    Малы і Карлсан, які жыве на даху
    Малы і Карлсан, які жыве на даху
    Карлсан прылятае зноў
    Карлсан прылятае зноў
    — Нарэшце! — сказала мама. — Нарэшце!
    Яна ўвесь дзень чакала і не знаходзіла спакою, і таму цяпер вельмі нервавалася. Але фрэкен Бок гэтага не зразумела. Яна пахмура сказала:
    — Я не магла прыйсці раней. Гэта ўсё Фрыда вінаватая.
    Маме трэба было шмат пра што дамовіцца з фрэкен Бок, але часу на гэта ўжо не было, бо на вуліцы чакала таксі.
    — Самае важнае — гэта наш хлопчык, — сказала мама са слязамі ў вачах. — О, толькі б з ім нічога не здарылася, пакуль нас не будзе!
    — Там, дзе я, нічога не здараецца, — запэўніла фрэкен Бок.
    Тата сказаў, што давярае ёй і што ён упэўнены: усё будзе добра. Потым тата і мама абнялі на развітанне Малога, выбеглі з кватэры і зніклі ў ліфце... Малы застаўся сам-насам з фрэкен Бок.
    Яна села за кухонны стол, вялікая, грубая і злая, і пачала расчэсваць мокрыя валасы вялі-
    кімі, грубымі рукамі. Малы баязліва глядзеў на яе і слаба ўсміхаўся, каб паказаць прыязнасць. Ён памятаў, як баяўся яе мінулым разам і як яна яму тады не спадабалася. Але цяпер усё іначай, цяпер яму здавалася нават прыемным, што фрэкен Бок сядзіць тут. I нават калі ёй з Карлсанам будзе складана ўжыцца ў адным доме, Малы ўсё адно быў удзячны фрэкен Бок, што яна прыйшла. Іначай мама ніколі ў жыцці не дазволіла б яму застацца дома аднаму, каб прыглядаць за Карлсанам, гэта ўжо дакладна. Таму Малы хацеў з самага пачатку паказаць сваю прыязнасць да фрэкен Бок і ветліва спытаў:
    — Як пачуваецца Фрыда?
    Фрэкен Бок не адказала, а толькі чмыхнула. Фрыда была сястрой фрэкен Бок. Малы ніколі не сустракаўся з ёй, а толькі чуў пра яе. Вельмі шмат чуў. Ад фрэкен Бок. Фрэкен Бок жыла разам з Фрыдай у кватэры на вуліцы Фрэйгатан, але выдавала на тое, што вясёлага ў гэтым мала. Малы зразумеў: фрэкен Бок недалюблівала сястру і лічыла, што тая важнічае і выяўляе з сябе невядома каго. Спачатку Фрыду паклікалі выступіць у тэлеперадачы пра прывідаў, і гэта вельмі зачапіла фрэкен Бок. Вядома, пазней яна сама трапіла на іншую перадачу, дзе паказвала ўсяму
    шведскаму народу, як гатуе «Духмельны ласунак Хільдур Бок», але гэтага, відаць, было мала, каб асадзіць Фрыду. Мабыць, тая ўсё адно працягвала важнічаць і выдаваць з сябе невядома каго, раз фрэкен Бок толькі чмыхнула ў адказ на пытанне Малога, як пачуваецца Фрыда.
    — Дзякуй, яна, па ўсім відаць, пачуваецца выдатна, — сказала фрэкен Бок, начмыхаўшыся як след. — Жаніха сабе вычапіла, бядачка!
    Малы не зусім разумеў, што яму адказаць на гэта, але нешта сказаць ён мусіў. Ён так хацеў быць ветлівым, што спытаў:
    — А ў вас, фрэкен Бок, таксама ёсць жаніх?
    Гэтага, відаць, яму не варта было пытаць, бо фрэкен Бок рэзка паднялася і пачала з грукатам мыць посуд.
    — He, дзякуй богу, — сказала яна. — Я і не хачу ніякіх жаніхоў. He ўсім жа быць такімі ветрагонкамі, як Фрыда.
    Яна крыху пастаяла ціха, а тады пачала так шараваць посуд, што пена паляцела ва ўсе бакі.
    Але потым фрэкен Бок, відаць, пра нешта ўспомніла і занепакоена павярнулася да Малога.
    — Паслухай, а той брыдкі тоўсты хлопчык, з якім ты гуляў раней, ён жа болей сюды не прыходзіць, я спадзяюся?
    Фрэкен Бок так і не зразумела, што Карлсан, які жыве на даху, быў прыгожым, спрэс разумным і ўзорна тоўстым мужчынам у сваім найлепшым веку, — яна думала, што ён школьны сябрук Малога, ягоны аднагодак і самы звычайны вісус. Тое, што гэты вісус умеў лятаць, яе не здзіўляла. Яна думала, што ягоны матор — цацка, якую можна купіць у любой краме, калі маеш дастаткова грошай, і толькі лаялася, якія разбэшчаныя цяпер дзеці з усімі гэтымі дарагімі гульнюшкамі.
    — Хутка, відаць, і на Месяц пачнуць лятаць, яшчэ не пачаўшы хадзіць у школу! — казала яна.
    А цяпер яна назвала Карлсана «той брыдкі тоўсты хлопчык» — гэта, на думку Ма;:ога, было зусім не ветліва.
    — Карлсан не брыдкі... — пачаў ён, але тут якраз пазванілі ў дзверы.
    — Ой, няўжо дзядзька Юліус прь ехаў! — усклікнуў Малы і пабег адчыняць.
    Але гэта быў не дзядзька Юліус, гэта быў Карлсан. Прамоклы наскрозь Карлсан, які стаяў пасярод маленькай лужынкі дажджавой вады і глядзеў на Малога з дакорам.
    — Як доўга я мушу лятаць пад дажджом і лаяцца толькі таму, што ты не можаіі пакінуць сваё акно адчыненым? — спытаў Карлсан.
    — Але ж ты сказаў, што паляціш да сябе спаць! — пачаў апраўдвацца Малы, бо Карлсан і праўда гэта сказаў. — Я нават не думаў, што ты сёння вернешся.
    — Ты мог бы спадзявацца, — сказаў Карлсан. — Ты мог бы падумаць — можа, ён усё ж такі прыляціць, мілы Карлсанчык, о, як гэта было б здорава, так, можа быць, ён прыляціць, бо яму ж, пэўна, захочацца пабачыць Страхмістрыню — ты мог бы пра гэта падумаць!
    — Ты хочаш яе пабачыць? — затрывожыўся Малы.
    — Хой, хой, — сказаў Карлсан з агнём у вачах. — Хой, хой, а ты як думаеш?
    Малы, вядома, разумеў, што не зможа ўвесь час адмяжоўваць Карлсана ад фрэкен Бок, але ён не быў гатовы, што яны сутыкнуцца адно з адным ужо ў першы вечар. Ён адчуваў, што мусіць паразмаўляць з Карлсанам, але той ужо бег у кухню, узрушаны, як паляўнічы сабака.
    Малы дагнаў яго і схапіў за руку.
    — Паслухай, Карлсан, — пачаў ён пераконваць, — яна лічыць, што ты мой школьны таварыш, і я думаю, будзе лепей, калі яна і далей так будзе лічыць.
    Карлсан рэзка спыніўся. Потым у ім забулькаў смех, як звычайна бывала, калі ён захапляўся чымнебудзь.
    — Яна праўда думае, што я таксама хаджу ў школу? — радасна спытаў ён і зноў прыпусціў да кухні.
    Фрэкен Бок чула ягоны галоп. Яна чакала дзядзьку Юліуса і таму здзівілася, што спаважны мужчына можа гойсаць на такой хуткасці. Яна з цікаўнасцю павярнулася, каб паглядзець на гэтага хуткаснага бегуна, але калі дзверы адчыніліся і ў кухню ўварваўся Карлсан, яна ахнула, быццам убачыла змяю. Змяю, якую нізашто не жадала бачыць у сваёй кухні.
    Але Карлсан гэтага не зразумеў. За пару скачкоў ён апынуўся побач з ёй і ўзрушана паглядзеў у яе незадаволены твар.
    — I хто, па-твойму, найлепшы вучань у класе? — спытаў ён. — Адгадай, хто найлепшы ў лічэнні, чытанні, пісьме і ў... ва ўсім?
    — Калі ўваходзіш, трэба вітацца, — сказала фрэкен Бок. — I мяне не цікавіць, хто найлепшы вучань у класе. У кожным разе, не ты.
    — А вось і я, уяві сабе, — сказаў Карлсан, але раптам сціх і нібыта задумаўся. — Прынамсі, я найлепшы ў лічэнні, — падумаўшы як след, сказаў ён пахмура. Але потым паціснуў плячыма.
    — Ну але што ж, гэта з’ява банальная, — сказаў ён і пачаў жвава скакаць па кухні.
    Ён кружляў вакол фрэкен Бок, а потым раптам завёў сваю вясёлую песеньку:
    — Трэба, каб бабахала, каб весела было...
    — He, Карлсан, — паспешліва сказаў Малы. — He, не!
    Але гэта не дапамагло.
    — Вось так: бабах, бубух, бабам, бубум, трала-ло! — спяваў Карлсан.
    I калі ён дайшоў да «тра-ла-ло», раптам пачуўся стрэл, а потым крык. Стрэл быў з Карлсанавага пісталета, а крык — з вуснаў фрэкен Бок. Малы спачатку падумаў, што яна знепрытомнела, бо яна апусцілася на крэсла і сядзела там ціха, заплюшчыўшы вочы, але калі Карлсан праспяваў далей сваё «бах, бубух, бабам, бубум і бом», яна расплюшчыла іх і сярдзіта сказала:
    — Калі ты зараз жа не спынішся, я цябе так адбабахаю і адбубухаю, брыдкае дзіця, што ты павек не забудзеш!
    На гэта Карлсан нічога не адказаў. Ён толькі тыцнуў сваім тоўсценькім пальцам пад яе падбародак, дзе на каўняры была прыгожая брошка.
    — Прыгожая штучка, — сказаў ён. — Дзе ты яе сцягнула?
    — Ты што, Карлсан! — спалохана сказаў Малы, бо заўважыў, як раз’юшылася фрэкен Бок.
    — Гэта... гэта... гэта найбессаромнейшая выхадка! — запінаючыся, прамовіла яна. Словы даваліся цяжка, але ўрэшце яна гаркнула:
    — Прэч! Прэч адсюль, кажу!
    Карлсан здзіўлена паглядзеў на яе.
    — Чаго ты, чаго ты, — сказаў ён. — Я ж проста спытаў. А калі ветліва пытаеш, можаш разлічваць на ветлівы адказ, я лічу так.
    — Прэч! — крыкнула фрэкен Бок.
    — Дарэчы, — сказаў Карлсан. — Я б хацеў нештачкі даведацца. У цябе таксама раніцай бывае напружанне ў целе? Калі так, то а якой гадзіне мне лепш пачынаць цябе фігураваць?
    Фрэкен Бок раз’юшана агледзелася па баках у пошуках якой-небудзь зброі, каб прагнаць Карлсана, і той угодліва збегаў у камору, дастаў выбівалку для дываноў і ўсунуў ёй у руку.
    — Хой, хой! — крыкнуў ён і пачаў марш-кідок вакол кухні. — Хой, хой, ізноў пагоня!
    Але фрэкен Бок адкінула выбівалку. Яна, пэўна, памятала, як ганялася з ёю за Карлсанам мінулым разам, і не хацела такое паўтараць.
    Малому гэта ўсё здалося не надта добрым пачаткам, і ён задумаўся, ці доўга зможа фрэкен Бок спакойна назіраць за тым, як Карлсан гарцуе вакол і крычыць «хой-хой». Доўга яна не выдужае, думаў
    Малы. Трэба як мага хутчэй выцягнуць Карлсана з кухні. I калі той адзінаццаты раз праносіўся nodan, Малы ўхапіў яго за каўнер.
    — Карлсан, — падлабуніўся ён, — хадзем лепей да мяне ў пакой.
    I Карлсан пайшоў за ім, хоць і не надта ахвотна.
    — Як недарэчна ты мяне спыніў — акурат калі яна амаль што разварушылася! — сказаў ён. — Калі б у мяне было яшчэ крыху часу, яна б ужо дакладна гойсала і была б вясёлая і гуллівая, нібы марскі леў.
    Як звычайна, ён падышоў да акна і выкалупаў з гаршка персікавую костачку, каб паглядзець, наколькі тая вырасла.
    Малы таксама падышоў паглядзець і, паклаўшы руку Карлсану на плячо, адчуў, які той мокры. Небарака, мусіць, яму давялося доўга лятаць пад дажджом.
    — Ты не мерзнеш? Ты ж увесь прамок! — сказаў Малы.
    Было не падобна, што Карлсан раней пра гэта задумваўся, але цяпер ён і сам гэта адчуў.
    — Яшчэ як мерзну, — сказаў ён. — Але хіба кагосьці гэта турбуе? Хіба кагосьці засмучае, што найлепшы сябар прыходзіць наскрозь прамоклы, калоціцца ад холаду? Хіба хтосьці просіць яго
    зняць вопратку і вешае яе сушыцца, хіба хтосьці надзявае на яго мяккі ўтульны халат, ідзе гатаваць яму цёплы шакалад, і частуе яго кучай булачак, і ўкладвае яго ў пасцель, і спявае яму сумную прыгожую песеньку, каб ён пакрысе заснуў? Хіба хтосьці гэта робіць? — ён з папрокам паглядзеў на Малога.
    — He, ніхто гэтага не робіць, — сказаў той, гатовы вось-вось заплакаць.
    Тады Малы паспяшаўся зрабіць усё тое, што, як лічыў Карлсан, патрэбна было зрабіць для найлепшага сябра. Самае складанае было раскруціць фрэкен Бок на гарачы шакалад, але ў яе не было больш ні часу, ні сілы, каб спрачацца, бо яна акурат смажыла курыцу для дзядзькі Юліуса, які мог з’явіцца ў любую хвіліну.