Гісторыя беларускага мастацтва
Т. 6: 1960-я — сярэдзіна 1980-х гг.
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 375с.
Мінск 1994
Агульная кампазіцыя гарадоў складалася з улікам асаблівасцей прыроднага асяроддзя і месцазнаходжання асноўных функцыянальных зон — агульнагарадскога цэнтра, транспартнага каркаса, вытворчых тэрыторый, гісторыка-архітэктурнай спадчыны, азелянення.
Рэалізацыя праектаў 60-х — пачатку 70-х гадоў пацвердзіла абгрунтаванасць канцэпцый іх развіцця, аднак высветлілася, што тэмпы росту насельніцтва гарадоў былі вышэй за праектныя. Так, Мінск, напрыклад, ужо к 1972 г. дасягнуў мільённага рубяжа, які чакаўся толькі ў 1980 г. Большасць абласных, сярэдніх і новых гарадоў таксама значна перавысілі запланаваны прырост. Іх тэрыторыі раслі хутчэй на 20 — 30 працэнтаў. Мінск, Брэст, Віцебск, Гродна, Магілёў, Рэчыца, Кобрын, Добруш, Слонім, Асіповічы, Бабруйск, Пінск, дзе былі створаны буйныя прамысловыя комплексы, характарызуюцца
рэзкім павелічэннем росту насельніцтва. I наадварот, малыя і сярэднія гарады, у якіх не былі пабудаваны запланаваныя прадпрыемствы, развіваліся замаруджанымі тэмпамі, адстаючы ад разліковых паказчыкаў.
Адзначаліся і іншыя асаблівасці пры рэалізацыі праектаў. У многіх малых і сярэдніх гарадах з празмерна павялічанымі зонамі гарадскіх цэнтраў і азялененых тэрыторый разбураўся маштаб усталяванага гарадскога асяроддзя. Новыя раёны з пяціпавярховай жылой забудовай успрымаліся як іншародныя. У той жа час і ў буйных гарадах прымяненне пераважна пяціпавярховай забудовы з’явілася прычынай аднастайнага, нуднага асяроддзя.
Рэальныя маштабы прамысловага, жыллёвага, культурна-бытавога будаўніцтва і пераацэнка параметраў эканамічнага развіцця, заснаваныя на новых распрацоўках рэгіянальнай планіроўкі, выклікалі неабходнасць перагледзець наяўныя генеральныя планы. У праектах, выкананых для сталіцы, абласных цэнтраў, вялікіх гарадоў, у 70-я гады за аснову прымаўся планіровачны раён, які ўключаў жылыя і прамысловыя раёны. Асаблівая ўвага ўдзялялася стварэнню водна-паркавых сістэм, удасканаленню транспартных і пешаходных зносін. Значна павысілася паверхавасць забудовы.
Карэктура генплана Мінска (1974, Мінскпраект, архіт. Я. Дзятлаў, Я. Заслаўскі, Н. Трахтэнберг, Л. Гафо, Л. Есьман, Н. Афанасьева; інж. Л. Кантаровіч, А. Стазаева, Д. Краўцоў і інш.) выконвалася адначасова з праектам дэталёвай планіроўкі цэнтра горада (архіт. Ю. Градаў, Л. Левін, Я. Дзятлаў, Я. Заслаўскі, В. Анікін, В. Сярогіна, Г. Горына, Н. Афанасьева, А. Брэгман, У. Кароль, I. Ляўко пры ўдзеле Г. Булдава, Ю. Глінкі; інж. Д. Краўцоў, Л. Кантаровіч, В. Тоўсцікава і інш.). У Мінску планіровачныя
раёны ўпершыню згрупаваліся ў шэсць комплексных зон з цэнтрамі, размешчанымі на перасячэнні радыяльных магістралей з водна-зялёнай сістэмай, быў прадугледжаны метрапалітэн.
У Гомелі (карэктура 1974 г., Гомельскі філіял Белдзяржпраекта, архіт. С. Паўлаў, С. Крывашэеў, А. Падабедаў; інж. I. Дубаў, Л. Калашнікаў, М. Найшулер; кансультант I. Сяргееў) планіровачная структура фарміруецца з пяці комплексных вытворча-сялібных раёнаў, кожны з якіх мае цэнтр абслугоўвання і зону адпачынку. Выхад да р. Сож і яе маляўнічай поймы дазволіў узбагаціць аб’ёмна-прасторавае вырашэнне забудовы, надаць ёй індывідуальны архітэктурна-мастацкі воблік.
У Баранавічах (карэктура 1977 г., БелНДІПгорадабудаўніцтва, архіт. В. Жаўняк, В. Дутлава; інж. Н. Карповіч, А. Валовіч) планіровачная структура фарміруецца з трох комплексных вытворча-сялібных раёнаў. Пры адсутнасці ракі выключнае значэнне набывае азеляненне, якое ўключае комплекс паркаў, звязаных паміж сабой у адзіную сістэму.
У карэктурах генеральных планаў і праектаў дэталёвай планіроўкі цэнтра Мінска, адміністрацыйных цэнтраў абласцей, а таксама гарадоў Баранавічы, Бабруйск, Орша, Мазыр, Маладзечна агульнагарадскія цэнтры пераўтварыліся ў развітыя прасторавыя сістэмы, што дазволіла пераадолець інерцыю забудовы вакол усталяванага ядра, арыентаваць развіццё цэнтра ў напрамку тэрытарыяльнага росту горада, болып паўнацэнна выкарыстоўваць прыродныя асаблівасці гарадскога ландшафту. Так, у Мінску цэнтр атрымаў развіццё ўздоўж поймы р. Свіслач, а таксама ў напрамку цэнтраў планіровачных зон. Поліцэнтрычная структура арганічна ўключала водна-зялёны дыяметр р. Свіслач з паўкольцамі водна-зялёных караляў рэк Лошыцы і Сляпянкі. У вузлавых пунктах планіровачнай
структуры з’явіліся высотныя акцэнты, аб’ёмна-прасторавыя і візуальныя дамінанты, якія значна ўзбагацілі сілуэт Мінска. Найболып значныя з іх — грамадскія будынкі і гасцінічны комплекс на Партызанскім праспекце, жылыя дамы ў раёнах Усход, Зялёны Луг, Серабранка, Чыжоўка, грамадскія будынкі на плошчах Юбілейнай, Ванеева і інш.
Згодна з праектам дэталёвай планіроўкі цэнтра Віцебска (1973, Віцебскі аблпраект, архіт. А. Бельскі, A. і В. Данілавы, 3. Даўгяла), яго горадабудаўнічы ансамбль развіваецца ўздоўж набярэжнай Заходняй Дзвіны і па вул. Леніна, уключаючы плошчы, якія атрымалі прасторавае раскрыццё ў бок ракі. У сістэму цэнтра ўваходзяць радыяльныя напрамкі, што злучаюць яго асноўнае ядро з цэнтрам чатырох планіровачных раёнаў і парк імя М. Фрунзе, размешчаны па берагах р. Віцьбы.
Актыўна развіваліся гарады Наваполацк, Салігорск, Светлагорск, Новалукомль, Белаазёрск, заснаваныя ў канцы 50-х — пачатку 60-х гадоў у сувязі з развіццём новых для Беларусі галін прамысловасці — хіміі і нафтахіміі, горназдабываючай, велікагрузнага машынабудаўніцтва, будаўніцтва магутных энергетычных комплексаў. У канцы 70-х гадоў з невялікіх пасёлкаў яны ператварыліся ў індустрыяльныя цэнтры, якія займаюць важнае месца ў эканоміцы рэспублікі і краіны.
У рабоце над праектаваннем новых гарадоў удзельнічалі прадстаўнікі розных пакалеНняў беларускіх горадабудаўнікоў: У. Кароль, Г. Парсаданаў, В. Чарнышоў, А. Данілава, А. Сідзельнікаў, Г. Булдаў, Я. Ліневіч, А. Патапава, Ю. Патапаў, В. Анікін, Г. Трушнікава, В. Сахно, А. Юркеўская, Б. Кудраватых, Н. Алфімава, А. Акенцьеў і інш.
Арганічна забудоўваўся Наваполацк, заснаваны ў 12 км ад старажытнага Полацка як пасёлак пры комплексе нафтахімічных прадпры-
емстваў. У аснову генеральнага плана Полацка — Наваполацка (1964, архіт. A. і В. Данілавы, В. Чарнышоў, Л. Яніна, 3. Даўгяла, Л. Эйнгорн) была пакладзена ідэя адзінага планіровачнага і кампазіцыйнага аб’яднання двух гарадоў. Асноўныя палажэнні генеральнага плана паспяхова рэалізоўваліся, і на кожным этапе развіцця горад уяўляў сабой адносна закончаны функцыянальны і кампазіцыйны комплекс. Ён забудоўваўся тыповымі жылымі дамамі, a таксама грамадскімі будынкамі, выкананымі па эксперыментальных праектах. Школы і дзіцячыя дашкольныя ўстановы размяшчаліся на лепшых у прыродных адносінах участках, аддаленых ад шумных магістралей. Цэнтральная магістраль Наваполацка — вул. Маладзёжная, якая звязала ў адзіную сістэму асобныя планіровачныя раёны горада, адрозніваецца функцыянальнай насычанасцю, разнастайнасцю прасторавай і кампазіцыйнай арганізацыі. Разам з тым трэба адзначыць, што памылкай першага генеральнага плана быў недастатковы санітарны разрыў паміж жылой і вытворчай зонамі, што прывяло да цяжкага экалагічнага становішча ў горадзе.
Малыя і сярэднія гарады ў адзначаны перыяд складалі больш чым 90 працэнтаў гарадскіх пасяленняў, і ў іх жыло каля 30 працэнтаў усяго гарадскога насельніцтва. Яны адрозніваліся па велічыні, ролі ў сістэме рассялення рэспублікі, прыродналандшафтных асаблівасцях.
Хуткімі тэмпамі развіваліся сярэднія і малыя гарады Мінскай вобласці — Барысаў, Жодзіна, Смалявічы, Маладзечна, Вілейка, Стоўбцы, Мар’іна Горка, Клецк, Слуцк. За перыяд 1960 — 1975 гг. павялічыліся іх тэрыторыі, з’явіліся буйныя прамысловыя і іншыя горадаўтвараючыя аб’екты, ансамблі жылой і грамадскай забудовы. Значна змянілася аблічча гарадоў Гродзенскай вобласці — Ліды, Смаргоні, Шчучына, Навагрудка,
Мастоў, Воранава, Дзятлава, Зэльвы. Аднак генеральныя планы групы малых і сярэдніх гарадоў у гэты перыяд у многім знаходзіліся пад уплывам тэарэтычных прынцыпаў развіцця буйных гарадоў, што адмоўна адбілася пры іх рэалізацыі на практыцы. У многіх праектах паўтараліся ранейшыя памылкі немаштабнага развіцця.
У 60-я гады ў адпаведнасці з пастановамі ЦК K11GC і Савета Міністраў СССР «Аб мерах па далейшай індустрыялізацыі, паляпшэнні якасці і зніжэнні кошту будаўніцтва» (1955) і «Аб развіцці жыллёвага будаўніцтва ў СССР» (1957) у Беларусі была праведзена работа па паскарэнні развіцця і ўкараненні новых індустрыяльных метадаў у будаўніцтве. Асноўным відам жыллёвага будаўніцтва становіцца буйнаблочнае і буйнапанельнае, якое ажыццяўлялася па тыпавых праектах.
У пачатку 60-х гадоў было завершана будаўніцтва першых мікрараёнаў у Мінску — па вуліцах Арлоўскай (архіт. А. Гуль, I. Дзенісеня, А. Кудравіцкі, В. Сахно), Апанскага (архіт. А. Гуль, В. Сахно, Ю. Градаў), Валгаградскай (архіт. Г. Булдаў, П. Рромаў, М. Кудзінаў, В. Ладыгіна, Г. Парсаданаў, Г. Раманенка, Ю. Шпіт), Чкалава (архіт. В. Анікін, Л. Анікіна, Г. Трушнікава); у Гродне — па вул. М. Горкага (архіт. В. Бажко, I. Мазнічка); у Магілёве — мікрараён Магілёў-2 (архіт. I. Фралоў); у Гомелі — Фестывальны (архіт. Л. Тамкоў); у Віцебску — мікрараён па вул. Фрунзе і Смаленскай шашы (архіт. Я. Ліневіч, В. і А. Данілавы).
Значнае павелічэнне аб’ёмаў жыллёвага будаўніцтва дало магчымасць з сярэдзіны 60-х гадоў у буйных гарадах рэспублікі перайсці да комплекснай забудовы вялікіх жылых раёнаў індустрыяльнымі метадамі: у Мінску — раёны Чыжоўка (архіт. Я. Заслаўскі, К. Сакалова, А. Шалякін і інш.), Зялёны Луг
(архіт. А. Шалякін, К. Сакалова, Э. Левіна і інш.), Серабранка (архіт. В. Анікін, Я. Дзятлаў, А. Гуль, Я. Сап’янік і інш.), Усход (архіт. П. Ваўчок, В. Анікін, Г. Горына, Л. Гафо, Я. Дзятлаў, I. Папова, Г. Сысоеў і інш.), па праспекце Прытыцкага (архіт. Р. Андрэева); у Брэсце — Усходні раён (архіт. В. Анікін, П. Латуноўская); у Гомелі — Паўднёва-ўсходні раён (архіт. I. Бурлака, Л. Патапаў, У. Заграбельны), па вул. Савецкай (архіт. Я. Казлоў); у Гродне — па вул. Савецкіх пагранічнікаў і Паўночны раён (архіт. В. Бажко, I. Мазнічка і інш.); у Магілёве — Задняпроўскі раён (архіт. Г. Булдаў, П. Латуноўская, I. Фралоў), Мір (архіт. I. Фралоў і інш.). Побач з жыллём будаваліся комплексы ўстаноў культурнабытавога абслугоўвання.