Прастрэлены талер. Кніга 2
Аркадзь Ліцьвін
Выдавец: ЮрСаПрынт
Памер: 299с.
Гародня 2018
Цярпець давялося доўга. Знясіленне, здранцвенне сцягнутага вяроўкамі цела прывялі ўрэшце да збаўчай страты прытомнасці, ці нейкага цяжкага забыцця.
Падарожжа з каралевай
Ад моманту вяртання каралевы з Бялянаўу Варшаву Сапегі з Любамірскімі згодным высілкам стараліся выперці Міласцівую пані яшчэ куды далей. Замінала яе прысутнасць і Мэльхіёру Паліньяку, бо магла зашкодзіць абранню князя Канці.
На думку прыхільнікаў Францыі паводзіны каралевы само імя французскае зрабілі для палякаў ненавісным, а Паліньяк папракаў, што яна паспрыяла аўстрыйскаму боку больш, чым якая немка. Даведаўшыся пра гэта каралева звярнулася са скаргай да Людовіка XIV, але той стаў на бок пасла. Сама ж каралева штодзень мяняла думку, за каго змагацца, канчаткова руйнуючы надзеі на падтрымку нават прыязных ёй людзей, і нарэшце вырашыла ізноў пакінуць Варшаву. Але ўсё не магла выбрацца. Па сталіцы раздавалі газэткі, дзе тлумачылі што “ад’езд Яемосьці каралевы нагадвае камень млына, які няспынна круціцца, але стаіць на месцы.”
10 красавіка 1697 года, пасля Вялікадня, каралева-ўдава паддалася на ўгаворы прымаса і выправілася ў Гданьск. Частка яе двара ад’ехала ў карэтах, услед рушыў значны абоз, а сама МарыяКазімера разам з некалькімі фрэйлінамі, дваранамі і слугамі скарыстала зручнейшы спосаб падарожжа, Віслаю.
Падарожжа ракою пазбаўляла турбот з начлегам, абмяжоўвала клапатлівыя сустрэчы з падданымі розных станаў, дазваляла стварыць неблагія ў такіх абставінах умовы бытавання.
Карабель быў пабудаваны па ўзору вісленскіх, але большых памераў і ладнейшых прапорцый. Там, дзе звычайныя шкуты мелі засекі для грузаў, каралеўскае судна было абсталявана каютамі, памяшканнямі для кухараў і прыпасаў. Невялічкі салонік даваў утульнае ўкрыццё падчас дажджу і холаду для ўсяго таварыства. Маленечкі плывучы палацык.
He толькі дамы фраўцымеру, але і сама каралева шукала ў плаванні прыемную змену штодзённасці, адпачынак ад варшаўскага палацавага тлуму. Таму шкіпер каралеўскай яхты не спяшаўся, яе гнаў з поўнай плынню. Яго задача правесці карабель бяспечна, без прыкрых здарэнняў і нечаканасцей.
Але нечаканасць таму так і завецца, што яе нельга прадбачыць. Як толькі апошнія будынкі сталіцы схаваліся за мысам левага берага, з носу закрычалі, што наперадзе нейкі човен. Зірнуўшы ў тым напрамку, шкіпер зразумеў, што з дарогі човен не сыйдзе: вёслы плёхаліся ў вадзе без усялякага ўжытку, а вясляр, звесіўшы галаву, сядзеў не на адпаведным месцы і ў непрывычны для весляра спосаб. Наблізіўшыся з падабраным да райны ветразем, каб сцішыць бег, разгледзелі, што чалавек звязаны па руках і нагах і ў дадатак прывязаны да лаўкі. Міма такога праплысці было б не па-людску.
Спраўна падвярнулі да чаўна і двое хлапцоў падчапілі яго баграмі. Трэці скочыў у човен і, прыбраўшы вёслы, зачаліўся да борта шкуты. Цяпер можна было заняцца пацярпелым. Небарака дыхаў, але быў непрытомны. Хто не сядзеў у каютах, з цікавасцю прыглядаўся ратаванню невядомага. Маршалак двара згледзеў французскі строй і занепакоіўся.
Асцярожна! Асцярожненька, хлапакі! Можа гэта які замежнік. Наша Міласцівая пані тэж з Францыі, напомніў ён, акінуўшы вокам цікаўных. Прасачыце, пане шыпэр!
Сам заспяшаўся далажыць каралеве пра незвычайную знаходку і затрымку з гэтай прычыны.
Так пан Антон Чыж, просты ліцьвінскі шляхціц, апынуўся між фрэйлінамі і дваранамі Яе Вялікасці каралевы-ўдавы. Вызвалены ад путаў і перанесены ў каюту, ён быў старанна агледжаны лекарам самой Марыі-Казімеры, затым паддаўся адпаведным старанням служак і нарэшце адагрэты, адпоены і пакормлены здолеў сказаць, хто ён і што з ім здарылася. Неўзабаве і Міласцівай пані было даложана, што панЧыж-Вішнявецкі з Вішняўца, каторыў Вялікім Княстве, быў абрабаваны і пакінуты на волю лёсу людзьмі, з якімі дамовіўся плыць да Гданьска, дзе меў сустрэць свайго дзядзьку, які вяртаецца з Галандыі. Шчаслівы выпадак, за які век будзе дзякаваць Богу, уратаваў яму жыццё і ўзнагародзіў шчасцем пабыць на караблі Міласцівай пані.
Міласцівая пані паспачувала гаротнаму і, як паведамілі, цалкам прыстойнаму, хоць і знясіленаму пакутамі шляхціцу і дазволіла з ласкі сваёй застацца на караблі да самага Гданьска. Ці трэба расказваць, як гэтая навіна ўзрадавала пана Чыжа і дадала яму бадзёрасці? Знікнуць з Варшавы на нейкі час так ці гэтак ён мусіў. Дык што можа быць лепш, чым зрабіць гэта на шкуце самой каралевы ў напрамку багатага Гданьска, дзе столькі мажлівасцяў для спрытных рук! Натуральна, пан Антон не меў на думцы шматлікія рамёствы: яны не для шляхціца.
Ужо праз дзень-другі, адноўлены ў гуморах пан Антон уліўся ў бесклапотны вір фраўцымеру. Спевы па-французску, з тых дасціпнейшых і вальнейшых, крыху па-нямецку і нават па-
ліцьвінску, неадменныя фокусы з картамі, жарты і гарэзлівыя гісторыйкі з местачковага жыцця лёгкаўвялі “вясёлага ліцьвінчыка” ў вышуканае таварыства, стомленае сваёй замкнутасцю і аднастайнасцю. Яго аднолькава прыязна сустрэла як жаночая так і мужчынская палова насельнікаў плывучага палаца. Як часовы ён нікому не перабягаў дарогі, ні ад каго не забіраў каралеўскай прыхільнасці.
Калі трэба, пан Антон быў здольны ўстрымацца і ад віна, і ад азарту дзеля здабыцця нечага на той момант істотнейшага: грошай, альбо карыснай прыхільнасці. У такіх абставінах яго выгляд незаўважна падпадаў ледзь не раптоўнай змене: пан Бурскі напэўна не пазнаў бы ў стрыманым гжэчным кавалеры шалапутнага пляменніка. У карты Чыж гуляў з асцярогай, без махлярства, нават сам наўмысна прайграючы. Небяспека “зрыву” маглаўзнікнуць пры здабыцці значнай сумы, калі пана Антона раптоўна і неадольна апаноўвала спакуса вялікага поспеху. На шчасце абмежаванасць прасторы і грамады, усведамленне выключнасці становішча дапамаглі яму ўтрымаццаў адпаведных рамках. Давалася гэта не так лёгка, таму 30 красавіка пан Антон без шкадобы развітаўся з гасцінным караблём, узяўшы пасільны ўдзел ва ўрачыстасцях сустрэчы каралевы з грамадзянамі горада.
Гданьскія ўлады прымалі Марыю-Казімеру з шацункам належным каралеве. Ледзь не ўсе жыхары марскіх варотаў Рэчы Паспалітай сталі шпалерамі ад Жулаўскай брамы, праз якую каралева ўехала ў горад, да самага Длугога Таргу, дзе чакалі яе бурмістры і прадстаўнікі трох ардынкаў насельніцтва, а гэта добрыя паўтары-дзве вярсты. Заняўшы апартаменты падрыхтаваныя для яеў доме поштмайстра Паўла Граты, выслухала прывітальныя прамовы і засела да шматгадзіннай вячэры, выдадзенай горадам на яе гонар.
Пан Чыж разумеў, што злоўжываць выпадковым набліжэннем да двара каралевы не выпадае. Добры маршалак не адпусціў “вясёлага ліцьвінчыка” з пустой кішэняй. Пан Антон знайшоў танную кватэру з такім жа сталом і пачаў спрабаваць шчасця ў шматлікіх шынках і заездах, асабліва між людзей мора. Ведаючы мовы, мог паразумецца, балазе сёння яны тут, а заўтра і следу іх не застанецца.
He забываўся і пра дворскія сувязі. Час ад часу з’яўляўся там, падтрымліваючы лёгкія, неабавязковыя знаёмствы, не назаляючы сваёй прысутнасцю, алемяккаяе сцвярджаючы. Само аціранне паблізу апартаментаў каралевы ў якім выключным выпадку можа надаць яму ў вачах гарадскіх урадоўцаў статус набліжанага да Яе Вялікасці.
Выпадак сапраўды надарыўся. Паколькі Міласцівая Пані жыла ў галоўнага гданьскага паштара, то лёгка дамовілася наконт неафіцыйнага прагляду пошты, што ішла з Еўропы да Варшавы.
Асабліва цікавіла Яе Вялікасць перапіска Вэрсаля з французскім пасланнікам у Рэчы Паспалітай абатам Мэльхіёрам Паліньякам.
Амаль ад моманту з’яўлення ў Варшаве на пачатку 1693 году маладжавы, паслужлівы абат стаў даверанай асобай МарыіКазімеры. Набліжанасць да спраў каралеўскай сям’і сягала нават такіх спраў, як атрыманне лекаў для Яна III з Францыі, альбо забеспячэнне каралеўскай маёмасці перад неспатольнай сквапнасцю каралевіча Якуба. Падчас хваробы караля Марыя-Казімера раілася з Паліньякам наконт будучай элекцыі. Разлады пачаліся з-за таго, што пасланнік Людовіка XIV не стаў змагацца за карону для Сабескіх. Здарылася нават горшае.
Падчас перамоў і кансультацый Паліньяк абвесціў змест перапіскі Якуба Сабескага з цэсарам, што значна скараціла шэрагі прыхільнікаў каралевіча. У выніку далейшых захадаў пасланніка і перамоваў з Сапегамі і Любамірскімі з французскага спісу кандыдатаў былі выкрэсленыя ўсе трое сыноў Сабескага, і застаўся адзін князь Канці. Для Марыі-Казімеры гэта было ўжо занадта. У выніку трохгадзіннай размовы з пасланнікам, падчас якой Паліньяк спрабаваў давесці каралеве слушнасць сваёй пазіцыі, між сябрамі пралягла неадольная прорва. Непрымірымая МарыяКазімера пачала ў сваіх лістах паліваць брудам нядаўняга прыяцеля і дабрачыньцу. На знак поўнага разрыву з’явілася ў кватэры Паліньяка з дваранамі і загадала выламаць з рамы свой партрэт, колішні падарунак пасланніку, а наступным днём вярнула пярсцёнак, атрыманы ад яго на свае імяніны. Трэба зазначыць, што гэтыя ўчынкі звялі ролю каралевы ў палітыцы амаль да нуля.
У Гданьску, яна атрымала мажлівасць помсціць няўдзячнаму дыпламату. Пасланніку метадычна адсылаліся пустыя канверты, змесціва якіх пераходзілаў рукі каралевы. Бедны пасол скардзіўся ў Вэрсаль, што копіі яго лістоў у Францыю распаўсюджваюцца ў Рэчы ГІаспалітай. Прасіў праверыць, ці не атрымлівае іх каралева з французскага двара. ПІто прынёс гешэфт згаворліваму паштару, невядома, але напэўна не быў у страце. У несумненнай страце быў князь Канці. Адсутнасць звестак пра яго намеры ставіла Паліньяка ў вельмі нязручнае становішча перад інтэррэксам і шляхтай. Паколькі Сапегі былі апорай прафранцузскага боку ў Вялікім Княстве, каралева працягвала падтрымліваць там супрацьсапежанскія групоўкі.
У палітычным віры нечаканая рыбка трапілася і пану Чыжу. Перабіраючы чарговую пошту з Францыі, людзі каралевы натрапілі на ліст у Вялікае Княства. 3 разбегу ці то з цікаўнасці адкрылі яго і спатыкнуліся на незразумелай мове. Хутка паны палякі заспакоілі натуральную цікаўнасць і дапамаглі разабраць, што гэта па-беларуску, а ліст прыватны, да палітыкі альбо дыпламатыі
недатычны. Тут нехта ўспомніў, што паблізу круціцца той вясёлы ліцьвінчык, пан Антуан.
На здзіўленне і захапленне ўсіх, месье Антуан, прагледзеўшы ліст, праз сціснутае хваляваннем горла паведаміў, што гэта ліст ягонага сябра дзяцінства да сваёй бабулі, адзінай жывой з усёй некалі шматлікай сям’і. Слёзы ўзрушэння, як боб, пасыпаліся на паперу.