• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гісторыя беларускага мастацтва Т. 6: 1960-я — сярэдзіна 1980-х гг.

    Гісторыя беларускага мастацтва

    Т. 6: 1960-я — сярэдзіна 1980-х гг.

    Выдавец: Навука і тэхніка
    Памер: 375с.
    Мінск 1994
    134.23 МБ
    Гісторыя беларускага мастацтва
    Гісторыя беларускага мастацтва
    Т. 1: Ад старажытных часоў да другой паловы XVI ст.
    Гісторыя беларускага мастацтва
    Гісторыя беларускага мастацтва
    Т. 2: Другая палова XVI—канец XVIII ст.
    Гісторыя беларускага мастацтва
    Гісторыя беларускага мастацтва
    Т. 3: Канец XVIII — пач. XX ст.
    Гісторыя беларускага мастацтва
    Гісторыя беларускага мастацтва
    Т. 4: 1917—1941 гг.
    Гісторыя беларускага мастацтва
    Гісторыя беларускага мастацтва
    Т. 5: 1941 — да 60-х гг.
    Павелічэнне тэматычнага, жанравага і пластычнага дыяпазону характэрна і для скульптуры, дзе разам з дасягненнямі ў галіне манументальных форм ідзе актыўны творчы пошук у галіне станковай пластыкі. Разам са старэйшымі скульптарамі (3. Азгур, А. Бембель) плённа працуюць і майстры сярэдняга і маладога пакаленняў (А. Анікейчык, А. Мятліцкі, У. Слабодчыкаў і інш.).
    Шырокае развіццё набывае манументальная скульптура. На працягу 60—70-х гадоў ствараюцца такія вядомыя скульптурна-архітэктурныя комплексы, як «Хатынь», «Курган Славы», помнік у крэпасці-героі Брэсце і інш. Творы С. Селіханава, А. Бембеля, Л. Гумілеўскага, А. Анікейчыка з’явіліся важным укладам у развіццё беларускай пластыкі гэтага часу.
    Вядома, што абмежаваная ў часе дыстанцыя не дазваляе з належнай аб’ектыўнасцю ацаніць тыя ці іншыя з’явы ў мастацтве рэспублікі. Залежнасць мастацтва ад бягучай палітычнай сітуацыі часта не дае магчымасці для правільных вывадаў аб узроўні творчасці не толькі асобнага мастака, але і цэлых напрамкаў у выяўленчым мастацтве ў цэлым. Агульнавядома, што толькі з адыходам у мінулае выпадковых абставін і сувязей выразней
    выдзяляецца найбольш важнае, тое, што складае адвечную каштоўнасць мастацтва, што дазваляе даць яму правільную ацэнку. У гэтым выпадку дыстанцыя ў часе не такая ўжо вялікая для значных абагульненняў і беспамылковых вывадаў, але дастатковая для разгляду выяўленчага мастацтва рэспублікі ва ўсёй яго шматлікасці. Усе працэсы ў беларускім мастацтве адбываліся на вачах сучаснікаў, і гэта павышае адказнасць аўтараў і ўскладняе іх задачы. Неабходна ўлічваць, што тыя спосабы сістэматызацыі, тыпалагічнай класіфікацыі, якія зроблены ў нашым даследаванні, носяць хутчэй за ўсё папярэдні і неканчатковы характар.
    Працэсы развіцця архітэктуры і выяўленчага мастацтва Беларусі 1960-х — сярэдзіны 1980-х гадоў аналізуюцца ў шматлікіх працах вучоных рэспублікі. Сярод іх можна назваць грунтоўнае даследаванне сучаснай беларускай архітэктуры A. А. Воінава «Гісторыя беларускай архітэктуры», ч. II (1983). Пытанні развіцця жывапісу разгледжаны ў работах Л. М. Дробава «Сучасны беларускі жывапіс» (1979), «Сучасны беларускі партрэт» (1982), Б. А. Крэпака, У. А. Бойкі, Э. М. Пугачовай. Тэатральна-дэкарацыйнаму жывапісу прысвечаны кнігі П. А. Карнача. Розныя аспекты беларускай скульптуры даследаваны Э. А. Петэрсонам і Л. Г. Лапцэвіч.
    Развіццё сучаснай графікі паслядоўна прасочваецца ў манаграфіях В. Ф. Шматава «Беларуская сатырычная графіка» (1974), «Беларускі кніжны знак» (1977), «Беларуская станковая графіка» (1977), «Сучасная беларуская графіка» (1985). Розныя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва разглядаюцца ў кнігах Я. М. Сахуты «Народная разьба па дрэву» (1978), «Беларускае народнае мастацтва» (1980), «Беларуская народная кераміка» (1987), «Мастацкія рамёствы і промыслы Белару-
    сі» (1988), В. I. Жука «Сучасная беларуская кераміка. Тэндэнцыі развіцця» (1984), Д. С. Трызны «Беларускія дываны і габелены» (1981), М. М. Яніцкай «Сучаснае мастацкае шкло» (1988) і інш. Усе гэтыя працы, а таксама манаграфіі аб творчасці асобных мастакоў рэспублікі паслужылі трывалай базай для абагульняючага даследавання сучаснага беларускага мастацтва, якому прысвечаны заключны, шосты том «Гісторыі беларускага мастацтва».
    Том падрыхтаваны аддзелам выяўленчага мастацтва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі (кіраўнік — загадчык аддзела доктар мастацтвазнаўства Л. М. Дробаў) сумесна з прадстаўнікамі ВНУ і ўстановамі культуры Беларусі.
    Над тэкстам працавалі: доктар мастацтвазнаўства Л. М. Дробаў, кандыдаты мастацтвазнаўства М. А. Гугнін, В. I. Жук, 11. А. Карнач, Д. Г. Лапцэвіч, П. В. Масленікаў, Э. А. Петэрсон, Я. М. Сахута, В. Ф. Шматаў, навуковыя супрацоўнікі Л. Д. Налівайка, A. М. Пікулік, Д. С; Трьізна, Г. М. Ярмоленка, архітэктары С. Ф. Самбук, A. А. Юркеўская, выкладчык БДТМІ Л. Я. Дзягілеў.
    Бібліяграфію склаў кандыдат мастацтвазнаўства П. А. Карнач, паказальнік імён — A. М. Пікулік. Ілюстрацыйны матэрыял падабраў кандыдат мастацтвазнаўства В. I. Жук. Здымкі выканалі: У. Ф. Варварын, У. Б. Жэрко, В. I. Жук, I. У. Сасноўскі, Я. М. Сахута, Г. Л. Ліхтаровіч, В. А. Бараноўскі, А. Б. Спрынчан.
    Г л а в a I
    МАСТАЦТВА 60-х —
    СЯРЭДЗІНЫ 70-х ГАДОЎ
    ГОРАДАБУДАУНІЦТВА I АРХІТЭКТУРА
    Развіццё горадабудаўніцтва і архітэктуры ў Беларусі ў 1960 — 1970-я гады цалкам праходзіла ў рэчышчы агульных для ўсёй краіны тэндэнцый, што ўзніклі ў сувязі з крытыкай «неакласіцызму». Гэты перыяд характарызуецца карэннай перабудоваіі творчай накіраванасці і рэарганізацыяй усяго тв’орчага працэсу архітэктурна-будаўнічай справы, пераходам да індустрыяльных метадаў будаўніцтва, што выявіліся ў стылістыцы ўсіх тыпаў збудаванняў, фарміраванні новых архітэктурных канцэпцый.
    Станаўленне новых канцэпцый праходзіла досыць напружана і канфліктна. Адмаўленне ад папярэдняга вопыту прывяло на пачатковым этапе да безаблічнага ўбоства і ўтылітарнай аднастайнасці архітэктурнага асяроддзя, асабліва масавай жылой забудовы. Аднак калі 60-я гады вызначаліся яскрава выражаным аскетызмам, то пачынаючы з 70-х гадоў назіраюцца прынцыповыя змены ў архітэктурным мысленні і звязаны з імі паступовы адыход ад жорсткага рацыяналізму да абнаўлення і абагачэння выразнасці мовы архітэктурных формаў, да цікавых вобразных рашэнняў, новых прынцыпаў прасторавай арганізацыі архітэктурнага асяроддзя.
    У комплексе праблем горадабудаўніцтва ў 60—70-я гады важная роля належала раённай планіроўцы. Яна атрымала развіццё ў Беларусі яшчэ ў другой палове 50-х гадоў і ўяўляла сабой від горадабудаўнічай дзейнасці, якая ўключае пытанні, звязаныя з планіровачнай арганізацыяй тэрыторыі рэспублікі, рэгуляваннем сацыяльна-эканамічных і гаспадарчых працэсаў.
    На розных этапах вялікі ўклад у распрацоўку горадабудаўнічых праграм унеслі вядучыя архітэктары, эканамісты, інжынеры-горадабудаў-
    нікі: В. Кандратовіч, 1. Сянкевіч, В. Кудраўцава, А. Ідэльчык, Д. Юдзіна, Т. Пучкаева, Г. Балкунец, I. Іёда, Л. Мызнікава, В. Клімаў, Ю. Цяпкін, Т. Каманіна і інш. Першыя праекты распрацоўваліся ў інстытуце «Белдзяржпраект», а з 70-х гадоў работы па рэгіянальнай планіроўцы былі сканцэнтраваны ў БелНДІПгорадабудаўніцтва.
    У 1962 г. была падрыхтавана «Схема размяшчэння прадукцыйных сіл, спецыялізацыі і комплекснага развіцця народнай гаспадаркі Беларускай ССР на перыяд 1959 — 1980 гг.» (Белдзяржпраект сумесна з Дзяржпланам БССР). На яе аснове ў наступныя гады распрацоўваліся комплексныя схемы планіроўкі прамысловых раёнаў і вузлоў, якія развіваліся інтэнсіўна (Мінскага, Мазырскага, Рэчыцкага, Салігорскага і інш.).
    У 1971 — 1973 гг. закончыўся наступны праектны этап: была распрацавана «Схема размяшчэння і развіцця гарадскіх і сельскіх паселішчаў Беларускай ССР да 2000 года» і на яе аснове складзены комплексныя праекты раённай планіроўкі шасці абласцей, а затым праекты планіроўкі 117 раёнаў рэспублікі. Пытанні развіцця гарадоў разглядаліся тут з улікам фарміравання іх прыгарадных зон, прамысловых раёнаў, транспартных сувязей, інжынернага абсталявання, рашэння праблем адпачынку і абслугоўвання насельніцтва. Комплексны, навукова абгрунтаваны падыход да праектавання садзейнічаў павышэнню якасці горадабудаўнічай дакументацыі і ўдасканаленню працэсу яе рэалізацыі пры забудове гарадскіх і сельскіх паселішчаў рэспублікі. Асноўныя палажэнні «Схемы...» мелі вялікае значэнне для стымулявання развіцця малых, сярэдніх і абмежавання росту буйных гарадоў. Праекты раённай планіроўкі далі абгрунтаванне размяшчэнню ў гарадах рэспублікі буйных вытворчых і іншых аб’ектаў. Так, дзякуючы размяшчэн-
    ню філіялаў мінскіх прадпрыемстваў у Барысаве, Маладзечне, Вілейцы, Жодзіне, Мар’інай Горцы, Асіповічах, Баранавічах удалося прадухіліць рост насельніцтва Мінска (прыкладна на 150 тыс. чалавек) і адначасова паскорыць тэмпы развіцця названых гарадоў. Такім чынам, рэгіянальная планіроўка стала базай мэтанакіраванага фарміравання ўсёй тэрыторыі рэспублікі ў разглядаемы перыяд.
    У 60—70-я гады праводзілася вялікая работа па распрацоўцы генеральных планаў гарадоў рэспублікі, у якой прымалі ўдзел вядучыя архітэктары-горадабудаўнікі: Ю. Глінка, I. Люблінскі, Я. Заслаўскі, Н. Трахтэнберг, Я. Дзятлаў, В. Анікін, Я. Ліневіч, М. Мызнікаў, А. Сідзельнікаў, А. Бельскі, A. і В. Данілавы, С. Паўлаў, I. Фралоў, В. Бажко, А. Гарбачоў і інш. Былі распрацаваны генеральныя планы Брэста, Віцебска, Гродна, Гомеля, Магілёва, Оршы, Бабруйска, Пінска, Мазыра, Маладзечна, Барысава, Баранавіч, малых гарадоў. У іх улічваліся асаблівасці папярэдніх этапаў, але пры распрацоўцы канцэпцый будучага развіцця аўтары выкарыстоўвалі прынцыпова новыя тэарэтычныя пасылкі — дзяленне тэрыторыі на функцыянальныя зоны, узбуйненне планіровачнага маштабу, значнае павышэнне паверхавасці забудовы. Выдзяляліся магістралі хуткаснага руху, ва ўсіх гарадах праектавалася развітая прамысловая база і прадугледжваўся значны рост колькасці насельніцтва.
    У генеральным плане Мінска (1965, Мінскпраект, архіт. Н. Трахтэнберг, I. Люблінскі, М. Кудзінаў, Л. Гафо, А. Наканечны, Я. Заслаўскі; інж. Л. Кантаровіч, Д. Краўцоў і інш.) істотна мянялася структура тэрыторыі: праектавалася 7 планіровачных раёнаў. Замест квартальнай забудовы асноўнымі структурнымі элементамі горада сталі жылы раён і мікрараён. Новае будаўніцтва размяшчалася пераважна на свабодных
    тэрыторыях на ўскраіне горада і часткова ў планіровачным поясе паміж цэнтрам і перыферыяй за кошт рэканструкцыі забудовы і зносу старых дамоў індывідуальнай пасляваеннай забудовы. План Мінска стаў уяўляць сабой сістэму перыферыйных раёнаў, звязаных з агульнагарадскім цэнтрам.
    Некаторыя генеральныя планы прадугледжвалі планіровачную структуру, заснаваную на прынцыпе свабоднага развіцця ўсіх зон: цэнтра, сельбішча, прамысловых тэрыторый з арганізацыяй паміж імі скразных функцыянальных сувязей. Гэтая схема выкарыстоўвалася як для буйных, так і для малых і сярэдніх гарадоў. Такія планіровачныя рашэнні сталі альтэрнатывай ранейшым замкнутым структурам, у прыватнасці радыяльна-кальцавой, і аказаліся найбольш эфектыўнымі для буйных гарадоў, якія інтэнсіўна развіваліся (Брэст, Гродна), а таксама новых гарадоў (Салігорск, Наваполацк, Жодзіна, Новалукомль, Беразіно і інш.).