• Газеты, часопісы і г.д.
  • Карлсан прылятае зноў  Астрыд Ліндгрэн

    Карлсан прылятае зноў

    Астрыд Ліндгрэн

    Выдавец: Папуры
    Памер: 192с.
    Мінск 2019
    44.51 МБ
    Малы і Карлсан, які жыве на даху
    Малы і Карлсан, які жыве на даху
    Карлсан хітруе зноў
    Карлсан хітруе зноў
    — Гыр-р-р, — сказала фрэкен Бок, калі Малы дапамог ёй вызваліцца і да яе вярнулася мова. — Навошта ты трымаеш пад ложкам пастку для мышэй?
    Малому было шчыра шкада фрэкен Бок, і ён, запінаючыся, роспачна сказаў:
    — Каб... каб... злавіць у яе нечаканую мышку!
    — Але мы хацелі не такую вялікую, — сказаў Карлсан. — Мы хацелі маленечкую, прыгожанькую, з доўгім хвастом.
    Фрэкен Бок паглядзела на Карлсана і прастагнала.
    — Ты... ты... зараз ты вылеціш адсюль!
    I яна зноў кінулася за ім з выбівалкай.
    — Хой, хой! — крыкнуў Карлсан. Ён вылецеў у залу, і пагоня рушыла зноў у гасцёўню і з гасцёўні, у кухню і з кухні, у спальню...
    — Хой, хой! — крычаў Карлсан.
    — Ты ў мяне атрымаеш хой-хой, — прасапла фрэкен Бок і зрабіла звышвысокі скачок, каб пляснуць Карлсана выбівалкай. Але яна забылася на ўсю тую мэблю, якую сама нагрувасціла перад дзвярыма спальні, і, калі падскочыла, патрапіла галавой у кніжную паліцу, а потым з грукатам упала на падлогу.
    — Хой, цяпер у Паўночным Норландзе, напэўна, будзе яшчэ адзін землятрус, — сказаў Карлсан.
    Але Малы ў адчаі кінуўся да фрэкен Бок.
    — Ой, як жа вы так? — сказаў ён. — О, бедная фрэкен Бок!
    — Дапамажы мне легчы ў ложак, калі ласка, — сказала фрэкен Бок.
    Малы дапамог — прынамсі, паспрабаваў. Усё ж фрэкен Бок была такая вялікая і цяжкая, а Малы — такі маленькі. У яго не ставала сілы. Тады да іх спусціўся Карлсан.
    — Нават не спрабуй! — сказаў ён Малому. — Я таксама, пэўна, хачу пацягаць. Самы добры ў свеце я, а не ты!
    Карлсан і Малы ўзяліся і пацягнулі з усяе моцы. Урэшце яны сапраўды здолелі ўладкаваць фрэкен Бок на ложку.
    — Бедная фрэкен Бок, — сказаў Малы. — Як вы, дзе-небудзь баліць?
    Фрэкен Бок крыху паляжала, прыслухоўваючыся да сваіх адчуванняў.
    — У мяне дакладна ніводнай цэлай косткі ў целе не засталося, — урэшце сказала яна. — Але болю чамусьці няма... толькі каля я смяюся!
    I яна засмяялася так, што ложак захадзіў ходарам. Малы паглядзеў спалохана: што гэта на яе найшло? — Кажыце што хочаце, — сказала фрэкен Бок, — а сёння ўвечары ў мяне была парачка грунтоўных марш-кідкоў — і святыя ўгоднікі, як жа гэта бадзёрыць!
    Яна энергічна заківала.
    — Пачакайце толькі! Мы з Фрыдай ходзім на гімнастыку для хатніх гаспадынь, дык вось цяпер пачакайце толькі наступнага разу — тады ўжо Фрыда пабачыць, хто з нас умее бегаць!
    — Хой! — сказаў Карлсан. — Вазьмі з сабой выбівалку, тады ты зможаш ганяць Фрыду па ўсёй спартзале, каб яна таксама ўзбадзёрылася.
    Фрэкен Бок зыркнула на яго.
    — Маўчы, калі гаворыш са мной! Змоўкні і схадзі прынясі мне некалькі катлет!
    Малы весела засмяяўся.
    — I праўда, ад беганіны прачынаецца апетыт! — сказаў ён.
    — Адгадай, хто найлепшы ў свеце прынясун катлет! — сказаў Карлсан. Ён ужо ляцеў у кухню.
    Потым Карлсан, Малы і фрэкен Бок сядзелі на краі ложка і частаваліся мілай лёгкай вячэрай. Карлсан вярнуўся з кухні з добра нагружаным падносам.
    — Я паглядзеў, што там быў яблычны пірог з ванільным соусам, так што прыхапіў і яго. I яшчэ крыху варанай шынкі, сыру, кілбасы, салёных гурочкаў, пару сардзінак і крышачку пячоначнага паштэту... Але куды, скажыце мне, вы схавалі вяршковы торт?
    — Няма ніякага торта, — сказала фрэкен Бок.
    Карлсан апусціў куточкі вуснаў.
    — Дык што, мяркуецца, што можна наесціся некалькімі катлеткамі, яблычным пірагом з ванільным соусам, варанай шынкай, сырам, кілбасой, салёнымі гуркамі і парачкай дробных няшчасных сардзінак, так?
    Фрэкен Бок пільна паглядзела яму ў вочы.
    — He, — адчаканіла яна. — Ёсць жа яшчэ паштэт.
    Малы не памятаў, каб калі-небудзь яму было так смачна. I яны так утульна сядзелі ўсе трое — ён, Карлсан і фрэкен Бок — і ласаваліся ежай. Але раптам фрэкен Бок усклікнула:
    — Святыя ўгоднікі, Малы ж ізаляваны, а мы яго запусцілі сюды!
    Яна паказала на Карлсана.
    — He, мы яго не запускалі. Ён сам запусціўся, — сказаў Малы, але таксама занепакоіўся. — Карлсан, а раптам ты цяпер захварэеш на шкарлятыну!
    — Ум-м, ум-м, — сказаў Карлсан, бо ягоны рот быў набіты яблычным пірагом і ён не адразу змог загаварыць. — Шкарлятына... хой! Да таго, хто аднойчы перанёс самую цяжкую ў свеце булачкавую гарачку і не даў дуба, нічога не чапляецца.
    — I так не атрымалася... — уздыхнула фрэкен Бок.
    Карлсан запхнуў у сябе апошнюю катлету, аблізаў пальцы і сказаў:
    — Вядома, з ежай у гэтым доме не надта, але ў астатнім я тут пачуваюся добра. Мабыць, я таксама тут ізалююся.
    — Святыя ўгоднікі, — сказала фрэкен Бок.
    Яна зыркнула на Карлсана і на паднос, які цяпер быў зусім пусты.
    — Няшмат застаецца там, куды ты дабраўся, — сказала яна.
    Карлсан падняўся з ложка. Паляпаў сябе па жываце.
    — Паеўшы, я пакідаю стол, — сказаў ён. — I гэта адзінае, што я пакідаю.
    Потым ён павярнуў круцёлку на жываце, матор загудзеў, і Карлсан цяжка паляцеў да адчыненага акна.
    — Бывайце здароўценькі, — крыкнуў ён. — Усё ж давядзецца вам нейкі час даваць рады без мяне, бо мне цяпер трэба спяшацца!
    — Бывай здароўценькі, Карлсан! — сказаў Малы. — Табе праўда трэба ляцець?
    — Даўно пара, — хмурна сказала фрэкен Бок.
    — Так, я мушу спяшацца, — крыкнуў Карлсан, — іначай я спазнюся дадому на вячэру. Хой, хой!
    I ён паляцеў.
    Флльможнал ^ама Ajnw
    аступным днём Малы спаў доўга. Ён прачнуўся праз тое, што званіў тэлефон, і кінуўся ў вітальню, каб адказаць. Гэта была мама.
    — Дзіцятка ты маё... о, які жах!
    — Ты пра што? — сонна спытаў Малы.
    — Пра ўсё, пра што ты пісаў у лісце. Я так запераймалася.
    — Чаго гэта? — спытаў Малы.
    — Ты і сам разумееш, — сказала мама. — Беднае ты маё дзіцятка... Але заўтра я прыеду дадому.
    Малы адразу ўзрадаваўся і зусім прачнуўся, хаця так і не зразумеў, чаму мама назвала яго «бедным дзіцяткам».
    Толькі Малы павесіў слухаўку, як пачуўся новы званок. Гэта званіў тата з Лондана.
    — Як ты там? — спытаў ён. — Бусэ і Бэтан добра паводзяцца?
    — Сумняваюся, — сказаў Малы. — Але дакладна не ведаю, яны ж ляжаць у эпідэмцы.
    Было чуваць, што тата захваляваўся.
    — У эпідэмцы? Што ты маеш на ўвазе?
    I калі Малы патлумачыў, што мае на ўвазе, тата сказаў тое самае, што і мама:
    — Беднае ты маё дзіцятка... Але заўтра я прыеду дадому.
    Гутарка скончылася. Але потым тэлефон зазваніў ізноў. Цяпер гэта быў Бусэ.
    — Перадай Страхмістрыні і ейнаму невуку-лекару, што ў чым, у чым, а ў шкарлятыне яны нічога не цямяць. Мы з Бэтан заўтра будзем дома.
    — Дык у вас што, няма шкарлятыны? — спытаў Малы.
    — Няма, уяві сабе. Тутэйшы лекар кажа, што мы выпілі зашмат гарачага шакаладу з булачкамі. У занадта ўразлівых арганізмаў праз такое бывае высыпка.
    — Дык гэта ж звычайны выпадак булачкавай гарачкі! — сказаў Малы.
    Але Бусэ ўжо скончыў званок.
    Апрануўшыся, Малы выйшаў на кухню, каб паведаміць фрэкен Бок, што ён больш не ў ізаляцыі.
    Фрэкен Бок ужо гатавала абед. Уся кухня моцна пахла прыправамі.
    — Я толькі радая, — сказала фрэкен Бок, калі Малы паведаміў, што ўся сям’я вяртаецца заўтра. — Выдатна, што я перастану тут працаваць, перш чым ушчэнт сапсую сабе нервы.
    Яна заўзята перамешвала ў рондалі на пліце нейкае густое варыва і шчодра прыпраўляла яго соллю, перцам і кары.
    — Вось так вось, — сказала яна. — Як пасоліш, ды паперчыш, ды кары пасыплеш як след — вось тады будзе смачна!
    Потым яна занепакоена паглядзела на Малога.
    — Ты ж не думаеш, што гэты жахлівы Карлсан сёння аб’явіцца зноў? Было б так добра, калі б мае апошнія гадзіны тут прайшлі спакойна і мірна.
    He паспеў Малы ёй адказаць, як за акном пачуўся вясёлы голас, які распяваў на ўсю глотку:
    Сонца праменьчык, ты тут ізноў! Зноў зазірнуў у маё акно!
    За карнізам быў Карлсан.
    — Здароўценькі, ваш праменьчык прыляцеў да вас, і зараз мы пазабавімся!
    Але фрэкен Бок умольна выцягнула да яго рукі.
    — He, не... не, што хочаш, толькі давайце не будзем забаўляцца!
    — Безумоўна, спачатку нам трэба пад’есці, — сказаў Карлсан і скокнуў за стол. Фрэкен Бок ужо дастала прыборы сабе і Малому. Карлсан заняў адно месца і схапіў нож і відэлец.
    — Пачынаем! Давай сюды ежу!
    Ён зычліва кіўнуў фрэкен Бок.
    — Можаш таксама далучыцца да нас. Бяры сабе талерку і сядай.
    Потым ён паветрыў носам.
    — Што ў нас сёння?
    — Бярозавая каша, — прыгразіла фрэкен Бок і яшчэ больш заўзята забоўтала лыжкай у сваім варыве. — Прынамсі, гэта тое, што табе варта было б атрымаць. Але мне так усё баліць, што, баюся, сёння я не здолею бегаць.
    Яна вываліла варыва ў вялікую міску і паставіла яе на стол.
    — Ешце, — сказала яна. — Я, з вашага дазволу, пачакаю. Бо лекар сказаў, што мне трэба есці ў цішыні і спакоі.
    Карлсан кіўнуў.
    — Ну што ж, у якой-небудзь бляшанцы, хутчэй за ўсё, засталося крыху якіх сухарыкаў — можаш
    іх пагрызці, пакуль мы скончым з гэтым усім... давай, вазьмі сабе скарынку ды пахрабусці ў цішыні ды спакоі!
    Ён прагна наваліў у сваю талерку вялікую порцыю. А Малы ўзяў зусім крыху. Ён заўсёды пабойваўся незнаёмай ежы. А такога варыва ён ніколі не бачыў раней.
    Карлсан пачаў узводзіць маленькую вежу ў сваёй талерцы, з валам і ровам вакол. Пакуль ён быў заняты гэтым, Малы асцярожна пакаштаваў... ой! Ён схапіў паветра, а на вачах яго выступілі слёзы. У роце ўсё палала агнём. Але фрэкен Бок глядзела на яго з такім чаканнем, што ён пракаўтнуў і змаўчаў.
    Тады Карлсан адарваўся ад сваёй вежы.
    — Што з табой? Ты чаго плачаш?
    — Я... я ўспомніў пра нешта сумнае, — запінаючыся, сказаў Малы.
    — Вунь яно што, — сказаў Карлсан і накінуўся на сваю вежу са здаровым апетытам. Але ледзьве праглынуў першую лыжку, як завыў, а вочы яго напоўніліся слязьмі.
    — Што такое? — спытала фрэкен Бок.
    — Напэўна, атрута... але табе лепей ведаць, што ты тут набоўтала, — сказаў Карлсан. — Хутчэй нясіце вогнетушыльнік, у маім горле бушуе пажар!
    Ён выцер слёзы з вачэй.
    — Чаму ты плачаш? — спытаў Малы.
    — Я таксама ўспомніў пра нешта сумнае, — сказаў Карлсан.
    — Пра што? — пацікавіўся Малы.
    — Пра гэтае варыва, — сказаў Карлсан.
    Але гэта фрэкен Бок не спадабалася.
    — Як вам не сорамна, дзеці! Тысячы дзяцей у свеце ўсё аддалі б за крыхатульку такога рагу!
    Карлсан засунуў руку ў кішэню і дастаў блакнот і ручку.
    — Можна мне імёны і адрасы дваіх? — спытаў ён.
    Але фрэкен Бок толькі прамармытала нешта і не захацела даваць ніякіх адрасоў.
    — Я так разумею, уся гэтая кампанія — дзеткі глытальнікаў агню, — сказаў Карлсан, — якія ніколі нічым іншым не займаліся, акрамя як хамячылі агонь ды серу.