Гісторыя беларускага мастацтва
Т. 6: 1960-я — сярэдзіна 1980-х гг.
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 375с.
Мінск 1994
У 1964 г. упершыню ў рэспубліцы пры Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце была адкрыта кафедра афармлення мастацкіх тканін. Праз некалькі гадоў на мастацкіх выстаўках, у афармленні грамадскіх інтэр’ераў з’явіліся цікавыя работы вынускнікоў. Паспяховаму развіццю мастацкага ткацтва садзейнічаў таксама адкрыты ў пачатку 70-х гадоў у Барысаве габеленавы цэх на базе камбіната прыкладнога мастацтва Мастацкага фонду БССР.
Работай, якая папярэднічала з’яўленню беларускага габелена манументальнага гучання, што адыграў вялікую ролю ў афармленні інтэр’ера, была дэкаратыўная карта Беларусі для ўваходнай залы БССР на міжнародным кірмашы ў Лейпцыгу (1967) А. Кішчанкі і А. Бельцюковай. У цэнтры кампазіцыі — геаграфічная карта Беларусі. 3 двух бакоў яе абрамляюць вялікія дэкаратыўныя пано з элементамі флоры і фауны рэспублікі: блакітныя акенцы азёр, зеляніна лясоў, карункавыя лісточкі папараці, птушкі, рыбы. Над усім гэтым вылучаюцца белыя абрысы буслоў. Выкарыстаная тэхніка
тамбурнай вышыўкі па суравому палатну шаўковымі і баваўнянымі ніткамі дала прасветы на фоне, што стварыла эфект выяўлення фактуры. Срабрыста-зялёна-карычневая колеравая гама «карты» ўражвае сваёй паэтычнасцю і гарманічнасцю.
У пачатку станаўлення савецкага габелена мастакі, у тым ліку і беларускія, асвойвалі новую пластычную мову, актыўна выкарыстоўваючы сродкі і прыёмы жывапісу, з якім габелен быў звязаны на працягу стагоддзяў. Наступным этапам у яго развіцці было захапленне фактурай і пластычнымі эфектамі тканай паверхні. Мастакі шмат эксперыментавалі: фарбавалі ніткі старым хатнім спосабам, рабілі фарбу з лісця, кары, карэння і інш., прымянялі новыя матэрыялы — лён, сінтэтычнае валакно, люрэкс. Уводзілася больш свабодная сістэма перапляцення, якая раскрывае і аснову, і саму структуру тканіны. Узбагацілася тэхналогія і за кошт новых тэхнік, у тым ліку вязання, пляцення і інш. Імкненне дапасаваць структуру тканіны да інтэр’ера з’явілася рашаючым — габелен стаў успрымацца не толькі як частка сцяны. У ходзе далейшых эксперыментаў ён ператварыўся ў «тэкстыльную структуру», стаў падпарадкоўвацца законам не толькі ткацтва і жывапісу, але і пластыкі, якая абапіраецца на новае ўспрыняцце прасторы, часу і ўнутранай структуры прадмета. Габелен вярнуў страчаную ў XIX ст. ідэйную і манументальную сутнасць, якую меў у XVII — XVIII стст. За адносна кароткі TapMin з’явіліся цікавыя работы, якія дазваляюць гаварыць аб стварэнні ў Беларусі манументальнага габелена грамадзянскага гучання.
Вялікім эмацыянальным зместам напоўнена работа Л. Сіваковай «Салдаты рэвалюцыі» (1969). Постаці чырвонаармейцаў у будзёнаўках выразна вырысоўваюцца на светлым фоне. Чырвоным колерам падкрэсліваецца агульная тэма кампазіцыі -
рэвалюцыйны пафас салдат рэвалюцыі. Трэба адзначыць, што Л. Сівакова, А. Бельцюкова і іншыя майстры габелена самі выконвалі свае работы на кроснах, і гэта дазваляла ім карэкціраваць працэс стварэння. Засвоіўшы ткацкую спадчыну мінулых эпох, яны спалучалі яе з уласнымі знаходкамі ў матэрыяле, фактуры, каларыце. Аднак у цэлым для беларускага габелена не ўласціва захапленне толькі пластычнымі формаўтварэннямі, што было характэрна для некаторых школ заходнееўрапейскага габелена, РСФСР, Прыбалтыкі.
Адраджэнне сучаснага беларускага габелена звязана перш за ўсё з работамі А. Кішчанкі. Ён вядомы як шматпланавы мастак, які працуе ў галіне станковай тэматычнай карціны, партрэта, манументальнага мастацтва. Магчымасці габелена прывабілі яго як манументаліста. А. Кішчанка выступае паслядоўнікам рэфарматара габелена геніяльнага французскага мастака Жана Люрса. Пачаўшы распрацоўваць першыя габелены, А. Кішчанка арыентаваўся на іх размяшчэнне ў канкрэтным архітэктурным асяроддзі. Ён лічыць, што габелен павінен мець ярка выяўлены манументальны характар. Для вырашэння гэтай задачы мастак выкарыстаў і працягвае выкарыстоўваць багаты арсенал дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, гарманічна вылучаючы ў сваіх кампазіцыях чалавека-творцу. Ён прымяняе і сродкі «прасторавага манументальнага жывапісу», ад якога бярэ прасторавую ўмоўнасць — перабіўку планаў, рознамаштабнасць у падачы розначасовых з’яў, шматлікія перспектыўныя скарачэнні.
У 1970—1971 гг. разам з мастакамі-прыкладнікамі А. Бельцюковай і Г. Гаркуновым А. Кішчанка стварыў першы габелен — «Чалавек, які пазнае свет», з якога і пачынаецца сучасны беларускі габелен. Твор увабраў у сябе ўсе адметныя рысы новага напрамку. Аўтары палічылі, што
ён павінен быць не толькі тэматычным, несці сэнсавую нагрузку, але і арганічна спалучацца з прасторавым асяроддзем, актыўна ўдзельнічаць у арганізацыі інтэр’ера. Сюжэт габелена, прызначанага для «пакоя ціхіх гульняў» мінскай гасцініцы «Турыст», адпавядае прызначэнню памяшкання, яго колеравая гама гарманіруе са сценамі, столлю, свяцільнямі, дэкаратыўнай металічнай рашоткай і іншымі элементамі. У цэнтры кампазіцыі — сілуэтная постаць юнака з раскрытай кнігай у правай руцэ. Дэталі апушчаны, увага скіравана на галоўнае — чалавек-мысліцель імкнецца пранікнуць у свет невядомага.
Афармленне «пакоя ціхіх гульняў» можна лічыць удалым прыкладам сінтэзу архітэктуры і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Габелен дамінуе ў пакоі, напаўняючы сваім зместам усю прастору. Гэта ўжо не карціна ў раме, не дэкаратыўная пляма на сцяне, а актыўны элемент інтэр’ера.
Прадстаўнічай дэманстрацыяй беларускага габелена з’явілася выстаўка 1968 г. на ВДНГ у Маскве (пазней паўтораная ў Мінску). На ёй дэманстраваліся «Дэкаратыўная карта Беларусі» А. Бельцюковай і А. Кішчанкі, габелены «Скалярыі» А. Бельцюковай, «Салдаты рэвалюцыі» і «Хай заўжды будзе сонца» Л. Сіваковай, «Сувеніры» і «Дудар» Ю. і В. Гапакоў, «Птушкі» У. Федаровіча і інш. Частка работ насіла станковы характар, але большасць прызначалася для інтэр’ера, іх утылітарнае прызначэнне супадала з мастацкім.
Пэўныя змены заўважаюцца і ў характары ручнога ўзорыстага ткацтва, якое па-ранейшаму бытавала ў многіх вёсках Беларусі, хоць і не ў такіх маштабах, як у даваенныя і першыя пасляваенныя гады. Вырабы майстрых набываюць большую непаўторнасць вобразнага ладу і арнаментыкі, гучнасць колеравай паліт-
ры, у іх часта выкарыстоўваюцца элементы вышыўкі. У пошуках новых арнаментальных матываў майстры нярэдка звяртаюцца да фальклорных і бытавых сюжэтаў, уводзяць у кампазіцыі стылізаваныя малюнкі жывёл, птушак, раслін. Побач з традыцыйнымі матэрыяламі (лён, воўна) шырока прымяняюцца і новыя (шоўкавыя і капронавыя ніткі, салома, чарот і інш.), што ўзбагачае каларыстыку, дазваляе атрымліваць надзвычайны дэкаратыўны эфект.
Мажорны, жыццярадасны лад уласцівы ўзорыстаму ткацтву Гродзеншчыны. Кампазіцыя посцілак і дываноў складаецца з папярочных палос, дзе спалучаюцца геаметрычны і раслінны арнамент. Ткуць на Гродзеншчыне і дываны «ў вясёлкі» з рознакаляровых безузорных палос. Для вырабаў Гомельшчыны характэрны буйныя геаметрычныя і стылізаваныя раслінныя формы, вакол якіх кампануюцца меншыя элементы. Кампазіцыя нагадвае буйную сетку, у якой размяшчаюцца шматпялёсткавыя разеткі, зоркі з дробнымі элементамі і інш. Каларыстычная гама яркая, насычаная, некаторыя творы нагадваюць вітражы. У дыванах і дэкаратыўных посцілках Мінскай і Магілёўскай абласцей спалучаюцца і геаметрычныя, і раслінныя матывы. Найбольш прыкметнымі асяродкамі ўзорыстага ткацтва застаюцца Слуцкі, Старадарожскі, Капыльскі раёны Мінскай вобласці. Мясцовыя майстрыхі аддаюць перавагу традыцыйнаму ўзору «вазоны». Кампазіцыя бывае рознай: аднолькавыя вазоны раўнамерна запаўняюць усё поле, акаймоўваюць цэнтр, затканы асобнымі кветкамі, і інш. Дываны Віцебскай вобласці больш стрыманыя, часцей двухкаляровыя: чорны з чырвоным, малінавым, белым. Часцей за ўсё ўжываюцца геаметрычныя формы малюнка — «у краты», пераплеценыя кругі з квадратамі ў сярэдзіне, шматпялёсткавыя разеткі, квадраты і г. д. Разнастайнасць кам-
пазіцыі дасягаецца ўзбуйненнем або змяшчэннем асобных матываў, рознымі перапляценнямі нітак пры захаванні адзінага кампазіцыйнага ладу, агульнага для тканін розных раёнаў.
Значная частка ткачых працуе на мясцовых фабрыках мастацкіх вырабаў — непасрэдна ў цэхах ці дома. Цэлыя вёскі аб’яднаны ў ткацкія брыгады пры Слуцкай, Слонімскай, Гродзенскай, Пінскай, Гомельскай і іншых фабрыках, дзе ткуць па мясцовых матывах дэкаратыўныя посцілкі, ручнікі, сурвэткі, якія скарыстоўваюцца ў сучасным інтэр’еры, а таксама як арыгінальныя сувеніры. Шырокую папулярнасць у 60-я гады набылі вырабы (перш за ўсё дэкаратыўныя ручнікі) майстрых з вёсак Неглюбка пад Гомелем, Моталь на Брэстчыне і інш.
Неглюбскія ручнікі 60-х гадоў адрозніваюцца ад ранейшых перш за ўсё сваёй дэкаратыўнасцю, паліхромнасцю, пышнасцю арнаменту. Захоўваючы традыцыйныя прыёмы ткацтва і некаторыя ўзоры («крывулі», «мядзведзь на жалудах», «павукі», «кучараўкі», «казлы» і інш.), ткачыхі павялічылі даўжыню ўзорыстага поля па канцах ручніка да 100— 120 см, узбуйнілі элементы арнаменту. Узор гарызантальных арнаментальных палос стварае кампазіцыйна маналітны арнамент. Шчыльна затканыя канцы з трох бакоў абшываюцца кароценькімі мохрыкамі, часам упрыгожваюцца вязанымі карункамі. Колеравая гама насычаная, сакавітая. Асабліва прыгожыя ручнікі, сатканыя з цёмна-чырвоных, белых і чорных нітак. Такія вырабы неглюбскіх майстрых Т. Дзеранок, Е. Суглоб, Г. Грыньковай, М. Каўтуновай і іншых неаднойчы прадстаўляліся на выстаўках у нашай краіне, а таксама ў ЗША, Японіі, Бельгіі, Францыі, Канадзе і інш.
Зазналі змены і мотальскія ручнікі. Яны сталі даўжэйшыя і шырэйшыя; акрамя традыцыйных чырвонага з чорным уводзяцца і новыя коле-
ры — сіні, зялёны, жоўты. Калі раней аснова і ўток былі толькі льняныя, то цяпер шырока ўжываюцца баваўняныя ніткі, мулінэ, ірыс. Традыцыйныя карункі, якія плялі іголкай з нітак асновы ўручную, сталі вязаць кручком. Кампазіцыя ручнікоў застаецца традыцыйнай: у адных па аснове праходзяць 2—3 каляровыя палоскі («коскі»), у другіх — па ўтку шмат каляровых арнаментаваных палосак («затканыя беражкамі»), якія перасякаюцца з палоскамі асновы, утвараючы клетку. Па канцах — арнамент з характэрных элементаў («зубы», «кветкі», «сякач», «жучкі»). Работы лепшых ткачых Моталя — В. Лукашэвіч, I. Новік, Г. Шыкалай, М. Дземідовіч дэманстраваліся на рэспубліканскіх і ўсесаюзных выстаўках, у Фінляндыі, Францыі, Турцыі, Польшчы, Італіі.