Малы і Карлсан, які жыве на даху
Астрыд Ліндгрэн
Выдавец: Папуры
Памер: 168с.
Мінск 2019
булю Карлсана, ні пра падарункі Малога, ні пра што іншае, бо час быў позні і Малому трэба было класціся спаць, каб ён змог прачнуцца як мага раней у свой дзень народзінаў.
Тыя хвіліны, калі ляжыш і чакаеш, што восьвось адчыняцца дзверы і ўсе ўвойдуць у твой пакой са святочным пачастункам, з падарункамі і ўсімусім, — самыя цяжкія. Малы адчуваў, як у жываце аж ныла ад прадчуванняў.
Але вось і яны. За дзвярыма пачулася, як яны выводзяць разам «3 днём нараджэння, Малы!», потым дзверы адчыніліся, і ўсе ўвайшлі ў пакой: мама з татам і Бусэ з Бэтан.
Малы ўсхапіўся на ложку, вочы яго заззялі.
— 3 днём народзінаў, любы Малы, — сказала мама.
I ўсе сказалі яму:
— 3 днём народзінаў!
Яны прынеслі торт з васьмю свечкамі і паднос з падарункамі.
Там ляжала ажно некалькі падарункаў. Можа, праўда, не так шмат, як бывала звычайна на яго дні народзінаў. Як Малы ні пералічваў пакункі, іх не рабілася болей за чатыры. Але тата сказаў:
— Дзень доўгі, могуць яшчэ і іншыя падарункі прыспець. Неабавязкова ж усё атрымліваць адразу зранку.
Малы вельмі радаваўся сваім чатыром пакункам. Там былі фарбы, цацачны пісталет, кніга і новыя джынсы. Малому ўсё вельмі спадабалася. Якія ж яны
добрыя: і мама з татам, і Бусэ з Бэтан! Hi ў кога не было такіх добрых мамы і таты, брата і сястры, як у яго!
Ён стрэльнуў пару разоў з пісталета — той бабахаў як мае быць.
Сям’я прысела да яго на край ложка і слухала — о, якія ж яны ў яго цудоўныя!
— Гэта ж падумаць, што прайшло ўжо восем гадоў, як гэтае хлапчаня з’явілася на свет! — сказаў тата.
— Сапраўды! — сказала мама. — Як ляціць час! Памятаеш, які дождж ішоў у Стакгольме ў той дзень?
— Мама, а я ж нарадзіўся тут, у Стакгольме? — спытаў Малы.
— Тут, вядома, — сказала мама.
— А Бусэ з Бэтан — яны нарадзіліся ў Мальмэ?
— Так, яны там.
— А ты, тата? Ты казаў, што нарадзіўся ў Гётэборгу?
— Так, я гётэборгскі хлопец, — сказаў тата.
— А ты, мама, дзе нарадзілася?
— У Эскільстуне, — сказала мама.
Малы моцна абняў яе за шыю.
— Гэта проста фенаменальнае шчасце, што мы ўсе сустрэліся!
Усе з гэтым пагадзіліся. I яны праспявалі Малому яшчэ раз «3 днём народзін, Малы!», а ён стрэліў са свайго пісталета, які так каласальна бабахаў.
Цягам дня ён настраляўся з пісталета па самыя вушы, пакуль чакаў, калі прыйдзе час святкавання. I шмат разважаў над словамі таты пра тое, што могуць прыспець і іншыя падарункі. На кароткі, шчаслівы міг яму ўсё ж прыйшла думка, што, можа, цуд усё-ткі здарыцца і яму падораць сабаку. Але ён разумеў, што гэта немагчыма. I нават насварыўся на сябе за тое, што яму лезуць такія дурныя думкі: ён жа вырашыў усё адно радавацца ўвесь дзень народзінаў і не думаць ні пра якога сабаку.
I Малы сапраўды радаваўся. Пасля абеду мама пачала святочна накрываць на стол у ягоным пакоі. Яна прынесла цэлую кучу кветак і паставіла тры найлепшыя кубачкі, ружовыя.
— Мама, кубачкаў трэба чатыры, — сказаў Малы.
— Навошта? — здзівілася мама.
Малы праглынуў камяк у горле. Ён быў вымушаны сказаць, што запрасіў Карлсана, хаця маме гэта дакладна не спадабаецца.
— Карлсан таксама прыляціць, — сказаў Малы і паглядзеў маме проста ў вочы.
— О-о-ох, — сказала мама. — О-о-ох! Ну але хай сабе, сёння ж твой дзень народзінаў.
Яна пагладзіла Малога па светлай макаўцы.
— Колькі ў цябе яшчэ дзіцячых выдумак, Малы. Нават не верыцца, што табе ўжо восем... Вось ну колькі табе напраўду?
— Я мужчына ў сваім найлепшым веку, — з годнасцю адказаў Малы. — I Карлсан таксама.
Дзень народзінаў працягваўся. Ён і праўда здаваўся доўгім, а новыя падарункі ўсё не прыспявалі.
Урэшце яшчэ адзін ён усё ж атрымаў. Бусэ і Бэтан, у якіх яшчэ не пачаліся канікулы, прыйшлі са школы і зачыніліся ў пакоі Бусэ. Малога туды не пусцілі. Ён чуў, як яны там хіхікаюць і шамацяць паперай. Малога проста распірала ад цікаўнасці.
Нарэшце яны выйшлі, і Бэтан са смехам падала яму пакунак. Малы вельмі ўзрадаваўся і хацеў адразу разарваць паперу. Але Бусэ сказаў:
— Ты спачатку вершык прачытай, які тут напісаны.
Яны напісалі яго вялікімі друкаванымі літарамі, каб Малы змог прачытаць сам, і ён пачаў:
He было яшчэ ні дня, Каб ты не папрасіў шчаня. Ты шчасліўчык, бо на свята Ад сястры табе і брата Дастанецца суперзвер — Так што радуйся цяпер! Ціхі плюшавы шчанюк He ўцячэ ў цябе з-пад рук, He абсікае дыван — Твой сабака без заган!
Малы стаяў зусім нерухома, зусім ціха.
— Ну давай, можаш распакоўваць цяпер, — сказаў Бусэ.
Але Малы кінуў пакунак на падлогу, і слёзы пырснулі ў яго з вачэй.
— Чаго ты, Малы, што з табой? — усклікнула Бэтан.
— Ты пакрыўдзіўся? — засмучана спытаўся Бусэ. Бэтан абняла Малога.
— Прабач нас, мы проста пажартавалі, разумееш?
Малы раз’юшана выкруціўся з яе рук. Слёзы ліліся па ягоных шчоках.
— Вы ж ведалі, — усхліпваў ён, — вы ж ведалі, што я хачу жывога сабаку, навошта было дражніцца?
Ён кінуўся ад іх у свой пакой і ўпаў на ложак. Бусэ і Бэтан рушылі следам, за імі прыбегла мама. Але Малы не звяртаў на іх увагі. Яго ўсяго трэсла ад плачу. Увесь дзень народзінаў сапсаваны. Ён жа вырашыў, што будзе радавацца, нават калі яму не падораць ніякага сабакі, — але вось табе, яны ўзялі і падарылі яму плюшавага сабаку!.. Калі ён падумаў пра гэта, плач перайшоў у сапраўдныя рыданні, і Малы занурыўся тварам у падушку як мага глыбей. Мама з Бусэ і Бэтан стаялі вакол і таксама перажывалі.
— Я пазваню тату і папрашу яго раней вярнуцца з канторы, — сказала мама.
Малы плакаў... ну што з таго, што тата прыйдзе? Усё цяпер было сумна, свята сапсаванае, і нічога не магло гэтага змяніць.
Ён чуў, як мама пайшла званіць... Але ён плакаў. Крыху пазней ён пачуў што тата прыйшоў дадому... Але ён плакаў. Ён больш ніколі не зможа радавацца. Было б лепей, калі б ён памёр, і хай тады Бусэ і Бэтан забяруць свайго плюшавага сабаку і ніколініколі не змогуць забыць, як брыдка абышліся са сваім малодшым братам, пакуль ён быў жывы, у ягоны дзень народзінаў.
I раптам яны ўсе стаялі каля яго ложка: тата з мамай і Бусэ з Бэтан. Ён яшчэ глыбей занурыўся тварам у падушку.
— Малы, цябе нехта чакае ў калідоры, — сказаў тата.
Малы не адказаў. Тата пакатурхаў яго за плячо.
— Ці ты не чуеш, твой добры сябрук чакае цябе ў калідоры!
— Крыстэр там, ці што? — раздражнёна буркнуў Малы.
— He, яго завуць Бімба, а не Крыстэр, — прамармытала мама.
— He ведаю я ніякіх Бімбаў, — яшчэ больш раздражнёна буркнуў Малы.
— Можа і так, — сказала мама. — Але ён вельмі хоча з табой пазнаёміцца.
Тут з калідора пачуўся кароценькі сабачы цяўк.
Малы напружыўся і моцна ўхапіўся за падушку... не, хопіць яму ўяўляць усялякае рознае!
Але ціхае цяўканне пачулася зноў. Малы ўсхапіўся на ложку.
— Гэта сабака? — спытаў ён. — Гэта жывы сабака?
— Так, гэта твой сабака, — сказаў тата.
I тады Бусэ кінуўся ў калідор, а праз секунду вярнуўся, трымаючы ў руках — о, гэта не магло быць праўдай! — у руках у яго было маленькае шчаня шарсткашэрснай таксы!
— Гэта мой жывы сабака? — прашаптаў Малы.
У яго вачах усё яшчэ стаялі слёзы, калі ён пацягнуўся да свайго Бімба. Здавалася, ён баяўся, што ў любы міг той распусціцца ў паветры і знікне.
Але Бімба не знікаў. Бімба апынуўся ў яго абдымках, Бімба лізаў яго ў твар, ціхенька скавытаў, цяўкаў і лавіў ягонае вуха. Бімба быў проста каласальна жывы.
— Цяпер ты рады, Малы? — спытаў тата.
Малы ўздыхнуў. Як толькі тата мог пра гэта пытацца? Ён быў такі рады, што ажно шчымела недзе ці то ў душы, ці то ў жываце, ці дзе там шчыміць, калі ты такі шчаслівы.
— Той плюшавы сабака, Малы, — ён мусіў быць цацкай для Бімба, разумееш? — сказала Бэтан. — Мы не хацелі цябе дражніць... так моцна, — дадала яна.
Малы ўсё ім прабачыў. Дый, па шчырасці, ён не надта слухаў, што яна кажа. Бо ён гутарыў з Бімба.
— Бімба, Бімбачка, ты мой сабака.
Потым ён сказаў маме:
— Па-мойму, Бімба яшчэ больш мілы, чым Альберг. Бо шарсткашэрсныя таксы самыя-самыя мілыя.
Пасля ён успомніў, што ў любую хвіліну маглі прыйсці Гуніла і Крыстэр. Аёй, у яго ў галаве не ўкладвалася, што столькі прыемнасцяў магло адбывацца ў адзін дзень. Зараз яны пабачаць, што ў яго ёсць сапраўды ягоны сабака — самы прыгожы-прыгажэнны-прыгажусенькі ў свеце.
Але раптам ён захваляваўся.
— Мама, а мне можна будзе ўзяць Бімба, калі мы паедзем да бабулі?
— Вядома! Павязеш яго вось у гэтым кошычку, як паедзем на цягніку, — сказала мама і паказала
на сабачы кошык, які Бусэ таксама прынёс сюды з калідора.
— О-о-о! — сказаў Малы. — О-о-о!
Тут у дзверы пазванілі. Гэта прыйшлі Гуніла і Крыстэр. Малы кінуўся да іх і закрычаў:
— Мне падарылі сабаку! Гэта мой уласны сабака!
— Ой, ты глядзі, які ён прыгожы! — сказала Гуніла. Але потым спахапілася і сказала:
— 3 днём народзінаў! Гэта ад нас з Крыстэрам.
Яна падала яму кулёк ірысак. А потым кінулася да Бімба, зноў ускрыкваючы:
— Ой, які ж прыгожанькі!
Малому падабалася гэта чуць.
— Амаль такі ж прыгожы, як Ёфа, — сказаў Крыстэр.
— Амаль прыгажэйшы, — сказала Гуніла. — Нават прыгажэйшы за Альберга.
— Так, нашмат прыгажэйшы за Альберга, — сказаў Крыстэр.
Малы падумаў, што Гуніла і Крыстэр абодва вельмі прыемныя. Ён запрасіў іх за святочны стол.
Мама акурат расклала там шмат-шмат маленечкіх смачных бутэрбродаў з шынкай і сырам і процьму ўсялякага печыва. А пасярод стала стаяў імянінны торт з васьмю свечкамі.
Мама прынесла з кухні вялікі паднос з гарачым шакаладам. Яна адразу ж пачала разліваць яго ў кубачкі.
— Можа, пачакаем Карлсана? — асцярожна спытаў Малы.
Мама пахітала галавой.
— Малы, давай забудзем зараз пра Карлсана. Бо, ведаеш, я амаль пэўная, што ён не прыляціць. 3 гэтага часу мы пра яго проста забудзем раз і назаўжды. Цяпер жа ў цябе ёсць Бімба.
Так, цяпер у яго і праўда быў Бімба... Таму Малы асабліва хацеў, каб Карлсан усё ж прыляцеў да яго на свята.
Гуніла і Крыстэр селі за стол, і мама паклала ўсім бутэрбродаў. Малы занёс Бімба ў кошык-ляжанку і таксама сеў за стол. Мама пайшла і пакінула дзяцей адных.
Бусэ засунуўся ў пакой і крыкнуў:
— Ты ж пакінеш нам крыху торта, каб мы з Бэтан таксама пакаштавалі па кавалачку?
— Пакіну, не хвалюйся, — сказаў Малы. — Хаця, па шчырасці, гэта несправядліва, бо вы ўміналі торцікі без мяне сем-восем гадоў запар, пакуль я не нарадзіўся.
— I не думай! Я хачу вялікі кавалак, —