• Газеты, часопісы і г.д.
  • Карлсан прылятае зноў  Астрыд Ліндгрэн

    Карлсан прылятае зноў

    Астрыд Ліндгрэн

    Выдавец: Папуры
    Памер: 192с.
    Мінск 2019
    44.51 МБ
    Малы і Карлсан, які жыве на даху
    Малы і Карлсан, які жыве на даху
    Карлсан хітруе зноў
    Карлсан хітруе зноў
    — Спакойна, толькі спакойна, Чырвоны Каптурочак! — крыкнуў Карлсан. — Надзявай сваю шапачку ды галёшы, бо зараз ты выйдзеш адтуль!
    Тут Карлсан адкрыў пыласос, і ўсё, што было ў ім, высыпаў на дыван. Атрымалася вялікая шэрая брыдкая куча.
    — Ой, трэба было ў папяровы пакет гэта высыпаць... — сказаў Малы.
    — Папяровы пакет... гэта так у казцы напісана ці што? — сказаў Карлсан. — Там хіба напісана, што паляўнічы распароў ваўку чэрава і вытрас Чырвоны Каптурок у папяровы пакет, — так і напісана, праўда?
    — He, — сказаў Малы, — не напісана там такога...
    — Ну дык маўчы тады, — сказаў Карлсан. — He трэба выдумляць, чаго няма, бо я так не гуляю!
    Больш ён нічога не змог сказаць, бо ў акно заляцеў ветрык і ўзняў слуп пылу, забіўшы яму нос. Карлсан чхнуў. Чхнуў ён проста ў кучу пылу. 3 яе ўзняўся маленечкі кавалачак паперы, узляцеў над падлогай і апаў проста перад Малым.
    — Глядзі, гэта Чырвоны Каптурок! — усклікнуў Малы і хутчэй падняў запыленую маленькую марку.
    Карлсан увесь заззяў.
    — Я ведаю сваю справу, — сказаў ён. — He паспееш і чхнуць, як я ўсё ўладкоўваю. Цяпер, мабыць, ты ўжо не будзеш так лямантаваць па сваім Чырвоным Каптурку!
    Малы абцёр сваю марку. Ён быў вельмі ўсцешаны.
    Тады Карлсан чхнуў яшчэ раз, і воблака пылу ўзнялося з падлогі.
    — Найлепшы ў свеце чхун — адгадай, хто гэта! — сказаў Карлсан. — Я зачхаю ўвесь гэты пыл назад, дзе ён быў. Пачакай, зараз пабачыш!
    Малы не слухаў. Цяпер ён думаў толькі пра тое, каб уклеіць сваю марку ў альбом.
    Але тым часам у воблаку пылу стаяў і чхаў Карлсан. Ён чхаў і чхаў, а калі начхаўся даволі, амаль уся куча таго пылу сачхалася з падлогі.
    — Вось бачыш, і ніякі папяровы пакет не спатрэбіўся, — сказаў Карлсан. — Цяпер увесь пыл там, дзе і звычайна. Парадак ва ўсім — вось гэта па-мойму! Калі мне не даць навесці парадак вакол сябе, то я не гуляю!
    Але Малы глядзеў толькі на сваю марку. Цяпер яна была ў альбоме — о, як прыгожа яна там глядзелася!
    — Няўжо трэба зноў пыласосіць табе вушы? — сказаў Карлсан. — Ты зусім не слухаеш.
    — А што ты сказаў? — спытаў Малы.
    — Я сказаў, што гэта няправільна, калі толькі я буду надрывацца да мазалёў на руках. Я тут у цябе столькі папрыбіраўся, што варта б і табе паляцець са мной ды прыбрацца ў маім дамку.
    Малы адклаў альбом. Паляцець з Карлсанам на дах... He было нічога такога, пра што б ён марыў больш! Ён толькі аднойчы бываў наверсе ў Карлсана, у ягоным маленькім дамку на даху. Тым разам мама падняла ўсіх на вушы і адправіла пажарных здымаць Малога адтуль. Малы задумаўся. Гэта было так даўно, ён паспеў ужо зрабіцца вялікім хлопцам, які мог бы лазіць на любыя дахі. Але ці разумее гэта мама — вось што ён хацеў бы ведаць. Дома яе не было, і спытацца ён не мог. I, мабыць, разумней за ўсё было не пытаць.
    — Дык што, паляціш да мяне? — спытаў Карлсан.
    Малы падумаў яшчэ разок.
    — Але раптам ты мяне не ўтрымаеш, пакуль будзем ляцець? — з трывогай сказаў ён.
    Карлсан здаваўся бестурботным.
    — Ну што паробіш, калі так, — сказаў ён. — У свеце так многа дзяцей. Адным дзіцёнкам больш або менш — гэта з’ява банальная.
    Ух як Малы раззлаваўся на Карлсана!
    — Я ніякая не банальная з’ява, і калі я звалюся, то...
    — Спакойна, толькі спакойна, — сказаў Карлсан і паляпаў яго па макаўцы. — He звалішся. Я ўчаплюся ў цябе гэтак жа моцна, як мая бабуля. Бо ты хоць і ўсяго толькі дробненькі мурзаты хлопчык, але ўсё ж нібыта мне падабаешся. Асабліва цяпер, пасля сезоннай прыборкі.
    I ён зноў паляпаў Малога па галаве.
    — Сапраўды, дзіўна, але ты ўсё адно мне падабаешся, хоць ты такі дурненькі хлопчык. Пачакай толькі, пакуль даляцім да даху, а там ужо я цябе заабдымаю так, што твар пасінее, — зусім як мая бабуля робіць.
    Ён павярнуў круцёлку на жываце, матор завёўся, і Карлсан моцна абхапіў Малога. Яны вылецелі праз акно проста ў неба. Падраная фіранка павольна ўздымалася і ападала, нібыта махала на развітанне.
    У Карлсана ^о/ма
    Дамочкі, што туляцца на даху, бываюць вельмі ўтульнымі, асабліва калі яны такія, як у Карлсана. У ягоным дамку зялёныя аканіцы і маленькі ганачак, на якім так прыемна пасядзець. Можна сядзець там увечары і глядзець на зоркі, а можна сядзець удзень і піць сок з печывам — калі печыва ў доме ёсць, вядома. Уначы, калі ў самім доме занадта цёпла, там можна спаць, а ўранку прачнуцца і ўбачыць, як удалечы над дахамі Эстэрмальма ўзыходзіць сонца.
    Так, гэта і праўда ўтульны дамок, які так ёмка ўладкаваўся паміж комінам і глухой сцяной, што яго адразу і не заўважыш. Калі толькі, вядома, выпадкам не будзеш гуляць па даху і не забрыдзеш незнарок за гэты самы комін. Але такое рэдка з кім здараецца.
    — Усё зусім па-іншаму тут наверсе, — сказаў Малы, калі яны з Карлсанам прызямліліся на ганку дамка.
    — На шчасце, так, — сказаў Карлсан.
    Малы агледзеўся.
    — Тут болыл даху, напрыклад, — сказаў ён.
    — Тут кіламетры даху, — сказаў Карлсан, — і паўсюль можна хадзіць і хітраваць як заманецца.
    — Дык можа пахітруем, як мяркуеш? — горача спытаў Малы.
    Ён успомніў, як было цікава мінулы раз, калі яны з Карлсанам хітравалі на даху.
    Але Карлсан строга паглядзеў на яго.
    — Абы не прыбірацца, так? Спачатку я, бач ты, мушу знатужыцца, каб хоць крыху навесці ў цябе парадак, а ты пасля цэлы дзень будзеш толькі бадзяцца ды хітраваць. Вось як ты, значыць, усё пралічыў?
    Малы нічога такога не пралічваў.
    — Калі трэба, я табе з радасцю дапамагу прыбрацца, — сказаў ён.
    — Ну тады добра, — сказаў Карлсан.
    Ён адчыніў дзверы, і Малы ўвайшоў у дамок найлепшага ў свеце Карлсана.
    — Я з радасцю, — сказаў Малы, — калі трэба, то...
    Тут ён застыў надоўга, і вочы ў яго зрабіліся па яблыку.
    — Трэба, — сказаў ён урэшце.
    У дамку Карлсана быў толькі адзін пакой. У гэтым пакоі стаяў стругальны варштат, каб за ім стругаць,
    есці і ставіць на яго рэчы. Яшчэ была канапа, каб на ёй спаць, скакаць і хаваць у ёй рэчы. А яшчэ два крэслы, каб на іх сядзець, ставіць рэчы і караскацца, калі трэба запхнуць сёе-тое ў шафу. Але ўсё
    гэта рабіць не было як, бо там ужо было поўна іншых рэчаў, якія нельга было паставіць на падлогу ці развесіць на цвіках, таму што там ужо былі іншыя рэчы... вельмі шмат рэчаў. Яшчэ ў Карлсана быў камінчык, таксама завалены рэчамі, і чыгунная рашотка, каб гатаваць на ёй. На прыкамінку таксама стаяла багата ўсяго. Затое на столі не вісела амаль нічога. Толькі калаўрот, торбачка з арэхамі, пісталетпугач, пара тэпцяў, гэблік, Карлсанава начная кашуля, ануча для посуду, камінны кручок, чамаданчык і мяшэчак сушаных ягад — а так болей нічога.
    Малы доўга стаяў на парозе і аглядаўся.
    — Ну што, язык праглынуў? — сказаў Карлсан. — Тут знойдзецца ўсё, што трэба, не тое што ў цябе дома, дзе амаль ніякіх рэчаў няма.
    — Рэчаў у цябе хапае, не паспрачаешся, — сказаў Малы. — Але я так разумею, ты хочаш тут прыбрацца.
    Карлсан плюхнуўся на канапу і ўладкаваўся ямчэй.
    — Ты пераблытаў, — сказаў ён. — Я не хачу прыбірацца. Гэта ты хочаш — пасля ўсіх высілкаў, што я аддаў на прыборку ў тваёй кватэры, — ці не так?
    — Ты зусім мне не дапаможаш? — занепакоіўся Малы.
    Карлсан разлёгся на падушцы і пачаў пакрэхтваць, як бывае, калі ўляжашся вельмі ўтульна.
    — Вядома, я табе дапамагу, — сказаў ён, накрахтаўшыся як след.
    — Тады выдатна, — сказаў Малы. — Я спалохаўся, што ты...
    — Вядома, я табе дапамагу, — сказаў Карлсан. — Я ўвесь час буду табе спяваць, каб табе было весялей. Хой, хой! Усё пойдзе як у танцы.
    Малы быў не зусім упэўнены ў гэтым. Ён не так шмат прыбіраўся ў сваім жыцці. Вядома, ён звычайна прыбіраў за сабой цацкі: варта маме было папрасіць яго тры, чатыры ці пяць разоў, і ён прыбіраў іх, нават калі лічыў, што гэта цягамотна і ў гэтым няма ніякай патрэбы. Але прыбрацца ў Карлсана — гэта было нешта зусім іншае.
    — 3 чаго мне пачаць? — спытаў Малы.
    — Балбесіна, вядома, пачынай з арэхавых шкарлупінак, — сказаў Карлсан. — Прыборкі з размахам не трэба: ты ж бачыш, што я прыглядаю за домам увесь час і не запускаю яго. Табе трэба толькі крышачку навесці марафет.
    Арэхавыя шкарлупінкі ляжалі на падлозе сярод кучы апельсінавых ачысткаў, вішнёвых костачак, кілбасных скурак, абрыўкаў паперы, абгарэлых запалак і ўсякага такога. Самой падлогі пад гэтым бачна не было.
    — У цябе ёсць пыласос? — спытаў Малы, крыху падумаўшы.
    Было заўважна, што гэтае пытанне Карлсану не спадабалася. Ён незадаволена паглядзеў на Малога.
    — Некаторыя такія латрыгі, скажу я вам! У мяне найлепшая ў свеце мяцёлка і найлепшы ў свеце шуфлік, але некаторым абібокам гэтага
    недастаткова — не-е, ім пыласос падавай, абы нічога не рабіць самім!
    Карлсан фыркнуў.
    — У мяне магла б быць тысяча пыласосаў, каб я захацеў. Але я не такі лежань, як некаторыя. Я люблю быць у руху.
    — Дык і я люблю, — заапраўдваўся Малы, — але... дый, дарэчы, у цябе ж і электрычнасці няма для пыласоса.
    Ён успомніў, што дамок Карлсана быў зусім несучасны. Тут не было ні электрычнасці, ні водаправода. Вечарамі Карлсан запальваў газніцу, каб было светла, а ваду браў з дажджавой бочкі, выстаўленай на рагу дамка.
    — I смеццеправода ў цябе няма таксама, — сказаў Малы, — хаця без яго тут ніяк.
    — Гэта ў мяне няма смеццеправода? — сказаў Карлсан. — Ды што ты ведаеш! Мяці давай, а ўжо я пакажу табе найлепшы ў свеце смеццеправод.
    Малы ўздыхнуў. Потым ён узяў мяцёлку і пачаў прыбірацца. Карлсан ляжаў, заклаўшы рукі за голаў, і назіраў за ім, вельмі задаволены. Ён, як і абяцаў, заспяваў для Малога:
    Тым, хто ўвішны і руплівы, не падасца дзень даўгім,
    і спачын такі жаданы пасля працы ім!
    — Вось так, менавіта, — сказаў Карлсан і занурыўся ў падушку, каб улегчыся яшчэ ямчэй. Потым ён заспяваў ізноў, а Малы мёў ды мёў. Але раптам ні з пушчы ні з поля Карлсан сказаў:
    — Раз ты ўжо ўсё адно ўвесь у працы, можа, зварыш мне крыху кавы?
    — Зварыць кавы? — перапытаў Малы.
    — Так, звары, калі ласка, — сказаў Карлсан. — Я, праўда, не хачу, каб ты перанапружваўся дзеля
    мяне. Табе трэба толькі распаліць агонь у каміне, прынесці крыху вады і зварыць кавы з пакінутай гушчы. А вып’ю я яе ўжо сам.
    Малы незадаволена паглядзеў на падлогу, якая яшчэ зусім не была прыбраная.
    — Можа, ты сам зробіш каву, пакуль я дапрыбіраюся? — прапанаваў ён.
    Карлсан цяжка ўздыхнуў.