Гісторыя беларускага мастацтва
Т. 6: 1960-я — сярэдзіна 1980-х гг.
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 375с.
Мінск 1994
С. 136-139.
глядным прыкладам плакатнай кампазіцыі, сімвалічны лад якой выяўляе манументалізацыю тэмы, служаць аркушы «Будзь варты бацькоў!» (1973) В. Філімонава, «Назаўсёды ў памяці народа» (1978) У. Крукоўскага, «Мір» (1980) Т. Ігнаценкі, «Слава савецкім воінам — вызваліцелям Беларусі!» (1984) М. Ганчарова і В. Рагалевіча.
На рубяжы 70—80-х гадоў у беларускім плакаце назіраецца цяга да псіхалагізацыі вобраза. З’яўляюцца востраэкспрэсіўныя плакаты У. Жука, лірычныя — М. Стомы, плакатыпартрэты У. Крукоўскага, вырашаныя ў інтымна-лірычным ключы аркушы Л. Кальмаевай, настраёвыя работы С. Саркісава. Узмацняецца працэс станкавізацыі плаката. Набліжэнне да станковага мастацтва адбываецца на ўзроўні вобразных структур, што прывяло да «пацяплення» плакатнай мовы, узбагачэння кампазіцыйнага ладу, наблізіла плакат да гледача. Важным вынікам адзначаных працэсаў стала праяўленне дыялагічнай здольнасці плаката ў процілегласць прывычнай традыцыйнай маналагічнасці.
У названы перыяд у беларускім мастацтве сфарміраваўся новы тып плаката — аўтарскі плакат. Сутнасць гэтай з’явы ў тым, што акрамя друкаваных аркушаў узрастае колькасць работ, якія ствараюцца мастакамі па ўласнай ініцыятыве, а не па заказу выдавецтва. Такі плакат існуе толькі ў арыгінале і прызначаны для экспанавання на мастацкіх выстаўках. Акрамя таго, ён знаходзіць выхад да масавай аўдыторыі ў выглядзё рэпрадукцый у перыядычным друку (свайго роду тыражаванне). Шырокае распаўсюджанне аўтарскага плаката звязана ў першую чаргу з павышэннем творчага патэнцыялу прафесіі, але мае і чыста тэхнічныя прычыны — імкненне мастакоў да эксперыментаў і іх жаданне ўвасобіць тэму ў мастацкі вобраз значна апярэджвала магчымасці паліграфіі.
Так пачалося размяжоўванне плаката на аўтарскі і выдавецкі.
На жаль, застойныя з’явы ў эканоміцы, сацыяльнай і культурнай сферах нашага жыцця пэўным чынам адбіліся і на развіцці мастацтва, у прыватнасці плаката. Ён зрабіўся занадта абагульненым, а таму пачаў траціць агітацыйную сілу. Гэта негатыўная тэндэнцыя, якая акрэслілася ў пачатку 80-х гадоў, ператварыласяў своеасаблівую «хваробу» плаката. Вострыя аўтарскія творы, якія ствараліся мастакамі, «не ўпісваліся» ў абмежаваныя рамкі выдавецкай прадукцыі, не заўсёды траплялі і на мастацкую выстаўку. Яны гадамі захоўваліся ў майстэрнях, трацілі навізну і актуальнасць.
Што датычыцца ўнутранай эвалюцыі беларускага плаката на рубяжы 70—80-х гадоў, то ў метафарызацыі плаката, авалоданні выяўленчымі сімваламі намецілася фарміраванне нейкага стэрэатыпу. Узнікла цэлая сістэма кодавых рашэнняў, якія вар’іраваліся з твора ў твор. Гэта выяўлялася не толькі ў наборы пэўных схем і метафар, але і ў шматразовым карыстанні правераным плакатным ходам. У выніку з’явіліся метафарычныя клішэ — стэрэатып на ўзроўні вобразных структур, што вяло да своеасаблівага дэфіцыту вобразнасці. Названыя адмоўныя з’явы на нейкі час затрымалі развіццё плаката, але ўсё ж не спынілі фарміравання ў ім агульных станоўчых тэндэнцый.
У 80-я гады калектыў беларускіх плакатыстаў папаўняецца. У яго прыходзяць Ю. Дзееў, С. Войчанка, У. Цеслер, Д. Сурскі, Т. Гардашнікава, А. Шалюта, К. Вашчанка, К. Хацяноўскі, У. Лосеў, нядаўнія выпускнікі БДТМІ. Развіццё беларускага плаката другой паловы 80-х гадоў характарызуецца новымі з’явамі, якія датычаць не толькі выяўленча-кампазіцыйных змяненняў, а перш за ўсё зместавых, і назіраюцца ў пераважнай большасці твораў. Прыкметнай
асаблівасцю становіцца ў гэты час значнае пашырэнне тэматыкі, што цесна звязана з працэсамі дэмакратызацыі і галоснасці. Грамадскай актыўнасцю плакатыстаў, іх імкненнем адгукнуцца на падзеі сучаснасці абумоўлена ўзрастанне сацыяльнай вастрыні плакатаў. Змяняюцца не проста выяўленчыя прыёмы, тэхнікі, кампазіцыйныя прынцыпы — адбываецца аднаўленне плаката ўвогуле, змяняецца разуменне плакатнасці, пашыраюцца прывычныя межы гэтага мастацтва, ускладняюцца ўяўленні аб кідкасці, лаканічнасці, знакавасці.
Усталяванне шырокага непрадузятага погляду на шэраг з’яў гісторыі і культуры нашай краіны прымусіла плакат загаварыць пра тое, пра што ён раней або зусім маўчаў, або гаварыў напаўголаса. З’яўляюцца плакаты-пратэсты супраць парушэння прынцыпаў сацыялістычнай дэмакратыі, напрыклад «Не! Культу асобы!» (У. Крукоўскі, 1988), «Справа № ...» (Т. Гардашнікава, Д. Сурскі, 1988). Атмасферу самавольства, варожасці, якая панавала ў гады масавых рэпрэсій, адлюстроўвае плакат «Селекцыянер-37» (1969) К. Ракіцкага. Большасць твораў вылучаюцца нетрывіяльнасцю мыслення, імкненнем асэнсаваць падзеі гісторыі і сучаснага жыцця. У авангардзе гэтага напрамку зноў аказаліся прызнаныя майстры плаката — У. Жук, У. Крукоўскі, а таксама маладзейшыя аўтары. Напрыклад, новы плакатны ход знаходзіць мастак С. Саркісаў у сваёй рабоце «Рэтрамысліцель» (1986). У кішэні — камп’ютэр, а замест галавы — лічыльнікі — такім паўстае перад намі яго герой.
Характэрна, што ва ўсіх галінах сучаснага мастацтва можна ўбачыць новае разуменне пластыкі. Прастора набірае глыбіню, ускладняецца, робіцца шматслойнай, што выяўляецца ў нечаканым сумяшчэнні рознамаштабных малюнкаў, аб’ёмнай і плоскаснай трактоўкі. У кампазіцыі
плакатаў назіраецца рух ад абыякавых да ідэі прасторавых кампазіцый да ўзрастання іх вобразна-зместавай ролі. Выяўляецца гэта ў засваенні зрокава-актыўнага стылю, які грунтуецца на выразным скарыстанні рытмаў, прапорцый, нюансава-кантрастных суадносін, колеру. Прыклад таму — шматлікія аркушы Л. Кальмаевай («Поўны ўперад», 1988, тэатральныя афішы), сумесныя творы С. Войчанкі, У. Цеслера, А. Шалюты.
У адзначаны перыяд актыўна пашыраюцца традыцыйныя і фарміруюцца новыя жанравыя групы. ІІлённа ідзе развіццё палітычнага плаката, які мае глыбокія карані ў беларускім мастацтве. Менавіта ў гэтым жанры найбольш наглядна выявілася тэндэнцыя да ўзмацнення маральна-выхаваўчай функцыі.
Шматлікія беларускія плакаты міжнароднай тэматыкі не абмяжоўваюцца канстатацыяй фактаў. Вобразы — вынік удумлівага аналізу міжнароднага становішча. Так, у аркушах «Спыніць гонку ўзбраенняў!» (Ю. Дзееў, 1985), «Геаграфія жыццёва важных інтарэсаў ЗША» (Л. Гор. 1986) мастакі імкнуцца падштурхнуць гледача да самастойных разважанняў, да актыўнага ўспрымання палітычных падзей.
Традыцыйнай для беларускага палітычнага плаката з’яўляецца тэма барацьбы за мір. Антываенны плакат загучаў у поўную моц, пераканаўча, з сапраўдным эмацыяльным напалам. Напрыклад, плакат I. Уладычыка «Паставім кропкі над і» (1980). Вялікімі літарамі напісана слова «Мір», дзе кропка над літарай «і» — малюнак зямнога шара. Асноўную сэнсавую нагрузку ў аркушы Л. Кальмаевай «Гэты свет бацькі мне збераглі» (1978) нясе светлы воблік дзіцяці.
Павялічылася колькасць работ, прысвечаных экалогіі, у якіх чуецца перасцярога, прызыў да канкрэтных спраў. Бадай кожны з мастакоў, што актыўна працуюць у плакаце, адгук-
нуўся сваімі творамі на вострыя і драматычныя праблемы экалогіі.
Параўнальна новымі для беларускага плаката з’яўляюцца сацыяльны і культурна-асветніцкі жанры. Іх паўнацэннае развіццё назіраецца толькі ў названы перыяд, калі востра паўстаюць праблемы экалогіі, павялічваецца інтарэс да культурнай спадчыны. Характэрная асаблівасць гэтых твораў — узмацненне сэнсавай і функцыянальнай нагрузкі.
Сатырычны плакат на працягу ўсяго перыяду быў у некаторай ступені абмежаваны па тэматыцы, аднастайны па мастацкіх прыёмах. Але з сярэдзіны 80-х гадоў, калі ва ўсіх сферах нашага жыцця шырока разгарнулася барацьба з антыграмадскімі з’явамі, ён стаў больш вострым, а галоўнае — прынцыпова змяніўся падыход да рашэння тэм: ад прамалінейнай ілюстрацыйнасці да складанай выяўленчай метафары.
Культурна-відовішчны плакат уключае тэатральную, канцэртную і выставачную афішы. Ён таксама развіваецца інтэнсіўна. Найбольш важнай тэндэнцыяй у ім з’яўляецца пераход ад інфармацыйна-ілюстрацыйнага да сімвалізаванага плаката. Актыўна ў гэтым жанры працавалі мастакі У. Жук, Л. Кальмаева, В. Смаляк, К. Хацяноўскі. У лепшых узорах гарманічна суадносяцца выяўленчыя сімвалы і канкрэтныя выразныя дэталі.
У 80-я гады назіраецца ажыўленне гандлёва-рэкламнага плаката. З’яўляюцца, напрыклад, плакатныя аркушы, прысвечаныя кніжным выдавецтвам, што дазваляе меркаваць аб адраджэнні кнігагандлёвага плаката — жанру, з якім звязаны вытокі плакатнай творчасці. Павялічваецца колькасць так званага камерцыйнага плаката. Гэта галоўным чынам фотаплакаты, разнастайныя календары, прыгожыя краявіды і інш. He заўсёды такія аркушы адпавядаюць крытэрыям мастацтва, бо нярэдка разлічваюцца на депатрабавальны
густ. Таму ў 80-х гадах такі плакат, або, як яго называюць «постэр», так званы лёгкі жанр (даўно вядомы, але новы для беларускага плаката), не зрабіўся яшчэ мастацкай з’явай.
Такім чынам, у названы перыяд беларускі плакат стаў адным з найболып развітых відаў выяўленчага мастацтва. Ён набыў сваю арыгінальную стылістыку, выяўленча-вобразную мову, ідэйна-зместавую маштабнасць. У выніку плённага развіцця плаката вызначыліся асаблівасці беларускай плакатнай школы, якая характарызуецца графічнай культурай і прафесійным майстэрствам мастакоў, выразнасцю мастацкіх рашэнняў.
СКУЛЬПТУРА
Выяўленчае мастацтва кожнага дзесяцігоддзя мае свае асаблівасці, якія адрозніваюць яго ў асноўных напрамках і тэндэнцыях ад мастацтва папярэдняга перыяду. Гэта натуральна — сучаснае мастацтва вельмі мабільнае, яно дастаткова аператыўна рэагуе на розныя працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве, чула і праўдзіва фіксуе змены ў палітыцы, эканоміцы, грамадскім жыцці рэспублікі і краіны ў цэлым. Кожная мастацкая выстаўка, якой бы ні была яе тэматычная накіраванасць, якой бы падзеі яна ні прысвячалася, акумуліруе ў сабе лепшыя, найболын характэрныя дасягненні беларускіх мастакоў, дае магчымасць гледачу знайсці багаты матэрыял для роздуму, супастаўленняў, вывадаў. Лепшыя творы жывапісцаў, графікаў, скульптараў, прадстаўнікоў прыкладных відаў выяўленчага мастацтва застаюцца ў гісторыі мастацтва як вехі, якімі адзначаны асаблівасці таго ці іншага гістарычнага перыяду.
Калі гаварыць аб асноўных тэндэнцыях, што намеціліся ў беларускай скулыітуры канца 70-х пачатку 80-х гадоў, то ў першую