• Газеты, часопісы і г.д.
  • Карлсан прылятае зноў  Астрыд Ліндгрэн

    Карлсан прылятае зноў

    Астрыд Ліндгрэн

    Выдавец: Папуры
    Памер: 192с.
    Мінск 2019
    44.51 МБ
    Малы і Карлсан, які жыве на даху
    Малы і Карлсан, які жыве на даху
    Карлсан хітруе зноў
    Карлсан хітруе зноў
    Карлсан заматляў галавой.
    — Калі б я нешта і ўзяўся завязаць, дык гэта ручанькі тваёй мамы. Так ужо ёй трэба было забраць мой касцюм прывіда! Будзе толькі справядліва, калі
    ты пашыеш новы, пра большае я не прашу. Давай пачынай і не ный!
    У самога Карлсана, як ён казаў, часу шыць не было зусім: ён мусіў неадкладна намаляваць карціну.
    — Такія рэчы трэба рабіць, калі ў цябе натхненне, разумееш? А на мяне акурат толькі што яно сышло. Вось проста зараз плюхнулася з неба.
    Малы не ведаў, што гэта за штука такая — натхненне.
    Але Карлсан патлумачыў, што гэта нешта накшталт хваробы, якая сустракаецца ва ўсіх малявальнікаў карцін, і тады яны хочуць толькі маляваць, маляваць і маляваць, замест таго каб шыць касцюмы прывідаў.
    I Малы залез на варштат, сеў, скрыжаваўшы ногі, як кравец, і шыў, пакуль Карлсан, зашыўшыся ў куток за камінам, маляваў сваю карціну.
    Звонку стаяла чорная цемра, але ў Карлсана было светла і ўтульна, газніца ззяла, а ў камінку гарэў агонь.
    — Спадзяюся, ты быў старанны і ўмелы на ўроках працы, — сказаў Карлсан. — Бо ўсё ж мне трэба, каб мой святочны касцюм прывіда быў сімпатычны. Карункавая аблямоўка на каўняры або вышываны ўзорчык — тое, што трэба.
    Малы не адказаў. Ён толькі шыў, полымя трашчала, а Карлсан маляваў.
    — Што ты малюеш? — спытаў Малы.
    — Пабачыш, калі будзе гатова, — сказаў Карлсан.
    Урэшце Малы зляпаў так-сяк касцюм прывіда, які яго больш-менш задаволіў. Карлсан прымерыў яго і таксама застаўся задаволены, нават вельмі. Ён зрабіў для паказу пару кругоў па пакоі.
    Малы ўздрыгнуў. Карлсан падаўся яму вельмі вусцішным і падобным да прывіда. Бедная фрэкен Бок, яна ж так хацела сустрэцца з прывідам — і вось ёй здань, здольная напужаць любога.
    — Цяпер Страхмістрыня можа пасылаць па тэледзядзечак, — сказаў Карлсан. — Бо хутка прыляціць Прывідульчык з Васастана — матарызаваны, дзікі і страшэнна небяспечны.
    Карлсан абляцеў пакой, задаволена пасмейваючыся. Ён ужо забыўся на сваю карціну. Малы падышоў паглядзець, што намаляваў Карлсан.
    «Партрэт маіх зайцаў» — было напісана ў самым нізе каля рамы. Але намаляваў Карлсан толькі маленькага рыжага звярка, які больш за ўсё нагадваў лісіцу.
    — Гэта хіба не ліса? — спытаў Малы.
    Карлсан прызямліўся і стаў побач. Ён схіліў галаву набок і паглядзеў на сваю карціну.
    — Так, вядома, ліса. Без сумневу, гэта ліса, намаляваная найлепшым у свеце малявальнікам ліс.
    — Так, але... — сказаў Малы. — «Партрэт маіх зайцаў» — дзе ж гэтыя зайцы тады?
    — Унутры ў лісе, — сказаў Карлсан.
    Карлсана
    аступнага ранку Бусэ і Бэтан прачнуліся з нейкімі дзіўнымі чырвонымі кропачкамі на целе. — Шкарлятына, — сказала фрэкен Бок, агледзеўшы іх.
    Лекар, па якога яна паслала, сказаў тое самае.
    — Шкарлятына! Неадкладна ў эпідэміялагічную лякарню!
    Потым ён паказаў на Малога.
    — А яго пакуль трэба ізаляваць.
    Тады Малы заплакаў. Ён зусім не хацеў, каб яго ізалявалі. He тое каб ён ведаў, што гэта значыць, але гучала гэта жахліва.
    — Абы-што, — сказаў Бусэ, калі доктар сышоў. — Гэта значыць толькі тое, што табе не трэба будзе хадзіць у школу і нельга будзе бачыцца з іншымі дзецьмі. Каб не заразіць нікога, разумееш?
    Бэтан ляжала ў ложку са слязьмі ў вачах.
    — Бедны Малы, — сказала яна, — як табе будзе самотна! Напэўна, варта нам пазваніць маме, каб прыехала.
    Але фрэкен Бок не хацела і чуць пра гэта.
    — Hi ў якім разе! Спадарыні Свантэсан патрэбныя мір і спакой. He забывайце, што яна таксама хворая. Я за ім прыгледжу, не хвалюйцеся!
    Яна кіўнула ў бок Малога, які стаяў, увесь заплаканы, побач з ложкам Бэтан.
    Потым ужо не было часу на размовы, бо прыехала хуткая і забрала Бусэ і Бэтан. Малы плакаў: вядома, часам ён злаваўся на брата з сястрой, але ён так іх любіў, і было так сумна, што іх забіраюць
    у лякарню.
    — Шчаслівенька, Малы, — сказаў Бусэ, калі дзядзечкі з хуткай яго забіралі.
    — Бывай, любы мой брацік, і не сумуй! Мы хутка вернемся, — сказала Бэтан.
    Малы завыў.
    — Анягож, хутка! А раптам вы памраце?
    Потым фрэкен Бок на яго лаялася... як ён мог сказаць такую дурасць? Нібыта людзі паміраюць ад шкарлятыны!
    Пасля Малы пайшоў у свой пакой. Там яго чакаў Бімба. Малы ўзяў яго на рукі.
    — Цяпер у мяне толькі ты застаўся, — сказаў Малы і абняў Бімба. — I Карлсан, вядома.
    Бімба, відаць, зразумеў, што Малы засмучаны. Ён лізнуў яго ў твар. Здавалася, нібыта ён кажа:
    — Так, але я ўсё ж ёсць у цябе. I Карлсан!
    Доўга-доўга Малы сядзеў так і адчуваў, як прыемна яму праз тое, што Бімба ёсць. I ўсё адно акурат тады ён вельмі сумаваў па маме. Ён згадаў, што абяцаў напісаць ёй, і вырашыў адразу ж гэта зрабіць.
    «Любая мама, — напісаў ён. — Падобна натое што нашай сямі прыходзіць поўны канец Бусэ і Бэтан патхапілі шкаралятыну іх забралі ў бальніцу а мяне ізаляЕзалі. Гэта небалюча але я на пэўна таксама захварэю на шкаралятыну а тата ў Лондані калі ён там яшчэ жывы я праўда нячуў каб ён захварэў але на пэўна ён захварэў тамушта ўсе астатнія захварэлі. Я сумую па табе як ты да рэчы ці велмі ты хворая? Я хацеў расказаць табе нешта пра Карлсана але нябуду бо ты тады толкі будзеш перажываць а табе трэба мір і спакой кажа Страхмізтрыня яна не хворая і Карлсан не хворы так сама хаця на пэўна хутка яны захварэюць.
    Бывай матуля, спачывай з мірам».
    — Болей не буду пісаць, — сказаў Малы Бімба. — Я ж не хачу яе напалохаць.
    Потым ён падышоў да акна і пазваніў Карлсану. Рэч у тым, што ўчора ўвечары Карлсан зрабіў нешта вельмі хітрае. Ён правёў званок паміж сваім дамком на даху і пакоем Малога.
    — Нельга спадзявацца на выпадак, калі ты прывід, — сказаў Карлсан. — Таму Карлсан правёў найлепшы ў свеце званок, каб ты мог пазваніць і выклікаць прывіда акурат тады, калі Страхмістрыня сядзіць у якім-небудзь спадручным месцы і выглядае ў ночы маленькага жахлівага мяне.
    Уласна званком служыў званочак для каровы, які Карлсан прымацаваў у сябе пад вільчаком. Адтуль ён правёў шнурок да акна Малога.
    — Калі пацягнеш за шнурок, — сказаў Карлсан, — у мяне наверсе зазвініць званок — і р-раз! — Прывідульчык з Васастана прылятае і лякае Страхмістрыню да непрытомнасці. Ці не цудоўна?
    Вядома, Малы таксама лічыў, што гэта цудоўна. He толькі таму, што ён мог выклікаць прывіда. PaHeft яму даводзілася сядзець ды чакаць, чакаць і чакаць, пакуль Карлсан не зробіць ласку прыляцець. Цяпер ён мог проста пазваніць яму ў званок, калі адчуе, што хоча паразмаўляць з ім.
    I акурат цяпер Малы адчуў, што хоча паразмаўляць з Карлсанам. Ён торгаў і шморгаў за шнурок і чуў, як на даху заліваецца званочак. Хутка ён пачуў гудзенне матора, але Карлсан, які заляцеў да яго праз акно, быў непраспаны і вельмі надзьмуты.
    — Ты, можа, думаеш, што гэта задумана як будзільнік? — агрызнуўся ён.
    — О, прабач, — сказаў Малы. — Ты спаў?
    — Трэба было спытаць да таго, як мяне будзіць. Ты, што пастаянна спіш, як суслік, дзе табе ведаць, як жывецца нам, небаракам, якія амаль ніколі не могуць звесці вачэй. А знайшоўшы хвіліну спакою, можна было б спадзявацца, што прынамсі сябры стояць дыханне і будуць ціхія, як мышкі, замест таго каб біць у званы, нібыта на пажар.
    — У цябе бяссонніца? — спытаў Малы.
    Карлсан хмурна кіўнуў.
    — Уяві сабе, так.
    Малому было сумна гэта чуць.
    — Як шкада... няўжо ты праўда так кепска спіш?
    — Горш няма куды, — сказаў Карлсан. — Ну, уначы я, праўда, сплю як бервяно, і ўранку таксама, але ж пасля абеду я адно ляжу і перакідаюся з боку на бок.
    Ён крыху пастаяў моўчкі, нібыта смуткуючы, што ў яго такая бяссонніца, але потым з імпэтам заазіраўся вакол.
    — Калі б я атрымаў які падаруначак, то я б, магчыма, так не засмучаўся, што ты мяне пабудзіў.
    Малы не хацеў, каб Карлсан засмучаўся, і пачаў шукаць што-небудзь для яго сярод сваіх рэчаў.
    — Мой губны гармонік — хочаш яго?
    Карлсан выхапіў у яго гармонік.
    — О, я заўжды хацеў сабе музычны інструмент, дзякуй вялікі, гэта сыдзе... кантрабаса ж у цябе няма?
    Ён прыклаў гармонік да вуснаў і выдзьмуў пару жахлівых гукаў. Потым паглядзеў на Малога зіхоткімі вачыма.
    — Ты чуў? У мяне адразу ж атрымалася мелодыя. Называецца «Енкі Прывідульчыка».
    Тады Малы сказаў, што такія стогны вельмі дарэчы ў доме, дзе ўсе хворыя, і расказаў Карлсану пра шкарлятыну.
    — Бедныя Бусэ і Бэтан, іх так шкада! — сказаў Малы.
    Але Карлсан сказаў, што шкарлятына — з’ява банальная, няма за што і пераймацца. Да таго ж добра, што Бусэ і Бэтан пабудуць у эпідэмцы, пакуль тут будзе разгульваць прывід.
    Толькі ён гэта сказаў, як Малы схамянуўся ў спалоху. Ён пачуў крокі фрэкен Бок за дзвярыма і зразумеў, што яна ў любы момант можа зайсці ў ягоны пакой. Карлсан таксама зразумеў, што трэба спяшацца.
    Ён плюхнуўся на падлогу, спрытна запоўз пад ложак Малога і скруціўся там у клубочак.
    Малы хуценька сеў на ложак і расправіў свой купальны халат на каленках, каб ён звісаў, як мага больш прыкрываючы Карлсана.
    У гэтае імгненне дзверы адчыніліся і ў пакой зайшла фрэкен Бок са шчоткай для падлогі і шуфлікам У РУЦЭ.
    — Я тут буду прыбірацца, — сказала яна. — Выйдзі пакуль у кухню!
    Малы так разнерваваўся, што спатнеў.
    — He, не хачу, — сказаў ён. — Я буду сядзець тут у ізаляцыі.
    Фрэкен Бок сярдзіта паглядзела на яго.
    — Ты ведаеш, што робіцца пад тваім ложкам? — спытала яна.
    Малы зачырванеўся — няўжо яна ўбачыла Карлсана?
    — Там... там нічога няма, — запінаючыся, вымавіў ён.
    — Яшчэ як ёсць! — сказала фрэкен Бок. — Там цэлыя камякі пылу, і я збіраюся іх адтуль вымесці. Пасунься!
    Малы забыўся на сябе ад страху.
    — He, я буду сядзець тут у ізаляцыі! — закрычаў ён.
    Тады фрэкен Бок пачала з бурчаннем месці падлогу ў іншым канцы пакоя.
    — Ну і сядзі сабе колам, пакуль я не прыбяруся ў гэтым баку! Але потым давай ужо ізалюйся ў якімнебудзь іншым кутку, упарты дзіцёнак!
    Малы кусаў пазногці і разважаў: о, што цяпер будзе?.. Але раптам ён схамянуўся і захіхікаў. Гэта Карлсан паказытаў яго пад каленкамі — а Малы дужа баяўся козыту.
    Фрэкен Бок зыркнула на яго.
    — Смяешся? Ну-ну! I гэта пакуль маці, брат і сястра ляжаць хворыя, пакутуюць! Хутка слёзы ў цябе абсохлі, я гляджу.
    Малы зноў адчуў, як Карлсан казыча яго пад каленкамі, і цяпер ён так пырснуў смехам, што ледзьве не зваліўся з ложка.
    — Ці можна даведацца, што цябе так развесяліла? — іранічна спытала фрэкен Бок.