Гісторыя беларускага мастацтва
Т. 6: 1960-я — сярэдзіна 1980-х гг.
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 375с.
Мінск 1994
У 1960 г. па ініцыятыве ЦК ЛКСМБ было распачата будаўніцтва серыі памятных знакаў і помнікаў у гонар подзвігаў савецкай моладзі ў барацьбе з фашызмам. У пошуках лаканічнага знака-метафары выкарыстоўваюцца скульптурныя і архітэктурныя формы, якія ўступаюць у своеасаблівы сінтэз паміж сабой. Лаканічная архітэктура і нібы рубленыя формы рэльефу надаюць гэтым помнікам спрошчанасць і разам з тым цэльнасць вырашэння. Гэтая палярнасць у трактоўцы — ад
апісальнасці помнікаў першых пасляваенных гадоў да празмернай абагульненасці і нават схематызму характэрна для пачатку 60-х гадоў і абумоўлена пошукам новых сродкаў выразнасці. Пацвярджэннем з’яўляюцца памятныя знакі Л. Даватару ў в. Хоціна Віцебскай вобласці (1964, скульпт. М. Рыжанкоў, архіт. В. Занковіч, Л. Левін), К. Заслонаву (1964, скульпт. Г. Мурамцаў, архіт. Л. Левін, В. Занковіч), помнікі экіпажу самалёта М. Гастэлы каля Радашковіч (1964—1975, скульпт. А. Анікейчык, архіт. В. Занковіч, Л. Левін), юнаму партызану М. Гойшыку ў вёсцы Міхнавічы Івацэвіцкага раёна (1968, скульпт. М. Рыжанкоў, архіт. Л. Левін, В. Занковіч), помнік падпольшчыкам Асінторфу, устаноўлены ў 1967 г. ля вёскі Буда Дубровенскага раёна (скульпт. Г. Мурамцаў, архіт. В. Занковіч, Л. Левін). За скульптуру для апошняга Г. Мурамцаў быў удастоены звання лаўрэата рэспубліканскага конкурсу Ленінскага камсамола на лепшыя творы літаратуры і мастацтва 1976 г.
Некаторыя мемарыялы ўзнікалі стыхійна, без удзелу спецыялістаў, сіламі мясцовых майстроў. Яны ўвекавечваюць памяць аб загінуўшых і ўслаўляюць жыццё ў тых формах, якія склаліся ў гэтай мясцовасці і асабліва блізкія і зразумелыя яе жыхарам (мемарыялыў Маладзечанскім раёне, на Брэстчыне). Дзякуючы крыніцам народнай творчасці ўзбагачаецца мова прафесійных мастакоў. Старыя формы трансфармуюцца, пановаму тлумачацца традыцыйныя, якія ідуць з глыбіні стагоддзяў.
Будаўніцтва курганоў Славы і Памяці ў Беларусі ў 70-я гады развівалася масава. Прыкладам узаемадзеяння традыцыйнай формы кургана і архітэктурна-пластычных формаў можа быць помнік партызанам на возеры Нарач (1968, скульпт. Я. Печкін, Б. Маркаў, архіт. Ю. Шпіт). Ён збудаваны на натуральным узвышшы, якое нагадвала па
68. Мінск. Курган Славы. Скульпт. А. Бембель, А. Арцімовіч, архіт. А. Стаховіч, Л. Міцкевіч. 1969
форме прывычны сілуэт кургана. На вяршыні яго ўзведзены абеліск з маналітнага бетону. Дзве ніжнія секцыі вышынёй 5,5 м займаюць тэматычныя рэльефы з фігурамі партызан у дынамічных позах, якія перадаюць эпізоды партызанскага бою.
У кожным з рэльефаў адбіваецца індывідуальная творчая манера аўтара, але гэта не перашкаджае іх цэласнаму ўспрыняццю. 25-метровы абеліск выглядае лёгкім дзякуючы арыгінальнай форме звужаных уверсе граней з рознымі сілуэтамі і зрэзанай верхняй часткай, а таксама ўдаламу выкарыстанню светлага цэменту і белай мармуровай крошкі з натуральнай апрацоўкай паверхні пад бучарду. Да абеліска вядзе парадная лесвіца, побач з якой — мемарыяльныя пліты з назвамі партызанскіх брыгад, напісанымі буйным і ясным шрыфтам. Гармонія прыроды і прыўнесеных архітэктурна-пластычных аб’ёмаў, якія вырашаны з пачуццём такту і разумення ландшафтнай архітэктуры, вылучае помнік партызанам на возеры Нарач і ставіць яго ў лік прыкметных твораў гэтага жанру.
Традыцыйная форма кургана атрымлівае вострасучаснае гучанне ў Кургане Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі, пабудаваным у 1969 г. на месцы адной са значных бітваў аперацыі «Баграціён» (скульпт. А. Бембель, А. Арцімовіч, архіт. Л. Міцкевіч, А. Стаховіч, інж. В. Лапцэвіч). Велічны курган узвышаецца над былымі палямі бітваў. Ён праглядваецца здалёк — з шашы, з чыгункі. Серабрыстыя штыкі-абеліскі, што ўвенчваюць яго, сімвалізуюць аб’яднаныя франты, якія разграмілі нямецкую групоўку «Цэнтр». Аснову чатырох штыкоў акружае канструктыўнае кальцо, якое ўспрымаецца адначасова як вянец славы. На ім — барэльефы з выявамі суровых твараў воінаў — прадстаўнікоў розных родаў войск, што прымалі ўдзел у вялікай бітве. Пады-
ход да помніка візуальна фіксуецца мемарыяльнай плітой з кароткім інфармацыйным надпісам. Ад шырокай тэрасы за плітою пачынаюцца дзве стужкі лесвіцы, якія быццам лаўровы вянок ляжаць на правільным конусе кургана. Яны вядуць на вяршыню, на агульную пляцоўку, адкуль відаць усё наваколле, што было сведкам баёў. Сэнсавы змест помніка раскрываецца ў барэльефах на знешняй паверхні кальца і ў мазаіцы на яго ўнутраным баку, a таксама ў пластычнай прапрацоўцы сімвалічных штыкоў. Чырвоны каларыт мазаікі, быццам асветленай знутры, залатая смальта, якая пакрывае паверхню рэльефаў, серабрысты колер штыкоў разам з зялёным травяным покрывам паверхні ўзгорка ствараюць моцны дэкаратыўны эфект. Выявы ордэнаў Айчыннай вайны і Славы нібы замацоўваюць блок штыкоў з кальцом (гэта апраўдана і канструктыўна). 3 унутранага боку змешчаны надпіс «Арміі Савецкай — Арміі-вызваліцельніцы — слава!». У гэтым мануменце відавочна больш складаная інтэграцыя архітэктурных і скульптурных элементаў, зліццё выяўленчай формы з канструктыўнай. Помнік засвойвае дасягненні сучаснай архітэктуры, прынцыпы яе архітэктонікі, своеасаблівых злучэнняў нясучых і нясомых частак, асабліва кансольных вырашэнняў, калі кропка апоры дае пачатак дынамічнай форме, якая нібы ўзлятае ўверх і раскручваецца на многіх восях. Выяўляюцца новыя канструктыўныя і мастацкія асаблівасці дапаможных частак помніка, што спрыяе стварэнню неабходнага мікраасяроддзя вакол яго.
Стварэнне помнікаў гераізму народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны аб’яднала адной мэтай мастакоў розных рэспублік і стала агульнай справай. Пры ўсёй рознасці формаў, непаўторнасці кожнага мемарыяльнага ансамбля можна адзначыць пэўную тэндэнцыю ў складан-
ні стылістыкі мемарыялаў. Часцей за ўсё гэта відавочны пераход ад монацэнтрычных кампазіцый да поліцэнтрычных са складанай прасторавай структурай. Адкрытая, незамкнёная прастора дае магчымасць увайсці наведвальніку на тэрыторыю помніка, успрыняць яго з розных пунктаў, у розных злучэннях яго элементаў. Такое вырашэнне характэрна для мемарыяльнага комплексу Музея савецка-польскай баявой садружнасці ў пасёлку Леніна Магілёўскай вобласці (1968).
Вобразна-пластычная канцэпцыя гэтага комплексу дэманструе развіццё мемарыяла ў кірунку ад прадольна-восевага, монацэнтрычнага, монафункцыянальнага да асіметрычнай кампазіцыі з асаблівай структурай вобразна сфарміраванай ярасторы. Аўтарскі калектыў, у які ўваходзілі архітэктар Я. Белапольскі і скульптар У. Цыгаль (Масква), здолеў захаваць знойдзеныя беларускім архітэктарам В. Волчакам прасторавыя сувязі першай чаргі мемарыяла, надаць яму цэласнасць пры дапамозе галоўнага элемента комплексу — Музея савецка-польскай баявой садружнасці. Мемарыял размешчаны ў жывапісным ландшафце. Музей вырашаны як невысокае цэнтрычнае збудаванне. Купал, які перакрывае будынак, нагадвае салдацкую каску. Перад уваходам устаноўлена стэла. На версе яе — сцяг, дрэўка якога сціскаюць дзве рукі — сімвал савецка-польскай баявой садружнасці. На будынку музея — барэльефныя выявы пяціканцовай зоркі і арла.
У сакавіку 1956 г. было прынята рашэнне Савета Міністраў БССР аб праектаванні помніка героям Брэсцкай крэпасці і аб’яўлены ўсесаюзны конкурс на яго распрацоўку.
У конкурсах 1956, 1959, 1965 гг. удзельнічалі многія беларускія мастакі, скульптары і архітэктары, a таксама шматлікія калектывы архітэктараў, скульптараў і мастакоў з Масквы, Ленінграда, Кіева, Рыгі і
іншых гарадоў краіны. Да ліку лепшых былі аднесены работы двух творчых калектываў пад дэвізамі «Цвярдзей за камень» (архіт. М. Былінкін, А. Макараў, А. Марэніч, Н. Мілавідаў, Г. Саевіч, скульпт. М. Альтшулер — Масква, Баранавічы) і «Бяссмерце» (архіт. Г. Сысоеў, Ю. Грыгор’еў, В. Марокін, Я. Цюкаў, скульпт. А. Бембель, мастак I. Стасевіч — Мінск). Пры ўсёй індывідуальнасці дзвюх праектных прапаноў іх аб’ядноўвала тое, што аўтары не абмежаваліся толькі ўстаноўкай манумента, а высунулі новую канцэпцыю развітой прасторавай кампазіцыі з галоўнымі манументамі і выразным функцыянальным заніраваннем мемарыяльнага комплексу. У праекце «Цвярдзей за камень» галоўны манумент вырашаўся ў выглядзе кантрастнай кампазіцыі, якая ўключала маналітны бетонны куб з тэматычнымі рэльефамі з чатырох бакоў і высокай вертыкалі штыкаабеліска. У месцах гераічных падзей на тэрыторыі крэпасці меркавалася ўстанавіць восем дадатковых помнікаў, якія раскрывалі б канкрэтныя эпізоды 22-дзённай эпапеі абароны Брэсцкай крэпасці.
У праекце «Бяссмерце» акрамя галоўнага манумента (скульптурная група ў выглядзе маналіту, што аб’ядноўвае шматфігурную кампазіцыю), вертыкалі штыка-абеліска прадугледжвалася ўзвядзенне будынка купальнай канструкцыі. Праект уключаў таксама прасторную плошчу для правядзення маніфестацый. Па адным баку плошчы стаялі стэлы з тэматычнымі рэльефамі, якія раскрывалі эпізоды масавага гераізму ў абароне крэпасці.
Конкурс 1965 г. адлюстраваў тэндэнцыю да раскрыцця шматпланавай тэмы мемарыяла сінтэтычнымі сродкамі на аснове лепшых дасягненняў савецкага манументальнага мастацтва папярэдніх гадоў. У наступным, заказным конкурсе, які адбыўся ў канцы 1965 — пачатку
1966 г., прынялі ўдзел аўтары лепшых праектаў папярэдняга туру і былі запрошаны маскоўскія скульптары Я. Вучэціч і А. Кібальнікаў. На гэты раз большасць выкананых праектаў вылучаліся ансамблевым падыходам да вырашэння тэмы. Акрамя галоўнага манумента, які размяшчаўся ў цытадэлі, праектаваліся дадатковыя помнікі, мемарыяльныя знакі. У большасці праектаў развіваліся ідэі, якія былі ўхвалены ў папярэдніх турах, улічваліся прапановы, унесеныя пры абмеркаванні.
Пры адзінстве падыходу да комплекснага вырашэння ўсіх праектаў заказнога конкурсу кожны аўтарскі калектыў дэманстраваў уласную трактоўку ідэі мемарыяла. Група, якую ўзначальваў А. Кібальнікаў (архіт. В. Занковіч, А. Стаховіч), галоўны манумент прадставіла ў выглядзе трохграннага штыка-абеліска і шматфігурнай кампазіцыі, у цэнтры якой выдзялялася фігура воіна — абаронцы крэпасці ў дынамічным руху. Акрамя таго, намячалася збудаванне манумента маці-Радзімы, будынкаў панарамы і памятных знакаў.
Своеасаблівым было вырашэнне будучага мемарыяла ў праекце аўтарскага калектыву на чале з народным мастаком рэспублікі А. Бембелем (архіт. Г. Сысоеў, Ю. Грыгор’еў, Ю. Казакоў, Я. Цюкаў, скульпт. А. Арцімовіч). Падпорная сценка перад руінамі будынка інжынернага ўпраўлення станавілася як бы п’едэсталам для свяшчэнных камянёў, абпаленых агнём вайны. На гэтым фоне развівалася аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя, якая складалася са скульптурнай групы, штыка-абеліска і плошчы Цырыманіялаў. Комплекс дапаўнялі помнікі на месцах, якія захоўваюць памяць аб гераізме савецкіх салдат. Каштоўнасць праекта заключалася ў актыўным скарыстанні гістарычна-дакументальных элементаў у мемарыяльным комплексе.