Карлсан хітруе зноў  Астрыд Ліндгрэн

Карлсан хітруе зноў

Астрыд Ліндгрэн

0+
Выдавец: Папуры
Памер: 208с.
Мінск 2020
50.89 МБ
Малы і Карлсан, які жыве на даху
Малы і Карлсан, які жыве на даху
Карлсан прылятае зноў
Карлсан прылятае зноў
— Ты ж сам разумееш, — пачаў быў Малы, але Карлсан абарваў яго.
— Я з табой не гуляю! Шукай сабе якога іншага хітруна дзе хочаш, а я цяпер з табой не гуляю!
Бімба раздражнёна загырчаў, калі Малы выцягнуў яго з кошыка, дзе ён толькі што заснуў. Апошняе,
што Малы ўбачыў, калі Карлсан падняўся з Бімба ў паветра, — гэта пара вялікіх здзіўленых вачэй.
— He бойся, Бімба! Хутка я прыйду і забяру цябе! — крыкнуў Малы так суцяшальна, як толькі мог.
Праз пару хвілін Карлсан вярнуўся назад, бадзёры і вясёлы.
— Бімба прасіў табе нешта перадаць — адгадай, што! «Як утульна ў цябе тут, Карлсан, — сказаў ён. — Можна, я лепей буду тваім сабакам?»
— Ха-ха, нічога ён такога не казаў!
Малы смяяўся, бо дакладна ведаў, чый сабака Бімба, — і Бімба гэта ведаў таксама.
— Ну што, цяпер усё выдатна, — сказаў Карлсан. — Ты ж разумееш, што такія добрыя сябры, як мы з табой, павінны час ад часу падладжвацца адзін пад другога. Калі-нікалі адзін мусіць рабіць тое, што хоча другі.
— Так, але гэты другі — заўсёды ты, — хіхікнуў Малы, і яму зрабілася цікава, што ж такое задумаў Карлсан.
Любому было ясна, што ў гэтую ноч для Карлсана было б найлепей зашыцца дома на канапе, схаваўшыся з галавой пад коўдрай, а Бімба — застацца тут і палохаць Філе і Руле такім брэхам, што ўвесь дом хадзіў бы ходырам. Але Карлсан зрабіў усё наадварот і нават амаль пераканаў Малога, што так найлепш. Малому самому хацелася ў гэта верыць, бо глыбока ў душы ён быў аматарам прыгод, і яго апанавала цікаўнасць, як жа Карлсан будзе хітраваць гэтым разам.
Карлсан спяшаўся — ён думаў, што Філе і Руле могуць заявіцца ў любы момант.
— Я схітрую што-небудзь такое, што адразу напалохае іх да смерці, — сказаў ён. — I можаш мне паверыць, ніякіх бяглуздых шчанюкоў для гэтага не спатрэбіцца.
Ён выбег у кухню і пачаў корпацца ў каморы. Малы спалохана папрасіў, каб ён не грымеў там, бо фрэкен Бок спала ў пакоі Бэтан праз сценку. Карлсан пра гэта не падумаў.
— Будзеш слухаць пад дзвярыма, — загадаў ён Малому. — Як толькі пачуеш, што «хр-р-р-пі-пі-пі» ці «хр-р-р-аш» спыніліся, кажы мне, бо, значыць, небяспека блізка.
Ён крыху паразважаў.
— Ведаеш, што тады рабіць? — сказаў ён. — Сам пачынай храпці гучна, як толькі можаш. Вось так: «хр-р-р-а-а-ах, хр-р-р-а-а-ах!»
— Навошта? — здзівіўся Малы.
— Ну глядзі, калі прачнецца Казачнік Юле, то ён падумае, што гэта храпе Страхмістрыня, а калі прачнецца Страхмістрыня, то яна падумае на Казачніка Юле. Але я буду ведаць, што «хр-р-р-а-а-ах» — гэта ты, і зразумею, што нехта прачнуўся і блізка небяспека, і тады я залезу ў камору і там схаваюся. Хі-хі, адгадай, хто найлепшы ў свеце хітрун?
— А калі прыйдуць Філе і Руле, што мне рабіць? — спалохана спытаў Малы. He надта ж прыемна заставацца аднаму ў вітальні, калі прыйдуць зладзеі, а Карлсан будзе на кухні.
— Тады таксама храпі, — сказаў Карлсан. — Вось так: «хр-р-хо-хо-хо, хр-р-хо-хо-хо».
Гэта здалося Малому не меней складаным, чым табліца множання, — запомніць усе гэтыя «хр-р-рпі-пі-пі», «хр-р-р-аш», «хр-р-р-а-а-ах» і «хр-р-хо-хо-хо», але ён паабяцаў пастарацца.
Карлсан падышоў да паліцы з ручнікамі і згроб адтуль іх усе.
— Ручнікоў не стае, — сказаў ён. — Але ў ванным пакоі, мабыць, знойдуцца яшчэ.
— Што ты будзеш рабіць? — спытаў Малы.
— Мумію, — сказаў Карлсан. — Жахлівую, страшэнную, смертаносную мумію!
Малы не зусім уяўляў, што такое мумія, але ведаў, што іх знаходзілі ў старажытных магілах егіпецкіх каралёў. Здаецца, гэта акурат самі мёртвыя каралі ды каралевы, якія там ляжаць, быццам запакаваныя, з вырачанымі вачыма. Пра гэта неяк расказваў тата. Ён растлумачыў, што, каб каралі і каралевы заставаліся як жывыя, іх спачатку бальзамавалі, а потым шматкроць абгортвалі старымі лахманамі. Але Малы падумаў, што Карл-
Карлсан — найлепшы ў свеце даследчык храпу сан усё ж не бальзамавальнік. Таму ён здзіўлена спытаў:
— Як ты зможаш зрабіць мумію?
— Абкручу выбівалку, але ты за гэта не хвалюйся, — сказаў Карлсан. — Ідзі на варту і займайся сваёй справай, а тут я ўжо дам рады.
I Малы пачаў вартаваць. Ён слухаў пад дзвярыма і чуў самы што ні ёсць спакойны храп. «Хр-р-р-піпі-пі» і «хр-р-р-аш» — усё як мае быць. Але потым дзядзьку Юліусу, відаць, прымроіліся нейкія жахі, бо ягоны храп змяніўся і ператварыўся ў дзіўныя стогны накшталт «хр-р-р-м-м-м, хр-р-р-м-м-м» — зусім не такія, як спакойнае папіскванне «пі-пі-пі». Малы задумаўся, ці не варта дзеля надзейнасці схадзіць на кухню і расказаць пра гэта найлепшаму ў свеце даследчыку храпу, але раптам пачуў таропкія крокі, а потым жахлівы грукат, а потым адборную лаянку. Яны чуліся з боку пасткі — о, ратуйце! Філе і Руле ўжо тут, няйначай! У гэты момант Малы са страхам заўважыў, што храп «хр-р-р-аш» сціх. Ратуйце, куды ж падзецца?! Ён адчайна паўтараў сам сабе ўсе загады, што атрымаў ад Карлсана, а потым пачаў храпці на ўсе лады: спачатку жаласнае «хр-р-р-а-аах» і адразу ж такое самае жаласнае «хр-р-р-хо-хохо», але атрымлівалася зусім не падобна да храпу.
Ён паспрабаваў яшчэ раз.
— Хр-р-р...
— Зашчоўкні сківіцы, — прашыпеў нехта з боку пасткі, і Малы разгледзеў у цемры штосьці маленькае і тоўстае. Яно варушылася паміж перакуленых крэслаў і марна спрабавала падняцца на ногі. Гэта быў Карлсан.
Малы падбег да яго і падняў крэслы, каб Карлсан мог устаць. Але Карлсан ані кропелькі не быў за гэта ўдзячны. Ён быў злы як аса.
— Гэта ўсё ты, — прашыпеў ён. — Хіба я табе не сказаў прынесці ручнікі з ваннага пакоя?
Насамрэч Карлсан такога не казаў. Небарака, ён, відаць, забыў, што шлях у ванны пакой ішоў праз пастку на зладзеяў, але пры чым тут Малы? Аднак у іх не было часу высвятляць, хто вінаваты, бо яны пачулі, як фрэкен Бок важдаецца з дзвярной ручкай у сваім пакоі. Нельга было губляць ні секунды.
— Бяжым, — прашаптаў Малы.
Карлсан рынуўся на кухню, а Малы памчаў у свой пакой і кінуўся на ложак. Ён паспеў у апошні момант. Малы нацягнуў на сябе коўдру і паспрабаваў выхрапці з сябе праўдападобнае «хр-р-р-а-ах», але атрымалася проста жахліва, таму ён сціх. Ён ляжаў так і слухаў, як у пакой заходзіць фрэкен Бок і ідзе да ягонага ложка. Малы асцярожна прыўзняў павекі і ўбачыў, як яна стаіць у сваёй начной кашулі, уся
белая ў шэрай цемры. Яна так пільна яго разглядала, што Малому было козытна ва ўсім целе.
— He прыкідвайся, што спіш, — сказала фрэкен Бок, але зусім не сярдзіта. — Цябе таксама пабудзіла навальніца? — спытала яна, і Малы прамармытаў:
— Так... здаецца.
Фрэкен Бок згодна кіўнула.
— Я ўвесь дзень адчувала, што будзе навальніца. Было так душна і дзіўна. Але баяцца няма чаго, — сказала яна і пагладзіла Малога па галаве. — Яна проста грыміць, але вось так пасярод горада маланкі ніколі не б’юць.
Потым яна пайшла. Малы паляжаў яшчэ крыху ў ложку, баючыся варухнуцца. Ён з трывогай падумаў, як там Карлсан, і ціха, як мог, пракраўся на кухню.
Першым, што ён убачыў, была мумія. Святыя апосталы, як казаў дзядзька Юліус, перад ім была мумія! Яна сядзела на пасудным століку, а побач стаяў горды, як певень, Карлсан і свяціў на яе кішэнным ліхтарыкам, які знайшоў у каморы.
— Стыльная, скажы? — пахваліўся ён.
Стыльная — значыць, яна. Значыць, гэта мумія каралевы, вырашыў Малы. Што праўда, гэтая каралева была досыць пышная і круглявая, бо Карлсан абкруціў выбівалку ўсімі кухоннымі і лазневымі ручнікамі, якія змог адшукаць. «Галава» выбівалкі зрабілася тварам: Карлсан нацягнуў на яе ручнік і намаляваў на ім два вялікія чорныя лупатыя вокі. Зубы ў муміі таксама былі. Прычым сапраўдныя. Зубы дзядзькі Юліуса. Яны
былі ўціснутыя ў ручнік і, відаць, утыркнутыя паміж пруткоў выбівалкі, а каб зубы дакладна не адваліліся, Карлсан моцна прыляпіў іх пластырам у кутках рота муміі. Мумія была і праўда жахлівая, страшэнная і смертаносная, але Малы ўсё адно хіхікнуў.
— Чаму яна з пластырам? — спытаў ён.
— Бо галілася і парэзалася, — сказаў Карлсан і пагладзіў мумію па шчацэ. — Хой, хой, яна так падобная да маёй маці, што я збіраюся назваць яе Матухнай.
Ён узяў мумію на рукі і аднёс у вітальню.
— Філе і Руле будуць радыя сустрэцца з Матухнай, — сказаў ён.
Карлсан хжрус у дсмры
с® 5
Праз адтуліну для пошты прасунуўся доўгі стальны дрот. Яго не было відаць, бо ў калідоры стаяла поўная цемра, але непрыемныя скрып і скрыгат былі чуваць. Так, Філе і Руле ўжо тут!
Малы і Карлсан сядзелі, стаіўшыся, пад круглым столікам у вітальні і чакалі. Яны прасядзелі ўжо не менш за гадзіну. Малы нават быў крыху прыснуў. Але калі з боку дзвярэй пачуўся скрыгат, ён уздрыгнуў і прачнуўся: ой, яны ўсё ж такі прыйшлі! Сон як рукой зняло. Ён так перапалохаўся, што холад прабег па спіне, а вось Карлсан задаволена вуркатнуў у цемры.
— Хой, хой! — прашаптаў ён. — Хой, хой!
Гэта ж трэба — як лёгка можна адамкнуць замок адным толькі дротам! Дзверы асцярожна адчыніліся, і нехта ўвайшоў. Пастаяў у калідоры... Малы затрымаў дыханне: якое брыдкае адчуванне! Пачуўся шэпт, потым ціхія крокі... Але потым — грукат, авоечкі, які грукат — і два прыглушаныя ўскрыкі!
А потым пад сталом раптам загарэўся ліхтарык Карлсана — і гэтак жа раптоўна згас, але за гэты кароткі міг промень асвятліў жахлівую, страшэнную і смертаносную мумію, прыхіленую да сцяны. Яна вусцішна ўсміхалася зубамі дзядзькі Юліуса. Тады з боку пасткі зноў пачуліся крыкі — гэтым разам гучнейшыя.
Потым усё адбывалася хутка — Малы нават не паспяваў заўважыць, што за чым. Ён пачуў, як адчыніліся дзверы — гэта з пакояў выскачылі дзядзька Юліус і фрэкен Бок, і адразу чыесьці ногі пратупацелі праз калідор, а яшчэ было чутна, як
па падлозе шоргае Матухна, — гэта Карлсан цягнуў яе да сябе на павадку Бімба, прывязаным за яе шыю. Яшчэ Малы чуў, як фрэкен Бок некалькі разоў шчоўкнула ўключальнікам, каб запаліць святло, але Карлсан павыкручваў усе пробкі ў шчытку на кухні — ён сказаў што найлепей хітраваць у цемры, — так што спробы фрэкен Бок і дзядзькі Юліуса асвятліць вітальню былі марнымі.
— Якая жахлівая навальніца, — сказала фрэкен Бок. — Ну і гром, праўда? Дзіва што яны адключылі электрычнасць!
— Гэта праўда навальніца? — засумняваўся дзядзька Юліус. — Я думаў, нешта зусім іншае.
Але фрэкен Бок запэўніла, што ўмее адрозніваць грукат навальніцы.