Карлсан хітруе зноў
Астрыд Ліндгрэн
Выдавец: Папуры
Памер: 208с.
Мінск 2020
— Можаш усё і сам арганізаваць, — сказала яна.
Малы так і зрабіў. Потым Карлсан, круглявы і ружавашчокі, сядзеў у ложку Малога, апрануты ў ягоны купальны халат, піў шакалад і еў булачкі, пакуль у ванным пакоі сушыліся яго штаны, бялізна, чаравікі і шкарпэткі.
— Сумнай песенькі спяваць не трэба, — сказаў Карлсан. — Але ты можаш паўгаворваць мяне, каб я застаўся ў цябе начаваць.
— А ты хочаш застацца? — спытаў Малы.
Карлсан акурат засунуў у рот цэлую булачку і не мог адказаць, таму толькі горача заківаў. Бімба забрахаў. Яму не падабалася, што Карлсан ляжыць у пасцелі Малога. Але Малы ўзяў Бімба на рукі і прашаптаў яму на вуха:
— He хвалюйся, я перабяруся на канапу і перанясу туды твой кошык!
Фрэкен Бок бразнула чымсьці на кухні, і Карлсан, пачуўшы гэта, абурана сказаў:
— Яна не паверыла, што я найлепшы вучань у класе!
— А чаго тут здзіўляцца? — спытаў Малы.
Ён жа ведаў, што Карлсан не ўмеў як след ні чытаць, ні пісаць, ні лічыць, хаця так выхваляўся перад фрэкен Бок.
— Табе трэба практыкавацца, — сказаў Малы. — Можа, давай я крыху павучу цябе арыфметыцы?
Карлсан чмыхнуў, ды так, што шакалад пырснуў ва ўсе бакі.
— Можа, давай я крыху павучу цябе ведаць сваё месца? Ці ты думаеш, я не разбіраюся ў амырфе... ну, у тым, што ты сказаў?
Але з практыкаваннямі ў іх не склалася, бо тут у дзверы пазванілі. Малы здагадаўся, што цяпер гэта ўжо дакладна дзядзька Юліус, і кінуўся адчыняць. Ён хацеў яго сустрэць адзін і думаў, што Карлсан застанецца ў ложку. Але Карлсан думаў іначай. Ён з усіх ног прыпусціў за Малым, так што падол халата трапятаў вакол яго ног.
Малы расчыніў дзверы — за імі і праўда стаяў дзядзька Юліус. У кожнай руцэ ён трымаў па чамадане.
— Прывітанне, дзядзька Ю... — пачаў быў Малы.
Далей ён нічога сказаць не паспеў. Бо ў гэты момант пачуўся жудасны стрэл, і дзядзька Юліус у непрытомнасці паваліўся на падлогу.
— Ты што, Карлсан! — адчайна ўсклікнуў Малы. О, як ён пашкадаваў, што падарыў Карлсану гэты пісталет! — Што нам цяпер рабіць, навошта ты гэта ўчыніў?
— Мусіць жа быць салют, — пачаў апраўдвацца Карлсан. — А як інакш? Без салюта не абысціся, калі візіт наносяць салідныя асобы і найвышэйшае чынавенства.
Малы быў такі няшчасны, што, здавалася, восьвось заплача. Бімба раз’юшана брахаў, а фрэкен Бок, якая таксама пачула стрэл, прыбегла ўся задыханая і пачала ўзмахваць рукамі ды вохкаць над бедным дзядзькам Юліусам, які ляжаў на дыванку ля дзвярэй, нібы ссечаная хваіна ў бары. Толькі Карлсан зусім не хваляваўся.
— Спакойна, толькі спакойна, — сказаў ён.
Ён схапіў палівачку, з якой мама Малога звычайна палівала расліны ў доме, і шчодра паліў душыкам дзядзьку Юліуса. Гэта насамрэч дапамагло — дзядзька Юліус павольна расплюшчыў вочы.
— Калі гэты дождж ужо скончыцца... — прамармытаў ён. Але калі ўбачыў схіленыя над сабой устрывожаныя твары, то цалкам ачомаўся.
— Што... што... што адбываецца? — злосна рыкнуў ён.
— Адбываецца салют, — сказаў Карлсан, — хаця для некаторых асоб, якія млеюць з нічога ніякага, гэты зарад, лічы, пушчаны на вецер.
Фрэкен Бок узяла на сябе клопат пра дзядзьку Юліуса. Яна абцёрла яго і павяла ў спальню, дзе ён мусіў жыць, і было чуваць, як яна тлумачыць яму, што гэты брыдкі тоўсты хлопчык — аднакласнік Малога, і што кожны раз, як ён тут з’яўляецца, яго даводзіцца выстаўляць.
— Чуеш? — сказаў Малы Карлсану. — Паабяцай, што ніколі болын не будзеш рабіць салютаў!
— Яшчэ што скажаш! — нахмурыўся Карлсан. — Ты тут прыходзіш і спрабуеш зрабіць гасцям прыемна, узняць настрой, і што ў выніку? Хтосьці кідаецца табе насустрач, цалуе ў абедзве шчакі і крычыць, што ты найлепшы ў свеце весялун? He, дзе ўжо! Усе вы тут зануды і задавакі, вось вы хто!
Малы не чуў, што казаў Карлсан. Ён прыслухоўваўся да скаргаў дзядзькі Юліуса ў спальні. Матрац занадта цвёрды, казаў той, і ложак занадта кароткі, а коўдры занадта тонкія. Ну вось, цяпер нарэшце заўважна, што дзядзька Юліус прыехаў.
— Ён нічым не бывае задаволены, — сказаў Малы Карлсану. — Мне здаецца, ён цалкам задаволены толькі самім сабой.
— Ад гэтага я яго хутка адвучу, калі добра мяне папросіш, — сказаў Карлсан.
Але Малы добра папрасіў Карлсана ні ў якім разе гэтага не рабіць.
Карлсан начус ў Малога
рыху пазней дзядзька Юліус сядзеў за абедзенным сталом і еў курыцу, а фрэкен Бок, Малы, Карлсан і Бімба стаялі вакол і глядзелі. Зусім як кароль, думаў Малы. Настаўніца расказвала ім у школе, што калісьці даўно, калі каралі елі, вакол заўсёды стаялі і назіралі прыдворныя.
Дзядзька Юліус быў тоўсты і выглядаў вельмі пагардлівым і самазадаволеным, але Малы памятаў, што і старажытныя каралі часам бывалі такімі самымі.
— Прыбяры адсюль сабаку, — сказаў дзядзька Юліус. — Ты ведаеш, што я не люблю сабак, Малы.
— Але ж Бімба нічога не робіць! — запярэчыў Малы. — Ён жа зусім ціхі і добры.
Тады дзядзька Юліус напусціў на сябе тую жартаўлівую міну, якую рабіў заўсёды, калі збіраўся сказаць што-небудзь гадкае.
— Вось як, цяпер дзеці такім чынам паводзяцца? — сказаў ён. — Маленькія хлопчыкі пярэчаць, калі робіш ім заўвагу? Вось як, аказваецца... He скажу, каб гэта мне падабалася.
Карлсан увесь час глядзеў толькі на курыцу, але цяпер задумліва перавёў позірк на дзядзьку Юліуса. Ён стаяў так і глядзеў на яго даволі доўга.
— Дзядзька Юліус, — нарэшце сказаў ён. — Хтонебудзь табе казаў, што ты прыгожы, спрэс разумны і ўзорна тоўсты мужчына ў сваім найлепшым веку?
Такога вытанчанага камплімента дзядзька Юліус не чакаў. Ён быў ад яго проста ў захапленні, хаця вельмі стараўся не паказаць гэтага. Ён толькі выдаў кароткі сціплы смяшок і прамовіў:
— He, гэтага мне яшчэ не казалі!
— Вось як, не казалі? — сказаў Карлсан. — Як жа тады табе ў чарапню прыйшла такая бязглуздая думка?
— Ты што, Карлсан... — папікнуў яго Малы, уражаны такім нахабствам. Але тут Карлсан раззлаваўся.
— «Ты што, Карлсан, ты што, Карлсан» і зноў «ты што, Карлсан»! — перадражніў ён. — Чаго ты бурчыш увесь час? Я ж нічога не зрабіў.
Дзядзька Юліус строга паглядзеў на Карлсана, але, пэўна, вырашыў на яго не зважаць. Ён працягваў есці курыцу, а фрэкен Бок угаворвала яго частавацца яшчэ.
— Спадзяюся, вам смачна, — сказала яна.
Дзядзька Юліус з храбусценнем учапіўся зубамі ў курыцу, а потым сказаў сваім жартаўлівым тонам:
— Дзякуй, смачна! Хаця гэтай курыцы дакладна гады чатыры ці пяць, гэта я па зубах адчуваю.
Фрэкен Бок хапанула ротам паветра, а на лбе адразу выступіла пара сярдзітых зморшчынак.
— Няма ў кур ніякіх зубоў, што вы кажаце! — адрэзала яна.
Тады твар у дзядзькі Юліуса зрабіўся яшчэ болып жартаўлівы.
— У кур няма, а ў мяне ёсць, — сказаў ён.
— Але толькі не ноччу, наколькі я чуў, — дадаў Карлсан, і Малы пачырванеў, бо гэта ён расказаў
Карлсану, што дзядзька Юліус перад сном кладзе свае зубы ў шклянку з вадой і ставіць на тумбачку.
На шчасце, у гэты момант фрэкен Бок гучна завыла ад таго, што курыца здалася дзядзьку Юліусу жорсткай. Калі нешта магло зачапіць яе за жывое, дык гэта калі яе кухарскім здольнасцям рабілі заўвагі. Таму цяпер яна горка рыдала.
Дзядзька Юліус, вядома, не думаў, што яна прыме гэта так блізка да сэрца. Ён паспяшаўся падзякаваць за ежу і амаль прысаромлены адышоўся, сеў у крэсла-гайданку і схаваўся за газетай.
Карлсан сярдзіта ўтаропіўся ў яго.
— Фу, якія ж некаторыя бываюць гадкія! — прамовіў ён, а потым падбег да фрэкен Бок і пагладзіў яе, дакуль змог дастаць.
— Ну-ну, мая любачка, — суцяшальна сказаў ён. — Жорсткая курыца — з’ява банальная. Што ўжо тут зробіш, калі ты так і не навучылася як след гатаваць.
Але тут фрэкен Бок узвыла і штурхнула Карлсана так моцна, што ён праляцеў праз увесь пакой і ўпаў на каленкі дзядзькі Юліуса.
— Хой, хой! — загарлапаніў Карлсан, і не паспеў дзядзька Юліус скінуць яго з каленяў, як Карлсан улёгся там ямчэй. Ён зацягнуў ногі пад падол халата, утульна скруціўся, а потым прабуркаваў:
— Давай пагуляем, што ты мой дзядуля і расказваеш мне казку, толькі не дужа страшную, бо я спужаюся.
Дзядзька Юліус зусім не хацеў гуляць у дзядулю, і да таго ж ён знайшоў у газеце нешта цікавае. Ён бесцырымонна скінуў Карлсана на падлогу і павярнуўся да фрэкен Бок.
— Што я прачытаў у газеце! — сказаў ён. — У Васастане праўда лятаюць шпіёны?
Малы скамянеў, калі пачуў гэта: здорава, нічога не скажаш! I чаму дзядзьку Юліусу трапілася гэтая няшчасная газета? Ёй болей за тыдзень, даўно трэба было яе выкінуць!
Але, на шчасце, дзядзька Юліус толькі пагардліва пасмяяўся з таго, што пісалі ў газеце.
— Яны думаюць, што народ праглыне любую лухту, — сказаў ён. — Вось яны ўсю гэтую дурасць і пішуць, абы людзі куплялі болей. Шпіён... Ну і глупства! Вы ж не бачылі ніякіх шпіёнаў ці лятучых бочак у гэтых мясцінах, фрэкен Бок?
Малы стаіў дыханне. Калі яна зараз скажа, што гэты брыдкі тоўсты хлопчык часам лятае вакол, то ўсё, канец, бо прынамсі дзядзька Юліус тады задумаецца.
Але фрэкен 5ок, відаць, нават у галаву не магло прыйсці, што палёты Карлсана — гэта штосьці незвычайнае. Да таго ж яна ўсё яшчэ ўсхліпвала, так што ледзьве магла гаварыць.
— He ведаю я ні пра якіх шпіёнаў, — сказала яна скрозь слёгы. — Па-мойму, гэта звычайная газетная лухта.
Малы выдыхчуў з палёгкай. Калі б ён цяпер угаварыў Карлсана ніколі-ніколі не лятаць на вачах
у дзядзькі Юліуса, то ўсё было б добра. Малы агледзеўся ў пошуках Карлсана, але той знік. Тады Малы захваляваўся і адразу хацеў пайсці яго шукаць, аднак дзядзька Юліус затрымаў яго. Яму дужа карцела паслухаць, як ідуць школьныя справы Малога, і праверыць, наколькі добра ён умее лічыць вусна, і няважна, што цяпер канікулы і не да таго. Урэшце Малы вызваліўся і пабег у свой пакой паглядзець, ці там Карлсан.
— Карлсан! — крыкнуў ён з парога. — Карлсан, дзе ты?
— У тваіх піжамных штанах, — сказаў Карлсан. — Калі толькі гэтыя няшчасныя кілбасныя скуркі можна назваць штанамі!
Ён сядзеў на краі ложка і спрабаваў уціснуцца ў штаны, але, як ні стараўся, у яго нічога не атрымлівалася.
— Я прынясу табе піжаму Бусэ, — сказаў Малы і збегаў у пакой брата.
Піжама Бусэ больш-менш пасавала ўзорна тоўстаму мужчыну накшталт Карлсана, хаця, вядома, рукавы і калашыны былі занадта доўгія. Карлсан хутка даў ім рады, абрэзаўшы лішняе. Малы заўважыў гэта толькі тады, калі было позна, але пераймацца не стаў. Піжама — з’ява банальная, і яна не сапсуе цудоўны вечар, калі Карлсан застаўся ў яго начаваць.