Карлсан прылятае зноў  Астрыд Ліндгрэн

Карлсан прылятае зноў

Астрыд Ліндгрэн

0+
Выдавец: Папуры
Памер: 192с.
Мінск 2019
44.51 МБ
Малы і Карлсан, які жыве на даху
Малы і Карлсан, які жыве на даху
Карлсан хітруе зноў
Карлсан хітруе зноў
Акурат тады ў дзверы пазванілі, і фрэкен Бок пайшла адчыняць.
— Хадзем і мы глянем, хто там, — сказаў Карлсан. — Можа, нехта з тысяч дзяцей глытальнікаў агню прыйшоў аддаць усё за ейную вогненную размазню, і тады нам трэба прасачыць, каб яна не прадала яе затанна... гэта ж колькі дарагой атруты яна туды ўваліла!
Ён рушыў следам за фрэкен Бок, Малы таксама. Калі тая адчыняла дзверы, Карлсан і Малы стаялі за самай яе спінай і чулі, як голас перад ёй сказаў:
— Мяне клічуць Пек. Я са Шведскага тэлебачання.
Малы адчуў, што ўвесь пахаладзеў. Ён асцярожна выглянуў з-за спадніц фрэкен Бок — у дзвярах стаяў спадар: было адразу відаць, што ён з тых прыгожых, спрэс разумных і ўзорна тоўстых мужчын у сваім найлепшым веку, якіх, як сказала фрэкен Бок, на тэлебачанні хоць гаць гаці.
Ці ёсць тут фрэкен Хільдур Бок? — спытаў спадар Пек.
— Гэта я, — сказала фрэкен Бок. — Але я заплаціла за тэлебачанне і за радыё, так што нават не спрабуйце!
Спадар Пек ветліва ўсміхнуўся.
— Я не па аплаце. Зусім не — я тут наконт тых гісторый з прывідамі, пра якія вы пісалі... Мы б вельмі хацелі зрабіць пра гэта выпуск.
Фрэкен Бок пачырванела як бурак. Яна не вымавіла ні слова.
— Што з вамі, вам блага? — урэшце спытаў спадар Пек.
— Так, — сказала фрэкен Бок. — Мне блага. Гэта найгоршы момант у маім жыцці.
Малы стаяў адразу за ёй і адчуваў сябе прыблізна гэтаксама. Святыя ўгоднікі, усё ж такі сталася! У любую секунду гэты Пек можа заўважыць Карлсана, і калі заўтра мама з татам вернуцца, дом будзе ўвесь у правадах, тэлекамерах і ўзорна тоўстых мужчынах,
не будзе ніякага сямейнага спакою! Святыя ўгоднікі, як яму прыбраць адсюль Карлсана?
Тут ён заўважыў стары драўляны куфар, які быў у калідоры, — там Бэтан захоўвала свае тэатральныя лахманы. У яе з аднакласнікамі быў нейкі бязглузды клуб, і часам яны таўкліся ў Бэтан, пераапраналіся і соўгаліся туды-сюды, прыкідваючыся кімсьці зусім іншым, а не тымі, кім яны былі напраўду. Гэта называлася займацца тэатрам, і Малы лічыў гэта суцэльным глупствам. Але вох, як жа добра было цяпер, што тэатральны куфар тут! Малы адкінуў века і нервова прашаптаў Карлсану:
— Хутчэй... хавайся ў гэты куфар!
I нават калі Карлсан не разумеў, навошта яму хавацца, ён быў не з тых, хто адмаўляецца пахітраваць, калі гэта трэба. Ён па-змоўніцку паглядзеў на Малога і заскочыў у куфар. Малы хуценька апусціў века назад. Потым адчайна паглядзеў на дваіх, што стаялі каля дзвярэй: ці заўважылі яны нешта?
He заўважылі. Спадар Пек і фрэкен Бок былі занятыя высвятленнем таго, чаму яна пачуваецца блага.
— He было ніякіх прывідаў, — з плачам у голасе сказала фрэкен Бок. — Усё гэта былі толькі брыдкія хлапечыя дражнілкі.
— Дык з прывідамі, такім чынам, вы не сутыкаліся? — удакладніў спадар Пек.
Фрэкен Бок цяпер заплакала па-сапраўднаму.
— He, не сутыкалася... і я ніколі не траплю на тэлебачанне... толькі Фрыда!
Спадар Пек суцяшальна паляпаў яе па плячы.
— He прымайце гэтак блізка да сэрца, шаноўная фрэкен Бок. Магчыма, вы яшчэ трапіце туды ў сувязі з іншымі акалічнасцямі.
— He, дзе ўжо там, — сказала фрэкен Бок. Яна апусцілася на куфар і закрыла далонямі твар. Яна сядзела там і ўсё плакала ды плакала. Малому было яе так шкада і так сорамна!.. Ён адчуваў ва ўсім вінаватым сябе.
Тады з куфра пачулася ціхае буркатанне.
— О, прабачце, — сказала фрэкен Бок, — я проста вельмі галодная.
— Калі так, то не дзіўна, што жывот крыху бурчыць, — зычліва сказаў спадар Пек. — Але абед у вас, я так разумею, ужо гатовы, я чую, як смачна ён пахне. Што вы такое прыгатавалі?
— Ды так, крыху рагу, — усхліпнула фрэкен Бок. — Я сама прыдумала рэцэпт... Назвала яго «Духмельны ласунак Хільдур Бок».
— Пахне неверагодна смачна, — сказаў спадар Пек. — Ажно сам адчуваю голад.
Фрэкен Бок паднялася з куфра.
— Што ж, хадземце пачастую вас, малыя неслухі ўсё адно яго не ядуць.
Спадар Пек для прыліку паўпіраўся — маўляў, якія пачастункі, што вы, — але скончылася ўсё адно тым, што ён разам з фрэкен Бок знік у кухні.
Малы прыўзняў века куфра і паглядзеў на Карлсана, які ляжаў там і ціха буркатаў.
— Толькі не вылазь, пакуль ён не сыдзе, — сказаў Малы, — іначай трапіш у тэлескрынку.
— О не, — сказаў Карлсан, — там жа, мабыць, дужа цесна, у гэтай скрынцы, га?
Тады Малы зусім адкрыў века куфра, каб даць Карлсану паветра, а сам пабег на кухню. Ён хацеў паглядзець, які будзе твар у спадара Пека, калі ён пакаштуе «Духмельны ласунак фрэкен Бок».
I трэба ж — спадар Пек сядзеў сабе і ўмінаў рагу, прыгаворваючы, што гэта найсмачнейшая страва, якую ён еў у сваім жыцці. I слёзы ў яго з вачэй не лезлі. У адрозненне ад фрэкен Бок. Але ў яе гэта, вядома, было не ад рагу: проста яна працягвала плакаць па сваёй перадачы пра прывідаў, якая вось так сарвалася.
Нават тое, што спадар Пек нахвальваў яе вогненную размазню, яе не цешыла.
Але тут здарылася неверагоднае. Раптам спадар Пек вымавіў у паветра:
— Вось яно! Чакаю вас заўтра ўвечары.
Фрэкен Бок паглядзела на яго заплакана.
— Дзе гэта вы мяне чакаеце заўтра ўвечары? — хмурна спытала яна.
— На тэлебачанні, ясна ж, — адказаў спадар Пек. — На перадачы «Мой найлепшы рэцэпт». Пакажаце ўсяму шведскаму народу, як вы робіце «Духмельны ласунак фрэкен Бок».
Тут нешта бухнула. Фрэкен Бок самлела і ўпала.
Але хутка яна ачомалася і паднялася. Яе вочы ззялі:
— Заўтра ўвечары... на тэлебачанні? Мой духмельны ласунак... я буду гатаваць яго на тэлебачанні для ўсяго шведскага народа? Святыя ўгоднікі... А ведаеце, Фрыда ж зусім не цяміць у гатаванні, аніколькі! Кажа, што маім духмельным ласункам толькі курэй карміць!
Малы слухаў на ўсе вушы: гэта нешта цікавае. Ён амаль забыўся на Карлсана ў куфры. Але тут да свайго жаху ён пачуў, што нехта выйшаў у вітальню. Так і ёсць: Карлсан! Дзверы паміж кухняй і вітальняй былі расчыненыя, і Малы пабачыў яго здалёк, яшчэ раней, чым фрэкен Бок і спадар Пек нешта заўважылі. Так, гэта быў Карлсан! I ўсё
адно не Карлсан — святыя ўгоднікі, як ён выглядаў у гэтым тэатральным рыззі Бэтан: доўгая аксамітная спадніца запляталася ў нагах, спераду і ззаду віселі накідкі з цюлю! Найбольш ён нагадваў маленькую вясёлую, задаволеную бабульку. I гэтая вясёлая, задаволеная бабулька неадступна набліжалася. Малы адчайна махаў Карлсану, каб той зразумеў, што яму нельга сюды. Але Карлсан, здавалася, не разумеў: ён толькі махаў у адказ... і набліжаўся.
— Вяльможная панна, як пава, плыве! — сказаў Карлсан.
Ён паўстаў у дзвярным праёме — пад вэлюмамі, у спадніцы. Ад такога відовішча спадар Пек вырачыў вочы.
— Матухна ты мая, гэта хто?.. Што гэта за дзяўчынка-забаўніца? — сказаў ён.
Але тут фрэкен Бок закіпела.
— Дзяўчынка-забаўніца! Ха! Ды гэта самы брыдкі хлопчык-пракуда, якога я сустракала. Гэць адсюль, нягоднік!
Але Карлсан не слухаў яе.
— Вяльможная панна — як танец, хада! — сказаў ён і пачаў танчыць, ды як! Такіх танцаў Малы ніколі не бачыў, і спадар Пек, мабыць, таксама. Карлсан валачыўся па кухні на падагнутых нагах і час ад часу падскокваў, матляючы накідкамі.
«Выглядае па-вар’яцку, — падумаў Малы. — Але хай сабе, абы ён лятаць не пачаў — о, хоць бы ён толькі не надумаў лятаць!»
На Карлсане было столькі накідак, што прапелер пад імі не праглядаўся. Малы быў удзячны за гэта. Але што, калі б Карлсан раптам падняўся ў паветра? У спадара Пека дакладна б адвісла сківіца, а потым ён бы, як толькі ачомаўся, прывалок бы сюды свае тэлекамеры.
Спадар Пек глядзеў на дзіўны танец і смяяўся. Смяяўся мацней і мацней. Тады Карлсан таксама захіхікаў і падміргнуў спадару Пеку, шоргаючы міма яго і махаючы яму вэлюмам.
— Якое забаўнае дзіця, — сказаў спадар Пек. — Можна было б узяць яго ў якую-небудзь дзіцячую перадачу.
Ён не змог бы прыдумаць нічога, што раззлавала б фрэкен Бок больш.
— Яго — на тэлебачанне? Тады папрашу без мяне! Ясна адно: калі вы шукаеце таго, хто перакуліў бы вам усю тэлестудыю дагары нагамі, лепшага, чым ён, вам не знайсці!
Малы кіўнуў.
— Вось-вось. А калі ён перакуліць тэлестудыю, то скажа толькі, што гэта з’ява банальная, так што сцеражыцеся яго!
Спадар Пек не ўпарціўся.
— Як скажаце, я толькі прапанаваў. Ёсць шмат іншых дзетак.
Дый спадар Пек ужо спяшаўся. У яго быў запіс, на які ён мусіў паспець. Хутка яму трэба было сыходзіць. Тады Малы заўважыў як Карлсан намацвае ўключальнік на жываце, і да смерці перапалохаўся. Няўжо ён сапсуе ўсё ў апошні момант?!
— He, Карлсан... не, Карлсан, — нервова шаптаў Малы.
Але Карлсан працягваў намацваць уключальнік. Яму было складана да яго дабрацца праз усе гэтыя накідкі.
Спадар Пек ужо стаяў каля дзвярэй. Тут Карлсанаў матор загудзеў.
— He ведаў, што аэрапорт Арланды пускае свае самалёты ў вас над Васастанам, — сказаў спадар Пек. — I хто ім толькі дазволіў? Бывайце здаровыя, фрэкен Бок, пабачымся заўтра.
I ён сышоў. А Карлсан узняўся пад столь. Ён узрушана кружляў вакол люстры, махаючы фрэкен Бок накідкамі.
— Вяльможная панна ляціць, хой, хой! — сказаў ён.
Прьшжі, сцрэс разумны і ўзорна Ньоўсшы...
Рэшту дня Малы правёў у дамку Карлсана на даху. Ён патлумачыў, чаму фрэкен Бок трэба пакінуць у спакоі.
— Разумееш, яна будзе рабіць вяршковы торт да заўтрашняга прыезду мамы, таты, Бусэ і Бэтан.
Карлсан разумеў.
— Калі яна будзе рабіць вяршковы торт, то так, пакінем яе ў спакоі. Надзаляць страхмістрыням у той час, калі яны робяць вяршковыя тарты, вельмі небяспечна, бо вяршкі тады пачынаюць кіснуць... дый страхмістрыні таксама!
Такім чынам апошнія гадзіны фрэкен Бок у сям’і Свантэсанаў атрымаліся вельмі спакойныя, як яна і хацела.
Малому і Карлсану таксама было спакойна і ўтульна каля агменю ў Карлсанавым дамку.
Карлсан злятаў на рынак Хёторгет і прыкупіў яблыкаў.
— I сумленна за ўсе за іх заплаціў пяцёркай эрэ, — сказаў ён. — Я ж не хачу, каб якая-небудзь гандлярка панесла праз мяне страты, бо я найсумленнейшы ў свеце.
— I што, гандлярцы хапіла пяці эрэ за ўсе гэтыя яблыкі? — спытаў Малы.
— Гэтага я спытаць у яе не мог, — сказаў Карлсан, — бо яна акурат адышла папіць кавы.
Карлсан нанізаў яблыкі на сталёвы дрот і пачаў запякаць іх на агні.
— Найлепшы ў свеце запякальнік яблыкаў — адгадай, хто гэта? — сказаў ён.
— Ты, Карлсан, — сказаў Малы.