Гісторыя беларускага мастацтва
Т. 6: 1960-я — сярэдзіна 1980-х гг.
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 375с.
Мінск 1994
люцыйны час і вернасць ёй захаваў да апошніх дзён свайго жыцця. На 60-я гады прыпадае росквіт яго творчасці, шырокая папулярнасць яе як у рэспубліцы, так і за яе межамі.
Работы А. Пупко адлюстроўваюць тыя змены ў характары народнай драўлянай пластыкі, якія адбываліся ў савецкі час. Карэнныя змены ў жыцці народа, станаўленне новага жыцця, гісторыя і фальклор — усё гэта атрымлівае жывы водгук у творчасці разьбяра. Мяняецца і фармальны бок работ, яны памяншаюцца ў памерах, набываюць камерны характар. Знікае паліхромія, асноўная ўвага ўдзяляецца выяўленню натуральнай прыгажосці дрэва, яго пластычных магчымасцей. Разьбяр паступова адмаўляецца ад падрабязнай дэталіроўкі і скрупулёзнай прапрацоўкі паверхні скульптур. Манера разьбы становіцца больш энергічнай і смелай, работы апошніх гадоў адрозніваюцца шырокімі абагульненымі плоскасцямі, рэзкімі светлаценямі, вострым дынамічным сілуэтам.
Любімыя ў творчасці А. Пупко фальклорныя матывы і літаратурныя вобразы вызначаюцца вастрынёй псіхалагічных характарыстык, дынамікай формаў, разнастайнасцю кампазіцыі. Дасціпны, жыццярадасны «Несцерка», пыхлівы «Пан Быкоўскі», самаўпэўнены шкаляр у «Дыспуце», задзірыстая «Лявоніха» сведчаць пра добрае веданне і адчуванне разьбяром багатай культурнай спадчыны народа. Работы вызначаюцца яркай вобразнасцю іх фальклорнай першаасновы, майстэрскім увасабленнем выяўленчымі сродкамі прыёмаў, тыповых для вуснапаэтычнай народнай творчасці.
Творчасць А. Пупко характэрная тым, што ў ёй адчуваюцца прынцыпы стылізацыі, уласцівыя традыцыйнай народнай драўлянай скульптуры. Майстар не імкнецца да скрупулёзнай прапрацоўкі твораў і анатамічнай дакладнасці, а ставіць перад сабой задачы мастацкага і духоўнага харак-
тару: вобразнасць, эмацыянальнасць, тонкі гумар, часам метафарычнасць і гратэск. У гэтым ярка выяўляюцца яго творчыя адносіны да традыцый.
У іншай манеры працуе разьбяр з Мінска В. Альшэўскі, які пачаў прымаць удзел у выстаўках з 1966 г. Хоць разьбой ён пачаў займацца
89. А. Пупко. Мая доля. Лірнік. 1979
ўжо ў сталым узросце, але хутка змог выпрацаваць арыгінальную стылістыку сваіх работ, што дазваляе лёгка адрозніваць іх ад твораў іншых народных і самадзейных разьбяроў.
В. Альшэўскі аддае перавагу анімалістычнай тэматыцы. Ён любіць выразаць фігуркі жывёл: зубраў, мядзведзяў, аленяў, ваўкоў. Нярэдка яны складаюць цэлыя кампазіцыі: бабры грызуць дрэва, алені на адпачынку, сям’я буслаў і інш. Майстар удзяляе вялікую ўвагу прапрацоўцы фактуры, дабіваецца прыгожай паверхні, гладка зашліфоўваючы сляды разца. Яго скулыітуры нібыта не выразаны з дрэва, а вылеплены з нейкага пластычнага матэрыялу.
Арыгінальнасцю почыркаў і самабытнасцю трактоўкі вызначаюцца творы і многіх іншых майстроўразьбяроў, у першую чаргу старэй-
шага пакалення: С. Быка, Д. Сталярова, Л. Шостака, I. Лука, В. Макухі, 1. Астрамовіча, С. Гуткоўскага. Значнае месца ў іх творчасці займае бытавы, анімалістычны, гістарычны жанр, многія звяртаюцца да фальклорнай тэматыкі. У работах разьбяроў малодшага пакалення больш адчувальны ўплыў прафесійнага мастацтва, хоць многія з іх імкнуцца пазбегнуць яўнай пераймальнасці.
60-я гады — чарговы этап у развіцці дыванаткацтва, якое ў папярэдні перыяд было прадстаўлена толькі прадукцыяй Віцебскага дывановага камбіната. Мастацкі напрамак гэтага прадпрыемства заставаўся ранейшы — стварэнне дываноў па матывах беларускага арнаменту. Але кампазіцыя становіцца іншай. Калі на першым этапе дываны будаваліся ў асноўным па тыпу ўсходніх — ярка выяўлены цэнтр з медальёнападобнымі фігурамі і дэталёва распрацаванай каймой, то цяпер поле дывана траціць акрэслены цэнтр і запаўняецца малюнкам больш раўнамерна. Традыцыйная кайма «ламаецца», становіцца вузейшай і менш распрацаванай, часта яе замяняе вузкая палоска.
Вырашаная такім чынам кампазіцыя давала магчымасць больш мэтазгодна выкарыстоўваць дыван як насценны ці на падлогу ў спалучэнні з тагачаснай мэбляй. Яркая, насычаная колеравая гама саступае месца светлай, стрыманай. Усталёўваецца крэмаваты фон, на якім у большасці выпадкаў пераважае залацістая чырвона-бела-чорна-бардовая гама.
Прыкладам можа служыць дыван В. Сенькінай «Беларускі» (1963). Вертыкальныя лініі дзеляць светлакрэмавае поле на шэсць плоскасцей, паверхню якіх займаюць ланцужкі геаметрызаваных разетак чырвонага колеру. Арнаментальная кайма адсутнічае. Кампазіцыя дывана нагадвае балгарскі кілім. Па такому ж
прынцыпу выраблены дыван «Кветкавы»: на крэмавым полі тры вертыкальныя гірлянды белых, бэзавых, аранжавых кветак, паміж якімі размешчаны цёмна-зялёныя з крэмавым галінкі з лістамі. Арнаментальная кайма таксама адсутнічае, яе замяняе вузкая зялёна-карычневая палоска.
Нягледзячы на тое што тэмы, прапанаваныя мастакамі камбіната, часта былі аднолькавымі і прынцыпы кампазіцыі супадалі, вырашалі яны свае задачы кожны па-свойму. Так, А. Саленікава, распрацоўваючы кампазіцыю дывана па матывах беларускага арнаменту, дзе ўвесь цэнтр займаюць геаметрызаваныя кветкіразеткі і ромбы, так размяркоўвае фігуры, што малюнак глядзіцца свабодна і лёгка.
Трэба адзначыць, што масавы пакупнік, на якога была разлічана прадукцыя камбіната, ужо меў свой стэрэатыпны вобраз ворсавага дывана. Прыкладам для яго заставаліся ўсходнія і каўказскія вырабы з яркім, насычаным каларытам і густым, складаным іМалюнкам па ўсяму полю. У такім жа стылі ткаліся дываны з беларускай тэматыкай. Часам мастакі цалкам паўтаралі колеравую гаму і арнаментальную структуру класічных усходніх і каўказскіх дываноў. Спробы вырашэння дывана пановаму, са спрошчаным малюнкам і новай кампазіцыяй далёка не заўсёды ўспрымаліся спажыўцамі прыхільна. Тым не менш мастакі імкнуліся распрацоўваць новую стылістыку, якая была б сугучнай новаму часу і засноўвалася на традыцыях нацыянальнай культуры.
Колеравая гама і арнаментальны строй беларускіх народных посцілак адчуваюцца ў дыване Г. Саленікавай «Беларускі» (1963). Па чырвоным фоне рытмічна размясціліся геаметрызаваныя чорна-бэзавыя элементы арнаменту. Кайма дапаўняе і завяршае кампазіцыю.
Т. Гусева ў пачатку сваёй творчасці аднолькавую ўвагу надавала і
цэнтру, і кайме. Яе дыван «Беларускі» (1959) нагадвае класічны каўказскі, але з беларускім арнаментам па матывах слуцкіх паясоў. Пазней тую ж тэму Т. Гусева інтэрпрэтуе болып вольна: на свабоднай паверхні, разбітай сеткай са стылізаваных кветачак і лісцікаў, размешчаны буйныя галоўкі дэкаратыўных кветак.
3. Луданэ свае работы выконвае пераважна па матывах беларускага і латышскага народных арнаментаў. Дываны вызначаюцца стрыманай дакладнай падачай матэрыялу, разрозненымі буйнымі формамі, якія скампанаваны ў адзіную кампазіцыю. Калі ў «Беларускім» (1960) мы бачым характэрную схему пабудовы класічнага дывана з матывамі слуцкіх паясоў, то ў наступнай рабоце («Беларускі», 1962) кампазіцыя ствараецца са строгага бела-аранжавага геаметрычнага малюнка, які пакрывае ўсё поле шэраватага колеру. Матывы і кампазіцыя ідуць ужо ад беларускіх посцілак. Гэтак жа будуе 3. Луданэ і дыван «Латышскі» (1963), дзе выкарыстоўвае элементы латышскага арнаменту.
У адрозненне ад традыцыйных народных дываноў і посцілак з рэдкімі для іх антрапаморфнымі матывамі ў прамысловым дыванаткацтве, у тым ліку і ў работах віцебскіх дываноўшчыкаў, сталі з’яўляцца стылізаваныя мужчынскія і жаночыя фігуркі. Цікавыя ў гэтым плане работы У. Федаровіча і I. Шурупава. Дыван «Свята ўраджаю» (1962) У. Федаровіч будуе, выкарыстаўшы свабодную кампазіцыю: па крэмаваму полю дывана гарызантальна размешчаны стылізаваныя жаночыя фігуркі ў нацыянальным беларускім адзенні. Паміж імі — стылізаваныя букеты з кветак, лістоў, каласкоў.
Разгледжаныя работы перыяду 60-х гадоў сведчаць пра тое, што на Віцебскім дывановым камбінаце склаўся цікавы творчы калектыў мастакоў, якія стварылі шэраг новых кампазіцый, удала выкарысталі на-
цыянальныя асаблівасці беларускага ворсавага дывана.
У 1960 г. пачаў працаваць Брэсцкі дывановы камбінат. У гэты час ужо кампазіцыйна склаўся тып беларускага ворсавага дывана, распрацаваны віцебскімі мастакамі. Яго традыцыі былі прадоўжаны і ў Брэсце, у чым значную ролю адыгралі работы В. Сенькінай, якая пераехала сюды з Віцебска. Мастачка выконвала дываны той жа кампазіцыі, што і на Віцебскім дывановым камбінаце: з трыма вялікімі дэкаратыўна размежаванымі арнаментальнымі палоскамі па полі і вузкай каймой, рытмічна размешчанымі элементамі без акрэсленага цэнтра.
Пераважна ў беларускай тэматыцы працуе У. Гусеў. Яго работам уласціва строгасць кампазіцыі з раўнамерным запаўненнем паверхні. Найбольш цікавым з’яўляецца дыван «Народны матыў», пабудаваны на элементах беларускага нацыянальнага арнаменту: праз усю паверхню светлага поля паралельна праходзіць геаметрызаваны ўзор.
Даволі рознабаковая творчасць А. Мазуркевіча. Ён аўтар многіх «беларускіх» дываноў з выкарыстаннем геаметрычнага арнаменту: «Свята», «Арнаментальны» і інш. Працуе ён і над тэматыкай па матывах мастацтва народаў СССР.
Выклікаюць цікавасць работы Т. Сцепанюк. Галоўнае месца ў яе творчасці належыць беларускай тэме, якую яна трактуе своеасабліва, уводзячы новыя сучасныя элементы, распрацоўваючы традыцыйныя. У яе кампазіцыях часта прысутнічаюць фігуркі людзей, калоссе, палявыя кветкі і інш.
А. Гаўрыленка і М. Сцяблянка працуюць як у беларускай тэматыцы, так і па матывах выяўленчай творчасці ўкраінцаў, малдаван, балгар. У сваіх работах яны перадаюць квецень садоў і лугоў, каларыт народнага мастацтва суседніх народаў. М. Сцяблянка працуе на Брэсцкім
дывановым камбінаце з 1965 г. На яго творчасці адбіўся ўвесь працэс станаўлення сучаснага ворсавага беларускага дывана. За гэты перыяд ім выканана шмат «беларускіх», «азербайджанскіх», «украінскіх» і іншых дываноў.
Работы мастакоў Віцебскага і Брэсцкага дывановых камбінатаў сведчаць пра ўзаемаўзбагачэнне нацыянальных культур. Пастаяннае вывучэнне народнай творчасці беларусаў, паездкі па краіне, творчыя сустрэчы з мастакамі-дываноўшчыкамі Расіі, Украіны, Малдовы, Прыбалтыкі, Сярэдняй Азіі і інш., творчыя дыскусіі пра сучасны стан і месца дывана ў інтэр’еры аказваюць дабратворны ўплыў як па работы беларускіх майстроў, так і мастакоў з іншых рэспублік.