Карлсан прылятае зноў  Астрыд Ліндгрэн

Карлсан прылятае зноў

Астрыд Ліндгрэн

0+
Выдавец: Папуры
Памер: 192с.
Мінск 2019
44.51 МБ
Малы і Карлсан, які жыве на даху
Малы і Карлсан, які жыве на даху
Карлсан хітруе зноў
Карлсан хітруе зноў
Яны пасыпалі свае яблыкі цукрам і елі іх, уладкаваўшыся перад агнём, пакуль спускаліся поцемкі. 3 агнём утульна, лічыў Малы, бо надвор’е пачало рабіцца халаднейшым. Было заўважна, што прыйшла восень.
— Хутка мне давядзецца злятаць за горад прыдбаць болей дроў у якога-небудзь селяніна, — сказаў Карлсан. — Хаця гэтыя хітругі такія пільныя і каву бог ведае калі п’юць.
Ён засунуў у агонь парачку вялікіх бярозавых цурбакоў.
— Але я хачу, каб узімку ў мяне было цёпла і ўтульна, іначай я не гуляю, хай так і ведаюць гэтыя сяляне!
Калі агонь дагарэў, у дамку Карлсана стала цёмна. Ён запаліў газніцу, што вісела на столі над варштатам. Яна асвятляла пакой і ўсе штукі, якімі Карлсан заставіў варштат, цёплым прыемным ззяннем.
Малы спытаў, ці не ўзяць ім ды пагуляцца крыху з Карлсанавымі штукамі, і Карлсан быў толькі за.
— Галоўнае, спытай у мяне, калі хочаш нешта ўзяць. Часам я кажу «так», часам я кажу «не»... Часцей за ўсё я кажу «не», бо гэтыя штукі ўсё ж такі мае, і я хачу іх мець, іначай я не гуляю!
I калі Малы папытаўся даволі многа разоў, Карлсан дазволіў яму ўзяць стары паламаны будзільнік. Малы разабраў яго на дэталькі, а потым сабраў наноў.
Гэта было весела, лепшай гульні Малы і прыдумаць не мог.
Але потым Карлсан захацеў пасталярнічаць.
— Усё ж такі гэта самае вясёлае, столькі прыгожага можна зрабіць! — сказаў Карлсан. — Прынамсі, я магу.
Ён згроб усе штукі з варштата і выцягнуў з-пад канапы дошчачкі і цурбэлкі. Пасля Малы і Карлсан стругалі, грукалі малаткамі і забівалі цвікі — проста песня для іхніх вушэй!
Малы змацаваў дзве дошчачкі і зрабіў параход. Комін ён зрабіў з маленькага цурбэлка. Сапраўды, вельмі прыгожы параход атрымаўся.
Карлсан сказаў, што зробіць птушыны дамок і потым павесіць яго на рагу сваёй хаты, каб там змаглі жыць малыя птушачкі. Але ў яго атрымаўся не птушыны дамок, а нешта іншае, нельга было зразумець дакладна што.
— Што гэта такое? — спытаў Малы.
Карлсан нахіліў галаву і паглядзеў на зробленае ім.
— Гэта... такая штука, — сказаў ён. — Надзвычай прыгожая маленькая штука. Адгадай, хто найлепшы ў свеце стваральнік штук?
— Ты, Карлсан, — сказаў Малы.
Але надышоў вечар. Малому трэба было дадому, класціся спаць. Трэба было пакінуць Карлсана і ягоны маленькі пакойчык, дзе так утульна сярод усіх гэтых штуковін, варштата, куродымнай газніцы, дрывотні і каміна, у якім яшчэ дагарае і свеціцца жар ад агню.
Было цяжка адрывацца ад гэтага месца, але Малы ведаў, што зможа вярнуцца сюды яшчэ. О, які ён быў шчаслівы, што дамок Карлсана быў якраз на ягоным даху, а не на чыімсьці іншым!
Карлсан і Малы выйшлі на ганак.
П8
Над імі раскінулася зорнае неба. Малы ніколі не бачыў зоркі такімі вялікімі, такімі шматлікімі, такімі блізкімі. He, не блізкімі, вядома, яны ж былі за тысячы міль адсюль, ён гэта ведаў, але ўсё адно...
О, які зорны дах быў у Карлсана над дамком, блізкі і далёкі адначасова!
— Чаго ты вырачыўся? — сказаў Карлсан. — Я мерзну. Ляціш ты ці не?
— Лячу-лячу, — сказаў Малы.
А наступным днём... о, які гэта быў дзень! Спачатку вярнуліся Бусэ і Бэтан, потым тата, а самая апошняя і самая чаканая прыехала мама. Малы кінуўся да яе ў абдымкі і абхапіў яе. Ніколі больш ён не адпусціць яе ад сябе. Усе яны сталі вакол мамы: тата, Бусэ, Бэтан, Малы, фрэкен Бок і Бімба.
— У цябе ўжо скончылася ператамленне? — спытаў Малы. — Як яно так хутка прайшло?
— Яно прайшло, як толькі я атрымала твой ліст, — сказала мама. — Калі я даведалася, якія вы ўсе ізаляваныя і хворыя на «шкаралятыну», я адчула, што і сама сур’ёзна захварэю, калі не прыеду дадому.
Фрэкен Бок пахітала галавой.
— Ох, неразумна вы зрабілі, спадарыня Свантэсан, неразумна. Але я магу прыходзіць час ад часу і дапамагаць вам, калі спатрэбіцца. Але зараз, — сказала фрэкен Бок, — зараз я мушу бегчы, бо ўвечары буду на тэлебачанні.
Тўт мама, тата, Бусэ і Бэтан уразіліся.
— Праўда? — сказаў тата. — Мы паглядзім! Абавязкова!
Фрэкен Бок горда ўзняла голаў.
— Так, спадзяюся, паглядзіце. Спадзяюся, што ўвесь шведскі народ паглядзіць.
Потым яна заспяшалася.
— Мне ж трэба схадзіць зрабіць прычоску, прыняць ванну, прывесці да ладу твар, зрабіць манікюр, а яшчэ паспрабаваць новыя зручныя вусцілкі. Трэба выглядаць прыгожа, калі збіраешся на тэлебачанне.
Бэтан засмяялася.
— Вусцілкі... яны ж усё адно па тэлевізары не бачныя!
Фрэкен Бок паглядзела на яе няўхвальна.
— А я хіба гэта казала? Мне ўсё адно патрэбныя новыя... Дый больш упэўнена сябе адчуваеш, калі ведаеш, што ты дасканалы ва ўсім. Хаця, можа, звычайныя людзі гэтага не разумеюць. Але мы, што здымаемся на тэлебачанні, гэта ведаем.
Пасля яна хутка развіталася і пабегла.
— Страхмістрыня сышла, — сказаў Бусэ, калі дзверы за ёй зачыніліся.
Малы задумліва кіўнуў.
— Мне яна нават дужа спадабалася, — сказаў ён. — I вяршковы торт у яе атрымаўся смачны, вялікі і пышны, з кавалачкамі ананаса наверсе.
— Мы возьмем яго ўвечары да кавы і будзем частавацца ды глядзець фрэкен Бок па тэлевізары, — сказала мама.
Так і зрабілі. Калі чаканы час наблізіўся, Малы пазваніў Карлсану. Ён пацягнуў за шнурок за фіранкамі адзін раз — гэта значыла «Прылятай зараз жа!»
I Карлсан прыляцеў. Уся сям’я ўжо сядзела перад тэлевізарам, на століку стаялі паднос з кавай і вяршковы торт.
— Вось і мы з Карлсанам, — сказаў Малы, калі яны ўвайшлі ў гасцёўню.
— Вось і я, — сказаў Карлсан і плюхнуўся ў найлепшы фатэль. — Ага, нарэшце ў гэтым доме з’явілася крыху вяршковага торта — гэта своечасова. Можна мне адразу крыху... дакладней сказаць, як мага больш!
— Дзецям торт мы даём апошнім, — сказала мама. — Дарэчы, ты заняў маё месца. Вы з Малым можаце сесці на падлозе перад тэлевізарам, я падам вам торцік туды.
Карлсан павярнуўся да Малога.
— Ты чуў? Яна ўвесь час цябе так ганяе, небарача?
Потым ён задаволена пасміхнуўся.
— Добра, што і мяне ганяе таксама, бо я за справядлівасць, а іначай я не гуляю!
Карлсан і Малы селі на падлозе перад тэлевізарам і наядаліся тортам, пакуль чакалі на экране фрэкен Бок.
I праўда, гэта была яна! Разам са спадаром Пекам. Ён быў вядоўцам.
— Жывейшая за жывых Страхмістрыня, — сказаў Карлсан, — хой, хой, зараз пазабаўляемся!
Фрэкен Бок здрыганулася. Здавалася нават, быццам яна пачула Карлсана. Або ўсё ж нервавалася праз тое, што стаяла перад усім шведскім народам і мусіла паказваць, як робіцца «Духмельны ласунак Хільдур Бок»?
— Дык, значыцца, — сказаў спадар Пек, — як у вас з’явілася ідэя зрабіць гэты самы духмельны ласунак?
— Дык, значыцца., — сказала фрэкен Бок, — калі маеш сястру, якая ні каліва не цяміць у гатаванні...
Далей яна сказаць не паспела: Карлсан выцягнуў сваю пульхную ручку і выключыў тэлевізар.
— Страхмістрыня з’яўляецца і знікае, як я хачу! — сказаў ён.
Але тады мама сказала:
— Зараз жа ўключы назад і болып так не рабі, іначай вобмірг вылеціш адсюль!
Карлсан штурхнуў Малога ў бок і прашаптаў:
— У гэтым доме болын нічога нельга рабіць?
— Ціха, мы ж глядзім фрэкен Бок, — сказаў Малы.
— Як пасоліш, ды паперчыш, ды кары пасыплеш як след — вось тады будзе смачна! — сказала фрэкен Бок.
I яна шчодра саліла, перчыла і сыпала кары, а калі духмельны ласунак быў гатовы, гулліва паглядзела з тэлеэкрана і сказала:
— Можа, хочаце крыху пакаштаваць?
— Дзякуй, я — не, — сказаў Карлсан. — Але калі ты дасі мне імёны і адрасы, я магу прывесці табе парачку тых дзяцей — глытальнікаў агню.
Потым спадар Пек падзякаваў фрэкен Бок, што пагадзілася прыйсці і паказаць, як яна робіць свой духмельны ласунак, і на тым, відаць, час перадачы скончыўся. Але тады фрэкен Бок спытала:
— Дык, значыцца, можа, дазволіце перадаць прывітанне маёй сястры, што глядзіць нас дома на Фрэйгатан?
Спадар Пек сумеўся.
— Дык, значыцца... давайце, толькі хуценька.
Тады фрэкен Бок памахала з экрана і сказала:
— Вітанкі, Фрыда, як ты? Спадзяюся, не ляснулася з крэсла?
— Я таксама спадзяюся, — сказаў Карлсан. — Бо хопіць ужо землятрусаў у Паўночным Норландзе.
— Чаму ты так кажаш? — спытаў Малы. — Ты ж не ведаеш, ці такая ж Фрыда мажная, як фрэкен Бок.
— А вось і ведаю, — сказаў Карлсан. — Я калінікалі залётваў папрывіднічаць на Фрэйгатан.
Потым Карлсан і Малы зноў узяліся за торцік і глядзелі па тэлевізары жанглёра, які ўмее падкідваць у паветра пяць талерак так, каб ніводная пры гэтым не ўпала. Малому жанглёр насамрэч здаваўся нуднаватым, але Карлсан глядзеў на яго з такім ззяннем у вачах, што Малы быў праз гэта шчаслівы. Усё цяпер было так весела і цудоўна, калі ўсе-ўсе сабраліся тут: мама, тата, Бусэ, Бэтан, Бімба... і яшчэ Карлсан.
Калі торт скончыўся, Карлсан узяў з-пад яго прыгожы спод. Ён старанна яго аблізаў. Потым падкінуў у паветра — так, як жанглёр рабіў з талеркамі.
— Гэта ж трэба, — сказаў ён, — а той дзядзечка са скрыні не такі ўжо дурны. Але адгадайце, хто найлепшы ў свеце падкідвальнік талерак?
Ён падкінуў спод ад торта так высока, што той падляцеў пад самую столь, і Малы занерваваўся.
— He, Карлсан... перастань!
Мама і іншыя ў гэты час глядзелі па тэлевізары танцора і не заўважылі, што вычварае Карлсан. I тое, што Малы сказаў «перастань», не дапамагло. Карлсан працягваў бесклапотна падкідваць спод.
— Прыгожы ў вас, дарэчы, сподак для торціка, — сказаў Карлсан і шпурнуў яго пад столь. — Быў
прыгожы, — дадаў ён і нахіліўся сабраць аскепкі. — Ну хай сабе, гэта з’ява банальная...
Але мама пачула звон, калі спод разбіўся. Яна дала Карлсану саліднага штурхаля ў спіну і сказала:
— Гэта быў мой самы прыгожы спод для торта, і ніякая гэта не банальная з’ява!
Малому не спадабалася, што з найлепшым падкідвальнікам талерак так абыходзяцца, але ён таксама разумеў, што маме шкада свайго спода, і ён паспяшаўся суцешыць яе.
— Я вазьму грошы са сваёй скарбонкі і набуду табе новы спод.
Але тут Карлсан важна засунуў руку ў кішэню, выцягнуў адтуль пяцёрку эрэ і аддаў маме.
— Я плачу сам за тое, што разбіваю. Вось, калі ласка! Купі сабе спод, а рэшту пакінь сабе.
— Дзякуй, мілы Карлсан, — сказала мама.
Карлсан задаволена кіўнуў.
— А можаш купіць на іх некалькі танных вазачак, каб кідацца імі ў мяне, калі я раптам апынуся тут, а ты раптам будзеш не ў гуморы.
Малы падласціўся да мамы: