Карлсан прылятае зноў
Астрыд Ліндгрэн
0+
Выдавец: Папуры
Памер: 192с.
Мінск 2019
Бок паехала дадому на вуліцу Фрэйгатан наведаць Фрыду і распытаць, ці не бачыла яна якіх прывідаў апошнім часам.
— Я хутка вярнуся, — сказала яна Малому, калі сыходзіла. — Калі раптам з’явяцца прывіды, папрасі іх мяне пачакаць, ха-ха-ха!
Фрэкен Бок рэдка калі жартавала, а ўжо не смяялася амаль ніколі. Калі ж часам яна гэта рабіла, хацелася сказаць ёй дзякуй, што здаралася тое нячаста. Але якраз цяпер яна была вельмі ўзрушаная.
Малы чуў яе смех у пад’ездзе. Гэты смех адбіваўся рэхам ад сцен.
Адразу пасля праз акно заляцеў Карлсан.
— Здароўценькі, Малы, чым зоймемся? — спытаў ён. — У цябе ёсць паравая машына, каб яе бабахнуць? Або страхмістрыня, якой можна панадзаляць? Хоць што-небудзь, абы пазабаўляцца, бо іначай я не гуляю!
— Можам паглядзець тэлевізар, — прапанаваў Малы.
I трэба ж таму стацца, што Карлсан нічагусенькі не ведаў пра тэлевізар! Ён ніколі ў жыцці яго не глядзеў. Малы правёў Карлсана ў гасцёўню і горда паказаў на новенькі прыгожы 23-дзюймовік.
— Глядзі!
— Што гэта за скрыня? — спытаў Карлсан.
— Гэта не скрыня, гэта тэлевізар, — патлумачыў Малы.
— А што кладуць у такія скрыні? — спытаў Карлсан. — Булачкі?
Малы засмяяўся.
— Ну-ну, булачкі, анягож! Зараз пабачыш, што гэта.
Ён уключыў тэлевізар, і на экране адразу з’явіўся дзядзечка, які расказваў, якое надвор’е чакаецца ў Паўночным Норландзе.
Вочы Карлсана зрабіліся круглыя ад здзіўлення.
— Як вы засунулі яго ў скрыню?
Малы засмяяўся.
— А ты як мяркуеш? Ён запоўз туды, як быў маленькім, гэта ж відавочна!
— Навошта ён вам? — захацеў даведацца Карлсан.
— Ты хіба не зразумеў, што я пажартаваў? — сказаў Малы. — Вядома, ён не запоўз туды, калі быў маленькім, і нам ён нінавошта. Ён проста там ёсць, разумееш? I ён расказвае, якое будзе заўтра надвор’е. Таму што ён такі прагнозны дзядзечка, ясна?
Карлсан захіхікаў.
— Вы ўзялі і ўсунулі спецыяльнага дзядзьку ў скрыню, толькі каб ён расказваў вам, якое заўтра будзе надвор’е... ну вы далі! Лепей спыталіся б у мяне: будзе навальніца з дажджом і градам, будзе шторм і землятрус — цяпер ты задаволены?
— Уздоўж узбярэжжа Норланда заўтра ўвесь дзень шторм і дажджы, — сказаў прагнозны дзядзька з экрана.
Карлсан засмяяўся ў захапленні.
— Ну, што я казаў? Шторм і дождж!
Ён падышоў да самага экрана і прыціснуўся носам да носа прагнознага дзядзькі.
— А яшчэ землятрус — не забудзься на яго! Бедныя норландцы, ну ў іх і надвор’е! Але хай радуюцца, што хоць нейкае надвор’е маюць. Уяві, калі б яны там сядзелі зусім без ніякага.
Карлсан зычліва пагладзіў дзядзечку на экране.
— Які міленькі дзядзечка, — сказаў ён. — Меншы за мяне. Гэта мне падабаецца.
Потым ён апусціўся на карачкі і зірнуў на тэлевізар спаднізу.
— А праз што ён усё ж туды забраўся?
Малы паспрабаваў патлумачыць, што дзядзечка — проста карцінка, але гэта ледзьве не раззлавала Карлсана.
— Пыл у вочы можаш пускаць каму іншаму, ёлупень ты! Ён жа, відаць, варушыцца. I пра надвор’е ў Паўночным Норландзе хіба нежывы чалавек раскажа, га?
Малы няшмат ведаў пра тэлебачанне, але пастараўся растлумачыць Карлсану як мог. А заадно ён хацеў папярэдзіць Карлсана, каб быў асцярожны.
— Уяўляеш, фрэкен Бок хоча трапіць у тэлевізар, — пачаў ён, але Карлсан адразу зарагатаў.
— Страхмістрыня ў такой маленькай скрынцы! Гэткая глыба — ёй жа давядзецца скласціся ў чатыры разы!
Малы ўздыхнуў. Было бачна, што Карлсан нічога не зразумеў. Давялося тлумачыць яму спачатку. Здавалася, гэта безнадзейна, але ўрэшце яму ўдалося давесці да Карлсана, якім дзівосным чынам працуе гэтая штуковіна.
— Фрэкен Бок не трэба самой лезці ў тэлевізар, яна зможа спакойненька сядзець сабе за некалькі міль адсюль, і ўсё адно будзе бачная на экране жывейшая за жывых, — запэўніў Малы.
— Жывейшая за жывых Страхмістрыня... як вусцішна! — сказаў Карлсан. — Выкінь лепей гэтую скрынку або вымяняй на такую ж, поўную булачак, — так хоць заробіш.
У гэты момант на экране з’явілася прыгожая тэледамачка. Яна ўсміхалася так зычліва, што Карлсан не мог адарваць вачэй.
— Хаця, скажу я табе, — вымавіў ён, — у такім разе гэта мусяць быць вельмі смачныя булачкі. Бо, як я бачу, у гэтай скрыні хаваецца больш, чым здаецца спачатку.
Тэледама працягвала ўсміхацца Карлсану, і Карлсан усміхаўся ў адказ. Ён тузануў Малога за бок.
— Глянь на гэтую лусарачку! Я ёй падабаюся... анягож — яна ж бачыць, што я прыгожы, спрэс разумны і ўзорна тоўсты мужчына ў сваім найлепшым веку.
Раптам тэледамачка знікла. Замест яе з’явіліся два сур’ёзныя брыдкія дзядзькі, якія ўсё балбаталі ды балбаталі. Карлсану гэта не спадабалася. Ён пачаў шчоўкаць усімі пераключальнікамі і кнопкамі, што былі на тэлевізары.
— He, не рабі так, — папрасіў Малы.
— Буду — я хачу адкруціць назад гэтую лусарачку, — сказаў Карлсан.
Ён заўзята круціў пераключальнікі, але тэледамачка больш не з’яўлялася.
Адзінае, што адбылося, — брыдкія дзядзькі пабрыдчэлі яшчэ больш. У іх зрабіліся кароткія-кароткія ножкі і вельмі высокія лабешнікі.
Гэта развесяліла Карлсана. Потым ён яшчэ доўга забаўляўся тым, што выключаў і ўключаў тэлевізар.
— Дзядзькі з’яўляюцца і знікаюць, як я хачу! — сказаў ён задаволена.
Як толькі Карлсан даваў ім шанц, два спадары балбаталі і балбаталі.
— Я асабіста лічу вось так, — сказаў адзін.
— Мяне гэта не хвалюе, — сказаў Карлсан. — Ідзі ў люлю.
Ён са шчаўчком выключыў тэлевізар і весела засмяяўся.
— Вось ужо і раззлаваўся, пэўна, той дзядзечка, што я не даў яму расказаць, як «вось так» ён там асабіста лічыць!
Але Карлсан ужо стаміўся ад тэлевізара, яму хацелася іншай забавы.
— Дзе Страхмістрыня? Вядзі яе сюды, я яе прафігурую.
— Прафігуруеш? Гэта як? — з трывогай спытаў Малы.
— Існуюць, — сказаў Карлсан, — тры спосабы ўтаймавання страхмістрыняў. Ім можна надзаляць, з іх можна хітраваць і іх можна фігураваць. Ну, насамрэч гэта ўсё адно і тое ж, але калі фігуруеш, то гэта болып нагадвае ручны бой.
Малы затрывожыўся яшчэ больш. А раптам Карлсан кінецца ў ручны бой з фрэкен Бок і тады яна яго ўбачыць? Гэтага нельга дазволіць! Малы мусіў прыглядаць за ім, пакуль мама і тата ў ад’ездзе, як бы цяжка гэта ні было. Ён мусіў неяк паспрабаваць напалохаць Карлсана, каб той сам вырашыў не трапляць фрэкен Бок на вочы. Малы паразважаў, а потым хітра сказаў:
— Карлсан, а ты не хацеў бы трапіць на тэлебачанне?
Карлсан горача затрос галавой.
— У тую скрыню? Я? Hi ў якім разе, пакуль я здаровы і здольны сябе абараніць.
Але потым ён крыху прызадумаўся.
— Хаця, вядома... калі тая лусарачка будзе там разам са мной...
Малы адразу адрэзаў, што хай такога Карлсан нават сабе не ўяўляе. О не, калі Карлсан трапіць на тэлебачанне, то толькі разам са Страхмістрыняй.
Карлсан здрыгануўся.
— Страхмістрыня і я ў адной скрыні... хой-хой, калі ў Паўночным Норландзе яшчэ не было землятрусу, то тады ўжо дакладна будзе, так і запішы! Як ты толькі прыдумаў такое глупства?
Тады Малы расказаў усё пра перадачу з прывідамі, на якую хацела трапіць фрэкен Бок, каб Фрыда ляснулася з крэсла.
— А што, Страхмістрыня бачыла нейкага прывіда? — зацікавіўся Карлсан.
— He, не бачыла, — сказаў Малы. — Але чула аднаго, што мукаў за акном. Яна думае, што ты прывід.
I Малы растлумачыў як след усю сувязь паміж Фрыдай, Страхмістрыняй, Карлсанам і тэлебачаннем — але калі ён думаў, што гэта спалохае
Карлсана, то памыляўся. Карлсан ляпнуў сябе па каленках і заенчыў у задавальненні, а наенчыўшыся як след, штурхануў Малога ў спіну.
— Беражыце Страхмістрыню! Яна найлепшая мэбля ў гэтым доме. Заклінаю, беражыце Страхмістрыню! Бо зараз пачнецца самае вясёлае.
— Што пачнецца? — занепакоена пацікавіўся Малы.
— Хой! — крыкнуў Карлсан. — He адна толькі Фрыда ляснецца з крэсла, не — трымайцеся ўжо, усе страхмістрыні і тэледзядзечкі, хутка вы пабачыце, хто набліжаецца поўным ходам!
Малы занепакоіўся яшчэ больш.
— А хто набліжаецца поўным ходам?
— Прывідульчык з Васастана! — крыкнуў Карлсан. — Хой, хой!
Тады Малы здаўся. Ён папярэдзіў Карлсана, паспрабаваў зрабіць так, як хацелі тата і мама. Але цяпер усё будзе, як хоча Карлсан. Бо так бывала заўсёды. Хай Карлсан надзаляе, хітруе і фігуруе колькі хоча, Малы болыл не збіраецца яму замінаць. I ўжо вырашыўшы гэта для сябе, ён адчуў, што яно і праўда можа быць весела. Ён згадаў, як аднойчы Карлсан ужо быў прывідам і напалохаў зладзеяў, якія хацелі скрасці маміны грошы на гаспадарку
і іхняе сталовае срэбра. Карлсан таксама гэтага не забыў.
— Памятаеш, як было класна? — сказаў ён. — Дарэчы... дзе мой касцюм прывіда, які ў мяне тады быў?
Малы мусіў прызнацца, што мама яго забрала.
Яна вельмі раззлавалася тым разам за прасціну, якую сапсаваў Карлсан. Але потым яна паставіла латкі на дзіркі, і касцюм прывіда зноў ператварыўся ў прасціну.
Пачуўшы гэта, Карлсан фыркнуў.
— От ужо ўсюды трэба сунуць свае ручанькі! Ніколі ў гэтым доме не бывае, каб нечага проста не чапалі.
Ён сеў на крэсла і надзьмуўся.
— Калі ўсё вось так, то я не гуляю. Заводзьце сабе прывіда самі як хочаце.
Але потым ён падбег да шафы з бялізнай і адчыніў яе.
— На шчасце, тут ёсць яшчэ прасціны.
Карлсан выцягнуў адну з найпрыгажэйшых маміных прасцін, але Малы рвануўся да яго.
— О не, толькі не гэтую! Кінь... тут ёсць старая непатрэбная прасціна, яна сыдзе.
Карлсан паглядзеў незадаволена.
— Старая непатрэбная прасціна! Я думаў, што Прывідульчык з Васастана варты якой-ніякой сімпатычнай святочнай вопраткі. Але хай сабе... што чакаць ад гэтага дома? Давай сюды тую анучу!
I Малы адкапаў і аддаў Карлсану пару падраных прасцін.
— Калі ты іх сшыеш разам, то хопіць на касцюм прывіда, — сказаў ён.
Карлсан стаяў хмурны, трымаючы ў руках прасціны.
— Калі я сшыю іх разам! Ты хацеў сказаць, калі ты сшыеш іх разам. Паляцім да мяне, каб Страхмістрыня не ўварвалася пасярод шыцця.
Наступную гадзіну Малы шыў наверсе ў Карлсана касцюм прывіда. У школе на ўроках працы ён навучыўся шыўкам наперад, назад і крыжыкам, але сшываць дзве драныя прасціны, каб атрымаўся касцюм прывіда, яго ніхто не вучыў. Яму давялося прыдумляць самому, як гэта зрабіць. Ён зрабіў слабую спробу папрасіць дапамогі ў Карлсана.
— Ты б мог хаця б завязваць мне вузельчык на нітцы, — сказаў Малы.