• Газеты, часопісы і г.д.
  • Карлсан прылятае зноў  Астрыд Ліндгрэн

    Карлсан прылятае зноў

    Астрыд Ліндгрэн

    Выдавец: Папуры
    Памер: 192с.
    Мінск 2019
    44.51 МБ
    Малы і Карлсан, які жыве на даху
    Малы і Карлсан, які жыве на даху
    Карлсан хітруе зноў
    Карлсан хітруе зноў
    Карлсан акурат узняўся ў паветра, каб зняць з люстры свой касцюм, але фрэкен Бок толькі яшчэ больш сярдзіта на яго паглядзела і сказала:
    — Прапелеры, прычындалы — чаго толькі няма ў дзяцей гэтым часам! Хутка, відаць, і на Месяц пачнуць лятаць, яшчэ не пачаўшы хадзіць у школу!
    Яна злавалася болыл і болып, бо ўжо скеміла, хто сцягнуў ейныя булачкі, хто мыкаў за акном і хто напісаў таямнічае папярэджанне на сцяне ў кухні. Гэта ж даўмецца даваць дзецям апараты, каб яны маглі лятаць дзе ўзбрыдзе і дражніць старых людзей такім манерам!
    Усе гісторыі пра прывіда, што яна даслала на Шведскае тэлебачанне, выявіліся ўсяго толькі хлапечымі дражнілкамі, і яна болып не магла трываць перад сабой гэтага маленькага таўсматага нягодніка.
    — Ану дахаты, як цябе там...
    — Карлсан, — сказаў Карлсан.
    — Гэта я ведаю, — злосна сказала фрэкен Бок. — Але ж акрамя прозвішча ў цябе павінна быць і імя, так?
    — Карлсан — маё імя і Карлсан — маё прозвішча, — сказаў Карлсан.
    — He выводзь мяне, я і так злая, — сказала фрэкен Бок. — Імя — гэта тое, як цябе называюць,
    ці ты гэтага не ведаеш? Як цябе называе тата, калі цябе кліча?
    — Вісус, — задаволена сказаў Карлсан.
    Фрэкен Бок ухвальна кіўнула.
    — Праўду твой тата кажа!
    I Карлсан з ёй пагадзіўся.
    — Так-так, калі я быў маленькі, дык быў сапраўдным вісусам! Хаця было гэта вельмі даўно, а цяпер я ўжо самы лагодны ў свеце.
    Але фрэкен Бок ужо не слухала яго. Яна сядзела моўчкі, занурыўшыся ў думкі, і, відаць, пачала крыху супакойвацца.
    — Ну што ж, — урэшце сказала яна, — прынамсі, я ведаю аднаго чалавека, якога ўсё гэта ўсцешыць!
    — I хто гэта? — спытаў Малы.
    — Фрыда, — хмурна сказала фрэкен Бок. Потым яна ўздыхнула і сышла на кухню выціраць ваду з падлогі ды прыбіраць балею.
    Карлсан і Малы былі радыя застацца адны.
    — Любіць народ усчынаць спрэчкі на пустым месцы, — сказаў Карлсан і паціснуў плячыма. — Я ж ёй нічога такога не зрабіў!
    — Так, — пагадзіўся Малы. — Хіба, можа, крыху панадзаляў ёй. Але цяпер нам трэба быць вельмі паслухмянымі.
    Карлсан таксама так лічыў.
    — Вядома, будзем паслухмянымі! Я заўсёды самы паслухмяны ў свеце. Але і пазабавіцца мне неяк трэба, бо іначай я не гуляю.
    Малы пачаў разважаць, што б такога вясёлага прыдумаць для Карлсана. Але гэта не спатрэбілася, бо Карлсан ужо прыдумаў сам. Ён кінуўся ў шафу Малога.
    — Пачакай, я тут бачыў адну забаўную штуку, калі быў прывідам.
    Ён выйшаў адтуль з маленькай пасткай на мышэй у руцэ. Малы знайшоў яе ў бабулі на вёсцы і забраў з сабой дадому ў горад.
    — Бо я вельмі-вельмі хачу злавіць мышку і прыручыць яе, каб яна была маёй, — патлумачыў Малы маме. Але мама сказала, што ў гарадскіх кватэрах — прынамсі, у іхняй — мышэй, на шчасце, няма. Малы сказаў пра гэта Карлсану, але той заявіў:
    — Можа з’явіцца мышка, пра якую ніхто не ведае. Маленькая нечаканая мышка, якая забрыдзе сюды, каб толькі парадаваць тваю маму.
    Ён патлумачыў Малому, як было б добра, калі б ім удалося злавіць гэтую нечаканую мышку, бо тады Карлсан мог бы забраць яе ў свой дамок на даху, а калі ў яе з’явяцца дзеткі, можна было б стварыць мышыную ферму.
    — I тады я дам абвестку ў газету, — сказаў Карлсан. — Калі вам патрэбныя мышы, адразу тэлефануйце на мышыную ферму Карлсана!
    — Так, і тады мышы змогуць нарэшце з’явіцца і ў гарадскіх кватэрах! — задаволена сказаў Малы. Ён паказаў Карлсану, як паставіць пастку.
    — Але ў ёй, вядома, мусіць быць кавалачак сыру або шкурка ад скваркі, інакш мышка не прыйдзе.
    Карлсан засунуў руку ў кішэню штаноў і выцягнуў маленькі кавалачак скваркі.
    — Значыць, я добра зрабіў, што прыхаваў яго з абеду, хаця спачатку думаў выкінуць яго ў смеццеправод.
    Ён паклаў скварку ў пастку і паставіў тую пад ложак Малога.
    — Вось так! Цяпер хай мышка прыходзіць, як толькі ёй заманецца.
    Яны амаль забыліся на фрэкен Бок. Але тут пачулі бразгат на кухні.
    — Гучыць так, нібыта яна нешта гатуе, — сказаў Карлсан. — Грыміць патэльнямі.
    I сапраўды. Хутка з кухні даляцеў слабы, але вельмі смачны водар катлет.
    — Яна грэе катлеты, што засталіся з вячэры, — сказаў Малы. — Ой, які голад ува мне прачнуўся!
    Карлсан кінуўся да дзвярэй.
    — Бегма на кухню! — крыкнуў ён.
    Малы падумаў, што Карлсан вельмі смелы, калі адважыўся пабегчы туды, але і сам вырашыў не адставаць і асцярожна падаўся следам.
    Карлсан быў ужо ў кухні.
    — Хой, хой, па-мойму, мы паспелі акурат на фуршэт!
    Фрэкен Бок стаяла ля пліты і падкідвала катлеткі на патэльні, але цяпер паставіла яе і рушыла на Карлсана. Выгляд у яе быў сярдзіты і небяспечны.
    — Знікні! — крыкнула яна. — Прэч адсюль, прэч!
    Тады Карлсан апусціў куточкі вуснаў і надзьмуўся.
    — Я так не гуляю, калі ты такая злюка. Мне ж таксама трэба пачаставацца парачкай катлетак. Хіба ты не разумееш, як можна згаладнець, носячыся прывідам цэлы вечар!
    Ён падскочыў да пліты і схапіў з патэльні катлету. Але дарэмна ён гэта зрабіў. Фрэкен Бок з рыкам кінулася на яго. Яна схапіла яго за шкірку і выкінула з чорнага ходу.
    — Знікні! — крыкнула яна. — Ідзі дадому і больш свайго носа сюды не тачы!
    Малы закіпеў ад злосці і расчаравання — як можна было так абысціся з яго любым Карлсанам?
    — Фу, якая вы злая, фрэкен Бок, — сказаў ён, і да горла яго падступіў плач. — Карлсан — мой сябра, мы разам гуляем, і, вядома, яму можна тут быць.
    Болей ён сказаць не паспеў, бо тут дзверы ў кухню адчыніліся і ўвайшоў Карлсан — таксама злы, як аса.
    — Я так не гуляю! — крыкнуў ён. — Я не гуляю, калі ўсё вось так! Выставіць мяне праз чорны ход — не, так я не гуляю!
    Ён падбег да фрэкен Бок і тупнуў нагой па падлозе.
    — Праз чорны ход — фу! Я хачу, каб мяне выставілі праз галоўныя дзверы, як усіх прыстойных людзей!
    Фрэкен Бок зноў схапіла Карлсана за шкірку.
    — Ды з задавальненнем, — сказала яна, і хоць Малы бег следам, плакаў і пратэставаў, яна працягнула Карлсана праз усю кватэру і выкінула яго праз галоўныя дзверы, зусім як ён хацеў.
    — Вось так, — сказала яна. — Цяпер дастаткова прыстойна?
    — Так, цяпер прыстойна, — сказаў Карлсан, і тады фрэкен Бок зачыніла за ім дзверы з такім грукатам, што затросся ўвесь дом.
    — Нарэшце, — сказала яна і пайшла назад у кухню.
    Малы пабег следам, ушчуваючы яе.
    — Фу, якая вы несправядлівая і злая, фрэкен Бок! Ясная рэч, Карлсану можна быць у кухні!
    I там ён і быў! Калі фрэкен Бок і Малы зайшлі туды, Карлсан стаяў каля пліты і еў катлеткі.
    — Анягож, я ж таму і хачу, каб мяне выстаўлялі праз галоўны ўваход, — патлумачыў ён, — каб я
    мог зайсці з чорнага і пачаставацца смачненькімі катлеткамі.
    Тады фрэкен Бок схапіла яго за шкірку і выставіла трэці раз — цяпер зноў праз чорны ход.
    — Неверагодна, — сказала яна, — паўсюль праточыцца, як камар які... але калі я замкну дзверы, тады, мабыць, я ўсё ж ад цябе пазбаўлюся.
    — Там будзе бачна, — лагодна сказаў Карлсан.
    Дзверы за ім зачыніліся, і фрэкен Бок праверыла, каб яны былі як след замкнутыя.
    — Фу, якая вы злая, фрэкен Бок, — сказаў Малы. Але яна не слухала яго. Яна рушыла наўпрост да пліты, дзе так прыемна скварыліся на патэльні катлеты.
    — Мабыць, цяпер нарэшце можна і самой ухапіць катлетку пасля ўсяго, што давялося перажыць гэтым вечарам, — сказала яна.
    Тады з адчыненага акна пачуўся голас.
    — Добры вечар у хату, хто-небудзь дома? Ці засталіся яшчэ катлеты?
    На падаконні сядзеў і ззяў задаволены Карлсан. Малы выбухнуў смехам.
    — Ты пераляцеў сюды з балкона?
    Карлсан кіўнуў.
    — Менавіта. I цяпер, калі я зноў з вамі, вы, пэўна, усцешаныя... асабліва ты, што стаіш там каля пліты!
    Фрэкен Бок стаяла з катлецінай у руцэ. Яна збіралася засунуць яе ў рот, але калі заўважыла Карлсана, так і застыла, вырачыўшы вочы.
    — Ніколі не бачыў такой ненажэрнай дзяўчынкі! — сказаў Карлсан і зрабіў над ёй крутое піке. Мімаходзь ён выхапіў у яе катлету, ураз праглынуў яе, а потым паспешліва ўзняўся пад столь.
    Але тут фрэкен Бок ачомалася. Яна ціха ўскрыкнула, схапіла выбівалку для дываноў і пагналася з ёй за Карлсанам.
    — Ах ты вісус такі, зараз я ўжо да цябе дабяруся!
    Карлсан з трыумфам кружляў вакол люстры.
    — Хой, хой, ну што, хто каго? — крычаў ён. — Так класна мне не было з дзяцінства, калі тата ганяўся за мной вакол возера Мэларэн з мухаляпкай, хой, як нам было весела тады!
    Карлсан вылецеў у вітальню, і гарачая пагоня памчала па кватэры. Спачатку ляцеў Карлсан, сакочучы і ўскрыкваючы ад захаплення, следам неслася з выбівалкай фрэкен Бок, далей — Малы, а самы апошні з дзікім брэхам нёсся Бімба.
    — Хой, хой! — крычаў Карлсан.
    Фрэкен Бок дыхала яму ў патыліцу, але як толькі яна апыналася занадта блізка, Карлсан набіраў хуткасць і ўздымаўся пад столь. Як ні размахвала
    фрэкен Бок выбівалкай, дацягнуцца атрымлівалася хіба да ягоных пятак.
    — Фу-фу, бяка, — сказаў Карлсан. — Пяткі цур не казытаць, гэта не дазваляецца, я так не гуляю!
    Фрэкен Бок сапла і бегла, і яе шырокія, вялізныя падэшвы пляскалі па паркетнай падлозе — небарака, у яе нават не было часу надзець шкарпэткі і абутак праз усю гэтую прывідную куламесу і пагоню за Карлсанам, што працягвалася цэлы вечар. Яна пачала ўжо стамляцца, але здавацца не збіралася.
    — Пачакай толькі! — крыкнула яна і зноў прыпусціла за Карлсанам.
    Час ад часу яна спрабавала ўзяць яго наскокам, але Карлсан толькі рагатаў і злятаў прэч. Малы таксама смяяўся: як тут стрымаешся? Смех так распіраў, што ў яго забалеў жывот, і калі пагоня трэці раз уварвалася ў пакой Малога, ён паваліўся на ложак, каб крыху адпачыць. Ён ляжаў там зусім знясілены і ўсё адно не мог перастаць хіхікаць, назіраючы за тым, як фрэкен Бок ганяецца за Карлсанам па коле.
    — Хой, хой! — крычаў Карлсан.
    — Ты ў мяне атрымаеш хой-хой, — задыхалася фрэкен Бок. Яна раз’юшана замахнулася выбівалкай — і сапраўды змагла загнаць Карлсана ў кут за ложкам Малога.
    — Ну, ты! — крыкнула фрэкен Бок. — Цяпер не ўцячэш!
    Тут яна завыла так, што Малому заклала вушы. Тады ён перастаў хіхікаць.
    — Ой, — падумаў ён. — Карлсан папаўся.
    Але папаўся зусім не Карлсан. Папалася фрэкен Бок. Яе нага трапіла вялікім пальцам у пастку для мышэй.
    — Гыр-р-р, — сказала фрэкен Бок. — Гыр-р-р!
    Яна выставіла нагу і знямела ўперылася ў дзіўную штуку, што ўчапілася ў яе палец.
    — Оё-ёй! — сказаў Малы. — Пачакайце, я здыму... О, прабачце, што так атрымалася!