Прастрэлены талер. Кніга 3
Аркадзь Ліцьвін
Выдавец: ЮрСаПрынт
Памер: 298с.
Гародня 2018
He блюзнер, сыне мякка папракнуў гетман. Ведаў, што чакае іх цяжкае выпрабаванне. Іншага выпадку не надорыцца... Возьмеш над усім каманду і да бітвы!
Загад, яснавяльможны пане! службіста адказаў Міхал.
Непрыяцелі Сапегаў упершыню адчулі сваю згуртаванасць і перавагу. He ўдаліся спробы трох іерархаў касцёла схіліць бакі да прымірэння амаль у апошні момант у карчме блізу Ляйпуноў.
Абодва бакі адчувалі, што шляхі ашмянскай і гарадзенскай груповак перасякуцца тут, далёка ад той мяжы, да якой іх кліча кароль. Злосць, вялікая злосць апанавала шляхту. Падзеі на Невяжы, пад Юрбургам, пад Лаўнам не прынеслі аніякіх змен у дачыненні са сквапным родам. Мала свайго клопату, то яшчэ саксонцы са шведамі счапіліся. А ліцьвін мусіць быць пад рукою як памагаты?
Перавага непрыяцеля была велізарная, але Сапегі пакладалі надзею ў артылерыі. Генерал артылерыі Міхал-Францішак спадзяваўся, як заўсёды, першымі залпамі рассеяць кавалерыйскія лавы шляхты, і яна ў сполаху кінецца ўроссып. А тады, як пад Юрбаргам, справу давершаць адданыя харугвы татараў.
Яшчэ перад світаннем 18 лістапада 1700 года вялікі гетман паслаў пад Алькенікі дзве сотні татараў. Войска канфедэратаў ведала, што гетманскія блізка, пакінула лагер пад аховай дзвюх харугваў і рушыла насустрач.
Але атрад Пацея ў тысячу шабель не ставіўся на алькеніцкім полі разам з іншымі харугвамі. Стражнік збочыў на лясныя дарогі і павёў сваіх, агінаючы паселішча вялікай лукою. У пэўны момант спыніў атрад і паслаў за Багданам.
Хто ў нас здатны на пад’езды? усміхнуўся яму насустрач. Валанцёр. Дык бяры, вашмосьць, пару дзясяткаў ды пагойсай па наваколлю, каб нам знянацку не напароцца. Толькі шпарка. Веру, як Пану Богу!
Дазвольце, пане каменданце, сваіх, берасцейскіх.
Калі б і хацеў, такой просьбы Пацей адхіліць не здолеў бы. Хоць і скончылася тое капітуляцыяй, памяць пра берасцейскае братэрства прыемна казытала яго самалюбства. Вось ён плён сумеснага змагання!
Вяры кіўнуў Пацей.
Багданаў значок хутка пашныпарыў па бліжэйшых дарогах, дабраўся амаль да самага поля. Асцярожна з парай хлапцоў Багдан прыглядаўся, як між абодвума войскамі пачынаюць задзірацца гарцаўнікі. Ляскалі з пісталетаў, дзвынгалі шаблямі, але пакуль не вельмі заўзята. Пара было назад.
Затрымка ўсё ж атрымалася. Спаткалі ў лесе купу палякаў і, скарыстаўшы іх разгубленасць, хутка абяззброілі. Гэта, мабыць, было апошняе падмацаванне для Сапегаў. У Кароне шмат хто, сярод іх вялікі каронны гетман Ябланоўскі, баючыся, што непарадкі ў Княстве перакінуцца ў Полыпчу, дапамагаў асочанаму магнацкаму роду.
Вяртайцеся, хлопцы, дадому! параіў ім Багдан. Шмат тут апроч вас такіх, што не вернуцца.
He азіраючыся на пакінутых палякаў, пагналі да Пацея. Той хутка параіўся з афіцэрамі і скамандаваў рыхтавацца да атакі. Наконт палякаў толькі махнуў рукою.
Ну, валанцёр вядомы майстар вырашаць мірам! кінуў Багдану. Каб цябе ўсе так паслухаліся! Марш! Марш! закамандаваў кавалерыстам.
Пацееўская тысяча вылецела на тылы сапежанскіх войскаў якраз у тую хвіліну, калі залп васьмі гетманскіх гармат, пастаўленых на ўзгорку, змёў з поля некалькі дзясяткаў непрыяцельскіх коннікаў. Пацей палічыў гарматныя стрэлы за сігнал да атакі. Па сутнасці так яно і было. Міхал Сэрвацы Вішнявецкі, найвышэйшы палкоўнік ваяводстваў і паветаў, як тытулавалі свайго дваццацігадовага начальніка канфедэраты, рушыў войска па ўсяму фронту.
Конныя тлумы шляхты, маючы колькасную перавагу, абскочылі сапежанскіх адусюль. Калі і заставаўся ў іх нейкі шанец, дык толькі вырвацца з атачэння. На самым пачатку яго выкарыстаў Казімір Сапега з братам Бенядыктам. Міхал Сапега, канюшы літоўскі, застаўся з войскам адзін.
На правым крыле сапежанцаў мужна змагаліся тры татарскія харугвы. Апынуўшыся ў поўным акружэнні, згуртаваліся, адчайным націскам разарвалі смяротны пярсцёнак і шаблямі праклалі сабе дарогу. Вырваліся і адбіліся ад пагоні. Тая, праўда не вельмі старалася: хапала занятку на крывавым пляцы. Атрады палякаў, як і замежныя найміты, болып адбіваліся чым біліся, але шляхта, ведаючы, што яе чакае ў выпадку паразы, стаяла да апошняга. Шабельная сеча ішла ўвесь кароткі лістападаўскі дзень.
Удача адвярнулася ад Міхала Сапегі. 3 маладых год ішла побач у мностве бітваў і кампаніяў за мяжою, а на сваёй зямлі збочыла і перабегла да іншых. Бліжэй да вечара Міхал-Францішак рашыўся на перамовы, балазе сеча на момант прыгасла, нібы непрыяцель прыглядаўся, чаго дапяў. Але, перш чым парламенцёр наблізіўся да непрыяцеля, сустрэчныя стрэлы паклалі яго на месцы. Пасыпаў снег, пачало цямнець, але атака аднавілася. Хутка змаганне сапежанцаў страціла сэнс і Міхал Сапега склаў зброю перад братамі Вішнявецкімі. Разам з ім паддаліся паўтары тысячы ацалелых жаўнераў і афіцэраў. Канфедэраты нарэшце перамаглі.
Князі Вішнявецкія запэўнілі канюшага, што зберагуць яму жыццё і асабіста даставілі яго ў Алькенікі, дзе пасадзілі ў кляштар францішканаў. А ў мястэчку пачаўся шматдзённы трыюмф пераможцаў. Агінскія, Міхал Кацёл, жмудзкі харужы Заранок не шкадавалі гарэлкі. Шляхецкі натоўп абмываў раны і піў, піў, піў. Спіўшыся да быдлячага стану, кідаўся ў шаленстве на палонных. Пад шаблямі раз’юшанай браці гінулі не толькі простыя жаўнеры і дробная шляхта, але і вяльможныя паны.
Hodie Caesar, eras nihil! драўся нейкі грамацей, размахваючы скрываўленай шабляй.
Nunc aut nunquam! прыспешвалі апантаныя.
Мястэчка перажывала жудасную ноч. Пераможцы шукалі між палонных сапраўдных альбо надуманых ворагаў, каб адпомсціць за крыўды і паніжэнні ў далёкім і блізкім мінулым, каб атрымаць сатысфакцыю за спанявераны можнымі шляхецкі гонар. Між азвярэлых людзей нястомна завіхаўся “крывавы ксёндз”, віленскі канонік Крыштап Белазор, падгаворваючы да бязлітаснай помсты. За смерць расстралянага Сапегамі брата быў гатовы ахвяраваць ледзь не ўсіх паланёных. Асабліва раз’ятраны быў на Міхала Сапегу. Вока за вока, сына за брата, меркаваў ён, заклікаючы шляхту да кляшторных будынкаў.
Жаўнеры Вішнявецкіх рашуча адбілі напад, абараняючы дзверы.
На дах, хлопцы! прагучаў нейчы вокліч. Там нікога!
He існуе перашкод для раз’юшанага натоўпу. Прага расправы, усведамленне ўсёдазволенасці, належнае дагэтуль толькі сапежанскім, пагнала людзей на гару.
Паляцелі ўніз гонты, латы, затрашчалі кроквы, што зусім не заміналі ганебнаму самасуду над безабаронным палонным. Узадралі дошкі столі, і спітыя ўшчэнт людзі палезлі ў пакой. Канонік скочыў праз вакно.
Міхал Сапега апусціўся перад ім на калені.
Апошняй споведзі, ойча.
Магчымаў адчаі не пазнаваў, хто перад ім. Але перад ім быў не канонік, а бязлітасны мсціўца.
Вось табе абсалюцыя! святар ляснуў вязня па твары.
Браты Вішнявецкія яшчэ спадзяваліся, што прыбеглі своечасова.
Станавіся, яснепан, між намі! падхапілі Сапегу з каленяў. Нам абы да карэты!
Можа ўспомнілі сваю бездапаможнасць у цесным корабе на віленскай вуліцы. Тады менавіта Міхал першы кінуўся з дапамогай, сам рызыкуючы атрымаць у сумятні ад п’яных кліентаў вялікага гетмана.
Згледзеўшы, што ахвяра можа выслізнуць з рук, тлум асатанеў. Хапай! Сячы! He дай уцякаць! чулася з розных бакоў.
Крывавы канонік заклікаў да расправы хуткай і неадкладнай, бо ім, пераможцам, скрадуць права да святой помсты. Маладыя Вішнявецкія, як маглі, адганялі зграю з бакоў. Але адзін падступіў ззаду і шабляй па галаве зваліў Сапегу на зямлю.
Малайчына Свідэрскі! зараўлі супольнікі. Так яго!
Давай і гэтых! Хай не бароняць, каго не трэба! роў натоўп.
He пазнаваў ці не прызнаваў свайго найвышэйшага палкоўніка ваяводстваў і паветаў. Вішнявецкія кінуліся на ўцёкі, бо шаблі бліснулі і над іх галовамі.
Кінуўся на ратунак біскуп Берастоўскі, але і святару не дапамог яго сан.
Абсякай гужы святому айцу! гарлалі самыя зацятыя. Адводзь коней! Няхай пабегае!
Бліснулі шаблі каля хамутоў, разанулі гужы і церассядзельнікі, затрашчалі дошкі карэты, а біскуп кінуўся ўслед за Вішнявецкімі ратавацца ў касцёле.
Цела Міхала Сапегі, пасечанае на кавалкі, тры дні ляжала ў гразі, як жудасны сімвал перамогі над домам Сапегаў і толькі ў пачатку траўня наступнага году знайшло астатні прытулак у віленскім касцёле святога Казіміра.
Кожнай хвіліны падобны лёс мог насцігнуць і самога гетмана. Пакінуўшы алькеніцкае поле, Казімір Сапега паімчаў да Вільні. Пераапрануўшыся для нераспазнання, разам з братам праз Біржы, Мітаву і Прусію пад эскортам, атрыманым ад кароннага крайчага, толькі 7 студзеня 1701 года дабраліся да Варшавы. Там ужо ад пачатку снежня дабіваўся супакаення шляхты Вялікага Княства Міхал-Юзаф, які з прычыны гасцявання ў караля ў Дрэздэне не трапіў да Алькенікаў. Прыбіты жудаснай весткай пра замардаванне сына, вялікі гетман кінуўся да караля. Уласных сілаў на помсту не засталося.
Аўгуст II прыняў Сапегаў міласціва і паабяцаў сваё пасярэдніцтва ў перамовах з канфедэратамі. Але кароль праймаўся толькі ўласнымі клопатамі і згрызотамі. Бязмежны эгаізм даўно пазбавіў яго здольнаесці спачуваць чужой бядзе. Наадварот, вельмі часта ён цешыўся, асыпаючы л аскамі людзей напярэдадні ўвязнення ў замку Кіршэнштэйн. Такуюўжо маральмеўуладар Рэчы Паспалітай.
I ў выпадку з гетманам, Аўгуст II не прамінуў магчымасці паінтрыгаваць, прыпомніўшы паводзіны Сапегі падчас малдаўскага паходу. Пасада гетмана была пажыццёвай, падстаў адбіраць булаву не было і адмахнуцца ад просьбы вялікага гетмана не выпадала. Але параза “князя-кароліка” радавала караля, і ён зрабіў усё магчымае, каб пагаднення не атрымалася.
Галантна і ветліва, апусціўшы вочы ва ўдаванай спагадзе, выказаў Казіміру Сапегу манаршае спачуванне і адначасна скіраваў у Гародню літоўскага падканцлера Шчуку і адмысловых ганцоў да Заранка і Агінскага з падказам не ісці на прымірэнне з вялікім гетманам. А сам заспяшаўся на спаборніцтвы з царом у нахабна занятых саксонцамі Біржах.
Манархі спачатку пастралялі з гармат, пазней заняліся не менш захапляючым заняткам, п’янствам. Калі артылерыя была моцным
бокам караля, то ў другой справе перамог цар. Назаўтра пераможца мусіў падмяніць ушчэнт п’янага Аўгуста II на імшы. Што да палітыкі, то цару давялося спакушаць хаўрусніка абяцанкамі вярнуць Кіеў, каб толькі не выходзіў з вайны. Пётр I даведаўся, што сенат і шляхта патрабуюць міру ды і сам кароль моцна хістаецца ў сваіх намерах. Навука шведа не пайшла марна.