Піпі Доўгая Панчоха
Астрыд Ліндгрэн
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Папуры
Памер: 172с.
Мінск 2020
— Калі ўжо зайшла гаворка пра змей, — сказала Піпі, — я тут прыгадала, як змагалася са здаравеннай змяёй у Індыі. Гэта была кашмарная змяя, вы не паверыце, чатырнаццаць метраў у даўжыню, лютая, як воўк, штодня яна зжырала па пяць даросдых індыйцаў і двое немаўдят на дэсерт, 1 аднойчы захацела з’есці на дэсерт мяне, яна абвілася вакол мяне — ж-жух! — але: «Плавалі — знаем», — сказала я і ўдарыла яе па галаве — бах! — і тады яна засычэла — с-с-с! — і тады я ўдарыла яе яшчэ раз — бах! — і — брымц! — яна сканала. Дык то літара «зэ»? Што ж, усім літарам літара, пакідае моцнае ўражанне!
Піпі давялося перавесці дух. А настаўніца, якая ўжо пачала думаць, што Піпі — складанае дзіця і хуліганка, прапанавала класу памаляваць. Нарэшце
Піпі супакоіцца і будзе спакойна маляваць, спадзявалася настаўніца. Яна дастала паперу і алоўкі і раздала дзецям.
— Можаце маляваць што хочаце, — сказала яна, а сама села за настаўніцкі стол правяраць сшыткі.
Праз некаторы час яна падняла вочы, каб паглядзець, як там маляванне. Выявілася, што ўсе дзеці толькі глядзелі на Піпі, якая ляжала на падлозе і з вялікім імпэтам нешта на ёй крэсліла.
— Так, Піпі, — раздражнёна сказала настаўніца, — чаму ты не малюеш на паперы?
— Я даўно яе змалявала, але мой конь усё адно не ўлазіць на гэтую няшчасную паперку, — сказала Піпі. — Зараз я малюю пярэднюю нагу, аде калі дайду да хваста, напэўна, мне давядзецца выйсці ў калідор.
Настаўніца крыху падумала.
— Што, калі нам замест гэтага заняцца спевамі? Давайце заспяваем песеньку, — прапанавала яна.
Усе дзеці ўсталі за партамі, апроч Піпі, якая засталася ляжаць на падлозе.
— Вы паспявайце, а я троху адляжуся, — сказала яна. — Столькі вучыцца — то ніякага здароўя не хопіць.
Але цяпер у настаўніцы зусім скончылася цярпенне. Яна сказала, каб усе дзеці выйшлі на шкодьны двор, бо ёй трэба сур’ёзна пагаварыць з Піпі.
Калі настаўніца і Піпі засталіся сам-насам, Піпі ўстала і падышла да настаўніцкага стала.
— Ведаеш, што, — сказала яна, — я маю на ўвазе, ведаеш, што, фрэкен? Было жахліва весела прыйсці сюды і паглядзець, як вы тут маецеся. Але думаю, што наўрад ці мне захочацца яшчэ хадзіць у школу. Хай будзе як будзе з каляднымі канікуламі. Неяк тут зашмат і яблыкаў, і вожыкаў, і змей, і ўсякага такога. Мне ўжо галава кружыцца. Я спадзяюся, што ты, фрэкен, не сярдуеш.
На гэта настаўніца сказала, што, безумоўна, ёй шкада, і найперш таму, што Піпі не захацела паспрабаваць паводзіцца належным чынам, бо ніякая дзяўчынка, якая паводзілася б, як Піпі, не змагла б хадзіць у школу, нават калі б хацела больш за ўсіх на свеце.
— Хіба я дрэнна паводзідася? — вельмі здзіўлена спытала Піпі. — Але я і сама гэтага не ведала, — сказала яна, выглядаючы пры гэтым вельмі засмучанай.
Немагчыма было выглядаць больш засмучанай, чым Піпі, калі тая засмучалася. Яна крыху пастаяла моўчкі, а потым сказала дрыготкім голасам:
— Разумееш, фрэкен, калі ў кагосьці мама — анёл, а тата — ціхаакіянскі кароль, а сама яна ўсё сваё жыццё плавала па морах і акіянах, цяжка ведаць, як правільна паводзіцца ў школе сярод усіх гэтых яблыкаў і вожыкаў.
Настаўніца сказала, што разумее гэта, і што яна больш не сярдуе на Піпі, і што Піпі, магчыма, магла б зноў прыйсці ў школу, калі зробіцца крыху старэйшай. I Піпі адразу заззяла ад радасці.
— Я думаю, што ты вельмі добрая, фрэкен. I гэта вось для цябе, фрэкен!
Піпі дастала з кішэні і паклала на стол цудоўны залаты гадзіннічак. Настаўніца запярэчыла, што не можа прыняць такую каштоўную рэч ад Піпі, але тады Піпі сказала:
— Лепш вазьмі! А інакш я прыйду сюды заўтра зноў, і гэта будзе відовішча не для слабых духам.
Потым Піпі выбегла на школьны двор і ўскочыла на каня. Усе дзеці сабраліся вакол яе, каб пагладзіць каня і паглядзець на яе адпраўленне.
— Добра, што я знаёмая са школамі ў Аргенціне, — сказала Піпі, паблажліва паглядаючы на дзяцей зверху ўніз. — Вам бы там павучыцца.
Велікодныя канікулы там пачынаюцца праз тры дні пасля калядных, а калі заканчваюцца велікодныя, то да пачатку летніх застаецца тры дні. Летнія канікулы заканчваюцца першага лістапада, і тады, зразумела, трэба папацець, пакуль не пачнуцца калядныя канікулы адзінаццатага лістапада. Але трываць магчыма, бо прынамсі няма ніякіх хатніх заданняў. У Аргенціне строга забаронена рабіць хатнія заданні. Здараецца часам, што якое-небудзь аргенцінскае дзіця, схаваўшыся ў шафе, цішком робіць там хатняе заданне, але бяда, калі пра гэта даведаецца мама. Ніякай матэматыкай у школе не займаюцца: калі ўжо якое дзіця раптам ведае, колькі будзе сем плюс пяць, то яму давядзецца стаяць у кутку ганьбы цэлы дзень, калі па дурасці небарака раскажа пра гэта настаўніцы. Чытанне ў іх толькі па пятніцах, і тое толькі ў тым выпадку, калі ёсць якія-небудзь кніжкі для чытання. Але іх ніколі няма.
— Чым жа дзеці займаюцца ў школе? — пацікавіўся адзін хлопчык.
— Ядуць цукеркі, — упэўнена сказала Піпі. — 3 найбліжэйшай цукерачнай фабрыкі пракладзена
доўгая труба проста ў школьны клас, па ёй цалюткімі днямі бяжыць струмень цукерак, так што дзеці па горла занятыя іх паяданнем.
— А што робіць настаўніца? — пацікавілася дзяўчынка.
— Што за някемлівасць? Яна здымае для дзяцей абгорткі з цукерак, — сказала Піпі. — Ты ж не думаеш, што яны самі бяруць на сябе гэты клопат? Рэдка! Самі яны нават у школу не ходзяць, а пасылаюць братоў ці сясцёр.
Піпі ўзмахнула сваім вялізным капелюшом.
— Шчасліва, дзеткі, — весела крыкнула яна. — Яшчэ не хутка ўбачымся. Але заўжды памятайце, колькі яблыкаў было ў Акселя, а інакш вам капцы. Ха-ха-ха!
Са звонкім смехам Піпі паскакала праз браму так, што жвір паляцеў з-пад капытоў каня і задрыжалі шыбы ў школьных вокнах.
ПІПІ СЯДЗІЦЬ НА БРАМЦЫ I ЛАЗІЦЬ ПА ДРЭВАХ
Перад вілай «Напракудзілай» сядзелі Піпі, Томі і Аніка. Піпі сядзела на адным слупе брамкі, Аніка на другім, а Томі сядзеў на самой брамцы. Стаяў цёплы цудоўны дзянёк напрыканцы жніўня. Грушавае дрэва, якое расло проста ля брамкі, так нізка апусціла свае галіны, што дзеці маглі без аніякага клопату зрываць салодкія жоўта-чырвоныя грушкі. Дзеці ласаваліся і выплёўвалі агрызкі на дарогу.
Віла «Напракудзіла» знаходзілася акурат там, дзе гарадок заканчваўся, пачыналася сельская мясцовасць і вуліца пераходзіла ў вясковую дарогу. Гараджане любілі прагульвацца ў бок вілы «Напракудзілы», бо там пачыналіся самыя прыгожыя мясціны.
Акурат калі дзеці сядзелі там і елі грушы, па дарозе з горада прыйшла дзяўчынка. Убачыўшы дзяцей, яна спынілася і спытала:
— Ці не праходзіў міма вас мой тата?
— Хм, — сказала Піпі, — як ён выглядаў? Такі з блакітнымі вачыма?
— Ага, — сказала дзяўчынка.
— Такі сярэдняга росту, не завысокі і не занізкі?
— Ага, — сказала дзяўчынка.
— Такі ў чорным капелюшы і ў чорных чаравіках?
— Менавіта, — нецярпліва сказала дзяўчынка.
— Не-а, такога мы не бачылі, — упэўнена сказала Піпі.
Дзяўчынка збянтэжана пайшда далей, не сказаўшы ні слова.
— Пастой! — крыкнула Піпі ёй у след. — Ці ёсць у яго лысіна?
— Дакладна няма, — злосна адказала дзяўчынка.
— Пашанцавала яму, — сказала Піпі і выплюнула агрызак.
Дзяўчынка хутка пайшла прэч, але Піпі зноў крыкнула:
— У яго яшчэ такія незвычайна вялікія вушы вісяць да плячэй?
— He, — сказала дзяўчынка, абярнуўшыся з агаломшаным выглядам. — Няўжо ты маеш на
ўвазе, што міма сапраўды праходзіў дзядзька з такімі вялікімі вушамі?
— Ніколі не бачыла нікога, хто праходзіў бы вушамі, — сказала Піпі. — Усе, з кім я знаёмая, ходзяць нагамі.
— Фу, якая ты няўважлівая дурніца! Я маю на ўвазе, ці сапраўды ты бачыла дзядзьку, які меў бы такія вялікія вушы?
— Не-а, — сказала Піпі. — Людзей з настолькі вялікімі вушамі не існуе. Бо тады вушы занадта кідаліся б у вочы. Ну як бы гэта выглядала? Гэта немагчыма. Прынамсі не ў гэтай краіне, — крыху падумаўшы, дадала яна. — У Кітаі ўсё крыху інакш. Аднойчы ў Шанхаі я бачыла дзядзьку з такімі вялікімі вушамі, што яны былі яму за плашч. Калі ішоў дождж, ён проста залазіў пад свае вушы, і яму было там цёпла і ўтульна, хоць вушы пачуваліся так сабе. У асабдіва гадкае надвор’е пад сваімі вушамі ён ладзіў прытулак для сяброў і знаёмых. Схаваўшыся там, яны заводзілі тужлівыя песні, пакуль знадворку бушавала непагадзь. Вельмі ўжо яго любілі за ягоныя вушы. Хай Шан яго звалі. Бачылі б вы, як Хай Шан раніцай імчаўся
на працу! Ён заўсёды прыходзіў у апошнюю хвіліну, таму што надта любіў паспаць зранку падолей, і вы проста не ўяўляеце, наколькі міла выглядала, калі ён імчаўся, а за ім, як два вялікія жоўтыя ветразі, развяваліся вушы.
Дзяўчынка спынілася і толькі слухала Піпі, разявіўшы рот. Томі і Аніка ўжо больш не маглі есці грушкі. Яны таксама слухалі на ўсе вушы.
— Дзяцей у яго было болей, чым ён мог злічыць, і меншага звалі Петэрам, — працягнула свой расказ Піпі.
— Але немагчыма, каб кітайскага хлопчыка звалі Петэрам, — запярэчыў Томі.
— Менавіта так яму казала і ягоная жонка, маўляў, немагчыма, каб кітайскага хлопчыка звалі Петэрам. Але Хай Шан быў неверагодна ўпарты і сказаў, што альбо дзіця будуць зваць Петэрам, альбо зусім ніяк. Ен насупіўся, зашыўся ў кут і накрыўся з галавой вушамі. Яго беднай жонцы не заставалася нічога іншага, як саступіць, і дзіця атрымала імя Петэр.
— Хм, — сказала Аніка.
— Гэта было самае нязноснае дзіця ва ўсім Шанхаі, — працягнула Піпі, — такое ўжо перабор-
лівае ў ядзе, чыста мамчына ліха. Вы ж ведаеце, што ў Кітаі ядуць ластаўчыны гнёзды? Дык вось, неяк ягоная маці сядзела з поўнай талеркай ластаўчыных гнёздаў і спрабавала накарміць яго. «Петрык, — казала яна, — з’еш адно ластаўчына гняздзечка за тату!» Але Петэр толькі сціскаў зубы і матаў галавой. Нарэшце Хай Шан так раззлаваўся, што паабяцаў: пакуль Петэр не з’есць гняздзечка за тату, ніякай новай ежы ён не атрымае. А ўжо калі Хай Шан нешта казаў, то так яно і рабілася. Адно і тое ж дастаўчына гняздо то прыносіді з кухні, то заносілі назад з траўня па кастрычнік. Чатырнаццатага ліпеня Петэрава мама пачала ўмольваць даць Петэру пару фрыкадэлек, але Хай Шан сказаў: «Не».
— Лухта, — абурылася дзяўчынка на дарозе.
— Менавіта гэтак сказаў і Хай Шан, — працягнуда Піпі. — «Лухта, дзіця напэўна можа з’есці гняздо, калі толькі перастане ўпарціцца», — сказаў ён. Але Петэр не расціскаў зубоў з траўня па кастрычнік.