Гісторыя беларускага мастацтва
Т. 6: 1960-я — сярэдзіна 1980-х гг.
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 375с.
Мінск 1994
Канец 70-х — пачатак 80-х гадоў — перыяд плённага развіцця беларускай кніжнай ілюстрацыі. Значна павялічыліся колькасць ілюстраваных выданняў, іх тыражы. На пачатку 80-х гадоў у рэспубліцы з поспехам працавалі 11 кніжна-часопісных выдавецтваў. Вядучае месца ў кнігавыдавецкай дзейнасці Беларусі займаюць арыгінальныя мастацкія творы, выпуск якіх ажыццяўляе адно з буйнейшых выдавецтваў — «Мастацкая літаратура». Штогод у рэспубліцы выходзіць у свет больш за 300 назваў раманаў, аповесцей, зборнікаў апавяданняў і вершаў, публіцыстычных твораў агульным тыражом каля 20 мільёнаў экземпляраў. Значная колькасць выданняў ілюструецца.
Вялікую ролю ў развіцці мастацтва кнігі, у паляпшэнні паліграфічнай базы рэспублікі адыграла стварэнне ў 1981 г. спецыялізаванага дзіцячага выдавецтва «Юнацтва». Галоўнай мэтай яго з’явіўся дыферэнцыраваны падыход да выдання кніг для ўсіх узроставых катэгорый чыта-
чоў, паляпшэнне іх літаратурных і мастацка-графічных якасцей.
Творчы цэх беларускіх мастакоў кнігі папоўніўся за апошні час новымі цікавымі імёнамі. Болыпасць з тых, хто пачаў самастойную працу ў канцы 70-х — пачатку 80-х гадоў,— выхаванцы Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута.
Пошукі нацыянальна-своеасаблівай, сучаснай па форме вобразнапластычнай мовы кніжнай ілюстрацыі сталі галоўнымі ў творчасці ўсіх пакаленняў мастакоў кнігі. Сёння ў кніжнай графіцы рэспублікі побач з прызнанымі майстрамі — А. Кашкурэвічам, Г. Паплаўскім, В. ПІаранговічам, А. Лось, У. і М. Басалыгамі, А. Дэмарыным працуюць маладыя: У. Савіч, В. Александровіч, В. Славук, Ю. Герасіменка-Жызнеўскі, В. Лукашык, М. Казлоў, А. Лапіцкая, Я. Зельская і інш. Плённа развіваецца творчасць Л. Асецкага, П. Драчова, Ю. Зайцава, У. Пашчасцева, Н. Паплаўскай, Я. Куліка, А. Шэверава, С. Волкава і многіх іншых мастакоў сучаснай беларускай кнігі. Іх сумеснымі намаганнямі беларуская кніжная ілюстрацыя апошняга дзесяцігоддзя набыла большую глыбіню і выразнасць. Актыўна фарміруецца індывідуальны почырк мастакоў, значна ўзрос іх прафесіяналізм. Важнай заваёвай гэтага часу стала агульнае павышэнне мастацкага ўзроўню кнігі, пошук больш ёмістых сродкаў выразнасці.
Усё гэта пераканаўча пацвердзіў шэраг мастацкіх выставак канца 70— 80-х гадоў, сярод якіх былі і спецыялізаваныя выстаўкі кніжнай графікі. Добрай традыцыяй сталі міжрэспубліканскія конкурсы Беларусі і Прыбалтыйскіх рэспублік на лепшыя па мастацкім афармленні і паліграфічным выкананні выданні. На іх штогод прадстаўляюцца кнігі, якія атрымліваюць высокія ўзнагароды рэспубліканскіх конкурсаў «Мастацтва кнігі». Беларуская ілюстрацыя набыла значны аўтарытэт і на ўсесаюзных
163. М. Басалыга. Ілюстрацыя да п'есы А. Вярцінскага «Гефест — сябра Праметэя». 1982
і міжнародных выстаўках, аглядах і конкурсах, дзе неаднойчы адзначаліся яе дасягненні.
Асноўным у творчасці сучасных беларускіх графікаў стала далейшае ўмацаванне спецыфікі кніжнай ілюстрацыі, разуменне яе як мастацтва сінтэтычнага. Сучасная беларуская кніга ў асноўным вызвалілася ад прамалінейнасці, ілюстрацыйнасці, знешняга дэкаратывізму ранейшых гадоў. Паглыбіўся і ўскладніўся вобразна-пластычны строй кніжнай ілюстрацыі, змяніліся адносіны мастака да літаратурнага твора. Беларускія ілюстратары свабодна імправізуюць, карыстаюцца мовай асацыяцый, сімвалаў і метафар, часцей, чым у папярэднія гады, выкарыстоўваюць складаныя графічныя тэхнікі. Асаблі-
ва відавочныя змены адбыліся ў дзіцячай ілюстрацыі. Акварэль і аловак, тэмпера і гуаш, малюнак пяром, аплікацыя і афорт, лінагравюра і літаграфія — усё гэта з поспехам ужываецца на старонках літаратуры для маленькіх.
У той жа час нельга не адзначыць пэўную пераемнасць у развіцці сучаснай беларускай кніжнай ілюстрацыі. У канцы 70-х — пачатку 80-х гадоў працягвае развівацца тэндэнцыя «кніжнага дызайну», якая характарызуецца павышанай увагай да канструявання выдання, да цэласнасці ўсіх элементаў яго мастацкай аздобы. Сфарміраваўшыся яшчэ ў папярэдняе дзесяцігоддзе, яна дала плённыя вынікі. Разам з тым адметна выявілася і тэндэнцыя да так званага «раскніжвання» ілюстрацый. Значныя змены эстэтычных крытэрыяў прывялі да таго, што ілюстрацыя атрымала адносную самастойнасць у кнізе. Мастакі гэтага напрамку свядома набліжаюць свае творы да станковых формаў мастацтва. Далёка не заўсёды тэкст і выява звязаны паміж сабой, часцей за ўсё літаратурны твор з’яўляецца толькі падставай для свабоднай імправізацыі мастака.
Яскравы прыклад — творчасць аднаго з вядучых беларускіх мастакоў кнігі А. Кашкурэвіча. Канец 70-х — 80-я гады — час яго творчай сталасці — былі напоўнены напружанай і складанай працай. Кожная новая графічная серыя мастака з’яўлялася значнай падзеяй у культурным жыцці рэспублікі, аказвала ўплыў на развіццё мастацтва кнігі.
Адно з цікавейшых дасягненняў апошніх гадоў — ілюстрацыі да бессмяротнай трагедыі Гётэ «Фаўст». У беларускага майстра было шмат славутых папярэднікаў — твор Гётэ, як вядома, ілюстраваўся неаднойчы,але А. Кашкурэвіч у дадзеным выпадку таленавіта прадэманстраваў уласнае прачытанне вялікага твора. Сулервокладка і шэсць трыпціхаў майстра ствараюць цэласную графіч-
ную сюіту, кожная частка якой можа існаваць самастойна. Нездарма выдавецтва «Беларусь» выдала ўсе ілюстрацыі асобным факсімільным альбомам.
Мастак-філосаф, мастак-публіцыст, А. Кашкурэвіч паказвае ў графічных аркушах асабістае бачанне гётэўскіх ідэй. Глыбокія разважанні аб лёсе чалавека ў свеце, дабры і зле, святле і цемры цесна звязаны ў мастака з праблемамі нашага часу. Справа, вядома, не ў знешніх прыкметах часу, не ў тым, што ў развароце на тэму «Ночы Вальпургіі» шабаш ведзьмакоў паказаны як оргія ашалелых істот на фоне аўтамабільнай звалкі, дзе знайсці можна ўсё — і пустыя бутэлькі, і нават зброю. Сучаснасць гэтых твораў — у абвостраных канфліктах, аголеных сутыкненнях антыподаў, у напружаных рытмах, якія ствараюць аснову кожнага графічнага аркуша.
Своеасаблівым працягам тэмы барацьбы Дабра і Зла стала для мастака праца над кнігай А. Адамовіча «Карнікі» (1985). I тут ілюстрацыі існуюць гранічна самастойна — яны нават аб’яднаны ў асобны блок, які папярэднічае тэксту. Мастак зноў дэманструе свой яркі публіцыстычны дар, ён паслядоўна вядзе ўласнае даследаванне прыроды зла, дае пазачасавае філасофскае абагульненне гэтай з’явы. Выяўленчы рад выходзіць далёка за рамкі фабулы. У ілюстрацыях побач існуюць Нерон і Бісмарк, Напалеон і кат Хатыні Дзірлівангер. Пластычнымі сродкамі, выкарыстоўваючы дынамічныя кампазіцыйныя пабудовы, напружаныя танальныя кантрасты, спалучэнні нервовага перарывістага штрыха і суцэльных цёмных залівак, асэнсоўвае мастак складаныя з’явы сучаснага свету. Арганічна ўваходзяць у графічныя аркушы шматлікія сімвалы, глыбокія метафары і алегорыі: уражваюць чытача і нечаканая маленькая малпа на плячы злачынцы, і дзіця, забітае раней, чым народжанае.
164. В. Шаранговіч. Ілннтрніряя да паэмы Я. Купалы «Курган».
1978
Вострым пачуццём сучаснасці пранізаны і цыкл ілюстрацый А. Кашкурэвіча да аповесці Ч. Айтматава «Буранны паўстанак» (1987). Тут адбылося пэўнае супадзенне светаўспрыманняў пісьменніка і мастака. Усхваляваныя разважанні аб адказнасці памяці, аб лёсе роднай зямлі, усведамленне сваіх каранёў атрымалі адпаведнае адлюстраванне ў экспрэсіўных, гранічна эмацыянальных графічных творах мастака.
Яркія ўзоры так званай асацыятыўнай ілюстрацыі спалучаюцца ў творчасці А. Кашкурэвіча з ілюстрацыямі апавядальнымі. Прыклад таму — малюнкі да аповесці П. Броўкі «Донька-Даніэль» (1982). Выкананыя сепіяй, яны знаходзяцца ў pecHaft сувязі з тэкстам. Невялікія апавяданні пра «маленькага» чалавека, на лёс якога выпалі вялікія гістарычныя падзеі, натхнілі мастака на
стварэнне надзіва цэльных і запамінальных твораў. Нібы ўмелы рэжысёр, будуе А. Кашкурэвіч ілюстрацыйны рад кнігі. Чаргаванне паласных і паўпаласных ілюстрацый надае твору пэўны напружаны рытм. Драматычныя, нават трагічныя эпізоды змяняюцца лірычнымі матывамі. Бясспрэчная ўдача мастака — вобраз галоўнага героя, чалавека наіўнага і бясконца мудрага. Яго старанна распрацаваны, псіхалагічна дакладны партрэт не можа не выклікаць глыбокіх сімпатый чытача.
Пэўную самастойнасць ілюстрацыі ў сістэме мастацкага аздаблення кнігі можна заўважыць і ў творчасці другога беларускага мастака-графіка — В. Шаранговіча. Адна з любімых тэм мастака — купалаўская паэзія, да якой ён часта звяртаецца. У выніку з’явіліся ілюстрацыі да купалаўскіх «Паэм» (1978), «Адвечнай песні» (1981), якія можна лічыць ці не найбольш удалым прыкладам сучаснай інтэрпрэтацыі нацыянальнай класікі ў беларускай графіцы.
Цікава прасачыць, як змянялася вобразна-пластычная выяўленчая мова мастака. Простая, лаканічная, нават лапідарная ў дыпломнай рабоце, яна паступава набывала псіхалагічную глыбіню, вастрыню характарыстык, фармальна-пластычнае багацце. Ілюстрацыі В. Шаранговіча, як правіла, пабудаваны на паказе барацьбы процілеглых, здавалася б, зусім не сумяшчальных сіл. Велічныя, магутныя ў сваёй маральнай і фізічнай моцы, купалаўскія персанажы ў адлюстраванні мастака нібы вырастаюць з роднай зямлі, з’яўляюцца яе арганічнай і неад’емнай часткай. Дакладна выяўленая, амаль скульптурная форма надае ім урачыстую эпічнасць. Але ў той жа час В. Шаранговіч імкнецца да адкрытага паказу эмоцый, іх высокай трагедыйнай напружанасці. Гэта супярэчнасць паміж эпічным і эмацыянальным і надае вобразам тую вастрыню, якая прываблівае нас у творах В. Шаранговіча.
165. В. Шаранговіч. Ілюстрацыя д(і паэмы А. Міцкевіча «Пан, Тадэвуій». 1985
Ілюстрацыі, размешчаныя на асобных аркушах, часта маюць падкрэслена станковы характар. Іх лёгка ўявіць у выглядзе жывапіснага палатна ці насценнага роспісу, што, аднак, не перашкаджае іх арганічнаму існаванню ў кнізе. Вельмі складанай была для мастака праца над ілюстрацыямі да «Маніфеста камуністычнай партыі» К. Маркса і Ф. Энгельса (1982). Асноўным матывам яго графічных работ стала тэма класавай барацьбы пралетарыята. Выкананыя ў характэрнай для мастака манументальна-эпічнай манеры, літаграфіі вылучаюцца рэвалюцыйным пафасам, сугучным літаратурнаму твору.
Па-новаму, незвычайна праілюстраваў В. Шаранговіч паэму А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш» (1985). Ва ўсе