Карлсан хітруе зноў
Астрыд Ліндгрэн
0+
Выдавец: Папуры
Памер: 208с.
Мінск 2020
— А што яшчэ гэта магло быць? — спытала яна.
— Я думаў, можа, якія-небудзь патаемнікі з казачнага свету прызначылі тут сустрэчу, — сказаў дзядзька Юліус.
Насамрэч ён сказаў «патаемнікі ш кажашнага шфэту», бо так шапялявіў, ажно шыпеў. Таму што ён без зубоў, зразумеў Малы, але адразу думаць пра гэта забыў. Ён не мог думаць ні пра што іншае, акрамя таго, дзе цяпер Філе і Руле. Яны змыліся? Ён не чуў, каб дзверы за імі зачыніліся, а значыць, яны недзе там, у цемры калідора — можа, хаваюцца
за вопраткай... О, як жахліва! Малы прыціснуўся да Карлсана як мага бліжэй.
— Спакойна, толькі спакойна, — прашаптаў Карлсан. — Хутка яны зноў аб’явяцца тут.
— He адно, дык іншае, — сказаў дзядзька Юліус. — Ніякага шпакою ў гэтым доме!
Потым яны з фрэкен Бок разышліся па сваіх пакоях, і ў вітальні зноў зрабілася ціха. Карлсан і Малы сядзелі пад столікам і чакалі. Малы думаў, прайшла цэлая вечнасць. Зноў пачулася «хр-р-р-піпі-пі» і «хр-р-р-аш» — адсюль слаба і ціха, але гэта быў дакладны знак, што дзядзьку Юліуса і фрэкен Бок агарнуў сон.
I тады Філе і Руле асцярожна выступілі з цемры. Яны ішлі крадком, каля пасткі спыніліся і прыслухаліся. Было чуваць іх дыханне. Як вусцішна! Вось яны запалілі свае ліхтарыкі — так, у іх і ліхтарыкі з сабой былі — і святло пачало шнарыць па вітальні. Малы заплюшчыў вочы, нібыта думаў, што так ён будзе меней заўважны. Абрус, на шчасце, звісаў вельмі нізка, але Філе і Руле ўсё адно лёгка маглі іх там знайсці — Малога, Карлсана і Матухну. Малы зажмурыўся і стаіў дыханне. I пачуў, як Філе і Руле перашэптваюцца зусім побач.
— Ты таксама бачыў прывід? — спытаў Філе.
— Каб жа не бачыў! — сказаў Руле. — Ён стаяў там, каля сцяны, але цяпер яго няма.
— Гэта, напэўна, самая зачараваная кватэра ва ўсім Стакгольме. Ну, мы гэта ўжо ведаем, паспыталі, — сказаў Філе.
— Ух, страх які... Давай змывацца, — прапанаваў Руле.
Але Філе не захацеў.
— Нізашто! Дзеля дзесяці тысяч крон я гатовы сустрэцца з тузінам прывідаў, так і запішы!
Ён ціха падняў перакуленыя крэслы і адставіў іх убок. Мабыць, каб яны не былі пад нагамі, калі раптам давядзецца спешна адступаць. Філе сярдзіта панаракаў на разбэшчаных дзяцей у гэтым доме — маўляў, забаўляюцца тым, што ставяць пасткі на гасцей.
— Ох як я грымнуўся — ажно вокам выцяўся! — сказаў ён. — Ліхтар будзе здаравенны, клятыя бэйбусы!
Потым ён зноў пашнарыў ліхтарыкам па ўсіх закуточках.
— Цяпер паглядзім, куды вядуць усе гэтыя дзверы і адкуль пачынаць шукаць, — сказаў ён.
Промень святла замітусіўся па вітальні, і кожны раз, калі ён успыхваў каля століка, Малы заплюшчваў вочы і заміраў. Ён адчайна падціскаў пад сябе
ногі. Яму здавалася, яны такія вялізныя, што не змяшчаюцца пад столікам і ўвесь час спрабуюць вытыркнуцца так, каб трапіць на вочы Філе і Руле.
Раптам Малы заўважыў, што Карлсан ізноў корпаецца з Матухнай. Промень слізгануў далей, і пад абрусам зноў зрабілася цёмна, але Малы ўсё адно бачыў, як Карлсан выпіхнуў Матухну вонкі і прыхіліў да століка. Яна была там, калі святло ліхтарыка раптоўна вярнулася і ўпала проста на яе вусцішную ўхмылку. Тады зноў спачатку пачуліся два прыглушаныя ўскрыкі, а потым таропкае тупаценне ног у бок калідора.
Карлсан быў у захапленні.
— Хадзем, — выдыхнуў ён Малому ў вуха і хутка, як вожык, папоўз, цягнучы за сабой па падлозе на павадку Матухну.
Ён знік у пакоі Малога, следам запоўз і Малы.
— Якія недалёкія людзі, — сказаў Карлсан і зачыніў за сабой і за Малым дзверы. — He бачыць розніцы паміж прывідам і муміяй — гэта, я лічу, недалёкасць.
Ён асцярожна расчыніў дзверы і ўслухаўся ў цемру вітальні. Малы таксама навастрыў вушы. Ён спадзяваўся пачуць, як за Філе і Руле зачыняцца дзверы, але надзея не апраўдалася. Яны ўсё яшчэ былі тут і ціха размаўлялі паміж сабой.
— Дзесяць тысяч крон, — сказаў Філе, — не забывайся! Я не дам ніякім прывідам сябе напужаць, так і ведай.
Мінуў нейкі час. Карлсан напружана слухаў.
— Яны пайшлі да Казачніка Юле, — сказаў ён. — Хой, хой, значыць, маем час паштукаваць!
Ён узяў Мат/хну за павадок і акуратна ўклаў яе ў ложак Малога.
— Здароўценькі, Матухна, нарэшце ты зможаш паспаць, — сказаў ён і старанна яе накрыў, як маці накрываюць на ноч сваіх дзетак. Потым ён памахаў Малому, каб той падышоў.
— Паглядзі, хіба яна не міленькая? — сказаў ён і пасвяціў на сваю мумію ліхтарыкам. Малы ўздрыгнуў. Мумія ляжала, уперыўшыся ў столь чорнымі лупатымі вачыма. Сваёй вусцішнай ухмылкай Матухна магла напужаць да смерці любога. Але Карлсан задаволена пагладзіў яе, а потым нацягнуў коўдру на самыя вочы. Ён узяў пакрывала, якое фрэкен Бок склала і пакінута на крэсле, калі заходзіла сказаць Малому добрай ночы, і разаслаў яго зверху — мабыць, каб Мату<на не мерзла. Малы хіхікнуў. Цяпер яе зусім не было бачна — толькі круглае, пульхнае цела ўздымалася пад пакрывалам.
— Здароўцев ькі, Малы, — сказаў Карлсан, — цяпер, па-мойму, і табе трэба паспаць.
— А дзе? — устрывожыўся Малы, бо зусім не хацеў спаць побач з Матухнай. — Я не магу спаць у ложку, там жа Матухна...
— У ложку не можаш, а пад ложкам — яшчэ як, — сказаў Карлсан. I хутка, як вожык, зашыўся пад ложак сам. Малы таксама спрытна, як мог, залез туды.
— Зараз ты пачуеш тыповы шпіёнскі храп, — сказаў Карлсан.
— А шпіёны неяк па-асабліваму храпуць? — здзівіўся Малы.
— Так, яны храпуць падступна і грозна — звар’яцець можна. Вось так: ро-о-о-ох, о-о-о-ох, о-о-о-ох!
Шпіёнскі храп пагрозліва гудзеў, гырчаў, уздымаўся і апускаўся. Гучала гэта і праўда падступна і грозна. I да таго ж занадта гучна. Малы запанікаваў.
— Цішэй! Філе і Руле могуць прыйсці!
— Якраз дзеля гэтага шпіёнскі храп і патрэбны, — сказаў Карлсан.
У той жа міг Малы пачуў, як нехта павярнуў ручку дзвярэй. Яны прыадчыніліся. Тонкая палоска святла праслізнула ў пакой, потым крадком прабраліся Філе і Руле.
Карлсан хроп падступна і грозна, а Малы ў адчаі заплюшчыў вочы. Хаця мог і не заплюшчваць: ён і так быў нябачны. Пакрывала звісала да самай
падлогі і захінала іх з Карлсанам і ад святла, і ад пільных вачэй. Карлсан усё прадумаў.
— Ро-о-о-ох, — выводзіў Карлсан.
— Нарэшце мы яго знайшлі, — ціха сказаў Філе. — Так дзеці не храпуць, гэта мусіць быць ён. Паглядзі, які таўсмыга, дакладна ён!
— Ро-о-о-ох, — сярдзіта захроп Карлсан. Яму зусім не спадабалася, што яго назвалі таўсмыгам, гэта было чуваць.
— Кайданкі падрыхтаваў? — спытаў Руле. — Лепш адразу іх начапіць, пакуль спіць.
Пакрывала зашамацела, а потым Філе і Руле разам выдыхнулі. Малы зразумеў, што яны ўбачылі ўхмылку страшэннай смертаноснай муміі, што ляжала ў пасцелі. Але зладзеі, відаць, ужо крыху прызвычаіліся да яе і не пужаліся так лёгка, бо не ўскрыкнулі і не пабеглі, а толькі выдыхнулі.
— Ат, гэта ж проста лялька, — крыху збянтэжана сказаў Філе, — і што за лялька — каб яе трасца...
Ён, відаць, накрыў яе зноў, бо пакрывала прашамацела яшчэ раз.
— Але слухай, — сказаў Руле, — ты можаш мне патлумачыць, як гэтая лялька трапіла сюды? Яна ж толькі што была ў вітальні, хіба не?
— Усё так, — задумліва сказаў Філе. — I хто гэта, дарэчы, храпе?
Але пра гэта Філе даведацца не паспеў, бо якраз тут з вітальні пачуліся крокі. Малы пазнаў цяжкую хаду фрэкен Бок і з хваляваннем падумаў што зараз пачнецца гром, горшы за навальнічны.
Але ён памыліўся.
— Шутчэй у хафу, — прашыпеў Філе, і не паспеў Малы міргнуць, як Філе і Руле схаваліся ў ягонай шафе.
Карлсан дзейнічаў спрытна. Хутка, як вожык, ён падпоўз да шафы і надзейна замкнуў Філе і Руле на ключ. Потым гэтак жа хутка ён запоўз на сваё месца пад ложкам, а ў наступную секунду ў пакой зайшла фрэкен Бок — амаль як Люсія ў сваёй белай кашулі і з запаленай свечкай у руках.
Малы зразумеў, што яна ўжо каля ложка, калі ўбачыў з-пад нізу мыскі яе ног і пачуў над сваёй галавой строгі голас:
— Гэта ты, Малы, толькі што заходзіў у мой пакой і свяціў ліхтарыкам?
— He, не я, — сарвалася ў Малога з языка.
— Чаго ж ты тады не спіш? — падазрона спытала фрэкен Бок і дадала: — I не гавары з-пад коўдры, нічога не чуваць!
Пасцель зашамацела, калі яна сцягнула пакрывала з таго, што, як яна думала, было галавой Малога. Потым пачулася страшэннае выццё. «Бедная
фрэкен Бок, — падумаў Малы, — яна ж яшчэ не прызвычаілася да смертаносных мумій, не тое што Філе і Руле!» Ён зразумеў, што цяпер самы час выпаўзці з-пад ложка. Усё адно яна хутка яго зной-
дзе. I з Філе ды Руле яму патрэбная дапамога. Трэба іх выкурыць з шафы, нават калі разам з імі развеюцца ўсе таямніцы свету.
I Малы выпаўз са схованкі.
— He бойцеся, — нясмела сказаў ён. — Матухна нічога не зробіць, але ў шафе — аёй, там два злодзеі!
Фрэкен Бок усё яшчэ была сама не свая пасля сустрэчы з Матухнай. Яна трымалася за сэрца і цяжка дыхала, але калі Малы сказаў ёй пра зладзеяў у шафе, то мала не раззлавалася.
— Што ты вярзеш! Зладзеі ў шафе! He кажы глупстваў!
Але на ўсялякі выпадак падышла да шафы і крыкнула:
— Там хто-небудзь ёсць?
Адказу не было, і яна раззлавалася яшчэ больш.
— Адказвайце! Там хто-небудзь ёсць? Калі вас там няма, дык прынамсі так і скажыце!
Тут яна пачула, як у шафе нешта грукнула, і зразумела, што Малы казаў праўду.
— Ах, які ты смелы хлопчык! — усклікнула яна. — Такі маленькі, а змог злавіць дваіх вялікіх і дужых злодзеяў — ах, які ты смелы!
Тады пад ложкам нешта загрымела, і адтуль выпаўз Карлсан.
— А вось і не, — сказаў ён. — Гэта я іх злавіў!
Ён кідаў гнеўныя позіркі то на фрэкен Бок, то на Малога.
— Бо я смелы і добры ва ўсіх сэнсах, — сказаў ён. — А яшчэ я спрэс разумны і да таго ж неверагодна прыгожы, а не нейкі там таўсмыга, вось так!
Фрэкен Бок вельмі раззлавалася, убачыўшы Карлсана.
— Ах ты... Ах ты... — ускрыкнула яна, але на тым і спынілася. Яна разумела, што цяпер не час і не месца, каб выгаворваць Карлсану за аладкі: былі важнейшыя справы. Яна рэзка павярнулася да Малога.
— Збегай пабудзі дзядзьку Юліуса, хай выкліча паліцыю... Ой, мне ж трэба халат накінуць! — дадала яна, спалохана паглядзеўшы на сваю начную кашулю.
Яна кінулася з пакоя. Малы таксама. Але спачатку ён выцягнуў у Матухны зубы, падумаўшы, што дзядзьку Юліусу яны зараз патрэбныя больш.
У спальні на поўную моц чулася «хр-р-р-пі-пі-пі»: дзядзька Юліус спаў сном дзіцяці.