• Газеты, часопісы і г.д.
  • Прастрэлены талер. Кніга 2  Аркадзь Ліцьвін

    Прастрэлены талер. Кніга 2

    Аркадзь Ліцьвін

    Выдавец: ЮрСаПрынт
    Памер: 299с.
    Гародня 2018
    86.1 МБ
    Прастрэлены талер. Кніга 1
    Прастрэлены талер. Кніга 1
    Прастрэлены талер. Кніга 3
    Прастрэлены талер. Кніга 3
    А гэта мне ўсё роўна, не міргнуўшы вокам, вызнаў дзяржаўны чалавек. Мог бы і ў вароты ўваткнуць, але калі вы дома, то ўсё ў парадку. Паслухайце, што тут напісана, а таму Багдану, як вернецца, даручыце.
    Пан возны, далёка адставіўшы паперы, урачыста абвясціў змест позвы і мамрама.
    Але ж ён можа і не паспее ў чатыры тыдні. Такі ж тэрмін? папярэдзіў Вароніч.
    Ну, а што я зраблю? пакрыўдзіўся возны. Такі закон.
    Пан Сякерка спачуваў гасціннаму гаспадару. А тут яшчэ блытаніна з прозвішчамі. А што калі не той? Ат! Зробіцца, што дасца, а там Бог бацька.
    Прыкладам, паведаміце, калі той Вагдан позву ад вас возьме, і засведчыце разам з якімі суседзямі. Бо іначай хлапцу прывя-
    жуць нестаўленне ў суд. Навошта яшчэ адзін клопат, хопіць і гэтага, пан возны пляснуў па паперах далонню. А так падумаўшы, не глядзеў разява за сваімі паперамі, а зараз чэпіцца да чалавека, Як ён, хлапец?
    Хлопец добры, усміхнуўся Вароніч. I сумленны. Лухта тут усё, паказаў на лісты. Заўзяліся на яго, бо хочуць дзедзіны пазбавіць.
    Ну то ведаеце, што рабіць, сказаў замест развітання пан Сякерка.
    Гэта было некалькі дзён таму. Даведаўся і пра позву, і пра паставу берасцейскага вознага, які сам шукаць Багдана не квапіўся, але, сустрэўшы, затрымае. Мусіў асцерагацца, якучасы Берасцейскай канфедэрацыі. А зараз, лічы, на месцы, хоць і не па позве. Менавіта позва штурхнула яго не адкладваць ратаванне пані Адэлі. Увесь час рупіла, але ж няўдача з нападам на кляштар напэўна насцярожыла Бурскага. А зараз трэба падумаць, з кім і як усё зладзіць. Толькі б вырваць жанчыну з кіпцюроў, а там можна і Пацею да ног прыпасці! Мабыць, не адмовіць у прытулку жанчыне... А на першы час пан Кузьма схавае.
    Багдан прыглядаўся знаёмым забудовам Клінка, але пільна сачыў за вершнікам, якога спадзяваўся перахапіць на ўзлеску. Магчыма першы патрэбны чалавек хутка апынецца блізу высокіх ядлоўцаў.
    Гэй, казак, заедзь сюды!
    Ад нечаканасці Стась спыніў каня і, наблізіўшыся, прыўзняўся ў страмёнах, павёў поглядам па ўзлеску.
    Сюды, сюды, не бойся, голас прагучаў мацней і выразней.
    А чаго мне баяцца! адгукнуўся Стась, кіруючы каня проста на зараснікі.
    Але таго, хто клікаў, заўважыў не раней, як самога з канём ужо немагчыма было ўгледзець з поля ці дарогі. Нейкі маладзён між ядлоўцаў прыветна ківаў галавою. Плётка ў руцэ сведчыла, што ён конна.
    Добры дзень, Стась! павітаўся той, здзівіўшы хлопца: адкуль ведае яго імя незнаёмы?
    Стась варухнуў каленам, змусіўшы каня зрабіць пару крокаў, каб не сляпіла сонца. Твар чалавека нечым знаёмы. Але чым? 3 якой нагоды?
    Пачакай, яшчэ не зусім упэўнена сказаў Стась. Ты ж той гайдук, з Крушні? 3 наезду!
    Успомніў, задаволена сказаў Багдан. Вось і добра. Калі не вельмі спяшаешся, то злезь з каня ды пагутарым.
    Можна і пагутарыць, крыху насцярожана, але без незычлівасці сказаў Стась.
    Саскочыў, кінуў повад на галіну, сеў не супраць, але і не побач. Так што незнаёмы, хоць і пазнаны, быў пад правай рукою. Зброі, праўда, пры ім не відно, пэўна пры сядле.
    Мяне Багданам клічуць, калі не ведаеш. Багдан Хмялеўскі.
    Багдан Хмялеўскі? з недаверам перапытаў Стась.
    Хмялеўскі, пацвердзіў Багдан. Вазьмі пакуль на веру, але пра гэта пазней. Скажы, калі ласка, як там пан Лявон?
    Завіхаецца. Вось і мяне пагнаў полем праехацца.
    Алесь? Пан Алесь? паправіўся Багдан. Ці ў маёнтку?
    Здаровы. Што яму? Малады ж яшчэ. Стась не мог схаваць здзіўлення тым, што гэты Багдан так цікавіцца насельнікамі Клінка.
    А паненка? Багдан стараўся не паказаць свайго ўзрушэння, але мабыць Стась нешта западозрыў. Голас яго прагучаў мякчэй, цяплей.
    Жывая-здаровая. Усё ў яе добра, весела зазначыў Стась і нечакана для самога сябе дадаў. Часам крыху маркоціцца. Можа за некім, як гэта дзяўчыны іншым разам...
    Багдан з падазрэннем зірнуў Стасю ў твар, але не заўважыў ані кпіны, ані гарэзлівасці. Крыху памаўчалі.
    Але ж не дзеля гэтага ты мяне спыніў? Мог бы і сам паехаць ды даведацца, зазначыў Стась.
    Багдан падумаў, што Стась мог не ведаць усіх тарапатаў, праз якія яму давялося прайсці.
    Правільна мяркуеш. He дзеля гэтага. Першае я вораг пана Бурскага, і ён паслаў за мной позву. He магу лезці на вочы. Другое мне трэба абавязкова і як найхутчэй сустрэцца з Алесем. Трэцяе, вашмосьць, самае важнае ніхто не павінен ведаць, што я тут. Ці ты даеш слова гонару, ці мушу з’ехаць, не зрабіўшы таго, што павінен.
    А што ж павінен? запытаўся Стась і спахапіўся. He бойся. Маеш маё слова гонару. Бурскі і мне першы вораг.
    3-за Аўгінькі?
    А ты адкуль ведаеш? здзіўлена ўскінуў галаву Стась.
    Ведаю, адказаў Багдан. Можа пасля пра тое пагаворым. A пакуль скажы яна яшчэ ў двары?
    Там. Некуды ёй, беднай, дзецца, як і мне, у голасе Стася прагучала непрыхаваная горыч.
    He адну бяссонную ноч біўся над тым, як і дзе маглі б уладкавацца і не знаходзіў выйсця. На Клінок не мог разлічваць, а сіраціне Аўгіньцы і ўвогуле некуды было падацца.
    Ясна, Багдан задумаўся.
    А ты дзе тут? махнуў Стась на гушчар. 3 ежай як? Я прывязу. Толькі скажы калі.
    Пакуль ёсць што есці. А прывезці можна хоць бы сюды. Я тут
    ужо другі дзень і нікога не сустракаў, вырашыў Багдан. Але мне конча патрэбен пан Алесь!
    А мне нельга з ім прыехаць? спытаў з нейкай надзеяй Стась. Тады я зараз жа!
    Багдан зразумеў, што хлопец падазрае ці здагадваецца, з якімі ён тут намерамі круціцца. Падумаўшы хвіліну, запытаўся:
    Маеш рахункі да Бурскага?
    Маю. I хачу, каб гэты злыдзень іх сплаціў, Стась хмурна ўглядаўся ў мыскі сваіх ботаў Аднаму мне сілы не стае. А можа і вынаходлівасці. Кожнаму дапамагу.
    Добра. Але аніяк мяне не павінны заўважыць пан Лявон і... паненка.
    Стась канчаткова зразумеў, што нешта між гэтым Багданам і паненкай ёсць, і кіўнуў на пацвярджэнне. Памаўчалі.
    А ты не ведаеш, Бурскі ў маёнтку?
    Дома...
    А гэты, як яго, Чыж?
    Халера яго ведае! He магу сказаць, Стась паціснуў плячыма. Здаецца, з’ехаў.
    Багдан устаў, пацягнуўся, толькі зараз адчуў, што стаміўся чаканнем. Але нарэшце справа зрушыода.
    Ну, то гані! Калі не атрымаецца, наступным днём і так далей, але прыкладна у такі ж час як сёння, вызначыў ён Усё ж лепш сёння!
    Добра, зараз жа будзем. запэўніў Стась. Чакай.
    Будзь асцярожны, не гучна клікнуў Багдан ужо ўслед.
    Застаўшыся адзін, Багдан прысеў на гадзіну, над нечым разважаючы, затым устаў і пайшоў углыб лесу. Усё ж выбраў іншую схованку. Неўзабаве ад Клінка пачуўся конскі тупат. Вярнуўшыся на дамоўленае месца, застаў Алеся са Стасем у чаканні. Нарада пачалася з пераказу вядомага і прыпынілася на галоўным.
    Дык як жа нам дабрацца да пані Адэлі? Алесь з надзеяй на лёгкі спосаб зірнуў на Багдана.
    Відаць было, што Стась з Алесем чакаюць ад яго выразнай каманды ці хоць бы папярэдніх загадаў. 3 прычыны веку, і па дасведчанасці ён у іх разуменні павінен быць правадыром.
    Калі яна яшчэ жывая, з уздыхам зазначыў Багдан.
    Па ўсім відаць, што так, -прамовіў Стась, бо Аўгіньку не трымалі б пры той немцы.
    Дарэчы, хлопцы, сказаў Алесь, трэба разумець, што бяда з паняй Адэляй неадступна пацягне бяду і з дзяўчынай.
    Стась спахмурнеў і сціснуў сківіцы.
    Уратуем абедзвух, рашуча азваўся Багдан.Пачнём з выведвання. Хоць часу марнаваць не выпадае, але і з гарачкі кідацца ўтрох на гняздо шэршняў...
    Ці ведаеш, Багдан, што “ваўкоў“ там амаль не засталося? сказаў Алесь.
    He, адкуль жа. А дзе ж іх чэрці панеслі?
    Забраў іх аднойчы афіцэр ад самога гетмана і з канцамі!
    Гэта была добрая навіна. Багдан не спадзяваўся на такое палягчэнне задачы.
    Ты глядзі! Стась, ты можаш неяк пагаварыць з Аўгінькай?
    Апошнім часам цяжка. Але здолею. Дзень-два, і даведаюся, што трэба, запэўніў той.
    Добра, тады слухай!-
    Багдан выклаў Стасю, пра што распытаць дзяўчыну і што ёй, магчыма, трэба будзе зрабіць. Пакуль не ўспамінаў пра ЯнкуЛесавіка і яго магчымую дапамогу. Стась хмурыў бровы, але згодна ківаў галавою.
    А ты, Алесь, мог бы пад нейкай спасылкай ў двор да іх завітаць?
    Знайду. Падумаю і знайду.
    Доўга яшчэ раіліся, прапаноўвалі, спрачаліся, як вызваліць паланянку.
    Добра, падвёў рысу Багдан. Як навучыўся ад пана Лявона, nox fort consilium, ноч прыносіць параду!
    Развіталіся ў спадзяванні, што разведка падкажа нейкі ход, а можа і самотныя роздумы прывядуць да нечаканых знаходак. Багдан даведаўся, што Крушня і Клінок жывуць сваім размераным жыццём, але не варта адкладваць высвятленне крушнянскіх таямніц. Прайшоў да свайго каня і па кароткім часе быў паблізу Кру шні. Выбраў каню надзейнае ўкрыцце і назіркам рушыў у першую выведку.
    I собіла ж так, што менавіта ў гэты час у зручнай баразне зажываў прыемнага адпачынку адзін з тых апошніх “ваўкоў”, што засталіся ў пана Бурскага. Казік-баламут меў дзве адметнасці: звычку размаўляць сам з сабою, альбо са сваім канём, нібы з іншым чалавекам і марыў пра ўласны млын. У кожнага свае дзівацтвы! Бяда ў тым, што дзеля сваёй мары гайдук быў згодны на любое злачынства.
    He трапіў ён пад каманду Пракопа, бо быў не дурней таго, хоць і не надта разумнейшы. He выбралі да сапежанскіх паслуг, бо нечым не паказаўся. I вось толькі што Казік пераканаў пана, што заснуўшы ў баразне, бачыў, як хмызнячкамі да двара пракрадаўся той Багдан Вайніловіч, які збег, казалі, з нечым крадзеным.
    Можа прытрызнілася табе з перапою? усумніўся Бурскі.
    He, пане! даводзіў гайдук, кланяючыся. Сам я прачнуўся, ужо ўзняцца сабраўся, аж тут нейкае шапаценне, то я прыгледзеўся. Далібог, той наш Багдан.
    Казік ні ў якім разе не прызнаўся б у сваім ленаванні, каб не спадзяваўся добрай узнагароды. Памятаў, які вэрхал быў з-за Вагдана. I пану, выглядала, тое ж прыгадалася.
    “Значыць, не спужаўся позвы”, падумаў Бурскі.
    To чаму ж ты прыяцеля здрадзіць вырашыў?
    Што вы кажаце, пане, абурыўся, хоць і стрымана Казік. Які ж мне прыяцель гэты фірцык наваксаваны? Я яго на дых не вытрымліваў, задаваку!
    Бурскі ведаў, што ўсе гэтыя ёлупні ненавідзяць кожнага, хто хоць нечым вышэй за іх. Самі ж апроч дурной сілы і бязлітаснасці анічым не вызначаюцца. Таму і рады выпадку павыхваляцца адзінай перавагай. Ім абы дазвол ды загад. Што ж, падражнім і гэтага ўяўным шанцам. Але ахову двара трэба ўзмацніць. Непадобна, каб Багдан сваю дзедзіну паліў, але нешта ж тут шукае.
    Дык ты што, бярэшся яго злавіць? Бурскі ўбіў погляд у шкляныя вочы гайдука.